Ці ведаюць палякі, што ў Беларусі пачалася чарговая прэзідэнцкая кампанія? Ці вераць у магчымасць змен у суседняй краіне і ці адчуваюць уплыў палітычнай сітуацыі ў Беларусі на сваё жыццё? З такімі пытаннямі журналісты MOST звярнуліся да мінакоў на вуліцах Беластока.
— У Беларусі пачалася прэзідэнцкая кампанія. Верагодна, Лукашэнка зойме пасаду прэзідэнта сёмы тэрмін запар. Ці паўплывае гэта на Польшчу і ў прыватнасці памежжа?
— Паняцця не маю, я не цікаўлюся. Я нават не ведала, што ў Беларусі кампанія пачалася. Настолькі не цікаўлюся. Стараюся больш цікавіцца мясцовымі праблемамі.
— А ці на мясцовыя праблемы — у Беластоку, на Падляшшы — не ўплывае мяжа і тое, што ёсць такі сусед, як Беларусь?
— Ажно настолькі да Беластока гэта не даходзіць. Магчыма, гэта больш закранае памежныя мясціны, дзе ёсць пераходы і тавараабмен. Але ўсё залежыць ад таго, як пройдуць выбары, хто выйграе, як будзе праводзіцца кампанія. Бо цяпер можна толькі спекуляваць, як яна паўплывае на Польшчу.
— А калі нічога не зменіцца? Калі далей будзе так, як цяпер?
— Пакуль ніякіх дзеянняў няма, наколькі я ведаю, якія ўплываюць на нас [так], што трэба эвакуіравацца. Таму спакойна.
«Ён зробіць тое, што яму Пуцін загадае»
— Мне здаецца, што на Польшчу не асабліва [паўплывае]. Бо Лукашэнка хіба і так мала што можа сказаць, калі гаворка ідзе пра Беларусь… Ён зробіць тое, што яму Пуцін загадае.
***
— Мы знаходзімся ў гэтым цэнтры, які можа быць небяспечным, таму было б лепш ведаць, хто кіруе ў найбліжэйшым замежжы, таму я павінна адукоўвацца ў гэтым пытанні.
— А як звычайнаму паляку ці польцы даведацца, што адбываецца ў суседзяў? Адкуль вы здабываеце інфармацыю?
— Я думаю, што цяпер такой інфармацыі ў інтэрнэце шмат. Але трэба правесці пошук па розных сайтах, бо ёсць розныя інфармацыі.
«Можна чакаць новых хваль міграцыі»
— Беларусам даволі цяжка. Улічваючы тое, што Лукашэнка трымаецца пры Расіі, гэта, напэўна, паўплывае [на Польшчу].
— І які ўплыў гэта можа мець? Які ўплыў гэта мае цяпер, калі ён кіруе?
— Людзі, якія хочуць годна жыць і працаваць, напэўна, знойдуць месца за мяжой. Самы хуткі шлях — гэта Польшча, так? Калі гаворка ідзе пра такі нармальны лад жыцця, можна сказаць.
***
— На мой погляд нічога не зменіцца. Па простай прычыне. Лукашэнка ўсё роўна будзе кіраваць, таму і далей будзе дзейнічаць у тым жа ключы. Нічога не зменіцца.
— А як яно цяпер? Не зменіцца — гэта значыць будзе як?
— Будзе тое самае. Безумоўна, будзе напружаная сітуацыя. Будуць правакацыі з боку Беларусі. І тут можна чакаць новых хваль міграцыі, якія праводзіць беларускі ўрад. Але ці так гэта будзе? Толькі час пакажа.
— Цяпер вы казалі пра тых мігрантаў, якіх прыцягваюць Лукашэнка і Пуцін. Якія перасякаюць гэтую «зялёную мяжу». А што пра грамадзян Беларусі, якія шукаюць лепшага жыцця і не хочуць жыць у краіне Лукашэнкі? Іх таксама будзе прыязджаць сюды ўсё больш?
— У мяне ва ўніверсітэце ёсць людзі з Беларусі, якія прыехалі ў Польшчу, менавіта каб з’ехаць ад таго ўраду, пачаць нармальна жыць. Яны кажуць, што сітуацыя ў Беларусі вельмі напружаная і што там няма магчымасці функцыянаваць. Таму я думаю, што прыток моладзі да нас, у Польшчу, будзе і далей. Зразумела, некаторыя з гэтых людзей таксама будуць нейкім чынам звязаныя з Польшчай, таму што маюць польскае паходжанне. Так што тут я думаю, што гэта будзе працягвацца і, магчыма, нават крыху вырасце.
«Мы ўвесь час баімся»
— Я думаю, будзе ўплываць так жа, як увесь час уплывае.
— І як гэта ўплывае?
— Напэўна нядобра, таму што мы ўвесь час баімся.
— Чаго вы баіцеся?
— Я баюся, што нешта яшчэ больш можа змяніцца на нашай тэрыторыі. Да таго ж добра было б, каб за плотам была дэмакратыя.
— Ці будзе калі-небудзь?
— Мы заўсёды павінны спадзявацца на лепшае.
***
— Канечне, баяцца [людзі ў Польшчы], таму што многія бізнесы залежаць ад адкрытай мяжы з Беларуссю, і гэта вельмі ўплывае. Я думаю, што ад гэтага пацярпяць многія будаўнічыя і транспартныя кампаніі. І з таго, што я таксама прачытаў, на гэтай тэрыторыі [польскім памежжы] назіраецца значная мілітарызацыя, таму невялікія паслугі будуць квітнець, а прадпрыемствы будуць крыху адставаць. І будзе негатыўны ўплыў на прадпрыемствы.
«Можа ён на старасць паразумнее?»
— Я быў у Беларусі ў маладосці, мы былі даволі дружныя. Гэта добры народ, таму беларусы — нашы добрыя суседзі.
— Але хіба чарговыя пяць гадоў будзе кіраваць Лукашэнка. Як гэта паўплывае на нашу сітуацыю?
— Я думаю, што столькі часу ўжо прайшло, таму нічога асабліва не зменіцца. А можа ён на старасць паразумнее?
— А ў старасці людзі разумнеюць?
— Вядома!
***
— Як цяпер уплывае тое, што ўлада ў Беларусі не мяняецца 30 гадоў?
— Гэта проста дзіўна. І прымушае задумаца.
***
— Дакладна нічога добрага. Я не ведаю надта добра, я палітыкай не цікаўлюся, бо палітыка — гэта брудная справа. З якога боку не глядзі, гэта толькі іхнія інтарэсы, а не звычайных людзей.
На выбарах шмат кажуць. Шмат шуміхі, шмат абяцанняў, а потым нічога не адбываецца. Мне ўжо 70 гадоў, я перажыў усе рэжымы. Але, ведаеце, пры камунізме была бясплатная адукацыя, студэнцкія інтэрнаты. Усё гэта было, а цяпер платнае. Былі плюсы, але былі і мінусы ў тыя камуністычныя часы.
Безумоўна, таму, хто ўмешваўся ў палітыку, было вельмі дрэнна. Я ніколі не займаўся палітыкай. У мяне былі справы, забавы, дзяўчаты, жанчыны, алкаголь, танцы і, перш за ўсё, праца. Так што мне там было не дрэнна. Некаторыя скардзіліся, бо бывала кепска. То дэфіцыт, то на талоны. Але я быў электрыкам. Ездзіў па вёсках, там мяса было дастаткова, дык я не адчуваў [недахопу].
«Людзі заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне»
— Не ведаю, я не адсюль.
— А вы адкуль?
— З Лодзі.
— А што там пра Беларусь, пра мяжу кажуць?
— Наогул нічога не кажуць.
— Нікога гэта не цікавіць?
— Не, я не гляджу тэлевізар, таму прашу прабачэння.
***
— А чаму палякі павінны быць зацікаўленыя ў дэмакратыі ў Беларусі? Гэта ж беларусаў справа, праўда? Ці будзе ад гэтага неяк лепш для Польшчы? Калі так, то чаму? Што дасць палякам дэмакратыя ў Беларусі?
— Гэта пра людзей, каб людзі там жылі нармальна, як жывуць на Захадзе. Мы жылі ў камунізме, пад расійскай уладай, я яшчэ крыху памятаю. Таму я лічу, што гэтыя людзі заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне, а не ў краіне, дзе саджаюць у турму людзей за палітычныя погляды.
«У Беларусі дыктатура і ўсё. І нічога не зменіцца»
— Нічога не зменіцца. Калі ўлічыць, што Трамп цяпер перамог на выбарах у ЗША, то расейцы, напэўна, пачнуць сабе больш дазваляць, а з імі і беларусы. Напэўна, так гэта будзе выглядаць.
***
— Я не занадта цікаўлюся палітыкай і не сачу за ёй, на жаль, прызнаюся, не ведаю.
***
— Я не думаю [што паўплывае на Польшчу].
— Чаму? Гэта ўсё ж бліжэйшы сусед.
— Але нічога не зменіцца.
— А як яно цяпер выглядае, калі не зменіцца? Як бы вы дыягнаставалі сітуацыю?
— Ёсць як ёсць. У Беларусі дыктатура і ўсё. І нічога не зменіцца, таму што ён [Лукашэнка] усё роўна будзе, таму што я не думаю, што ён страціць уладу.
***
— Я не надта цікаўлюся, таму не адкажу.
— Але гэта для вас найбліжэйшы сусед.
— Так, але мяне гэта асабліва не хвалюе.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.