Серада, 21 мая 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Навіны

Глыбокае: апошнія перадваенныя гады ў альбоме афіцэра КАП

MOST MOST
2 чэрвеня 2022, 11:12
Навіны
A A
глыбокае

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

У рукі гродзенскага журналіста і краязнаўцы Руслана Кулевіча трапіў альбом са здымкамі афіцэра Корпуса Аховы Памежжа. Гаспадар альбома некаторы час служыў у палку КАП «Глыбокае», які стацыянаваў у мурах былога базыльянскага кляштара ў глыбоцкім прадмесці Беразвечча. Калі ўважліва прыгледзецца да гэтых здымкаў, можна знайсці шмат дэталяў, якія могуць расказаць гледачу пра міжваенны перыяд у гісторыі Глыбокага і апошнія гады мірнага жыцця.

Плошча 3 Мая

Плошча 3 Мая (бальшавікі перайменавалі яе ў 17 Верасня) ў міжваенны час была галоўнай плошчай Глыбокага. З паўднёвага боку да плошчы прымыкала царква, былы касцёл кармэлітаў. У мурах кляштара размяшчалася староства Дзісненскага павета — галоўны орган дзяржаўнай улады на прасторы, роўнай сённяшнім тром раёнам. Побач быў пастарунак паліцыі. З захаду, дзе з плошчы пачыналася вуліца Замкавая, знаходзілася габрэйская святыня, праз свой колер называная «блакітнай сінагогай». З поўначы над плошчай дамінаваў касцёл Святой Тройцы, парафіяльны, які ў многіх публікацыях называлі фарным. Праз дарогу ад касцёла была турма — гарадскі ізалятар, ліквідаваны ў 1936 годзе і аддадзены на кляштар. У паўднёвай частцы плошчы стаяў стары, у аварыйным стане, будынак карчмы айцоў кармэлітаў. На поўнач ад карчмы быў невялікі сквер, агароджаны, засаджаны дрэвамі, дзе стаялі лаўкі. На поўдзень — яшчэ меншы скверык, у якім стаяў, як і ў кожным горадзе міжваеннай Польшчы, помнік Пілсудскаму.

Фатограф зрабіў здымак на плошчы ў дзень нейкай урачыстасці. Цяжка сказаць, што гэта была за ўрачыстасць. У міжваеннай Польшчы, а асабліва на ўскраінах («Крэсах») улады любілі наладжваць розныя святкаванні, шэсці, парады. «Ура-патрыёты» радаваліся, а разумнейшыя публіцысты крытыкавалі гэтую з’яву, прыляпіўшы ёй ярлык «obchodomanii» («маніі святкаванняў»).

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

Праз сваё становішча плошча 3 Мая была месцам святкаванняў у Глыбокім. Вядома, тут адзначалі штогод 3 мая Свята Канстытуцыі, а 11 лістапада — Свята Незалежнасці. Але святкавалі яшчэ імяніны прэзідэнта Масціцкага 2 лютага, імяніны Пілсудскага 19 лютага (нават пасля яго смерці), гадавіну маршу Кампаніі Кадровай 6 жніўня, свята Корпуса Аховы Памежжа 17 кастрычніка.

Цяжка сказаць, падчас якога са святкаванняў быў зроблены гэты здымак. Перад прыступкамі, якія вядуць на дзядзінец фарнага касцёла, мы бачым жаўнераў, пашыхтаваных з паходным рыштункам. Бліжэй да фатографа бачым афіцэра, аточанага па-моднаму апранутымі жанчынамі ў капялюшыках. Яшчэ адзін вайсковец ідзе па плошчы. У ахопленай культам войска міжваеннай Польшчы, у горадзе Глыбокае, які быў сталіцай самага ўсходняга павета, і ў прадмесці якога станцыянаваў полк Корпуса Аховы Памежжа, была заўважнай прысутнасць войска і яго ўдзел у жыцці горада. А высокія заробкі афіцэраў давалі магчымасць іх жонкам і дочкам фарсіць па Глыбокім у моднай вопратцы.

Сквер з макетам авіябомбы

Назва «3 Мая» была дадзеная плошчы ў 1924 годзе, калі першы раз у Глыбокім урачыста адсвяткавалі Свята Канстытуцыі. У 20-я гады гэта была даволі неахайная плошча, на якой праезная частка не ўсюды была забрукаваная, тратуараў ці не было, ці былі драўляныя, а пра грунтоўнае добраўпарадкаванне ніхто і не думаў.

У 1933 годзе старастам у Глыбокае быў прызначаны малады энергічны афіцэр Людвік Музычка. Ён пакінуў пасля сябе супярэчлівыя ўражанні, але ён жа пачаў парадкаваць плошчу 3 Мая. Пустэча ў паўночнай частцы плошчы (дзе цяпер прыпынак гарадскіх аўтобусаў у бок Беразвечча) была разраўняная (пры гэтых працах знайшлі старыя людскія косткі), і там быў закладзены сквер. Пасадзілі дрэвы, агарадзілі сквер, паставілі лавачкі. У спякотныя дні побач можна было сустрэць гандляра марожаным, які меў пры сабе белы вазок з надпісам «Lody».

Атрымалася нядрэннае месца для адпачынку. Было дзе прысесці адпачыць у выхадны дзень пасля чарговай дзяржаўнай урачыстасці, нядзельнай святой Імшы ці касцельнага фэсту. На яшчэ адным фота мы якраз бачым на лаўцы пяцёх модна апранутых жанчын, а побач — афіцэра ў форме.

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

Выпадкова ці не, але на фотаздымак трапіў і мужчына з дзіцем. Яны маюць на сабе бедную вопратку. Такім чынам фота адлюстроўвае вялікі разрыў паміж якасцю жыцця заможных і бедных слаёў грамадства на ўсходніх ускраінах міжваеннай польскай дзяржавы. Многія жыхары Глыбокага, хоць былі гараджанамі, працягвалі жыць з земляробства на невялікіх надзелах або з рамёстваў, якія часта не давалі дастатковага для годнага жыцця даходу.

За знак часу можна лічыць і яшчэ адну дэталь, якую можна ўбачыць на здымку. У скверы можна ўбачыць канструкцыю, падобную на хвост авіябомбы. Гэта — наглядная агітацыя LOPP (Лігі супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны). Каб патлумачыць шырокім масам насельніцтва небяспеку авіяцыйнай зброі, аддзелы гэтай арганізацыі ў многіх гарадах ставілі макеты наймагутнейшых на той час авіябомбаў. Згодна з паведамленнямі прэсы, у 1935 годзе ў Глыбокім паставілі два такія макеты.

У чэрвені 1939 года за плошчу 3 Мая ўзяліся прафесійныя архітэктары. Яе планіроўка мусіла быць змененай, перад касцёлам меўся быць шырокі прамавугольны пляц, зручны для шэсцяў і ўрачыстасцяў. Былая кармэліцкая карчма мусіла быць знесеная, на яе месцы меўся быць пашыраны сквер, а ў цэнтры гэтага скверу планаваўся новы помнік Пілсудскаму. Але 17 верасня Глыбокае прыйшлі Саветы і паставілі на плошчы вялізныя партрэты камуністычных правадыроў.

Пачатак Замкавай: ужо без брамы, але яшчэ з карчмой

З плошчы 3 Мая роўна на захад выходзіла вуліца Замкавая. На фота мы бачым, як па складзеным з бетонных пліт ходніку крочыць жанчына ў сукенцы і капялюшыку. За яе спінай — плошча 3 Мая і кармэліцкая карчма.

Інфармацыю для даследчыка можа даць не толькі тое, што ёсць на фота, але і тое, чаго няма. А на гэтым фота, зробленым у самым канцы існавання ІІ Рэчы Паспалітай, няма брамы. У чэрвені 1930 года, калі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі аб’язджаў Віленскае ваяводства, у сталіцы Дзісненскага павета ў пачатку галоўнай вуліцы, была пастаўленая цагляная брама. Выгляд гэтай брамы меў адносіны да гісторыі рэгіёна, і паўтараў выяву нададзенага ў 1567 годзе герба намінальнай сталіцы павета — Дзісны. На гербе былі адлюстраваныя тры мураваныя вежы — і брама складалася з трох стылізаваных вежаў, у цэнтральнай быў зроблены праезд для вазоў і аўтамабіляў, а ў бакавых — праход для пешых.

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

Але тое, што хутка будуецца, асабліва з мэтай паказаць высокім урадоўцам, доўга не стаіць. Вось і пра браму на Замкавай у 1935 годзе пісаў карэспандэнт «Kurjera Wileńskiego», што яна пагражае абвалам. І вось на фота мы бачым, што брамы няма. Значыць, яе разабралі яшчэ пры польскай уладзе.

Кармэліцкай карчмы, якая за спінай у жанчыны, таксама мусіла хутка не стаць. 16 чэрвеня 1939 года стараста Віктар Сушыньскі падпісаў загад на яе разбор. Але польскія ўлады не паспелі яе разабраць, пакінуўшы гэтую справу Саветам. Тыя знеслі стары будынак у 1941 годзе, але да прыходу немцаў не паспелі вывезці з плошчы ўвесь будаўнічы друз.

На слупе мы бачым рэкламны шчыт з надпісам «Składaj oszczędności do KKO». Маецца на ўвазе камунальная ашчадная каса Дзісненскага павета, заснаваная ў 1927 годзе, якая стала найбольш паспяховай падобнай інстытуцыяй у Віленскім ваяводстве. У кадр не трапіў новы будынак касы, які быў на правы ад фатографа бок і быў скончаны восенню 1938 года. Пры Саветах там была кантора кансервавага завода. Цяпер будынак стаіць, а на яго лесвічнай пляцоўцы дагэтуль не сцёрся напісаны па польску заклік: «Oszczędzaj».

Замкавая: галоўная вуліца павятовага горада

Замкавая была галоўнай вуліцай Глыбокага. Уздоўж яе знаходзіліся разнастайныя крамы, месцы аказання паслуг, у тым ліку і фотастудыі. Таму не дзіўна, што глыбоцкія фатографы рабілі здымкі заможных гараджанаў якраз на гэтай вуліцы. Гэтае фота, на якім выяўленыя дзве жанчыны, можа быць прыкладам распаўсюджанай у міжваенных гарадах Заходняй Беларусі вулічнай фатаграфіі.

Галоўная глыбоцкая вуліца была шчыльна забудаваная драўлянымі дамамі, якія засталіся яшчэ з часоў Расійскай Імперыі. На ўсёй вуліцы было толькі восем камяніцаў, ды яшчэ два сучасныя будынкі — клуб урадоўцаў ды ашчадная каса — узведзеныя пры канцы 30-х гадоў.

«Сапраўдная карэнная Беларусь навокал, а тут — барока паезуіцкіх касцёлаў і ўсярэдзіне штэтл, вядомы з габрэйскай літаратуры і жывапісу Шагала, але такой гушчыні драўляных крамаў ні перад тым, ні пасля таго не бачыў. Гэта выглядала як адзін драўляны кораб, падзелены на асобныя крамы» — так успамінаў Глыбокае нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш, бацькі якога жылі ў 30-я гады ў гэтым горадзе.

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

Пад нагамі жанчын — ходнік з квадратных бетонных плітаў. Такія пліты пачалі класці ў Глыбокім у 1937 годзе — і да пачатку вайны забрукавалі імі ходнікі на ўсіх галоўных вуліцах. Падобная плітка выкарыстоўвалася ў большасці гарадоў Заходняй Беларусі — і можа, дзе яшчэ вы яе ўбачыце на ўскрайках паркаў ці на людскіх панадворках.

Школа №2

Глыбокае ў міжваенны час хутка расло, а старая драўляная школа, збудаваная побач з царквой за часоў Расійскай Імперыі, была занадта малой і старой для патрэбаў горада. Неяк віленскія газеты паведамілі, што ў той старой школе завалілася столь — на шчасце, гэта здарылася ноччу.

У 1938 годзе на новай вуліцы, названай у гонар біскупа Уладыслава Бандурскага, быў закладзены трохпавярховы будынак «пачатковай школы №2». Там маладыя глыбачане мусілі атрымліваць гарантаваныя польскай дзяржавай сем класаў бясплатнай адукацыі. У апошнюю перадваенную зіму пачаліся заняткі ў класах на першым паверсе. Тым часам сканчваліся працы на другім і трэцім паверсе. Але, калі іх скончылі, Глыбокае занялі Саветы.

Пры Саветах дзеці, каго разам з сем’ямі не вывезлі на Сібір, павучыліся ў гэтай школе. Ці доўга вучыліся пры немцах — цяжка сказаць. Прынамсі, частку перыяду нямецкай акупацыі школа была занятая пад размяшчэнне войска. Немцы яе і ўзарвалі летам 1944, будынак не далі рады аднавіць.

Выгляд школы можна ўбачыць толькі на некалькіх цудам захаваных фотаздымках.

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

Званы фарнага касцёла

10 красавіка 1938 года тысячы мясцовых жыхароў, прадстаўнікоў улады і войска сабраліся да касцёла на ўрачыстае асвячэнне двух новых званоў. Званы каштавалі вялікую як на тыя часы суму 4000 злотых — сабралі з парафіянаў, частку дадалі жаўнеры і афіцэры КАП.

Упрыгожаныя зелянінай званы былі пастаўленыя каля фасада касцёла. «Глыбоцкія парафіяне — Богу на хвалу, душам на збаўленне. 1938 год» — было напісана на званах.

Званы асвяціў глыбоцкі дзекан ксёндз Антоні Зянкевіч. Ён звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой сказаў, што лёс Польшчы непарыўна звязаны з лёсам Касцёла, і што трэба браць прыклад з продкаў, якія ў гады прыгнёту паміралі за свабоду і за веру. І яшчэ, дадаў ксёндз, уваскрошаная Польшча будзе мацнець і ніколі не дазволіць ворагу перакрочыць сваіх межаў.

З апошнім сцвярджэннем ксёндз Антоні Зянкевіч моцна памыліўся. Не прайшло і паўтара года ад таго красавіцкага дня, калі вялікі натоўп глыбачанаў слухаў ягоныя словы, і ад урачыстасці моманту не паддаваў іх сумневу, як Чырвоная армія ўвайшла ў Глыбокае.

Глыбокае на старых фотаздымках. Фота з архіва Руслана Кулевіча

Межы Польшчы тут баранілі толькі плютановы Стэфан Палчыньскі, які палёг у баі на стражніцы «Каменны Воз» за дваццаць кіламетраў ад Глыбокага, ды юнак-дабраахвотнік, якому далі вінтоўку і загадалі трымаць варту на ўсходняй ускраіне горада, пакуль войска, паліцыя і цывільныя ўрадоўцы эвакуяваліся ў бок латышскай мяжы.

А потым савецкія і нямецкія акупанты прынеслі Глыбокаму і глыбачанам столькі гора і знішчэнняў, што героі нашага фотаальбома не маглі ўявіць і ў самым жудасным сне.

Тэгі: АртыкулыГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

В Хорватию из Варшавы на поезде

Из Варшавы запускают поезд в Хорватию. Рассказываем о расписании и цене билетов

MOST
21 мая 2025, 12:52

Из польской столицы можно будет доехать до Хорватии прямым поездом. Первые рейсы запустят уже в июне. Об этом сообщил премьер-министр Польши Дональд Туск в соцсети X. «Стоит такая...

работа на заводе в Польше

В апреле средняя зарплата в Польше составила более 9 тыс. злотых. Больше всего зарабатывают в IT и горнодобыче

MOST
21 мая 2025, 12:19

В апреле 2025 года средняя зарплата в секторе предприятий в Польше составила 9045 злотых брутто, свидетельствуют данные Главного статистического управления. Это на 9,3% больше, чем в апреле 2024...

Вера — дачка флібусцьера

Пра дачку пірата, ката, кіта і сквапнага бургамістра. Пісьменнік Валянцін Вяркееў, які зараз жыве ў Польшчы, выпусціў прыгодніцкі раман для дзяцей

MOST
21 мая 2025, 09:35

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла першая кніга Валянціна Вяркеева «Вера — дачка флібусцьера». Гэта прыгодніцкі раман для дзяцей і падлеткаў. Цікавасць да яго паказаў кніжны кірмаш у Варшаве,...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: most@mostmedia.io

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

Кіраваць згодай Cookies
Мы і нашы партнёры атрымліваем доступ і захоўваем інфармацыю на прыладзе і апрацоўваем асабістыя дадзеныя, такія як унікальныя ідэнтыфікатары і стандартную інфармацыю, якая адпраўляецца прыладай, альбо дадзеныя прагляду, каб выбраць і прафіляваць персаналізаваны змест і рэкламу, вымераць змест і рэкламную эфектыўнасць, а таксама распрацоўка і ўдасканаленне прадукцыі. Са згоды карыстальніка мы і нашы партнёры можам выкарыстоўваць дакладныя дадзеныя геалакацыі і ідэнтыфікацыю шляхам сканавання прылад. Націскаючы «Прыняць», вы пагаджаецеся на апрацоўванне звестак намі і нашымі партнёрамі, як апісана вышэй. Перш як пагадзіцца ці адмовіцца, вы можаце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і змяніць наладкі. Для некаторых відаў апрацоўвання звестак не патрэбная вашая згода, але вы маеце права не пагадзіцца. Параметры не будуць распаўсюджвацца на іншыя сайты, што маюць глабальны альбо сэрвісны дазвол.
Функцыянал Always active
Тэхнічнае сховішча або доступ строга неабходныя з законнай мэтай забеспячэння магчымасці выкарыстання пэўнай паслугі, відавочна запытанай падпісчыкам або карыстальнікам, або з адзінай мэтай ажыццяўлення перадачы паведамленняў па сетцы электронных камунікацый.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Статыстыка
Тэхнічнае сховішча або доступ, якія выкарыстоўваюцца выключна ў статыстычных мэтах. The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Маркетынг
Тэхнічнае сховішча або доступ, неабходныя для стварэння профіляў карыстальнікаў для адпраўкі рэкламы або для адсочвання карыстальніка на вэб-сайце або на некалькіх вэб-сайтах у аналагічных маркетынгавых мэтах.
Manage options Manage services Manage vendors Read more about these purposes
Налады
{title} {title} {title}
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты