Серада, 11 лютага 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Ваеннае сховішча — для турыстаў. Як падземныя хады часоў Другой сусветнай вайны служаць у мірным жыцці

MOST MOST
11 лютага 2026, 16:57
Гісторыі
A A
Замак Ксёнж

Замак Ксёнж. Фота: Сяргей Людкевіч

У гарах на поўдні Польшчы ёсць комплекс падземных тунэляў. Іх будавалі па загадзе Трэцяга Рэйха вязні канцлагераў. У апошнія дваццаць гадоў падзямеллі ўпарадкавалі для турыстаў. Правялі святло, паказваюць фільмы, арганізавалі веласцежкі. Тое, што калісьці служыла вайне, сёння ўключылі ў мірную, экалагічную інфраструктуру. Расказваем гісторыю загадкавага праекта Рызе, які выкарысталі для турызму і развіцця рэгіёна.

Штаб у гарах

У 1943 годзе, пасля пераломнай бітвы пад Сталінградам, нацысцкае кіраўніцтва пачало шукаць больш бяспечнае месца для сваіх штабоў. Адольф Гітлер рэдка бываў у Берліне і аддаваў перавагу ўмацаваным стаўкам. Асноўнай заставалася Wolfsschanze («Воўчы шанец») ва Усходняй Прусіі.

Выбар спыніўся на цяжкадаступных Савіных гарах у Судэтах, тады яшчэ нямецкай тэрыторыі. Тут пачалі сакрэтнае будаўніцтва маштабнага падземнага комплексу.

— У той час 25 метраў такой скалы над галавой гарантавалі 100%-ную абарону ад любога тыпу зброі, бомбаў, радыеактыўнага выпраменьвання. У іх сярэдняя глыбіня скалы была 60-70 метраў. Гэта павінна была быць падземная штаб-кватэра Гітлера і яго світы, — разважае Гжэгаж Барэнштайн, адзін з экскурсаводаў па гэтых мясцінах, заснавальнік фонду «Шляхам Рызе».

Замак Ксёнж
Падзямелле праекта Рызе, замак Ксёнж. Фота: Сяргей Людкевіч

Цана «Волата»

«Рызе» (Riese) — назва гэтага праекта. У перакладзе з нямецкай — «Волат». На яго будаўніцтве маглі прымусова задзейнічаць да 28 тыс. палонных: рабочых з акупаваных тэрыторый, у тым ліку з СССР, і вязняў канцлагера Грос-Розен, пераважна яўрэяў. Частка з іх памерла падчас будаўніцтва, расказвае Севярын Вячорак, праваднік па «Падземным горадзе Асоўка», што ўваходзіць у праект Рызе.

— Праект Рызе лічыцца адным з самых жорсткіх месцаў прымусовай працы: сярэдняя працягласць жыцця вязня складала ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў, — кажа Вячорак.

Кіламетры пад зямлёй

Мы едзем у Судэты ў дзесяціградусны мароз, з боку Уроцлава. Маршрут вядзе ўсё вышэй. Паабапал дарогі раскіданыя даліны, укрытыя снегам, з купкамі прыватных дамоў.

тунэлі ў Асоўцы
Каля падземных тунэляў у Асоўцы, праект Рызе, Польшча. Фота: Сяргей Людкевіч

Чым бліжэй да месца, тым шаша вузейшая, больш паваротаў. Каб на змерзлай дарозе размінуцца з сустрэчнымі аўтамабілямі, варта скінуць хуткасць. Па баках вырастаюць то сцены з гор, парослых лесам, то адкрываюцца абрывы. Гэтым шляхам мог бы ехаць і кіраўнік Трэцяга Рэйха, калі б паспеў прамяняць Воўчы шанец на Савіныя горы.

Наша мэта — замак Ксёнж у Ніжняй Сілезіі. Пад ім схаваныя тунэлі. Іншыя падзямеллі праекта Рызе ёсць яшчэ найменей у сямі месцах: Асоўцы, Влодажу, Валіме і іншых. Адлегласць паміж імі — да паўгадзіны язды машынай.

Святло, цеплыня і тэлефон

Ксёнж на ўзвышшы відаць здалёк, гэта трэці па велічыні замак Польшчы. На ўездзе сустракаемся з экскурсаводам Богданам Расіцкім.

Ён вядзе нас уніз — у тунэлі. Спускаемся драўлянымі сходамі на глыбіню 50 метраў. Пад зямлёй цэлы год каля +10 °C, тлумачыць праваднік. Суха, бо дзейнічае натуральная вентыляцыя. Свецяць няяркія лямпы. Вышыня скляпенняў і шырыня калідора — каля 3,5 метра. Гэтыя хады выдзёўбвалі ў скале з нуля.

Замак Ксёнж
Спуск у падзямелле замка Ксёнж. Фота: Сяргей Людкевіч

Праект Рызе выконвае прынцыпы зялёнага пераходу Еўрасаюза. Гэта доўгатэрміновая стратэгія перабудовы эканомікі і грамадства так, каб да 2050 году Еўропа перастала наносіць шкоду клімату і прыродзе. Яна заключаецца ў тым, каб зменшыць выкіды вуглякіслага газу, выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі, паўторна выкарыстоўваць аб’екты, а не зносіць іх, развіваць турызм без шкоды прыродзе, карыстацца пешымі і роварнымі сцежкамі, захоўваць памяць у рэгіёнах з цяжкой гістарычнай спадчынай, адукоўваць людзей пра тыя падзеі.

Падзямеллі Ксёнжа выглядаюць як і 80 гадоў таму. Іх не разбурылі, не перабудавалі, а адаптавалі з мінімальным умяшаннем у прыроднае асяроддзе. Асвятленне тут эканомнае, вентыляцыя натуральная. Пастаянная тэмпература пад зямлёй дазваляе абыходзіцца без энергаёмістых сістэм ацяплення ці кандыцыянераў. Самі тунэлі сталі часткай культурнага ландшафту.

Пад зямлёй не ловіць мабільная сувязь і інтэрнэт. Пан Богдан тэлефануе з апарата на сцяне, каб спраўдзіць, калі зойдзе чарговая група турыстаў.

— Галоўнае — пытанне бяспекі. Калі нешта здарыцца, у нас ёсць сувязь унізе, — тлумачыць ён.

Замак Ксёнж
Тунэль пад замкам Ксёнж. Фота: Сяргей Людкевіч

Маршрут па тунэлях Ксёнжа ідзе каля кіламетра. На кожны адрэзак адвялі пэўны час, расказвае Богдан Расіцкі. Калі час мінае, святло аўтаматычна гасне і запальваецца на наступным участку. На шляху паказваюць кароткія фільмы.

Замак Ксёнж
Тэлефон і аптэчка ў падзямеллі замка Ксёнж. Фота: Сяргей Людкевіч

Сёння гэтае месца перажывае ціхую трансфармацыю: Рызе пераасэнсоўваюць як месца ўстойлівай спадчыны, інтэграванае ў ахоўныя прыродныя ландшафты. Былыя будаўнічыя зоны злучаныя пешаходнымі і прыроднымі сцежкамі, што спрыяе павольнаму турызму і аднаўляе сувязь гісторыі з навакольным асяроддзем.

Залаты цягнік

Праект Рызе не скончылі будаваць. Паводле Гжэгажа Барэнштайна, яго выканалі на 30-40%. Будаўнічай дакументацыі не захавалася, таму не вядома дакладна, як ён мусіў выглядаць і для чаго менавіта яго стваралі.

Ёсць версіі, што яго рыхтавалі пад нямецкія фабрыкі, распрацоўвалі там атамную бомбу і тэсціравалі ракеты. Богдан Расіцкі сцвярджае, што доказаў гэтым чуткам няма. Пэўна толькі, што гэта мусіла быць сховішча, імаверна для Гітлера, а замак павінен быў стаць яго чарговай рэзідэнцыяй. Калі Чырвоная армія прыйшла сюды 8 траўня 1945 года, убачыла толькі будаўнічую пляцоўку.

