Лідарка гурта Naka Настасся Шпакоўская да 2020 года працавала актрысай у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага. У жніўні 2020 года яна мусіла з’ехаць з Беларусі разам з сям’ёй, так яна апынулася ў Кіеве.
Тут узнікла пытанне, дзе вучыцца дзецям. Так у мінулым годзе Настасся стварыла анлайн-школу для дзяцей, якія не маглі больш наведваць былыя ўстановы адукацыі, але іх бацькі хацелі, каб яны атрымлівалі беларускую адукацыю.
У школе да вайны навучалася амаль 50 вучняў і працавала 12 беларускіх настаўнікаў. Але 24 лютага для настаўнікаў, бацькоў і дзяцей, як i для ўсёй Украiны, свет перакуліўся. Расказваем пра тое, як з’явiлася анлайн-школа, з якiмi цяжкасцямi даводзiцца сутыкацца яе кiраўнiцтву, хто навучаецца i навучае, а таксама пра тое, што з ёй стала пасля пачатку вайны.
Стваральніца школы: «Часам накатвала, навошта гэтым займацца, пастаянна шукаеш грошы»
Настасся расказвае, чаму давялося выехаць з Беларусi:
— Быў ціск, званкі з пытаннямі, ці ведаю я, дзе мае дзеці, і ці ўпэўненая ў іх бяспецы, намёкі пра тое, што сацыяльныя службы могуць іх забраць. Вырашыла, што для мяне ў прыярытэце — бяспека дзяцей, таму выехалі ў Кіеў, бо дзеці не мелі віз. Разлічвалі пажыць там некалькі месяцаў, пакуль Беларусь не пераможа дыктатуру.
У Кіеве паўстала пытанне, дзе вучыцца дзецям. Атрымалася арганізаваць першую беларускую анлайн-школу для дзяцей.
— Тут яны могуць атрымліваць паўнавартасную адукацыю і атэстат дзяржаўнага ўзору Украіны. Да асноўных прадметаў украінскай праграмы мы дадалі прадметы беларускага вектара — мову, літаратуру, гісторыю Беларусі, гісторыю беларускай культуры і мастацтва, каб вучні ведалі сваю спадчыну.
Настасся расказвае, што ў школе працуюць у тым ліку рэпрэсаваныя беларускія настаўнікі. Некаторыя з іх былі на «хіміі», для некаторых школа — адзіны сродак зарабіць.
— У нас прыблізна 50 вучняў і 12 беларускіх настаўнікаў. Дзякуючы анлайн-фармату сярод вучняў былі тыя, хто фізічна знаходзіўся ва Украіне, Беларусі, Расіі, Польшчы, адзін хлопчык вучыцца з Дубая, — кажа Настасся.
Спачатку ў Настассi быў досвед супрацоўніцтва з іншай прыватнай школай, але ім было складана ўзаемадзейнічаць. Потым дзякуючы ўкраінскім сябрам знайшлі «Мідгард», на базе якога і стварылі школу.
— Дырэктар разумеў нашу сітуацыю і проста дапамог. Сказаў, што праект яму цікавы, — успамiнае Настасся. — Былі складанасці па фінансаванні. Мы падлічылі, што калі вучыцца 50 дзяцей, то сума аплаты ад бацькоў за дзіця — 150 долараў. Тады выходзім на нуль. Але ў сямей, якія да нас звяртаюцца, розныя сітуацыі. 12 дзяцей вучыліся бясплатна, бо бацькі не мелі магчымасць аплаціць. Прасілі, каб аплачвалі па магчымасці хаця б частку сумы. Удзячная ўсім прыватным асобам і фонду, якія дапамагалі школе. Была надзея, што ў будучым бацькі ўладкуюцца і змогуць падтрымліваць школу самастойна.
Кiраўнiца анлайн-школы расказвае, што такi фармат навучання зручны тым, што ўсе дзеці розныя, і сацыялізацыя ў кожнага адбываецца па-рознаму:
— Маёй дачцэ Серафіме 11 год, яна адкрытая да людзей і тусовак, а сыну Арсенію — 15, ён больш замкнёны, яму было б складана. І настаўнікі з «Мідгарда», і з беларускага вектара падабраліся проста шыкоўныя. Вялікае шчасце, што менавіта яны вучаць нашых дзяцей. І што атрымліваецца захоўваць у школе роднае, беларускае.
Для камунікацыі у анлайн-школе стварылі чаты для бацькоў і асобны для дзяцей.
— Калі чытаю дзіцячы чат — ну гэта сапраўдныя хронікі вайны. Там відаць, як гэта ўсё ўспрымаюць дзеці. Напрыклад: «у нас выбіла вокны, тата сказаў, што я буду спаць у куртцы ў калідоры, але я не расстройваюся, пайду з’ем булачку». Пра тое, што не могуць выехаць, што мама ўвесь час плача. Нехта едзе з Украіны, іншыя пішуць: «ну як вы, дзе?», ведаючы, што расстрэльваюць гуманітарныя калідоры. Расказваю, і мурашы па скуры.
Прыблізна за тыдзень да вайны у школе ладзілі бацькоўскі анлайн-сход.
— Часам накатвала такое: ну навошта гэтым займацца, пастаянна шукаеш грошы на заробкі настаўнікам, шмат укідаў пра тое, што я — рука Крамля, узбагачаюся за кошт бедных дзяцей. Ёсць і тыя людзі, якія распускаюць такія чуткі, і з імі таксама давядзецца будаваць новую Беларусь. Калі паток гэтага не спыняецца, апускаюцца рукі. А вось на бацькоўскім сходзе ахоплівае натхненне, бачыш людзей, якія дзякуюць і кажуць, што іх школа выратавала.
Цяпер украiнская афлайн-школа «Мідгард» перафарматавалася, у ёй гатуюць ежу для тэрытарыяльнай абароны. Але заняткі атрымалася аднавіць. Анлайн-школа таксама працягвае працу ад 21 сакавіка.
— Мы моцна жадаем, каб Украіна вытрымала гэты іспыт. Ад мужнасці ўкраінскага народу залежыць лёс Еўропы, свету, — кажа Настасся, якая цяпер разам з сям’ёй знаходзіцца ў Лiтве. З Кіева яны з’ехалi 23 лютага.
Урокі дабрыні ад Маляваныча: «У час вайны, напэўна, самае важнае, каб дзеці разумелі, што іх любяць і аберагаюць, а мір ёсць хаця б у сям’і»
Адзiн з настаўнiкаў анлайн-школы — Аляксандр Ждановіч, ён вядомы беларусам як вядучы «Калыханкі» Маляваныч. Незадоўга да вайны ён выехаў з Беларусі ў Тбілісі праз пераслед, даехаць у Кіеў не паспеў, хоць i планаваў гэта зрабiць.
— Да мяне звярнулася каляжанка і сяброўка Наста Шпакоўская, з якой мы нямала гадоў раней служылі разам у тэатры. Спачатку адмаўляўся, бо лічыў, што не вельмі прыдатны для ролі настаўніка, ды і яшчэ «Урокі дабрыні» — нідзе ж такое не выкладалася. Але ідэя спадабалася, і ўрокі атрымаліся самі сабой. Размаўляем з дзецьмі на самыя розныя рэчы, я ім шмат чытаю, што падыходзіць па ўзросце і якія творы люблю сам. Гэта карысна і для мяне самога — рыхтуючыся да ўрокаў, ты ж сам развіваешся, шукаеш матэрыял.
Настасся Шпакоўская тлумачыць, што «Урокі дабрыні» вырашылi зрабіць, каб настаўнік размаўляў з дзецьмі па-беларуску.
— Саша вядомы, усё жыццё працуе з дзецьмі. Я чую часам, як дзеці бурна абмяркоўваюць нешта, гэта ж яшчэ магчымасць і для дзяцей паразмаўляць паміж сабой. Як ён тлумачыць ім са свайго гледжання тое, што адбываецца са сваёй філасофіяй і сваёй дабрынёй. Для нашых дзяцей гэта вельмі важна, асабліва калі можна знайсці розную інфармацыю ў інтэрнэце, а дзеці не заўсёды ўмеюць яе фільтраваць, — кажа Настасся.
Аляксандр расказвае, як пачаў выкладаць «Урокі дабрыні» і пра што гаворыць з дзецьмі ў час вайны.
— Цягам першых тыдняў вайны ў нашай школе адзіным урокам быў «Урок дабрыні». Гэта хутчэй сустрэчы, бо якія могуць быць урокі, усе ў стрэсе. Мы проста размаўляем. Большасць дзяцей вельмі абмежаваныя ў кантактах — сядзяць па дамах у чужых гарадах, чужых краінах. Спрабую іх разгаварыць, каб падзяліліся адзін з адным перажытым. Мне вельмі падабаецца фраза з п’есы «На дне»: «Дзядуля, чаму ты такі мяккі? — Мялі многа, таму і мяккі». Ад 2020 года столькі расчаравання ў людзях, разбурэння ілюзій і веры, што не бачыш берагоў. Але сустракаеш дзяцей — і ўсё мякчэе, — расказвае настаўнiк. — Старэйшыя не цураюцца займацца з маленькімі. Чыталі «Пэпі Доўгая панчоха», гэта адна з самых жыццялюбівых дзіцячых кніжак з самай аптымістычнай гераіняй, а напісаная яна ў 1941 годзе. Другая мая любімая кніга, «Маленькі прынц», напісаная ў 1942 годзе. Для нечага гэтыя выпрабаванні, напэўна, нам патрэбныя — можа, каб стаць мякчэйшымі.
Аляксандр лічыць, што «падчас вайны, напэўна, самае важнае, каб дзеці разумелі, што яны ў бацькоў пад крылом, іх любяць і аберагаюць, а мір ёсць хаця б у сям’і».
— У нас ёсць чат, дзе настаўнікі і дзеці могуць кантактаваць. Гэта сумесь дзіцячай цікавасці, гумару і такі досвед, які не паўтарыць. Яны свае жахлівыя гісторыі расказваюць па-дзіцячы, чытаеш — і слёзы.
Настаўнiк разважае на тэму, чаму ёсць людзі, якія падтрымліваюць вайну, i ўспамiнае сваё дзяцiнства.
— Адкуль такая прорва? Гэтае пытанне проста разрывае сэрца. Столькі шукаў адказ на гэтае пытанне, але я яго не маю. Можна адмахнуцца і сказаць, што ёсць такія людзі-краты́. Вось так яны створаныя. Крот можа прыносіць карысць, нешта рыць, але ну не можа глядзець на праўду, яна яму вочы слепіць. Тут і псіхалогія спрацоўвае, такая псіхічная нягнуткасць, — разважае Аляксандр. — Мяне ў дзяцінстве ўразiў дакументальны фільм пра псіхалагічныя эксперыменты «Я і іншыя». Ставяць адзін белы прадмет і адзін чорны. Групу дзяцей падгаворваюць казаць, што абодва прадметы белыя. Заводзяць у кабінет дзіця, якое не ведае пра дамоўленасць, і па чарзе пытаюцца пра колер прадметаў. Усе кажуць, што абодва белыя. І даходзяць да гэтага апошняга дзіцёнка, які бачыць, што чорны і белы, але і ён кажа, што абодва белыя. І так кажуць дзевяць з дзесяці! Каб быць, як усе, у бяспецы, яны выбіраюць хлусню, каб заставацца з усімі. Напэўна, так будзе заўсёды, што праўда і сумленне будуць у меншасці.
Яшчэ адзiн настаўнiк: «Дзецям і ў час вайны патрэбна быць у таварыстве»
Мы пагутарылi яшчэ з адным з настаўнiкаў анлайн-школы. З прычын яго бяспекі не называем iмя педагога:
— У анлайн-школе я апынуўся з-за падзей 2020 года. Давялося выбіраць паміж сумленнем і працай на дзяржаву. Я выбраў сумленне. Анлайн-школа дазволіла надалей рэалізоўваць пакліканне настаўніка, паказваць хараство свету дзецям і даваць веды ў той сферы, у якой з’яўляюся спецыялістам.
Ён разважае, што ў Беларусі галоўны спажывец адукацыйнага працэсу — гэта не дзеці і нават не бацькі, а міністэрства адукацыі і дзяржава.
