Як надоўга можа зацягнуцца вайна? Ці можа Лукашэнка пераседзець Пуціна і замірыцца з Украінай? Хто выйграе, а хто згубіць ад трансфармацыі ўлады ў Беларусі? Чаму партыя рэваншыстаў з ліку былых прыхільнікаў Лукашэнкі — патрэбная?
Пра ўсё гэта мы разгорнута паразмаўлялі з Вадзімам Мажэйкам, аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).
«Так можна» і «так нельга» для Расіі
— Ад 24 лютага была распаўсюджаная думка, што вайна будзе доўжыцца месяц-паўтара. Ці можа канфлікт зацягнуцца на гады? Ад чаго гэта залежыць?
— Ад пачатку вайны была думка, што гэта ўсё на тры дні. Прычым як з боку Расіі, так і з боку заходніх спецслужбаў, якія прапаноўвалі Зяленскаму эвакуацыю, бо лічылі, што Кіеў будзе захоплены. Лукашэнка тое самае казаў. У ваенны час усё можа змяніцца ў кожны момант на полі бою. Украінская армія паказала, што здольная да доўгага супрацьстаяння.
Вайна не скончыцца за кароткі перыяд. Абодва бакі лічаць, што час гуляе на іх. Ва Украіне робяць стаўку на пастаўкі заходняй зброі і санкцыі, якія даб’юць Расію эканамічна. У Расіі лічаць, што ім самім хопіць рэсурсаў ад гандлю энерганосьбітамі, а міжнародная падтрымка Украіны з часам будзе змяншацца: так бывае, калі тэма сыходзіць з фокусу.
— То бок вайна можа зацягнуцца на гады?
— Пытанне фармату. Вайна ж ідзе з 2014 года. Былі ўжо захопленыя тэрыторыі, штодзённыя абстрэлы, ахвяры з абодвух бакоў. Гэта працягвалася 8 гадоў. Зараз — моцнае абвастрэнне. Калі сітуацыя адносна стабілізуецца, то ўсё гэта можа зацягнуцца на шмат гадоў.
Праблема ж не ў вайне 2022 году, а ў расійскай палітыцы ў прынцыпе. Гэта ланцужок: Крым, Данбас, Грузія, Чэчня, Прыднястроўе… Сам досвед вучыць Расію, што «так можна». Калі не атрымаецца навучыць Расію, што «так нельга», то нават калі скончыцца гэтая вайна, не будзе гарантый, што не пачнуцца новыя. Такая перспектыва мала каму падабаецца, таму ёсць перспектыва сістэмна гэта змяніць.
Не будзе Пуціна, не будзе і Лукашэнкі? Ці ёсць варыянты?
— Як ракеты з беларускай тэрыторыі паўплывалі на імідж беларусаў як нацыі ва Украіне? На Захадзе?
— Раней Беларусь была ў асноўным фокусе еўрапейскай салідарнасці, цяпер краіна ў адным шэрагу з агрэсарам. Сімвалічна, што на флагштоках еўрапейскіх гарадоў, дзе пасля 2020-га побач з нацыянальнымі сцягамі віселі беларускія, зараз — жоўта-блакітныя. Хваля салідарнасці перайшла да тых, хто пад большай пагрозай. Гэта вялікі выклік да беларускага грамадства, палітыкаў, медый і публічных дзеячаў: як дэманстраваць розніцу паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі як такімі.
— Лукашэнку часам параўноўваюць з Франка, які быў у саюзе з Гітлерам, але так і не ўвайшоў у вайну напоўніцу. Ці карэктнае гэта параўнанне?
— Любыя гістарычныя паралелі кульгаюць апрыёры. Вельмі лёгка ў гісторыі знайсці падобнае. Цяжэй — рознае. Якая народная падтрымка на момант пачатку вайны была ў Франка, якая ў Лукашэнкі? Якія ідэалагічныя асновы стаялі за кіраваннем аднаго і другога? Чым розныя грамадства той Іспаніі і сённешняй Беларусі? Адрозненні больш важныя за падабенства.
— Але ўсё ж такі. Франка застаўся пры ўладзе пасля скону Гітлера на доўгія гады. Ці магчыма, што Лукашэнка застанецца і пасля Пуціна?
— Калі не будзе Пуціна, то Лукашэнка ўжо не будзе ў вачах свету аж такой моцнай пагрозай. Гэта праўда. Але сам факт таго, што ён «замазаўся» ва ўсім гэтым, — вялікая праблема для Лукашэнкі.
Раней ягоныя праблемы вынікалі з ягоных дзеянняў: сам захапіў палітвязняў, сам выпусціў. Было ясна, што зрабіць, каб выправіць сітуацыю. Зараз жа санкцыі фактычна ўведзеныя за рашэнні, прынятыя ў Маскве. Спыніць вайну ўжо не ў ягонай уладзе.
Сыход Пуціна моцна пахісне Лукашэнку. Гэта не значыць, што са зменай улады ў Маскве ў Беларусі ўсё зменіцца імгненна. Але гэта дасць моцны стымул апанентам Лукашэнкі для дзеянняў, відавочна яго аслабіць: не будзе дзе шукаць падтрымкі. Вымалёўваецца ланцужок: параза Расіі ў вайне — сыход Пуціна — сыход Лукашэнкі. Але гэта не значыць, што для расіян і беларусаў усё гэта вельмі блізкая перспектыва.
Украіна нам нічога не абавязаная
— Ці ёсць нейкая сукупнасць варыянтаў для Беларусі на бліжэйшыя гады ў «новай рэальнасці» пасля 24 лютага?
— Сённяшні варыянт, можа, і не найгоршы. Калі б Лукашэнка паверыў у перамогу Расіі і паслаў свае войскі, то меў бы справу з непрадказальнымі наступствамі. Калі б Лукашэнка захацеў перашкодзіць Расіі, то меўся б паставіць на мяжы войска і фактычна ўступіць у вайну з Расіяй, якую б ён прайграў. Перамагчы б не атрымалася, бо адносіны з усімі сапсаваныя — хто б дапамог? Ён выбраў асцярожны шлях для сябе — і неасцярожны для Беларусі.
Стратэгічна ёсць розныя шляхі на будучыню. Працягваць сённяшні курс, накручваць рэпрэсіі. Сцэнарый пагаршэння: калі расійскія войскі акупуюць Беларусь. Гэта можа быць і не драматычна нават — без танкаў на плошчы Незалежнасці. Ніхто ж дагэтуль не ведае, ці вывелі расіяне свае войскі, ці не, ці не ўсе… Гэта нават верыфікаваць нельга. Такі сцэнарый — найгоршы. Пра лепшы сцэнарый казаць цяжка, але аб’ектыўна вайна стала фактарам, які моцна набліжае час перамен для Расіі і Беларусі. Якая перспектыва пераможа — паглядзім.
— Калі вайна скончыцца, Пуціна не будзе, а Лукашэнка застанецца пры ўладзе, ці ёсць варыянт, каб ён зноў пачаў наладжваць масты з Кіевам?
— Не здзіўлюся, калі Украіна на стадыі адбудовы зноў пачне купляць у Беларусі бітум або цэмент. Калі на той момант Лукашэнка будзе пры ўладзе, то ён, канешне, пачне выкручвацца: «Расія пагражала, а душой я быў з вамі, давайце будавацца!». Ягоны прагматычны інтарэс — рабіць усё для сваёй улады.
Мы ж бачым, што нават зараз, падчас вайны, Зяленскі не крытыкуе Лукашэнку, не сустракаецца з Ціханоўскай ці яе эмісарамі. Што будзе ў мірны час? Але вельмі важна разумець: Украіна нам нічога не абавязаная. Гэта іншая дзяржава, якая мае кіравацца інтарэсамі ўкраінцаў, а не беларусаў. Гэта нармальна. Але такія рызыкі і наступствы зазначыць варта.
Кліенты ўчастковага — не Стрыжак і Ціханоўская, а мясцовыя п’яніцы
— Якія элементы «сістэмы Беларусь», збудаванай Лукашэнкам, будуць знішчаныя ў выпадку перазагрузкі, а якія рызыкуюць застацца?
— Будзе знішчанае «ідэалагічнае шалупінне» — БРСМ, ідэолагі на прадпрыемствах. Усё штучнае і бессэнсоўнае. Само разваліцца, як пасля краху СССР знік ідэалагічны апарат, а мільёны партыйных і сяброў ВЛКСМ не выйшлі бараніць сваю дзяржаву. Так і зараз: сябры «Белай Русі» не пойдуць бараніць Лукашэнку. Больш устойлівымі і жывучымі будуць каштоўнасці і інстытуты: культ начальства, прыстасаванства. Гэта ўсё выпраўляецца дзесяцігоддзямі.
Эканоміка не зменіцца за імгненне. Бо нават каб перафарматаваць калгасы ў фермерскія гаспадаркі, патрэбныя час, законы, інвестыцыі. Застануцца, безумоўна, геапалітычныя выклікі. Нават калі ў Расіі да ўлады прыйдуць больш адэкватныя людзі, расслабляцца рана. Пасля Сталіна прыйшоў Хрушчоў, была «адліга», а пасля — «Пражская вясна», танкі ў Празе. Будучым беларускім палітыкам таксама давядзецца будаваць стратэгіі з аглядкай на Расію.
— Якія катэгорыі насельніцтва пацерпяць пры змене ўлады ў Беларусі, а якія — застануцца ў плюсе?
— Без працы застануцца тыя, хто выслужваўся, аб’ектыўна не маючы адпаведных пасадзе прафесійных кампетэнцый. Гэта не кажучы нават пра самых адыёзных сілавікоў і прапагандыстаў. Улада Лукашэнкі такіх — верных — ставіць на высокія пасады. Таму яны за гэтую ўладу і трымаюцца. Бо разумеюць, што на рынку працы не будуць запатрабаваныя, прынамсі для такіх пасадаў.
Але сілавікі без працы не застануцца. Шмат хто ў нас блытае люстрацыю з нейкім, прабачце, генацыдам. Не, бо люстрацыя — гэта забарона займаць пэўныя пасады на акрэслены перыяд. Умоўны ўчастковы ж не змагаецца з Ціханоўскай ці Стрыжаком. Яго кліенты — п’яніцы, якія б’юць жонак. І зараз нават у міліцыі на нізавым узроўні некамплект. Ёсць прыклад Украіны, якая рэфармавала паліцыю і сутыкнулася з мноствам выклікаў. У тым ліку калі былыя супрацоўнікі судзіліся і вярталіся на свае пасады, атрымліваючы кампенсацыі.
Выйграюць ад змен людзі з ініцыятывай, досведам працы ў міжнародных праектах (медыя, бізнес, адміністраванне…) — мы гэта ўжо бачылі на прыкладах Грузіі і Украіны. Тыя, хто валодае замежнымі мовамі: ва ўсіх сферах будзе больш міжнароднай кааперацыі. Канешне, будуць запатрабаваныя людзі, якія ўжо былі паспяховымі ў мінулыя часы. Досвед іншых трансфармацый паказвае, што сам факт таго, што ты змагаўся з рэжымам, сядзеў і пакутаваў, не дае табе квіток у лепшае заўтра.
Нават у 2020-м народную хвалю паднялі не Севярынец і Статкевіч, але блогер Ціханоўскі і «сэлф-мэйд» бізнесмен Бабарыка. Такія гісторыі будуць запатрабаваныя. Усё гэта карысна для тых, хто зараз думае, што рабіць. Трэба не саромецца інвеставаць у сябе, вучыць замежныя мовы, атрымліваць міжнародны досвед, дасягаць поспехаў у сваіх сферах. Гэта дапаможа не толькі асабістаму поспеху ў новай Беларусі, але і ўмацуе краіну.
Нічога страшнага ў існаванні партыі рэваншыстаў няма
— Ці могуць у новай Беларусі прыхільнікі Лукашэнкі стварыць партыю рэваншыстаў, накшталт ОПЗЖ пасля Януковіча?
— Не проста магчыма, а вельмі натуральна і пажадана. Досвед Беларусі і Расіі дэманструе, наколькі для ўлады дрэнна, калі нейкая частка грамадства з выразнай пазіцыяй не мае палітычнага прадстаўніцтва. Бо калі нехта не ўдзельнічае ў палітычным жыцці, ён непазбежна радыкалізуецца. Нічога добрага гэта не нясе, бо небяспечнае сацыяльным выбухам у перспектыве.
Таму добра, калі будзе такая партыя. Будуць бачныя яе лідары, адсотак падтрымкі, запыт у краіне на іх ідэі. Цікава, што тая ж ОПЗЖ не выступала адкрыта за Януковіча. Так і наша партыя ўмоўных рэваншыстаў не будуць агітаваць за Лукашэнку адкрыта, хутчэй яны будуць трансліраваць настальгію па «старых добрых часах», выступаць «за простых людзей», за адраджэнне аграмадных савецкіх заводаў і гэтак далей.
Яны не будуць большасцю ў парламенце, таму будуць змушаныя ўступаць у кааліцыі з іншымі партыямі, дамаўляцца, каб прасоўваць пэўныя законы. Акурат гэта будзе інтэграваць іх у нармальнае жыццё грамадства. Гэта будзе змяншаць рызыкі таго, што яны будуць сядзець моўчкі без права голасу і марыць пра сілавое вяртанне ў мінуўшчыну.
Зразумела, гэта не тая партыя, да электарату якой я б належаў, але агулам — гэта частка дэмакратыі і палітычнай разнастайнасці. Нічога страшнага ў існаванні такой партыі я не бачу.
Чытайце таксама
Чаму Падляшша адмовілася ад супрацы з Гродзенскай вобласцю? Ці патрэбная мяжа паміж Польшчай і Беларуссю? Як у Беластоку рэагуюць на...
Чытаць далейЧаму знакі Z і V не прыжываюцца ў Беларусі, у чым прычына поспеху мема з Лукашэнкам і як уварванне Расіі...
Чытаць далейЯк беларусы навучыліся выжываць ва ўмовах, калі на нашай зямлі раз за разам адбываюцца чужыя войны, які вобраз ворага малюе...
Чытаць далей