26 красавіка 1986 года адбыўся выбух у рэактары чацвёртага энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. У Польшчы пра чарнобыльскую катастрофу даведаліся толькі праз два дні. Расказваем, як гэта адбылося і чаму 18 мільёнаў палякаў паілі «савецкай “кока-колай”».
Атамная бомба ці памылка прыбораў
28 красавіка каля сямі гадзін раніцы супрацоўнік метэаралагічнай станцыі ў Мікалайках (больш за 700 км ад Чарнобыля і каля 200 км ад Гродна) убачыў дзіўныя паказанні прыбораў. Ён падумаў, што ў прыбора, якія вымярае бэта-выпраменьванне, адбыўся збой. Таму ён пераправерыў паказчык яшчэ раз запасным лічыльнікам.
Радыёктыўнасць паветра была прыкладна ў паўмільёна разоў вышэйшая за норму.
Дадзеныя са станцыі ў Мікалайках накіравалі ў Цэнтральную лабараторыю радыелагічнай абароны ў Варшаве. Першым іх пабачыў асістэнт прафесара Збігнева Явароўскага. Явароўскі, вядомы рэнтгенолаг і доктар медыцыны, спачатку падумаў аб выбуху атамнай бомбы. Навукоўцы правялі яшчэ некалькі хуткіх даследаванняў і высветлілі, што радыеактыўнае воблака прыйшло з усходу.
Польскія навукоўцы не атрымалі ніякіх дадзеных ад савецкіх уладаў, таму дзейнічалі самастойна. Явароўскі заявіў, што радыёактыўны ёд-131 уяўляе небяспеку. Для абароны трэба прымаць стабільны ёд, які дапаможа заблакаваць гэты небяспечны радыёізатоп і абараніць шчытападобную залозу.
Першыя згадкі ў СМІ
Пацвярджэнне інфармацыі аб значным усплёску радыяцыі з усходу ад Польшчы з’явілася ўвечары 28 красавіка. Навукоўцы даведаліся ў эфіры BBC, што на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух. Гэту інфармацыю пацвердзілі журналісты «Радыё Свабоды».
Афіцыйная заява ТАСС адбылося значна пазней, чым пра гэта паведамілі заходнія СМІ. У заяве савецкага інфармацыйнага агенцтва не было ніякіх рэкамендацый ці дэталяў, як арганізаваць ахоўныя меры. Сярод польскіх жа сродкаў масавай інфармацыі грамадска-палітычны часопіс Trybuna Ludu, падкантрольны Польскай аб’яднанай рабочай партыі, апублікаваў 28 красавіка нататку пра ядзерныя выпрабаванні на атоле Муруроа ў Французскай Палінэзіі — гэтым спачатку і спрабавалі патлумачыць павышэнне радыяцыйнага фону ў Польшчы.
Палітыка партыі
Ноччу 29 красавіка ў Цэнтральным камітэце Польскай аб’яднанай рабочай партыі пачалі гарачыя дэбаты. Аўтар кнігі аб уплыве Чарнобыльскай катастрофы на Польшчу Каміль Дварачак расказваў, што прафесар Явароўскі з цяжкасцю дамогся аўдыенцыі ў старшыні Рады міністраў Збігнева Меснера.
На радзе прысутнічалі важныя фігуры ў польскай палітыкі таго часу, у тым ліку і генерал Войцех Ярузельскі. Палякі спрабавалі даведацца, што адбылося ў Чарнобылі, ад савецкі калег. Савецкія палітычныя дзеячы адмаўлялі ў дапамозе, маўляў, адбылася проста паломка. Аднак Масква ўсё роўна накіравала шэраг спецыялістаў у Польшчу.
Да раніцы 29 красавіка палякі сфарміравалі ўрадавую камісію, якая павінна была адказваць за бяспеку насельніцтва і за інфармацыйную палітыку ў гэты час. Амаль апоўдні таго ж дня было прынятае рашэнне: усім дзецям да 16 гадоў трэба даць раствор Люголя. Улады забаранілі выпас жывёл на лугах, малако ад жывёл апошніх дзён прызначылі для перапрацоўкі. Рэкамендавалі піць толькі сухое ці згушчонае малако, а таксама не ўжываць свежую садавіну і гародніну.
Раствор Люголя атрымалі 18,5 мільёна чалавек. Першым яго раздалі жыхарам Падляшша. У Савецкім Саюзе раздача раствору адбылася толькі праз месяц пасля чарнобыльскай катастрофы.
Як жыхары Падляшша і Польшчы ўспамінаюць тыя дні
Успамін жыхароў розных рэгіёнаў Польшчы прыводзіць выданне Interia Kobieta.
Малгажата нарадзілася ў 1959 годзе і працавала на адным з заводаў у Кракаве. Яна ўспамінае, што пра радыяцыю даведалася са СМІ, а на нарадзе кіраўнікоў завода прынялі рашэнне даваць работнікам раствор Люголя: «Мы не ведалі дазіроўкі. Гэта быў жудасны смак, а я была цяжарная ў той час». Раствор Люголя бралі з завода блізкім. Малгажата прынесла вадкасць мужу і бацьку, а трохгадоваму дзіцяці пабаялася даваць.
— Паніка была. Кожны раз, калі з усходу ішлі хмары, усе чакалі горшага. Як высветлілася пазней, ужыванне вадкасці нам і не дапамагло, і не нашкодзіла. Я не магла сабе дараваць, што я, біёлаг, усе спакойна не прааналізавала. Але гэта, можа, было ад страху з-за цяжарнасці.
Моніка нарадзілася ў 1974 годзе. Па яе словах, у яе засталіся прыемныя ўспаміны ад паходу ў паліклініку па раствор Люголя. Жанчына расказала, што ў паліклініку пайшлі шмат дзяцей, але чаканні не апраўдаліся, раствор стаўся нясмачным.
Прафесарка Беластоцкага медыцынскага ўніверсітэта, загадчыца кафедры эндакрыналогіі Марыя Гурска ўспамінае, што ў першыя дні, калі стала вядома аб радыелагічным забруджванні, было шмат невядомага і незразумелага:
— З’яўляліся паведамленні аб атамных выпрабаваннях на палігонах у Новай Зеландыі, і нібыта з-за гэтага павысіўся ўзровень радыяцыі. Было шмат прапаганды, але адначасова давалі вадкасць Люголя, забаранілі выпас жывёл і дазвалялі піць толькі сухое ці згушчонае малако. Мы не адчынялі вокны, дзеці не хадзілі на вуліцу.
Мы зрабілі ўсё, каб абараніць сябе ад заражэння. Але асабліва запомнілася тое, што ўлады, нягледзячы на тое, што ведалі, што адбываецца, арганізоўвалі першамайскія парады.