На Дзяды — у дзень памінання памерлых — беларусы Уроцлава збіраюцца разам на Асабавіцкіх могілках, каб ушанаваць памяць пахаваных тут землякоў. Экскурсію праводзіць гісторык, адукатарка, экскурсаводка Таццяна Гайдук. Яна лічыць, што так можна не толькі пазнаёміцца з людзьмі, якія жылі і пахаваныя ва Уроцлаве, але і ўзгадаць сваіх блізкіх, чые магілы няма магчымасці наведаць. MOST пагаварыў з Таццянай, пра экскурсіі па пахаваннях.
— Што цябе найбольш уражвае і чапляе ў традыцыі святкавання Дзядоў?
— Сам яе глыбінны сэнс і гісторыя. Гэтая традыцыя мае глыбокія карані, ідзе яшчэ з паганскага перыяду і з часам моцна пераплялася з хрысціянскімі абрадамі. У гэты дзень нашыя продкі хадзілі ў царкву ці касцёл, свянцілі стравы, пакідалі запіскі аб памерлых. А ўвечары мыліся ў лазні, прычым абавязкова пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Гатавалася багатая вячэра, каб добра пачаставаць продкаў, інакш яны маглі наслаць неўраджай і розныя няшчасці. Таксама трэба было ладзіць розныя забавы, каб павесяліць продкаў. Дзверы, вокны, юшка ў печы мусілі быць адкрытымі, каб продкі маглі заходзіць. На ноч стол не прыбіралі — пакідалі ежу для Дзядоў.
Вядома, з часам традыцыя моцна трансфармавалася і нават губляла сваю папулярнасць. Ці то выцяснялася рускай традыцыяй святкавання Дзімітраўскіх субот, ці то проста была забароненая, як за савецкім часам.
Гучна пра Дзяды нагадаў Беларускі Народны Фронт у 1988 годзе, арганізаваўшы ў Мінску каля Усходніх могілак, па дарозе на Курапаты і каля Курапатаў, мітынг-рэквіем. З таго часу свята Дзяды зрабілася яшчэ і сімвалам памяці ахвяр сталінскага рэжыму. Дарэчы, у Беларусі да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Дзяды былі дзяржаўным святам.
Сёння ў Беларусі два асноўныя дні памінання памерлых: увосень — на Дзяды, увесну — на Радаўніцу.
Я сама родам з Міншчыны, дзе продкаў паміналі акурат на Радаўніцу. За тыдзень да Радаўніцы прыбіралі магілы, прыносілі кветкі. На самое свята збіраліся ўсімі сваякамі каля могілак, успаміналі родзічаў. А ўвосень, на Дзяды, звычайна проста наводзілі парадак.

— Што ты можаш адзначыць, параўноўваючы польскую і беларускую традыцыі памінання памерлых?
— Яны шмат у чым супадаюць. У абедзвюх культурах традыцыі звязаныя з наведваннем могілак, клопатам пра магілы і сямейным памінаннем. Для палякаў асноўныя дні памінання — 1 і 2 лістапада — Дзень усіх святых (Wszystkich Świętych) і Задушны дзень (Dzień Zaduszny, або Zaduszki). У Дзень усіх святых у Польшчы прынята наведваць могілкі, прыбіраць магілы, прыносіць жывыя кветкі, у асноўным хрызантэмы. У Беларусі, як я памятаю, для могілак звычайна выбіралі гваздзікі і, на жаль, штучныя кветкі. Палякі запальваюць свечкі, так званыя znicze. Прычым пакідаюць іх не толькі на магілах сваіх сваякоў, але і на тых, за якімі няма каму даглядаць, на пахаваннях вядомых асоб, загінуўшых у войнах, і ахвяр рэпрэсій. Што мяне найбольш уразіла — як выглядаюць польскія могілкі з надыходам вечара. Гэта проста фантастычнае месца: тысячы агеньчыкаў і мора жывых кветак.
«Аказалася, нехта з беларусаў трымаў нада мной свой парасон»
— Як ты прыйшла да ідэі праводзіць экскурсіі па ўроцлаўскіх пахаваннях менавіта на Дзяды?
— Эмілія, арганізатарка шматлікіх праектаў для беларусаў ва Уроцлаве, выступіла з ініцыятываю зладзіць акцыю да дня памінання памерлых. Яна прапанавала мне падрыхтаваць экскурсію па пахаваннях людзей, чый лёс звязаны з Беларуссю. Мне як гісторыку і прыхільніцы так званага чорнага турызму (від турызму, які ўключае наведванне і даследаванне месцаў, звязаных са смерцю, трагедыямі, катастрофамі, войнамі, рэпрэсіямі і чалавечымі пакутамі. — Заўв. MOST) гэтая ідэя падалася цікаваю. Да таго ж я пэўны час працавала экскурсаводкаю ў Беларусі, у тым ліку праводзіла экскурсіі па могілках.
Першы шпацыр памяці беларусаў на могілках Уроцлава адбыўся ў мінулым годзе. Нягледзячы на моцны дождж, на сустрэчу прыйшлі больш за 40 чалавек. Гэта было нечакана і вельмі натхняльна. Яшчэ адзін кранальны момант, які шмат кажа пра нас, беларусаў: я была без парасона, бо з ім нязручна расказваць, паказваць, у нейкі момант я адчула, што на мяне перастаў ліць дождж. Аказалася, нехта з беларусаў трымаў нада мной свой парасон.
— Як ты працуеш над пошукам пахаванняў?
— Звычайна пачынаю банальна з Вікіпедыі. Тут не заўсёды ёсць поўная інфармацыя, але ёсць нейкія зачэпкі, спасылкі на крыніцы, якія потым вывучаю. Некаторыя даступныя ў інтэрнэце, па некаторыя трэба звяртацца ў архівы і бібліятэкі. Знайсці месца пахавання дапамагае ў тым ліку рэсурс Wroclaw.pl, на якім ёсць функцыя пошуку магілы. Часам на самім помніку пазначанае месца нараджэння чалавека. Дапамагаюць і карты могілак, на якіх можна знайсці кароткую біяграфію пахаванага. Асноўныя складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, — адсутнасць інфармацыі, немагчымасць атрымаць доступ да патрэбных матэрыялаў і знайсці сваякоў пахаваных.
«У эміграцыі людзі інакш пачынаюць разумець каштоўнасць сямейных сувязяў і памяці»
— З гісторыі якой асобы пачалося тваё даследаванне ўроцлаўскіх могілак?
— Я засяродзілася найперш на Асабавіцкіх могілках. Першае пахаванне, якое мне ўдалося тут выявіць, — магіла Эўгеніуша Гэт-Станкевіча. Гэта знакаміты польскі мастак і скульптар. Ён нарадзіўся ў Ашмянах Гродзенскай вобласці, аднак пасля Другой сусветнай вайны ягоная сям’я пераехала ў польскую Усхову. Дзве працы Гэт-Станкевіча можа ўбачыць любы чалавек у любы час, наведаўшы Уроцлаў, бо яны змешчаныя проста ў гарадской прасторы: Zrób to sam («Зрабі гэта сам») — на Доміку медзярытніка і Tablica ku czci Prostych Działań 1+1=2 («Табліца ў гонар простых дзеянняў 1+1=2») на вуліцы Яткі.
— Якія з гісторый выклікаюць найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў шпацыру?
— Найперш гісторыя архітэктара Рышарда Натусевіча. Гэта яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, які стаўся выбітнай постаццю для Уроцлава. Ён увайшоў у гісторыю архітэктуры як адзін з самых плённых майстроў архітэктурнага малюнка. На магіле Рышарда Натусевіча змешчаная табліца са згадваннем ягонай сястры Яніны Натусевіч-Мірэр. Дзякуючы гэтаму я адкрыла яшчэ адну цікавую біяграфію.
Яніна Натусевіч-Мірэр нарадзілася ў 1940 годзе ў Брэсце. Падчас Другой сусветнай вайны была вывезеная ў Сібір. Адтуль разам з Арміяй Андэрса трапіла ў Афрыку. У 1947 годзе разам з маці праз Геную вярнулася ў Польшчу. Жыла, вучылася, працавала ва Уроцлаве. Яніна Натусевіч была гісторыкам мастацтва і археолагам, даследніцаю «Панарамы Рацлавіцкай» (прысвечаную бітве пад Рацлавіцамі падчас паўстання Касцюшкі. — Заўв. MOST) і ўдзельніцаю дэмакратычнай апазіцыі ў Польшчы. Яна загінула ў 2010 годзе ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

Яшчэ я хацела б згадаць пахаванне сужэнцаў — археолагаў Хэлены Цэгак-Галубовіч і Уладзіміра Галубовіча. Я звярнула ўвагу на гэтую магілу, яшчэ калі рыхтавалася да леташняй экскурсіі. Яна патрабавала догляду, і я планавала навесці там парадак падчас экскурсіі. Аднак на самой сустрэчы высветлілася, што магілу ўжо прыбралі.
З Беларуссю Галубовічаў звязвае не месца нараджэння, а прафесійная дзейнасць (Уладзімір паходзіць з Расіі, Хэлена нарадзілася на тэрыторыі сучаснай Украіны). У 1930-я гады яны праводзілі раскопкі ў Заходняй Беларусі, на тэрыторыі Глыбоцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў, вывучалі курганы і гарадзішчы, а таксама займаліся аховай археалагічнай спадчыны.

На Асабавіцкіх могілках таксама пахаваны і наш зямляк Фелікс Галавач — дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, польскі палітык.
— Якія беларускія пахаванні і біяграфіі ва Уроцлаве яшчэ чакаюць даследавання?
— Я планую больш дэталёва даследаваць іншыя могілкі горада, напрыклад Грабішыньскія, Савецкія, могілкі на Буйвідзе. Хапала б толькі часу.
— Што, на твой погляд, прыводзіць людзей у эміграцыі на такія сустрэчы і экскурсіі да Дзядоў? Што яны шукаюць у гэтым досведзе?
— У эміграцыі людзі інакш пачынаюць разумець каштоўнасць сямейных сувязяў і памяці. Таму імкнуцца захоўваць іх любым даступным спосабам і дапамагаць адно аднаму. Некаторыя падключаюцца да пошукаў пахаванняў. Гэтак летась нашыя актывісты адшукалі і наведалі магілу на просьбу людзей, якія не маглі зрабіць гэта самі. Нашыя шпацыры памяці вельмі важныя, асабліва для тых, хто не можа наведаць магілы сваіх родных. У мяне ёсць свой асабісты боль: мне давялося перажыць смерць блізкага чалавека ў эміграцыі. Як і шмат хто з беларусаў, я жыву з тым, што не развіталася, што не магу прыйсці на магілу. Далучэнне да традыцыі святкавання Дзядоў, шанаванне памяці землякоў, якія знайшлі свой спачын у горадзе, дзе я цяпер жыву, перажыванне гэтых эмоцый разам з людзьмі, якім гэта блізка, — гэта такі спосаб кампенсаваць той боль.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