Замак Ксёнж
Падчас аднаго з фільмаў на экскурсіі цягнік ідзе проста на гледача. Фота: Сяргей Людкевіч

Яшчэ адзін міф — пра залаты цягнік. Нібыта нацысты ў 1945 годзе пакінулі пад зямлёй цягнік, запоўнены золатам і зброяй. Ён набыў розгалас дзесяць гадоў таму і паспрыяў, каб адкрылі турыстычны аб’ект у падзямеллях Ксёнжа, заўважае Расіцкі.

— Залаты цягнік — гэта проста легенда. Я таксама шукаў яго. Але золата прыйшло ў гэты рэгіён у тыя часы (2015-2016 гады. — Заўв. MOST), — прызнаецца Барэнштайн.

Ад дзікага месца да музея

Турыстычны аб’ект у падзямеллі Ксёнжа быў не заўсёды, яго адкрылі толькі ў 2018 годзе, пазней за Валім і Асоўку (1995-1996 гады) і Влодаж (2004).

— Мы пачыналі з невялікай драўлянай касы, — успамінае Раман Глуд, кіраўнік горада Глушыца, дзе месціцца Падземны горад Асоўка.

У гэтых чатырох месцах арганізавалі турыстычныя пункты, з білетамі і экскурсаводамі. Іншыя падзямеллі Рызе дагэтуль застаюцца «дзікімі».

Ваенны аб’ект пераўтвараўся ў турыстычны экалагічна. Тунэлі не засыпалі і не знішчалі. Інакш гэта запатрабавала б здабыць, перавезці і апрацаваць мільёны тон бетону. Калі тунэлі захавалі і выкарысталі паўторна, паселішчы побач пазбеглі каласальных выдаткаў энергіі і вугляроду.

— Паказаць гэта людзям і захаваць для гісторыі, —  так Богдан Расіцкі фармулюе мэту адкрыцця турыстычнага аб’екта.

Ён ініцыяваў адкрыццё турыстычных пунктаў. Паводле Расіцкага, падобных ідэй пасля вайны было шмат, але ў яго атрымалася пераканаць улады.

Раней аматары спускаліся ў падзямеллі самастойна. Там не было асвятлення, было больш брудна. Нават тады гэта было досыць бяспечна. Аднак некалькі смяротных выпадкаў тады здарыліся праз неадэкватныя паводзіны наведвальнікаў, кажуць праваднікі.

Замак Ксёнж
Група турыстаў у падземным тунэлі пад замкам Ксёнж у Польшчы. Фота: Сяргей Людкевіч

Працуюць навукоўцы

З 1970-х гадоў частку падзямелляў Ксёнжа стала выкарыстоўваць Польская акадэмія навук. Тут навукоўцы вывучаюць рухі зямной кары. Усталявалі прыборы, што фіксуюць нават мінімальныя зрухі, выкліканыя, напрыклад, уплывам Месяца.

Замак Ксёнж
Богдан Расіцкі каля макета замка Ксёнж. Фота: Сяргей Людкевіч

Выкарыстанне падземных тунэляў праекта Рызе навукоўцамі — таксама прыклад экалагічнага пераходу ад ваеннай інфраструктуры да ўстойлівага выкарыстання. Ранейшыя збудаванні не знішчылі, але адаптавалі пад сучасныя патрэбы. Гэта дазволіла пазбегнуць вялікіх вугляродных выкідаў, звязаных з дэмантажом бетону і асваеннем новых тэрыторый.

Невідавочныя сцежкі

 Гжэгаж Барэнштайн — мясцовы жыхар. Фонд «Шляхам Рызе» ён стварыў разам з жонкай, яны водзяць турыстаў «невідавочнымі сцежкамі». Фонду ўжо чатыры гады, захапленню гэтай тэмай — дваццаць. Дзед Гжэгажа быў вязнем, які працаваў на Рызе, а ягонай жонкай пасля вайны стала немка, родам з гэтых зямель.

— Мы выраслі на легендах пра дзіркі ў гарах, ракеты, таямніцы. Людзі захапляліся «геніяльнасцю немцаў», але забывалі, якой цаной усё гэта зрабілі. Мы зразумелі: трэба гаварыць пра людзей, пра пакуты, пра смерці, — кажа Гжэгаж.

Праект Рызе часта зводзяць толькі да тунэляў і чатырох камерцыйных аб’ектаў, звяртае ўвагу Барэнштайн.

— Тунэлі — толькі магніт, які прыцягвае ўвагу. Мы бачым мноства слядоў нямецкай будоўлі, але іх часта пакідаюць па-за ўвагай, — расказвае Гжэгаж.

Замак Ксёнж
Турысты даследуюць наземныя пабудовы праекта Рызе. Фота з архіва фонду «Шляхам Рызе»

Ён адзначае, што турысты, якія даследуюць праект Рызе самастойна, могуць прайсці міма важных кропак і нават не заўважыць іх.

— Падчас экскурсій мы паказваем фрагменты вузкакалейкі, земляныя працы, фундаменты баракаў для вязняў, сляды філіялаў канцлагера Грос-Розен, якія пастаўлялі вязняў для будаўніцтва. На тэрыторыі каля 200 кв. кіламетраў дзейнічала каля 120 кіламетраў вузкакалейнай чыгункі! Сёння гэтага амаль не відаць, — апавядае праваднік.

Паводле Барэнштайна, да іх звяртаюцца 4-7 тыс. турыстаў у год.

Веласцежкі, лыжныя і пешыя маршруты

Наземная інфраструктура праекта Рызе таксама паступова змяніла функцыю. Былыя тэхнічныя дарогі і лесавозныя шляхі ператварыліся ў пешыя і веласцежкі. Замест цяжкай тэхнікі тут цяпер рухаюцца турысты на роварах, а замест ваеннай сакрэтнасці — адкрытыя маршруты і інфармацыйныя шыльды.

Калі тунэлі часоў вайны зрабілі турыстычнымі, гэта стала прыцягваць турыстаў у рэгіён і дзеля іншых актыўнасцей. У Савіных гарах знаходзіцца адна з найбуйнейшых зон горнага веласіпеднага спорту ў Польшчы MTB Sudety — больш за 500 кіламетраў веладарожак. Ёсць сцежка, якая праходзіць праз наземную інфраструктуру праекта Рызе, расказвае Севярын Вячорак. MTB там пачалі будаваць у 2013 годзе, калі частку падзямелляў ужо адкрылі для турыстаў.

Фонд «Шляхам Рызе» распрацоўвае для раварыстаў і пешых турыстаў маршруты, якія дапамогуць пазнаёміцца з гістарычным складнікам.

Замак Ксёнж
Падчас экскурсіі. Фота з архіва фонду «Шляхам Рызе»

У Судэтах добра развіўся і пешы турызм, працуе сетка гасцявых дамоў, аграсядзіб і гатэляў.

— Даволі шмат людзей ходзіць пешшу, нават узімку. Людзі вырашаюць больш актыўна праводзіць сваё жыццё на прыродзе, а не закрывацца ў чатырох сценах. Горны турызм стаў модным. У нас ёсць вельмі добра падрыхтаваныя лыжныя схілы на Вялікай і Малой Саве (горныя вяршыні. — Заўв. MOST). Тут можна пакатацца на бегавых лыжах. Ёсць пад’ёмнікі, — расказвае Севярын Вячорак.

Богдан Расіцкі адзначае, што ўсе турыстычныя аб’екты ў Ніжняй Сілезіі прасоўваюць адно аднаго.

— Калі вы жывяце за 500 кіламетраў, вы, напэўна, не прыедзеце, каб паглядзець адзін аб’ект. Але калі бачыш дзясятак такіх месцаў, ёсць, дзе начаваць, мясцовасць прыемная, ты рызыкнеш. Бярэш сям’ю і прыязджаеш у гэты рэгіён, — разважае супрацоўнік замка Ксёнж.

Падзямеллі замка Ксёнж з 2018 года наведалі больш за 700 тыс. чалавек. Іншыя падзямеллі Рызе — наведваюць каля 80-100 тыс. чалавек штогод.

Памяць, а не атракцыён

Калі з аб’екта часоў вайны зрабілі турыстычнае месца, гэта не значыць, што яно стала месцам забавы ці атракцыі, падкрэсліваюць суразмоўцы.

— Мы ставімся да яго як да месца пакутніцтва. Яго галоўная мэта — перадаць будучым пакаленням усё, што адбылося на гэтай зямлі, колькі чалавечых жыццяў загінула ў гэтых падзямеллях, — тлумачыць кіраўнік горада Глушыца Раман Глуд. 

Па яго словах, Асоўку наведвае штогод 75-80 тыс. чалавек. Прыязджаюць турысты з Чэхіі, Японіі, Філіпінаў, Канады. У апошнія гады — нямецкія турысты. Штогод прыязджае з групай моладзі рабін з Нью-Ёрка, у якога тут пахаваны брат.

— Пасля вайны прайшоў час. Тыя, хто памятае вайну, сыходзяць. Чым больш такіх месцаў будуць даступнымі як месцы памяці, тым больш мы зможам уплываць на будучыя пакаленні, каб яны ведалі, якой была Другая сусветная вайна, — падсумоўвае Раман Глуд.

тунэлі ў Асоўцы
Тунэль у Асоўцы. Фота: Сяргей Людкевіч

Не адзіны прыклад

Так праект Рызе стаў прыкладам, як траўматычную спадчыну вайны можна ўключыць у сучасную мадэль устойлівага развіцця: без новага бетону, агрэсіўнай забудовы, з апорай на ландшафт, гісторыю і памяць. Ваенны аб’ект, які стваралі дзеля знішчэння, у ХХІ стагоддзі пачаў працаваць на захаванне прыроды і гісторыі.

Гэта не адзіны прыклад. У горадзе Лар’ян у Францыі ваенны аб’ект паспяхова ператварылі ў сучасны цэнтр марскіх гонак сусветнага класа. Там бункеры часоў Другой сусветнай вайны сталі інавацыйнай марской экасістэмай, адкрытай для публікі, эканамічным рухавіком рэгіёна. У Лар’ян-Ла-Баз усталявалі вялікі парк з сонечных батарэй на дахах бункераў. Новыя пантонныя структуры падтрымліваюць марскую фаўну, там вядуць улік марской біяразнастайнасці.

У Беларусі таксама ёсць такія аб’екты, якія маглі б стаць турыстычнай экалагічнай адметнасцю. Напрыклад, фарты Гродзенскай крэпасці, якія выкарыстоўвалі падчас Першай і Другой сусветных войнаў, або маршрут лініі Заходняга фронту 1915-1917 гадоў з захаванымі акопамі, бліндажамі, могілкамі.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

пособие в Польше

Беларуска, живущая в Польше, переехала в другой город, а пособие приходит на старый адрес. Юристка объяснила, что делать

MOST
11 лютага 2026, 13:47

Каждый месяц Надежда ездит из Ольштына в Гданьск, чтобы получить пособие. Оно положено беларуске в период ожидания международной защиты. За время рассмотрения дела она сменила адрес и уведомила...

Геннадий Смоляк

«Не говори себе, что завязал». Активист и бывший зависимый — о том, почему в эмиграции проще сорваться и как снова стать чистым

MOST
11 лютага 2026, 09:09

Геннадий Смоляк — социальный активист, координатор благотворительных инициатив и человек, переживший зависимость. За последние годы он прошел несколько эмиграций, жил в пяти странах и продолжил работать с уязвимыми...

«Кузница» и «Бобровники»

В 2025 году Польша 1204 раза отказывала беларусам во въезде

MOST
10 лютага 2026, 18:43

В 2025 году польские пограничники 1204 раза отказывали гражданам Беларуси во въезде в страну. Это меньше, чем в 2024 году, когда беларусов не пустили 1420 раз, следует из...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты