На Падляшшы — рэгіёне Польшчы, што мяжуе з Беларуссю, — спрадвеку жывуць беларусы. Беларускую мову тут чуваць і ў крамах, і ў школах, і ў бібліятэках. А яшчэ на ёй дзейнічае ансамбль, якому ўжо 70 гадоў. Журналісты праекта MOST «Беларусы могуць» наведалі розныя гарады і мястэчкі Падляшша і даведаліся, чаму мясцовым жыхарам важна захоўваць беларускасць.
Гарадок — вёска, недалёка ад Беластока. Тут дзейнічае найстарэйшы на Падляшшы беларускі музычны калектыў «Разспяваны Гарадок». Ён ужо адзначыў 70 гадоў. У ім у асноўным спяваюць людзі сталага ўзросту. Хтосьці пакідае калектыў праз узрост або хваробы, але вось ужо амаль 30 гадоў склад калектыву амаль не мяняецца.
Марыя, адна з удзельніц калектыву, родам з Баброўнікаў — паселішча, якое знаходзіцца на мяжы Беларусі і Польшчы.
— З адной стараны была сенажаць, з другой — таксама, і мы спявалі, — кажа яна. — Так што ў мяне беларускія песні — у крыві, — кажа яна.
Мясцовы дом культуры падтрымлівае калектыў — выпускае дыскі, ладзіць канцэрты.
Дарэчы, «Разспяваны Гарадок» — не адзіны беларускі музычны гурт, які тут існуе, — ёсць яшчэ «Восеньскі ліст» і «Каліна». А яшчэ тут праходзяць беларускія фестывалі TUTAKA, «Бардаўская восень», «Сяброўская бяседа».
Магдалена Лотыш, дырэктарка Дома культуры, тлумачыць, што высокая канцэнтрацыя беларускай музыкі ў Гарадку вынікае з таго, што яна блізкая яго жыхарам.
— Гэта вынік гістарычных і культурных абставін, — адзначае яна.
«Берагчы тое, што пачулі ў папярэднія гады»
Анна, яшчэ адна ўдзельніца «Разспяванага Гарадка», спявае ў калектыве амаль 25 гадоў. Раней тут выступала яе старэйшая сястра. Потым далучылася і Анна — прайшла праслухоўванне і засталася.
— Зараз я ўжо не ўяўляю свайго жыцця без калектыву, — прызнаецца яна.
Рэпертуар ансамбля — гэта песні, якія ўдзельніцы ведаюць яшчэ з юнацтва. І калі спяваюць іх, шмат што ўспамінаецца з маладосці.
— Мы дбаем пра тое, каб захоўваць гэтыя песні і берагчы тое, што пачулі ў папярэднія гады, — кажа Магдалена Лотыш.
Удзельніцы калектыву шкадуюць, што цяпер мяжа з Беларуссю з боку Падляшша зачыненая. Раней была магчымасць сустракацца з беларусамі ў Гарадку або ездзіць у госці да іх.
Беларускі ліцэй у Гайнаўцы
Падтрымліваць і захоўваць беларускасць на Падляшшы дапамагае і беларускі ліцэй у Гайнаўцы, якая лічыцца цэнтрам беларускай нацыянальнай меншасці. Дырэктар ліцэя Ігар Лукашук вывучаў беларускую філалогію. Спачатку працаваў настаўнікам, а пазней стаў кіраўніком установы.
На яго думку, што задача ліцэя — стварыць такі падмурак, каб вучань мог не проста здаць экзамены, а каб «ведаў, хто ён такі».

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку
Выпускнікі ліцэя захоўваюць і папулярызуюць беларускасць у розных установах. Адна з такіх — Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Пакуль што ён займае толькі некалькі пакойчыкаў у самым цэнтры горада, але яго супрацоўнікі спадзяюцца, што з цягам часу цэнтр атрымае асобны будынак, дзе можна будзе праводзіць выставы, канцэрты і спектаклі.
Намесніца дырэктара Ілона Карпюк расказала, што Цэнтр займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, адукацыйных сустрэч, а таксама выдавецкай дзейнасцю. У цэнтра ёсць уласны архіў, дзе захоўваюцца фотаздымкі і дакументы з мінулага.
«Няма падзелу на “мы” і “вы”»
Заснавальнік найбуйнейшай беларускай электроннай бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк лічыць, што беларусаў з Падляшша і з Беларусі падзяляць нельга. На яго думку, гэта адзін народ, які павінен яшчэ больш аб’ядноўвацца дзеля адной мэты — захавання беларускасці.
— Як я магу падзяляць назвы і мэты, калі мой добры прыяцель Алесь Бяляцкі (заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна». — Заўв. MOST) сядзіць у рэжымнай турме, калі мой іншы добры прыяцель [мастак] Алесь Пушкін загінуў у той жа турме, калі мой прыяцель Міраслаў Лазоўскі загінуў пад Бахмутам? Няма для мяне падзелу на «мы» і «вы». А што да нас, беларусаў Падляшша, — мы вельмі спадзяёмся, што разам з тымі, хто прыехаў з Беларусі, мы зможам захаваць наш агульны этнас.

Поўнасцю відэа глядзіце на старонцы праекта MOST «Беларусы могуць».



