У Варшаве 6 ліпеня адбылася прэзентацыя кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітычных вязняў» (Archipelag Białoruś. Relacje byłych więźniów politycznych). Выданне, якое змяшчае сведчанні 13 былых палітвязняў, падрыхтаваў Цэнтр усходніх даследаванняў — урадавая ўстанова, якая займаецца вывучэннем Усходняй Еўропы. Мэтай выдання было «дакументаванне найважнейшых рыс беларускай сістэмы рэпрэсій».
— У гэтых шакуючых сведчаннях бачная дзяржава, у якой закон з’яўляецца дэкарацыяй, а суды маюць кафкіянскі характар. Следчыя і турэмныя ахоўнікі сістэматычна здзекуюцца з палітычных вязняў, якія пазбаўленыя элементарных правоў і пазначаныя абавязковым нашэннем жоўтай нашыўкі, — піша ў прадмове Войцех Каноньчук, дырэктар Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Каноньчук нагадвае, што з мая 2020 да сакавіка 2026 года не менш як 9594 чалавекі перажылі палітычна матываваны крымінальны пераслед у Беларусі. Сама сістэма пакаранняў з’яўляецца наступніцай савецкай — колькасць ахвяр камуністычных рэпрэсій у Беларусі ацэньваюць у 600 тыс.
Першым у кнізе апублікаваны тэкст журналіста і дзеяча польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута, які правёў у беларускіх турмах больш за пяць гадоў і выйшаў падчас абмену вязнямі 28 красавіка 2026 года. Ён апісвае і аналізуе тое, як працуе беларуская сістэма рэпрэсій і якія нефармальныя сацыяльныя парадкі існуюць у турмах, параўноўвае сучасны беларускі падыход з савецкім.
— Я не сустрэў там (у турэмнай сістэме Беларусі. — Заўв. MOST) ні аднаго супрацоўніка, які б шчыра верыў, што ён здольны трывала змяніць асобу вязня, што змог змяніць асобу ў выніку рэпрэсій. Людзі Лукашэнкі не спрабуюць стварыць «новага чалавека». Мэта рэпрэсіўных дзеянняў — выклікаць страх, які павінен паралізаваць. […] Гаворка пра тое, каб паказаць бессэнсоўнасць усялякага супраціву, прымусіць усіх да пакорлівасці і падпарадкавання. Гэта ўрок, які беларускі рэжым дае грамадству, — сцвярджае Анджэй Пачобут.
Сведчанні дванаццаці былых палітвязняў пададзеныя ў выглядзе інтэрв’ю. Іх правялі трое польскіх журналістаў, якія шмат гадоў займаліся тэматыкай Усходняй Еўропы: Міхал Кацэвіч, Пётр Пагажэльскі і Агнешка Рамашэўска-Гузы. Аўтары выдання пагаварылі між іншым з былой валанцёркай штабу Святланы Ціханоўскай з Мінска Антанінай Канавалавай, журналістам і грамадскім дзеячам з Гродна Паўлам Мажэйкам, культурніцкім дзеячам з Віцебска Уладзімірам Булаўскім, навукоўцам Аляксандрам Фядутам.
Выгляд устаноў беларускай рэпрэсіўнай сістэмы немагчыма праілюстраваць фотаздымкамі. Таму ў кнізе змешчаныя малюнкі — частку зрабіў былы палітвязень Віктар Пархімчык, частку — іншы былы палітвязень, які з меркаванняў бяспекі пажадаў застацца ананімным.
Кнігу можна спампаваць у фармаце PDF на сайце Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



