22 студзеня — чарговая гадавіна пачатку паўстання 1863-1864 гг. 159 гадоў таму пачалася сумесная барацьба за незалежнасць палякаў, беларусаў і літоўцаў ад царскай Расіі. Гэтае паўстанне у Польшчы называюць «студзеньскім», у Беларусі — паўстаннем Каліноўскага. MOST расказвае пра апошняга паўстанца Ігната Абрамовіча.
Лічыцца, што паўстанне пачалося на тэрыторыі Польшчы 22 студзеня, а на тэрыторыі Літвы і Беларусі — амаль на тыдзень пазней, 1 лютага. Тут усё пачалося з таго, як выйшаў адпаведны зварот Літоўскага правінцыяльнага камітэта на чале з Канстанцінам Каліноўскім да насельніцтва Літвы і Беларусі з заклікам падняцца на ўзброеную барацьбу.
Апошні паўстанец
Адны з самых актыўных баёў паўстання праходзілі на тэрыторыі Гродзеншчыны. У гэтым рэгіёне нарадзіўся Ігнат Абрамовіч — паўстанец, які пражыў 108 гадоў. Менавіта ён быў апошнім жывым удзельнікам паўстання Каліноўскага. Ігнат (Ігнацы) Абрамовіч нарадзіўся ў 1836 або, паводле іншых крыніц, у 1839 годзе ў ваколіцах роднай вёскі палітыка Зянона Пазняка Суботнікі (Іўеўскі раён, Гарадзенская вобласць).
Апошняя дата пазначана на надгробку паўстанца. Але Дзяржаўны занальны архіў г. Маладзечна лічыць слушнай першую дату. Акрамя таго, унучка «каліноўца» сцьвярджае, што Абрамовіч памёр у 106 год. Магчыма, блытаніну з датамі свядома зладзіў сам Ігнат Абрамовіч, каб пасля падаўлення паўстання заблытаць карныя органы.
Ігнат трапіў ў паўстанне Каліноўскага ў 24 гады (калі пагадзіцца з датай нараджэння на помніку). Маёмасць яго сям’і падчас баявых дзеянняў была канфіскаваная, а радавыя сядзібы царскія войскі спалілі разам з целамі забітых сваякоў. За ўдзел у паўстанні Ігнат Абрамовіч быў сасланы ў сібірскую катаргу на 12 год.
Пасля вяртання з Сібіры «каліновец» атабарыўся ў ваколіцах Чэнстаховы (Польшча), дзе неўзабаве ўладкаваўся ўпраўляючым маёнтка. Ігнат самавукам атрымаў належную адукацыю і ажаніўся з дзяўчынай з роду Шаблоўскіх. На жаль, жонку Ігната напаткаў трагічны лёс: яна патрапіла пад цягнік. Праз некаторы час Абрамовіч перабраўся ў вёску Краснае, што пад Маладзечнам, дзе дажыў да самай смерці ў 1944 годзе.
Лейтэнант паўстання
У 1933 годзе польскія ўлады ўзнагародзілі Ігната Абрамовіча Памятным Крыжам да 70-годзя Студзеньскага паўстання. У 1938 годзе ён быў запрошаны ў Варшаву на 75-я ўгодкі паўстання. Ветэрану выдалі за кошт вайсковага бюджэту 16 злотых на дарогу. У тым жа годзе Абрамовіч атрымаў Бронзавы Крыж Заслугі. Захавалася пасведчанне на гэты конт за подпісам прэм’ера апошняга ўраду даваеннай Польшчы — генерала Феліцыяна Славой-Складкоўскага. Ігнат Абрамовіч, як і ўсе астатнія жывыя паўстанцы, быў падвышаны да першага афіцэрскага звання (лейтэнант).
Кажуць, што да самага скону жыцця Абрамовіч заўсёды хадзіў у паўстанцкай канфедэратцы. Як выявілася, па загадзе Пілсудскага належала салютаваць сустрэчнаму ветэрану. Таксама для іх уводзілася парадная форма, па якой можна было адразу вызначыць героя. Захаваўся фотаздымак Ігната Абрамовіча 1930-х гадоў, дзе ён адпаведна апрануты ў цёмна-сіні сурдут і шапку-рагатоўку (канфедэратку).
Нашчадкі і памяць
Вядома, што Абрамовіч меў дачку і чатырох (як мінімум) сыноў. Усе дзеці сталі тэхнікамі ды інжынерамі. Праўнук паўстанца Здзіслаў Абрамовіч жыве ў польскім Баляслаўцы. Менавіта ў ягоным архіве захоўваюцца ўзнагароды і дакументы Ігната Абрамовіча, фотаздымкі і жывапісны партрэт, выкананы Станіславам Абрамовічам (унукам Ігната).