Сяргею Верамеюку 26 гадоў. Па адукацыі ён інжынер, а ў вольны час — музыка, вядомы як Verami. У 2021 годзе за дзень да абароны дыплома ў БНТУ Сяргея за палітыку затрымаў ГУБАЗіК, і хлопца адлічылі з універсітэта. Ён пераехаў у Польшчу, дзе стаў магістрам-інжынерам і зняў кліп на адну з самых папулярных сваіх песень. Як яму ўдалося працягнуць адукацыю ў Польшчы і чаму ён не хоча зарабляць музыкай, Сяргей расказаў MOST.
«Прапанавалі застацца»
Пасля пераезду ў Польшчу Сяргей адразу прыняўся вырашаць пытанне з адукацыяй — «пакуль веды былі свежыя». Хлопцу не хацелася, каб пяць гадоў жыцця, адданых навучанню ў Беларусі, аказаліся змарнаванымі. Сяргей адправіўся ў дэканат Варшаўскай палітэхнікі і запытаў, ці ёсць магчымасць абараніць дыплом, які яму не далі абараніць у беларускім ВНУ з-за яго актыўнай палітычнай пазіцыі.
— Мне сказалі, што параяцца з юрыстамі. А на наступную раніцу патэлефанавалі і сказалі, што я магу падаць дакументы, — згадвае хлопец.
Праходзіць паўнавартаснае навучанне з нуля, каб атрымаць ступень бакалаўра, Сяргею не прыйшлося. Дастаткова было залічыць акадэмічную розніцу, якая аказалася нязначнай, і перакласці на польскую мову дыпломную працу, якую ён пісаў у Беларусі. Далей заставалася яе абараніць. А затым беларусу прапанавалі застацца і атрымаць званне магістра. І ад такой магчымасці ён не адмовіўся.
Ад дастаўшчыка ежы да інжынера ў буйной кампаніі
Адаптацыя ў новай краіне далася Сяргею лёгка. Беларус кажа, што не адчуў вялікай розніцы паміж Беларуссю і Польшчай. Да таго ж у гэтай краіне ён быў некалькі разоў, адзін з якіх — у Любліне па праграме абмену студэнтамі. Таму беларус крыху валодаў польскай мовай і «цалкам камфортна адчуваў сябе».
Першы час Сяргей працаваў дастаўшчыкам: развозіў ежу на ровары па Варшаве. Але пазней, паралельна з навучаннем ва ўніверсітэце, яму прадставілася магчымасць уладкавацца па спецыяльнасці — «у фірму ад універсітэта». Там беларус працаваў з ультрагукавой атамізацыяй металаў.
Зараз Сяргей працуе ў фірме Voestalpine Fastening Systems, якая займаецца чыгуначнымі сістэмамі — як жартуе Сяргей, вырабляе «ўсё, што знаходзіцца паміж рэйкай і шпалай». Беларус працуе з металічнай часткай прадукцыі — анкерам, балтамі і спружынамі, якія даціскаюць рэйку. Ён адказвае за правядзенне выпрабаванняў на стомленасць, разрыў, памеры сілы заціскання і іншыя моманты.
— Мне вельмі падабаецца месца, у якім я працую. Сёння, дарэчы, расказаў калегам пра тое, што ў мяне будзе такое інтэрв’ю. Яны сказалі: «Ваў!» — Сяргей з усмешкай прымаецца перадаваць ім прывітанні: Томку, Наталлі, Крысі, Патрыцыі і Ірэнэўшу. — І заадно запытаю праз інтэрв’ю ў Ірэнэўша, ці не прыйшоў час падвышкі, — смяецца Сяргей.
«Была лютая дысцыпліна»
Хоць новае жыццё захапіла Сяргея, ён не забываўся пра сваё хобі — музыку. Яна з’явілася ў жыцці беларуса задоўга да выбару прафесіі. Хлопцу было ўсяго чатыры гады, калі з дзіцячага садка яго адабралі ў дзіцяча-юнацкую капэлу хлопцаў у Брэсце. Пра тыя часы ён памятае не шмат.
— Памятаю, як прыходзіў нейкі дзядзька і праслухоўваў нас, дзяцей. А пасля памятаю, як гадзінамі стаю і спяваю ў гэтай капэле, — згадвае Сяргей. — Яшчэ памятаю двойку на ўвесь дзённік і як бацькоў выклікалі на размову, але не памятаю, што зрабіў. Там была лютая дысцыпліна і вельмі доўгія заняткі. Нас падоўгу дрэсіравалі, але я любіў гэта.
Беларус кажа, што на працягу жыцця музыка заўжды заставалася яго хобі. Ім ён займаецца, калі мае натхненне, жаданне і вольны час.
У 2024 годзе ў музычным жыцці Сяргея здарыліся дзве важныя падзеі: ён зняў і выпусціў кліп на сваю песню «Твой дом» і выступіў на фэсце «Бардаўская восень».
«Я ў гэтым сэнсе кансерва»
Сяргей адзначае, што амаль не зарабляе музыкай. Ён рэдка канцэртуе і мяркуе, што, каб зарабляць грошы са стрымінгавых платформ, трэба мець вялікую колькасць праслухоўванняў.
— Ці хацеў бы я, каб музыка была асноўнай крыніцай майго даходу? Думаю, што не. Я ў гэтым сэнсе кансерва (кансерватар. — Заўв. MOST). Праз тое што ў першую чаргу я інжынер, я не думаю, ці заляціць (стане папулярнай. — Заўв. MOST) мая музыка. Адпаведна, магу рабіць яе, калі ў мяне ёсць натхненне, жаданне і час. І не мушу рваць дупу, каб шукаць выступаў і думаць, як зарабіць музыкай, каб пражыць сённяшні дзень, — кажа хлопец.
Сяргей адзначае, што не ведае, як будзе разважаць праз 5-10 гадоў, але зараз ён лічыць правільным укладвацца ў прафесійнае развіццё, якое яго «пракорміць у любы момант».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.