Нядзеля, 30 лістапада 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Горад жывой гісторыі». З’ездзілі ў Тыкоцін, які лічаць турыстычнай пярлінай Падляшша, і адшукалі шмат агульнага з Беларуссю

MOST MOST
17 чэрвеня 2025, 17:06
Гісторыі
A A
Тыкоцін

Рынкавая плошча ў Тыкоціне. Фота: MOST

Тыкоцін, невялічкі горад Падляскага ваяводства, лічыцца турыстычным must have. У гэтым годзе ён адзначае 600-годдзе. Дасведчаны вандроўнік і чытач MOST наведаў яго, знайшоў шмат таго, што звязана з беларускай гісторыяй, і падзяліўся ўражаннямі.

Калі выязджаць па хуткаснай шашы з Беластока на Варшаву, на дарожных указальніках мільгаюць назвы паселішчаў: Парослы, Крупнікі, Алішкі, Лыскі, Жаўткі, Хорашч. Да Другой Сусветнай вайны тут шмат хто размаўляў па-беларуску, а некаторыя жыхары свядома называлі сябе беларусамі і нават выпісвалі з Вільні беларускую перыёдыку.

Мяжой беларускага этнаграфічнага абшару тады была рака Нарва. «Польскі бок» — так у міжваенны час мясцовыя карэспандэнты беларускіх часопісаў называлі левы бераг Нарвы — туды мы і накіроўваемся. Менавіта на «польскім» беразе ляжыць Тыкоцін.

— Пераехалі Нарву, — канстатуе мая спадарожніца. З’язджаем з шашы на вузейшую дарогу да Тыкоціна. Першая вёска, у якую трапляем, — гэта Златорыя.

Касцёл у Златорыі збудавалі мясцовыя сяляне за адзін год — у 1919-м, калі Польшча толькі аднавіла незалежнасць. Ён драўляны і невялікі, але зграбны і гарманічны. На ганку сустракаем пажылога пробашча.

— Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! Ці можам паглядзець касцёл?

— А, так, калі ласка, — кажа ксёндз, адмыкае нам касцёл. Убачыўшы, што я фатаграфую, адлучаецца ў закрыстыю, каб уключыць святло.

Златорыя
Касцёл у Златорыі. Фота: MOST

Нетынкаваныя сцены ўпрыгожаныя роспісамі — сцэнамі са Святога Пісання і выявамі святых. Столь размаляваная арнаментам. На фоне гэтай сціпласці вылучаецца бела-залаты галоўны алтар з выразнымі прыкметамі барока. Алтар старэйшы за касцёл — зроблены ў XVII стагоддзі, спачатку ён быў у старым касцёле ў Плонцы.

А пад хорамі заўважаю невялікі абраз святога Казіміра, апекуна Літвы.

Мушу прызнацца, што вельмі люблю такія невялікія вясковыя касцёлы, пра якія рэдка пішуць у турыстычных даведніках.

Златорыя
Алтар касцёла ў Златорыі. Фота: MOST

Дарога са Златорыі да Тыкоціна надта нагадала мне дарогі ў беларускай правінцыі. Асфальтаваная, але даволі вузкая, і месцамі дрэвы і хмызы растуць пры самай дарозе. Адзінае істотнае адрозненне ў краявідзе — гэта чырвоныя макі, якія растуць тут паўсюль. У Беларусі ж макі вывелі пад маркай барацьбы з наркаманіяй.

Калі ўязджаем у Тыкоцін, асфальт змяняецца на брук. І такіх брукаваных вуліц у Тыкоціне — большасць. Не надта прыемна на іх ехаць на машыне, але яны дапамагаюць стварыць утульную атмасферу старадаўняга горада.

У барочных, шырока расстаўленых, вежах касцёла Святой Тройцы на тыкоцінскім рынку ўгадваецца почырк Яна Генрыка Клема, які быў надворным архітэктарам магутнага ў тыя часы гетмана кароннага Яна Клеменса Браніцкага. Лёгка ўбачыць падабенства з будынкамі, якія Ян Клем узносіў для Браніцкіх у Хорашчы, Бельску і Беластоку.

Абразы для бакавых алтароў гэтага касцёла маляваў Сымон Чаховіч, які выконваў замовы і для віленскіх касцёлаў, і для калегіума езуітаў у Полацку.

Пасярод рынка ўзвышаецца помнік Стэфану Чарнецкаму, які ў XVII стагоддзі меў заслугі перад Рэччу Паспалітай у бітвах супраць казакоў, маскоўцаў і шведаў. Згадка пра Чарнецкага ёсць у гімне Польшчы. Помнік паставіў ягоны нашчадак Ян Клеменс Браніцкі. У адрозненне ад свайго прадзеда, ён не выйграў ніводнай бітвы. А помнік Чарнецкаму ў Тыкоціне, пастаўлены ў 1763 годзе, лічыцца другім паводле даўнасці свецкім помнікам у Польшчы. На ім захаваўся доўгі надпіс па лаціне, з якога лёгка разабраць хіба словы Liberator Patriae — «Вызваліцель Айчыны».

Помнік Стэфану Чарнецкаму
Помнік Стэфану Чарнецкаму. Фота: Fczarnowski / Wikimedia Commons

Каля ста аб’ектаў у Тыкоціне з’яўляюцца гістарычнымі помнікамі.

Паселішча паўстала на памежжы Мазоўша і Вялікага Княства Літоўскага, дзе раку Нарву перасякаў тракт з Полацка і Вільні да Кракава і Познані. Гарадскія правы даў Тыкоціну мазавецкі князь Януш І Стары ў 1425 годзе — таму горад сёлета адзначае 600-годдзе. З гэтай нагоды на рынку размешчана інсталяцыя з надпісам: «Тыкоцін — горад жывой гісторыі». Неўзабаве пасля таго Тыкоцін апынуўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, а пасля Люблінскай уніі 1569 года перайшоў у склад Польскага Каралеўства.

Тыкоцін
Інсталяцыя да 600-годдзя Тыкоціна. Фота: MOST

У пачатку XVI стагоддзя гаспадаром Тыкоціна стаў Альбрэхт Гаштольд, самы багаты чалавек у Літве. Гаштольд удзельнічаў у многіх войнах з Маскоўскай дзяржавай, у 1518 годзе разграміў маскоўцаў каля Полацка. Легенда кажа, што брод праз Дзвіну тады цудоўным чынам паказаў святы Казімір. А на Падляшшы Гаштольд меў прыватную вайну з суседам, віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам, што меў уладанні з цэнтрам у недалёкай Гонядзі (Goniądz), а сакратаром у яго служыў ксёндз Мікола Гусоўскі, аўтар «Песні пра зубра», знаёмай кожнаму выпускніку беларускай школы. Недзе ў гэтых ваколіцах ксёндз Гусоўскі збіраў уражанні для сваёй несмяротнай паэмы.

Куды ні паедзеш у Падляскім ваяводстве, абавязкова сутыкнешся з чымсьці, што звязана з беларускай гісторыяй!

У 1522 годзе Альбрэхт Гаштольд запрасіў у Тыкоцін дзесяць габрэйскіх сем’яў з Гродна. Таму мясцовая габрэйская супольнасць была адной з найстарэйшых у Падляскім ваяводстве і адной з самых багатых. У мураванай сінагозе з 1642 года цяпер музей. Унутры клапатліва адноўленыя запісаныя на сценах габрэйскімі літарамі словы псалмоў і малітваў, дзе-нідзе пераплеценыя расліннымі і жывёльнымі арнаментамі, сярод якіх можна разгледзець бусла і вавёрку.

Тыкоцін
Сінагога ў Тыкоціне. Фота: MOST

Сінагога вылучаецца з забудовы рэзка-ружовым колерам сцен. Колер нязвыклы воку, але так фарбавалі ў часы барока, і такі колер узнавілі паводле даследаванняў сучасныя рэстаўратары.

— Нам, мясцовым, таксама спачатку цяжка было прывыкнуць [да ружовага колеру], — прызнаецца супрацоўніца музея. Яна сама адзетая ў ружовую блузку.

Тыкоцін
У сінагозе. Фота: MOST

У сінагозе аглядаем карціны на габрэйскую тэматыку, якія маляваў Юзаф Харытон. Ён быў родам з Сямятычаў на Падляшшы. І тут знаходжу кропку судакранання з гісторыяй Беларусі. Мастак распісваў касцёл у Воўчыне, пэўны час жыў у Высокім каля Брэста і быў там сведкам Халакосту.

У Тыкоціне ж габрэяў забілі нацысты ў самым пачатку акупацыі, у жніўні 1941 года. Калі гналі на экзекуцыю, здзекліва загадалі музыкам граць «Ха-Тыква», цяперашні гімн Ізраіля.

Тыкоцін
У сінагозе. Фота: MOST

Заходзім яшчэ на габрэйскія могілкі. Вяртаючыся на рынак, заўважаем шапік з сувенірамі і антыкварыятам. Мая спадарожніца пераглядае манеты з розных краін свету — ёсць тут грошы і з Азіі, і з Афрыкі, і міжваенныя манеты розных краін Еўропы. Я ж пераглядаю паштовыя маркі, спадзеючыся знайсці міжваенныя штэмпелі з роднага Віленскага ваяводства. Не знаходжу.

Гаспадар пэўна пачуў маю беларускую гаворку, а можа, убачыў маю цішотку з бел-чырвона-белым сцягам — адышоў на хвілінку ў хату і хутка вярнуўся.

— Бачу, пан з Беларусі. Вось, пану можа быць цікава, — кажа ён і паказвае мне медную манету-«барацінку» з «Пагоняй». Апошняя лічба даты сцёртая, але манета паходзіць з 60-х гадоў ХVII стагоддзя, калі Стэфан Чарнецкі перамог маскоўскія войскі пад Палонкай, каля Слоніма.

Мне прыемна, што ў гаспадара Беларусь асацыюецца менавіта з «Пагоняй» і спадчынай Вялікага Княства Літоўскага. Купляю тую барацінку, хоць яна мне і не дужа патрэбная.

— У нас на замку працуе экскурсаводам хлопец з Беларусі, — кажа гандляр.

Тыкоцінскі замак — адметны пункт на мапе Падляшша. Тут некалі захоўваў свае габелены Жыгімонт Аўгуст (цяпер яны ў Вавэлі ў Кракаве), а ў апошні дзень 1655 года паміраў гетман ВКЛ Януш Радзівіл, які спрабаваў разарваць унію з Польшчай і заключыць саюз са Швецыяй.

Тыкоцінскі замак
Тыкоцінскі замак. Фота: Jolanta Dyr / Wikimedia Commons

Вяртаемся на Рынак, купляем каву і марозіва. Кропак, дзе выпіць кавы, пад’есці, набыць сувеніры, пераначаваць, у Тыкоціне хапае. Мясцовыя жыхары маюць заробак з турыстаў.

Ідзём па вузкай брукаванай вуліцы ўздоўж кляштарнага муру. Муроўка вельмі нагадвае агароджу кляштара кармелітаў босых у Глыбокім.

Тыкоцін
Завулак каля кляштара. Фота: MOST
Тыкоцін
Кляштарны мур. Фота: MOST

Даходзім да берага Нарвы, сядаем на лаўку на акуратнай, выбрукаванай каменем набярэжнай. Па рацэ плыве прагулачны катэр — дзеці на экскурсіі. Воддаль узвышаюцца жалезная аркі мосту з пачатку ХХ стагоддзя.

Ян Рамэйка

Тэгі: АртыкулыБеларусы ПадляшшаГалоўнаеПадляшшаРэпартажы

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

крыж Сафіі Менскай

Беларуская папулярызатарка гісторыі намагаецца зрабіць рэпліку крыжа Сафіі Менскай — каралевы Дацкай і праўнучкі Усяслава Чарадзея

MOST
28 лістапада 2025, 14:21

Папулярызатарка беларускай гісторыі Марыя Грыц запусціла праект па стварэнні рэплікі знакамітага крыжа Сафіі Менскай — адной з самых славутых ювелірных каштоўнасцей Даніі. Але беларусам яна хіба што бліжэй:...

Черная пятница в Польше

Футболка с Тупаком подешевела на 20 злотых, а айфоны — без скидок. Прогулялись в Черную пятницу по торговым центрам Белостока

MOST
28 лістапада 2025, 10:06

В этом году Черная пятница — популярный в Европе день распродаж — пришлась на 28 ноября. Продавцы одежды, косметики, бытовой техники и других товаров уже накануне расклеили скидочные...

Евгений Веревка

«Американский военный оставил самые большие чаевые». Беларусский футболист тренирует в Польше три команды и подрабатывает в такси

MOST
26 лістапада 2025, 19:55

В Беларуси его трижды задерживали после выборов 2020 года, но он не уезжал до последнего, чтобы быть рядом с дочерью. Сегодня футболист Евгений Веревка живет в Познани и...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты