Польшча стала адной з краін, якія актыўна прытуляюць беларусаў пасля выбараў у 2020 годзе. Толькі ў Падляскім ваяводстве, цэнтрам якога з’яўляецца Беласток, за два апошнія гады запыталі від на жыхарства амаль шэсць тысяч беларусаў. Прычым у гэтым рэгіёне хапае таксама этнічных беларусаў і тых, хто пераехаў да падзей апошняга часу. Нашы суайчыннікі стараюцца падтрымліваць адно аднаго, ладзяць актыўнасці. Распавядаем пра некаторых неабыякавых прадстаўнікоў дыяспары ў Беластоку, якія не змаглі жыць без улюбёнага хобі, і ладзяць актыўнасці для землякоў.
«У канцы зімы не магу ўсядзець на месцы, пачынаю планаваць паходы. Мяне цягне кудысьці»
Валер з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе з-за палітычнага пераследу. У Беластоку яго шмат хто ведае як «Валацугу». Гэта і мянушка, і назва турыстычнай суполкі, якую ён сабраў. У Беластоку мужчына водзіць паходы і ладзіць падарожжы.
Ён займаецца турызмам з самага дзяцінства. У першыя паходы год з пяці хадзіў з мамай, настаўніцай геаграфіі, а ў падлеткавым узросце і сам пачаў вадзіць у паходы сяброў. Пісаў іх бацькам цыдулкі і забіраў на два-тры дні.
— Намётаў у той час, канечне, ні ў каго не было — ставілі буданы, — узгадвае Валер.
У Беларусі ў мужчыны была паходная суполка больш чым на 40 чалавек. Гэтай вялікай кампаніяй яны кожны год прынамсі двойчы хадзілі ў паход у горы — пешшу і па горных рэках. Часцей за ўсе да 2022 года абіралі для падарожжаў Украіну. З сям’ёй Валер пабываў у гарах і пабачыў дзікую прыроду Грузіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы, Нарвегіі, Швецыі, да падзей 2014 года прайшлі пешшу ўвесь Крым.
Гэтай зімой Валер пачаў планаваць паход ужо ў Польшчы. Як ён сама кажа, перад пачаткам вясны кожны год адчувае, што не можа сядзець дома.
— Я пачынаю нешта думаць, даследаваць карты, планаваць паходы. Бо ў хаце не сядзіцца зусім, увесь час кудысьці цягне, — кажа Валер.
Тады ж ён зразумеў, што без паходаў і кампаніі аднадумцаў не зможа, а амаль усе, хто хадзіў з ім раней, засталіся ў Беларусі. Тады, спланаваўшы першы паход, стварыў чат для тых, хто хацеў бы прыняць удзел, распаўсюдзіў інфармацыю сярод беларусаў Беластока, і людзі падхапілі ідэю.
Першым быў водны паход па рацэ Чорная Ганча ў Польшчы, потым — горны паход у Татры, турзлёт з паласой перашкод для дарослых і дзяцей побач з Беластокам, водны паход па рэках Дунаец і Бялка ў тых жа Татрах, паход пешшу па Нарвежскіх фіёрдах, жаночы паход у Татрах. У планах — водны паход у Харватыі і зімовае падарожжа па Татрах. У кожным паходзе было ад 6 да 12 чалавек, а ў Нарвегію з Валацугам пайшлі аж 19 турыстаў.
Па словах мужчыны, ён знаходзіць плюсы ў сваёй вымушанай эміграцыі — з’явілася больш магчымасцей для паходаў па розных краінах.
— У нас зараз час магчымасцей. Можна хоць на Памір, хоць на Джамалунгму, было б жаданне, крыху часу і некаторая сума грошаў, — кажа ён.
Валер сам арганізоўвае падарожжы, прадумвае ўсе дробязі маршрута. Па яго словах, за гады ён навучыўся рабіць паходы як мага больш таннымі, а значыць — даступнымі для амаль усіх.
— Бывае, прапаноўваеш чалавеку падарожжа, і ён кажа: да не, ты што, гэта ж так дорага, гэта ж нейкія тысячы долараў. А потым высвятляецца, што не тысячы, а, напрыклад, 100 ці 200. Здаецца мне, любы чалавек, які працуе, можа сабе дазволіць такое, хоць раз на год.
За свае арганізатарскія паслугі Валер не бярэ грошаў — кажа, усе робіць як для сябе і атрымлівае задавальненне. Хоць часта гэтая справа бывае досыць складанай і нервовай працай — трэба не толькі прадумаць маршрут, але і набыць на ўсіх квіткі, праверыць, каб усім хапіла спальных месцаў у намётах, запасаў ежы. Калі гутарка ідзе пра далёкія падарожжы, з пералётам — прадумаць найбольш танныя варыянты дастаўкі багажу, арэнды аўтамабіляў і гэтак далей.
Мужчына мае намер развіваць сваю справу і зрабіць у Беластоку сапраўдны турыстычны клуб з уласным рыштункам, бо не ўсе маюць, напрыклад, лодкі ці намёты, а браць такія рэчы напракат у Польшчы бывае дастаткова дорага.
«Бег — як персанальны псіхолаг, які ўвесь час побач»
Таццяна Кулевіч жыве ў Беластоку ўжо больш за паўтара года. Яна была вымушана з’ехаць па палітычных падставах. Ужо ў Польшчы дзяўчына пачала ладзіць трэніроўкі па бегу. Яна кажа, што не з’яўляецца прафесійнай спартсменкай, але бег заўжды быў у яе жыцці ў якасці хобі, а ў вымушанай эміграцыі ўратаваў яе псіхалагічны стан.
— Мяркую, шмат якім беларусам, якія пакінулі радзіму пасля 2020 года, знаёма гэтае — калі ты адчуваеш сабе нікчэмным, ніяк не можаш дапамагчы агульнай справе, не можаш выйсці на марш, пры гэтым увесь час баішся за родных, якія засталіся там, за тых, каго пасадзілі. Бег дапамагаў мне супакоіцца і прывесці думкі ў парадак. Я вырашыла падзяліцца гэтым, — расказвае Таццяна.
Ідэя ладзіць супольныя трэніроўкі з’явілася амаль адразу пасля пераезду. У Таццяны не было блізкіх і сяброў у Беластоку, а аднаўляць сацыяльнае кола было неабходна. З дапамогай аднаго паста ў Інстаграме ад прадстаўніцы мясцовага фонду, які дапамагае беларусам, сабралася 10 ахвотных. На гэта спатрэбілася, згадвае Таццяна, прыкладна паўгадзіны. Больш людзей сабраць тады было нельга праз каронавірусныя абмежаванні.
Трэніроўкі працягваюцца і дагэтуль — аматары бегу збіраюцца двойчы на тыдзень, у сераду і суботу. У сярэднім на прабежку прыходзяць каля 6-8 чалавек, бегаюць у сваё задавальненне, прабегаюць ад 5 да 12 кіламетраў. Таццяна дадае, што з дыстанцыі можна сысці ў любы момант, таму нават пачаткоўцам у гэтай бегавой суполцы будзе камфортна. Можна прабегчы столькі, колькі зможаш, а спартсмены з большым досведам дадуць парады па тэхніцы, дыханню, размінцы і замінцы.
Па словах Таццяны, супольныя прабежкі сапраўды аб’ядналі беларусаў, цяпер яны бачацца не толькі двойчы на тыдзень на трэніроўках, але і час ад часу ходзяць разам на каву, удзельнічаюць у шматлікіх забегах, якія праводзяцца ў Беластоку і ваколіцах. Таксама ладзяць і свае ўласныя спартыўныя мерапрыемствы. Напрыклад, навагодні святочны забег.
— Асабліва прыемна, калі разумееш, што атрымалася заахвоціць людзей да бегу, да здаровага ладу жыцця. Да нас даўно ўжо, магчыма, недзе ў пачатку, прыйшлі дзве дзяўчыны, якія ніколі раней не бегалі. І вось ужо праз некалькі месяцаў яны адолелі свой першы забег на пяць кіламетраў. Зараз яны абедзве знаходзяцца ў розных гарадах Польшчы, але дагэтуль бегаюць, і час ад часу пішуць, што ўдзячны за тыя першыя прабежкі, — распавядае Таццяна.
«Творчасць для жанчыны — гутарка з яе душой». Як беларуска ладзіць заняткі па мастацтву і кіруе кніжным клубам
Беларуска Юлія праз палітычныя прычыны разам з мужам і трыма дзецьмі пераехала спачатку ва ўкраінскі горад Луцк, а пасля пачатку вайны ва Украіне — у Беласток. Тут жанчыне, па яе словах, не хапала кола знаёмых, з якімі можна было б абмяркоўваць літаратуру, мастацтва, музыку, падкасты. Так яна трапіла ў кніжны клуб, які з часам сама і ўзначаліла (жанчына, якая раней займалася справамі клуба, пераехала).
У кніжным клубе — толькі жанчыны, агулам іх 11. Сустрэчы праходзяць раз на месяц у кавярні, прычым кожны раз — у новай (кажуць, што так больш цікава). На сустрэчах абмяркоўваюць апошнюю прачытаную кнігу. Якую кнігу чытаць — дамаўляюцца загадзя. Як кажа Юля, у кніжным клубе чытаюць зусім розную літаратуру, не аддаюць перавагу нейкаму аднаму аўтару.
— Адны з апошніх кніг, якія мы чыталі, — Віктар Франкл «Скажы жыццю “Так”. Псіхолаг у канцлагеры» на пару з Эдыт Евай Эгер «Выбар». Яны абодва псіхолагі з досведам канцлагеру, і нам было цікава паглядзець, як мужчына і жанчына перажываюць адны і тыя ж складаныя падзеі, — распавядае Юля.
Па словах Юліі, кніжны клуб для яе — і адпачынак для душы, і спосаб раздзяліць са знаёмымі думкамі і эмоцыямі ад прачытанага.
— У сваім звычайным жыцці я абмяркоўваю «мельдункі», дзе што набыць, як што зрабіць і іншую такую бытавуху. А хочацца чагосьці для душы і розуму. Такая кампанія была ў мяне ў Беларусі, і мне захацелася знайсці такіх інтэлектуалак тут, — кажа яна.
Другі праект, які жанчына рэалізуе ў Беластоку, — заняткі па мастацтве. Як кажа Юлія, мастацтва, у тым ліку прыкладное, увесь час было ў яе жыцці. У Беластоку яна вырашыла падзяліцца навыкамі і сабраць у клуб жанчын, якім было б цікава пазнаёміцца, пачаць (ці працягнуць) займацца творчасцю, рэалізоўваць свой мастацкі патэнцыял.
— Маё асабістае меркаванне: творчасць для жанчыны — гэта яе гутарка са сваёй душой, і ў эміграцыі гэта вельмі важна. Гэта нязвыклыя і экстрэмальныя абставіны, у якіх важна чуць сябе — што я хачу, што я адчуваю, што мне патрэбна. Гэта важна, каб не скаціцца ў роспач і дэпрэсію.
Гэты клуб Юля назвала ArtRoom, зараз у ім больш за дваццаць удзельніц.
Для свайго праекта Юля абрала фармат асобных заняткаў. Кожная сустрэча — гэта майстар-клас, на якім засвойваецца новая тэхніка. За гэты час на занятках ужо паспрабавалі акварэль, зентангл, калаж, нейраграфіку і акрыл. У хуткім часе дзяўчаты будуць вышываць крыжыкам беларускія арнаменты на торбах і адзенні, а таксама рабіць ёлачныя цацкі з фетру.
Да кожнага занятку Юлія рыхтуецца — вывучае тэхніку, калі яна для яе новая (напрыклад, было з зентаглам), ці ўзгадвае тэхнікі, у якіх раней працавала.
— Такім чынам дзяўчыны маюць магчымасць паспрабаваць нешта новае і выбраць тую тэхніку, у якой ім, магчыма, было б цікава развівацца далей. Пры гэтым я прыслухоўваюся да таго, што ім цікава. З вышыўкай, напрыклад, чыстая імправізацыя. Ім захацелася — і мы вырашылі паспрабаваць, — кажа мастачка.
З матэрыяламі і памяшканнем для сустрэч дапамаглі ў фондзе «Okno na Wschód».
Заняткі па мастацтве ідуць у Беластоку з сярэдзіны лета, і за гэты час, як кажа арганізатарка, удзельніцы стварылі «сетку каляжанак», якія камунікуюць, абменьваюцца інфармацыяй, дапамагаюць адна адной. Гэтыя гарызантальныя сувязі, на думку Юліі, надзвычай важныя.
— Я лёгка адаптуюся ў новай краіне і звычайна не маю ніякіх праблем, але ўсё ж добра разумею, як цяжка бывае пераехаць, асвоіцца на новым месцы, і як неабходна бывае знайсці новых знаёмых і сяброў. Таму вельмі рада, што магу дапамагчы беларускам яшчэ і такім чынам, — распавядае Юлія.
А нядаўна Юлія з мужам арганізавалі ў Беластоку дзіцячую беларускамоўную бібліятэку. Усе ахвотныя могуць звярнуцца да іх па кнігі, а таксама і ахвяраваць фонду бібліятэкі свае кнігі ці часопісы. Зрабіць гэта можна праз чат: https://t.me/skarynka.
***
Да любой з пералічаных актыўнасцей можа далучыцца любы жадаючы, для гэтага дастаткова напісаць нашым героям.
Апроч таго, дзейнасць беларусаў Беластока не абмяжоўваюцца толькі бегам, мастацтвам і падарожжамі. Есць, напрыклад, гістарычны клуб Beer&History, штотыднёвыя гульні ў валейбол, групы псіхалагічнай падтрымкі, клуб аматараў «Мафіі», курсы «Мова Нанова», шматлікія імпрэзы ў беларускім МедыяПорце.