Шасцёра дзяцей беларуски Веранікі пераехалі ў Польшчу па чарзе — кожны сваім шляхам: ад уцёкаў да эвакуацыі. MOST выслухаў яе гісторыю пра тое, як дзеці адзін за адным пакідалі радзіму.
«Я — Лукашэнка, а ты — Беларусь»
Вераніке 49 гадоў. Яна — археолаг, працавала ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, у Польшчы даследуе мясцовыя гістарычныя і археалагічныя матэрыялы з Заходняй Беларусі міжваеннага часу.
У сям’і Веранікі ўсе дзеці з самага ранняга ўзросту наведвалі беларускамоўныя садкі, вучыліся ў беларускамоўных школах і гімназіях. Такі выбар быў прынцыповым, але пазней ім давялося вучыцца ўжо ў іншых краінах.
У 2020 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў, сітуацыя ў Беларусі рэзка змянілася. Унутры сям’і таксама пачаўся канфлікт — Вераніка падала на развод з мужам. Афіцыйна шлюб скасавалі ў 2021 годзе, ужо без яе ўдзелу.
— Муж казаў: «Я — Лукашэнка, а ты — Беларусь, не аддам пратэстоўцам. Паглядзім, хто каго». Мелася на ўвазе, што шлюб ён не скасуе и я не застануся вольнай, — згадвае Вераніка. — Я так і не зразумела, ці ён сапраўды лукашыст, ці не. Але вельмі падобна на тое.
«Я зрабіла візу — і ён адразу ўцёк»
Аднак гісторыя пераезду сям’і пачалася яшчэ да ад’езду Веранікі. Першым у Польшчу, нечакана для сям’і, з’ехаў яе сын Глеб — тады яму было 15 гадоў і ён вучыўся ў гімназіі. Ён папрасіў маці дапамагчы аформіць візу.
— Яму яшчэ не споўнілася 16. Я зрабіла візу — і ён адразу ўцёк, у дзень яе выдачы. Без папярэджання. Проста — дзіця прапала. А потым — відэа з мяжы: «Я на тым баку», — згадвае Вераніка.
Вераніка яшчэ раней паспела аформіць натарыяльную згоду на выезд дзяцей.
У Польшчы Глебу трэба было працягваць навучанне — паводле мясцовага закону вучоба абавязковая да 18 гадоў. Паколькі ён не ведаў польскай мовы, яго прынялі толькі ў першы клас ліцэя. Заняткі ў яго на хатняй форме навучання: ён вучыцца дома, а ў школу прыходзіць здаваць экзамены.
— Такая сістэма яму падыходзіла, — кажа Вераніка. — Сам сабе робіць расклад, сядзіць і акуратна ўсё прапісвае, як трэба.
«Дзеці сталі прападаць»
Потым знік Казімір — старшы сын Веранікі. На той момант ён вучыўся на мехмаце БДУ, не выказваў жадання з’язджаць і, здавалася, быў задаволены вучобай.
— Ён проста забраў пашпарт з дакументамі і знік. Ні слова. Потым знайшоўся ўжо ва Украіне — рабіў візу, каб паехаць у Польшчу, — распавядае Вераніка. — Для мяне гэта быў вялікі стрэс, таму што дзеці сталі прападаць. У 2020 годзе столькі ўсяго адбывалася, што ўсё было на стрэсе, а тут яшчэ дайшло да таго, што дзеці пачалі ўцякаць.
Пазней браты сустрэліся ў Варшаве і разам знялі жыллё. Па словах Веранікі, яны стараліся не раскрываць падрабязнасцей — размаўлялі пераважна праз тэлеграм і шыфраваліся.
У Польшчы Казімір працягнуў вучобу: паступіў на праграму Каліноўскага, вывучаў польскую мову, паспяхова прайшоў уступныя выпрабаванні і быў прыняты адразу ў дзве палітэхнікі — у Познані і Варшаве. Але вучыцца там ён не паспеў: улетку паехаў у Расію да дзяўчыны і ўжо не змог вярнуцца.
— Ён быў у спісах тых, каго не выпускаюць з Беларусі. Яго ўзялі ў войска. І ўжо пасля войска, — распавядае маці, — стаў казаць мне: «Мама, што ты гаворыш? Гэта ў вас інфармацыйная вайна, вам мазгі прамываюць».
Пасля службы Казімір спрабаваў вучыцца ў двух расійскіх ВНУ, але ніводнае навучанне не давёў да канца. Цяпер жыве ў Беларусі, і, як прызнаецца маці, іх кантакт абмежаваны віншаваннямі на дзень народзінаў.
Пераезд са спазненнем
Старэйшая дачка Злата павінна была апынуцца ў Польшчы першай: яна паступіла ў Акадэмію мастацтваў у Катавіцах і чакала студэнцкую візу. Але амбасада зацягвала афармленне дакументаў, таму Злата прыбыла з невялікім спазненнем і ўжо з Польшчы, разам з сяброўкай, дапамагала маці з перакладамі і дакументамі для пераезду.
Пераезд з малодшымі дачкамі
У пачатку 2021 года Вераніка вырашыла пакінуць Беларусь дзеля малодшых дзяцей. Яна аформіла візу па навуковай праграме і разам з дзвюма малодшымі дачкамі — Ярынай і Мялісай — выехала ў Польшчу.
— Я бачыла, што будзе толькі горш. Пачала шукаць праграму, куды можна падацца. Знайшла і з’ехала — кажа яна.
Сям’я пасялілася ў Варшаве, дзе Вераніка працягнула працаваць у навуковай сферы.
«Плакала, казала, што не хоча ісьці ў клас»
Спачатку Мяліса, на момант пераезду — вучаніца другога класа, працягвала займацца дыстанцыйна ў беларускай школе. Адначасова самастойна вывучала польскія літары і вучылася чытаць. З-за кавідных абмежаванняў школа праводзіла заняткі анлайн, а ў траўні дзяўчынка паступова пачала вучыцца ў варшаўскай школе. Сітуацыю ўскладнялі праблемы з вымаўленнем — яшчэ ў Беларусі ёй патрэбна была дапамога лагапеда, а ў Польшчы давялося перабудоўваць маўленне нанова.
— Яна вельмі сумавала па сябрах у Беларусі. Плакала, казала, што не хоча ісці ў клас, бо не разумее, пра што гавораць іншыя дзеці, — згадвае Вераніка.
Паступова ўсё змянілася: у Мялісы з’явілася сяброўка, а разуменне настаўніцы і падтрымка аднакласнікаў сталі важным крокам у яе адаптацыі.
— Яна стала для Мялісы прыкладам: паказала, што нават калі спачатку нічога не зразумела, можна асвоіцца і нармальна вучыцца, — адзначае маці.
«Першы час быў вельмі цяжкім»
Для Ярыны, самай малодшай у сям’і, пераезд стаў асабліва складаным. Дзяўчынка не хацела вучыцца па-польску, доўга адмаўлялася разумець новую мову і адчувала сябе ізаляванай.
Ярына не магла трапіць у польскі садок, што толькі паглыбляла адчуванне адарванасці ад звыклага жыцця. Яна сумавала па беларускім дзіцячым садку і сябрах.
Паступова сітуацыя пачала змяняцца: удалося аформіць дакументы і знайсці месца ў польскай установе. Новыя знаёмствы, увага выхавацеляў і падтрымка сям’і дапамаглі Ярыне паступова адкрыцца да мовы і ўключыцца ў жыццё новага асяроддзя.
— Цяпер яна ўжо больш упэўненая ў сабе, размаўляе па-польску і мае сяброў, — адзначае Вераніка. — Але першы час быў вельмі цяжкім для яе.
«Я іду тапіцца»
Агнеся — сярэдняя з дзяцей Веранікі, засталася ў Беларусі з бацькам, бо хацела скончыць навучанне ў гімназіі. З цягам часу сітуацыя станавілася напружанай: бацька перастаў выпускаць яе з дому.
— У нейкі момант яна патэлефанавала мне і сказала: «Я іду тапіцца». Пасля гэтых словаў я зразумела, што трэба дзейнічаць тэрмінова. У той жа момант, за адзін вечар, мы арганізавалі яе эвакуацыю ў Грузію. Мы даўно мелі дазволы на выезд, — распавядае Вераніка.
З Грузіі яна паехала ў Арменію, дзе атрымала візу, і ўжо адтуль Агнеся пераехала ў Польшчу, дзе паступіла ў ліцэй з пераважна хатнім навучаннем. Па словах маці, гэта было найлепшым варыянтам, каб захаваць гнуткі графік і не губляць год з-за адрозненняў у навучальных праграмах.
— Яна ўжо дастаткова самастойная і можа вучыцца дома. Дыстанцыйны ліцэй дазваляе ёй спакойна праходзіць матэрыял і рыхтавацца да экзаменаў, — тлумачыць Вераніка.
«Галоўнае — што яны растуць свабоднымі»
Побыт у сям’і паступова наладзіўся: дзеці прывыклі да новай краіны, самі арганізуюць вучобу і дапамагаюць адзін аднаму.
— Яны вельмі самастойныя, і гэта мяне ратуе, — адзначае Вераніка. — Могуць самі прыгатаваць, сабрацца ў дарогу, разабрацца з вучобай.
Нягледзячы на тое, што цяпер сям’я раскіданая па розных краінах, іх аб’ядноўвае штодзённая звычка гаварыць па-беларуску. Гэта для Веранікі прынцыпова — яна хоча, каб дзеці захавалі мову, у якой яны выраслі.
— Беларуская мова ў нас жыве. Мы думаем, жартуем, сварымся і мірымся па-беларуску, і гэта тое, што ніхто ў нас не забярэ, — кажа Вераніка.
Цяпер жанчына часова адклала навуковую працу ў археалогіі, бо падпрацоўкі забіраюць амаль увесь час. Але яна спадзяецца вярнуцца да даследаванняў, калі сітуацыя стабілізуецца. Пры ўсіх складанасцях яна ўсё роўна адчувае, што тут ёй лягчэй, чым было б у Беларусі.
— Галоўнае, што дзеці тут растуць свабоднымі і могуць выбіраць, кім ім быць, — дадае яна. — Гэта тое, чаго мы ніколі не мелі б у Беларусі.