— Гэта асноўны замоўца, плацельшчык і спажывец адукацыйнага прадукта, які ўбіваецца ў галовы дзецям. У выпадку нашай анлайн-школы падыход зусім іншы. На першае месца ставяцца жаданні бацькоў і дзяцей — ведаць, вучыцца, фарміраваць кампетэнцыі і гэтак далей. Калі ўся навучальная сістэма Беларусі скіраваная на патрэбы дзяржавы, то ў нас асноўны замоўнік — дзеці і бацькі, якія падтрымліваюць гэты адукацыйны прадукт. Думаю, у цяперашняй Беларусі такая школа не магла бы існаваць, бо асноўныя рысы навучальнай сістэмы Беларусі — татальны кантроль, злосная праграма, распрацаваная не тымі, хто хоць штосьці разумее ў навучальным працэсе любых беларускіх прадметаў.
Настаўнік расказвае, як дзеці ўспрымаюць вайну, а таксама ён сам:
— На фоне паведамленняў пра магчымае нападзенне на Украіну рыхтаваўся да горшага, хаця спадзяваўся на лепшае. Яшчэ ў снежні сабраў трывожны чамаданчык. 24 лютага прачнуўся праз 10 хвілін пасля публікацыі першага відэа. Давялося будзіць знаёмых і казаць: вайна пачалася, — кажа настаўнiк. — Як жа дзеці ўсведамлялі вайну? Яны крочылі следам за бацькамі, зараджаліся настроем, які ім перадавалі бацькі. Перажываннямі дзяліліся ў школьным чаце — апісвалі бамбардзіроўкі, што тату ці маму затрымала паліцыя. Тое, што бачаць, дзеці транслююць у чат і шукаюць падтрымку. Галоўная задача — дзяліцца досведам і даць гэтую падтрымку. Часам дзеці спрабавалі дазнацца тое, чаго не разумелі — хто такія дыверсанты, як сябе паводзіць у бамбасховішчы. Вядома, усё гэта для дзяцей было вялізным стрэсам.
Калі хвалююцца бацькі, хвалююцца і дзеці. Чым больш дарослыя дзеці, тым большае ўсведамленне небяспекі. У гэтай сітуацыі вучні дапамагалі адзін аднаму, давалі часам дзіцячыя, але разумныя парады і паводзілі сябе годна, паважліва і шляхетна. Я ганаруся нашымі дзецьмі.
На яго погляд, дзецям і ў час вайны патрэбна быць у таварыстве.
— Ім патрэбна навучанне, ўзаемадзеянне, знаёмая абстаноўка. Для большасці дзяцей школа — бяспечнае месца, і аднаўленне ўрокаў дало пачуццё бяспекі. На маю думку, дзеці — гэта жбан, які паступова напаўняецца. Калі ў будучым дзецям з Украіны і Расіі давядзецца супрацоўнічаць і абодва не будуць абцяжараныя адпаведнымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі з аднаго ці іншага боку, то паразумецца магчыма. Але ў межах пакалення, якое бачыла гэтыя жахі, спатрэбіцца паўтарыць досвед пасля Другой сусветнай вайны — просьбы аб прабачэнні і пошук прабачэння. Адна краіна агрэсар, другая ахвяра — яны мусяць правесці такую працу, і гэта праца на пакаленне. Гэта магчыма будзе зрабіць, калі Расія не скаціцца ў страшэнны таталітарны рэжым.
Мацi вучаніцы: «Усё цудоўна тлумачаць, дачка пачала нашмат лепш вучыцца»
Алена Аляскерава — маці вучаніцы восьмага класа Дыяны, якая вучыцца ў анлайн-школе. Сям’я з Мазыра, у ёй трое дзяцей: Дыяне — 14 год, сыну Арцёму — восем, старэйшая дачка Віялета вучылася ў мінскім каледжы на ветэрынарнага доктара. У 2021 годзе апынуліся ў Кіеве, а пасля пачатку вайны — у Іспаніі.
— У 2020 годзе мы з мужам Русланам удзельнічалі ў мітынгах, але тады нас не чапалі. А летам 2021 года да нас прыйшлі з КДБ, забралі мужа. На наступны дзень быў суд. Мы выехалі з кватэры, пераехалі да мамы. Дакументы мужа адправілі на дапрацоўку, яго на гэты час вызвалілі. Узялі за тое, што быў падпісаны на экстрэмісцкія чаты, а пачалі рыхтаваць дакументы па абвінавачванні за абразу кіраўніка дзяржавы. У гэты час думалі, што рабіць, два тыдні як у пекле. Знайшлі перавозчыкаў, якія маглі б вывезці Руслана за мяжу.
Спярша вывезлі мужа, а праз два тыдні прыехала я з дзецьмі. Мы засталіся ва Украіне. Было куды ехаць, бо стрыечная сястра Руслана жыве ва Украіне. Яна прапанавала двухпакаёвую кватэру ў Браварах пад Кіевам, дапамагла з дакументамі.
У Кіеве сям’я даведалася пра беларускую анлайн-школу:
— Пазнаёміліся з адміністратарам Аксанай, дзякуючы ёй нават атрымалі від на жыхарства. Так як анлайн-школа працуе для 4-11 класаў, малодшага сына аддалі ў другі клас украінскай школы. Быў выбар, у якую школу аддаваць сярэднюю дачку, вырашылі ў анлайн-школу, — успамiнае Алена Аляскерава. — Школа мне вельмі падабаецца, усё цудоўна тлумачаць, дачка пачала нашмат лепш вучыцца. Старэйшую дачку думалі аддаць у каледж у Чарнігаве, але не атрымалася: не было патрэбных дакументаў, і мы ўжо не паспелі далучыцца да заняткаў. Але нічога, падпрацоўвала, зарабляла свае грошы.
Алена расказвае, што калі пачаліся паведамленні пра вайну, то шмат размаўляла пра гэта з суседзямі.
— Многія думалі, калі што і будзе, то на Данбасе. Я таксама хацела верыць у лепшае, але чамаданчык падрыхтавала, склала лекі, дакументы. Сказала дзецям, што калі раптам нешта пачнецца, а я буду на працы, бярыце пакецік і бяжыце ў падвал. У пяць раніцы 24 лютага мы прачнуліся ад выбухаў. Спярша думалі, навальніца, а пасля разумеем: ну якая навальніца, зіма ж!
І панеслася. 14 дзён жылі ў падвале ў суседнім доме. Наш дом быў каля дарогі Чарнігаў-Кіеў, насупраць адна запраўка, непадалёк другая. Там пастаянна былі салдаты і танкі, таму пазнаёміліся з людзьмі з суседняга дому. У іх падвале ўладкавалі пакойчыкі, і там жылі, — расказвае Алена.
Пасля сям’я паехала электрычкай да Кіева, адтуль — эвакуацыйным цягніком пад абстрэламі да Ужгарада. Цяпер яны знаходзяцца у Іспаніі, недалёка ад Рэуса.
— Спачатку ўспрыняла ў штыкі, не хацела выязджаць далёка. Але ўсё ж прынялі рашэнне пагадзіцца, хаця б паглядзець, як там будзе. Праз два дні выехалі ў Іспанію. Цяпер тут, спрабуем легалізавацца. Тут цудоўныя людзі, далі домік пры царкве, затарваюць халадзільнік. Мы цяпер пад апякунствам мэрыі. Крыху грошай засталося, хочам менш сядзець на шыі горада, стараемся купляць нешта сабе самі. Вельмі складана з мовай, галава пухне. Я па прафесіі лагапед-дэфектолаг і настаўнік пачатковых класаў. У Беларусі пайшла ў сацыяльную службу, ва Украіне да вайны працавала адміністратарам футбольнай школы, а муж займаецца рамонтам тэхнікі — ноўтбукаў, тэлевізараў.
Тут мы не можам працаваць, пакуль не атрымаем від на жыхарства. І трэба вучыць мову. Хочам хоць якую працу. Вельмі ўдзячныя за дапамогу, але хочацца як мага хутчэй перайсці на свой хлеб.
Сям’я вырашыла, што Дыяне лепш працягваць вучобу ў анлайн-школе.
— Арцёма давялося аддаць у мясцовую школу, бо пачалі казаць пра адаптацыю, так што пагадзіліся. Віялета хоча вярнуцца ў Беларусь, каб давучыцца, як толькі зменіцца ўлада. Цяпер трэба вучыць мову.