Алеся Княжэвіч па адукацыі настаўніца біялогіі і геаграфіі, але захапленне ежай прывяло яе спачатку ў кейтэрынг, а пасля да вывучэння псіхадыеталогіі. Цяпер у Польшчы яна выпускае кулінарныя кнігі са святочнымі і сезоннымі рэцэптамі, а таксама перакладае іх на польскую і англійскую мовы. Чаму яна не ператварае кожную страву ў фітнес-варыянт і як ставіцца да парад ChatGPT, беларуска расказала MOST.
Алеся родам з гарадскога пасёлка Івянец недалёка ад Мінска. Некаторы час яна працавала ў школе, а пазней змяніла сферу дзейнасці і стала менеджаркай па продажы. Калі падчас пандэміі праца перайшла ў дыстанцыйны фармат, яна пачала больш гатаваць: разам з мужам яны вывелі закваску і пяклі свой хлеб. Прыкладна ў гэты ж час Алеся пачала весці блог пра ежу.
У 2021 годзе яна пераехала ў Польшчу і паступова ўсё больш звязвала працу з ежай. Спачатку працавала на банкетах і ў кейтэрынгу, а з часам пачала браць уласныя замовы. У асноўным рабіла finger food — невялікія закускі і тарталеткі для мерапрыемстваў. Аднак у нейкі момант стамілася ад такой працы.
— У кастрычніку 2025 года я цалкам выгарала. Звольнілася, закрыла свой кейтэрынг і з таго часу не ўзяла ніводнай замовы, — расказвае яна.

«З мяне смяяліся, што я задрот»
Цікавасць Алесі да ежы не знікла. Раней яна ўжо праходзіла курсы па дыеталогіі. І калі ўбачыла аб’яву пра набор на спецыяльнасць «псіхадыеталогія» ў Варшаўскім медыцынскім універсітэце, вырашыла падаць дакументы.
Вучоба доўжылася два семестры і праходзіла па выхадных. Часам заняткі займалі па 10–12 гадзін. Былі і лекцыі, і практыка: студэнты вучыліся складаць меню, разбіралі адносіны чалавека з ежай і ўласным целам. Адзін з заняткаў праводзіла спецыялістка, якая працуе з людзьмі з анарэксіяй і буліміяй.
— Мне было вельмі цікава. Я пазнаёмілася там з дзяўчынай, і яна смяялася, што я задрот, бо ў мяне было нуль пропускаў, — кажа Алеся.
Дыпломную працу яна прысвяціла таму, як перапрацаваная ежа ўплывае на чалавека.
«Каб быў баланс: і смачна, і карысна»
Пасля вучобы Алеся пачала працаваць у студыі для жанчын, дзе кансультуе па пытаннях харчавання. Новыя веды паўплывалі і на тое, як яна складае ўласныя рэцэпты. Спецыялістка не імкнецца ператварыць кожную страву ў «фітнес-варыянт», а стараецца знайсці баланс паміж смачным і карысным. Напрыклад, у шакаладным рулеце можна выкарыстаць цэльназерневую муку, натуральнае какава, а частку цукру замяніць мёдам.
— Я не кажу, што трэба фанацець. Проста зрабіць так, каб было трошкі больш карысці і пажыўнасці. Каб быў баланс: і смачна, і карысна, — тлумачыць Алеся.

Да харчовых трэндаў яна ставіцца асцярожна. У сацсетках рэгулярна з’яўляюцца новыя дыеты і парады па харчаванні — цяпер, напрыклад, папулярныя прадукты з высокім утрыманнем бялку і кета-дыета. На думку Алесі, больш увагі часта атрымлівае той, хто гаворыць ярчэй і гучней, а не той, хто абапіраецца на медыцынскія рэкамендацыі.
— Можна паглядзець, што ў трэндзе, а потым знайсці гэтага сумнага клінічнага дыетолага і ўсё ж такі паглядзець, што ён гаворыць, — жартуе яна.
Таксама яна скептычна ставіцца да парад штучнага інтэлекту і раіць вывучаць спасылкі на афіцыйныя крыніцы і правяраць інфармацыю. Муж беларускі, пачаўшы трэніравацца, нават спрабаваў з дапамогай ChatGPT разлічыць патрэбную колькасць бялку.
— Я кажу: «Спытай чат, чаму ўсё ж такі Сусветная арганізацыя аховы здароўя кажа інакш?» А чат кажа: «Ну так, ты маеш рацыю», — расказвае Алеся.
Беларускамоўныя кнігі пакуль працуюць у мінус
Першую кулінарную кнігу Алеся зрабіла яшчэ ў Беларусі. Яна была прысвечаная Калядам — яе любімаму святу. Пазней з’явіліся кнігі пра збалансаваныя сняданкі і з велікоднымі рэцэптамі, а цяпер Алеся падрыхтавала кнігу рэцэптаў для пікнікоў.
Усе рэцэпты яна спачатку правярае дома.
— Прынцып такі: што б я з’ела, што б з’ела мая сям’я. Што мы ўжо паелі, перарабілі і хацелі б яшчэ раз паўтарыць, — тлумачыць Алеся.
Першы наклад каляднай кнігі склаў каля 210 асобнікаў. Велікодных надрукавалі значна менш — каля 40. Вялікіх накладаў новых выданняў Алеся таксама не плануе: кнігу для пікнікоў, напрыклад, яна хацела надрукаваць прыкладна ў 25 асобніках.
Алеся прызнаецца, што беларускамоўныя кнігі амаль не прыносяць ёй грошай: аўдыторыя невялікая, а выданне патрабуе выдаткаў.
— Гэта больш такі дабрачынны праект. Я гэта раблю, таму што мне падабаецца. Калі б мне гэта не падабалася, я б ужо даўно перастала рабіць, таму што ўсё гэта робіцца ў мінус.
Цяпер Алеся спрабуе пашырыць аўдыторыю і перакладае кнігі на польскую і англійскую мовы. Паводле яе назіранняў, польскамоўныя версіі прасоўваць лягчэй.
Аднак ад беларускамоўных кніг яна адмаўляцца не збіраецца. Таксама Алеся хоча перавыдаць сваю першую, калядную кнігу. За пяць гадоў, кажа яна, змяніліся яе веды і погляды на харчаванне, таму частку рэцэптаў яна хоча перагледзець.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



