Пэўна, кожны жыхар Гродна мае нейкія ўспаміны ці цікавыя гісторыі, звязаныя з падарожжам чыгункай у Беласток. Бо яшчэ тры гады таму цягнікі паміж гарадамі курсіравалі штодзённа. У міжваенны перыяд гродзенцам таксама часта даводзілася ездзіць у горад над Белай на цягніку. Таксама ў 20-я гады ХХ стагоддзя паміж Гродна і Беластокам была наладжаная аўтобусная камунікацыя. MOST расказвае пра транспартнае злучэнне паміж Гродна і Беластокам 90 гадоў таму.
За 4 злотых з Беластока да Гродна
У міжваенны перыяд у Гродне аўтобусы адпраўляліся з пляца Баторыя (цяпер Савецкая плошча). Пераадолеўшы 81 кіламетр дарогі за тры гадзіны, аўтобус прывозіў пасажыраў у самы цэнтр Беластока, да ратушы на Рынку Касцюшкі.
У 1930 годзе аўтобусы Гродна-Беласток хадзілі сем разоў на дзень, адпраўляліся а 7, 9, 10, 14, 17, 19 і 21 гадзіне. З Беластока на Гродна можна было выехаць а 8, 10, 12, 14, 19, 21 гадзіне і ў 0:45. Пасля адкрыцця ў 1929 годзе шашы імя Юзафа Пілсудскага, якая звязвала Варшаву з Вільняй, была адкрытая аўтобусная лінія Беласток-Вільня: аўтобусы адыходзілі з Беластока а 6:30, 15:30 і 0:45.
Праезд аўтобусам Беласток — Гродна каштаваў 4 злотых. Каб даехаць да горада над Нёманам аўтобусам, які ішоў у Вільню, трэба было заплаціць 8 злотых. З чым можна параўнаць гэтыя кошты? Заробак некваліфікаванага работніка звычайна складаў 2 злотых за дзень. А вось настаўнік, паліцыянт ці дробны чыноўнік меў 120-180 злотых за месяц.
Па дрэнных тагачасных дарогах аўтобусы ішлі доўга, а самі транспартныя сродкі былі часта не ў найлепшым стане і перапоўненыя. Але праезд цягніком каштаваў на траціну болей, чым аўтобусам. «Крайняя беднасць змушае падарожнічаць з Гродна ў Вільню замест трох гадзін чыгункай, шэсць гадзін аўтобусам толькі з той прычыны, што чыгунка каштуе каштуе 8 злотых, а аўтобус 6 злотых», — пісаў у 1937 годзе вядомы віленскі рэпарцёр Юзаф Мацкевіч.
Цягнік паміж Гродна і Беластокам
Першыя гады пасля польска-бальшавіцкай вайны з гродзенскага вакзала нельга было выехаць ні ў Варшаву, ні ў Вільню. Мост на Нёмане падчас гэтай вайны быў разбураны. Участак з Гродна да Вільні аказаўся на нейтральнай паласе на польска-літоўскім памежжы і некаторы час не дзейнічаў. Цягнікі з Вільні ў Варшаву хадзілі праз Ліду, Ваўкавыск і Седльцы — па былой Балагое-Сядлецкай чыгунцы.
У 1922 годзе, каб даехаць з Гродна ў Беласток, трэба было пераправіцца праз Нёман на часовую станцыю Ласосна-Прыстань. Адтуль а 04:40 адыходзіў хуткі цягнік Гродна-Варшава, а 08:10 — мяшаны (з пасажырскімі і грузавымі вагонамі) Сувалкі-Беласток, і а 23:30 — пасажырскі Сувалкі-Варшава. Хуткі цягнік ішоў да Беластока 2 гадзіны 25 хвілін, пасажырскі — 3 гадзіны 1 хвіліну.
Цягнікі Вільня-Варшава сталі зноў хадзіць праз Гродна ў красавіку 1923 года, калі адбудавалі мост на Нёмане і ўрэгулявалі дэмаркацыйную лінію з Літвой. У 1923 годзе з Гродна ў Беласток можна было выехаць цягніком пяць разоў на суткі, дарога займала ад 1 гадзіны 50 хвілін да 2 гадзін 45 хвілін. З Гродна да Варшавы самы хуткі цягнік ішоў 5 гадзін 47 хвілін, самы марудны — 8 гадзін 3 хвіліны.
З цягам часу Польскія Дзяржаўныя Чыгункі павялічвалі хуткасць сваіх цягнікоў. У 1935 годзе быў прызначаны хуткі цягнік з Земгале (памежная станцыя на польска-латышскай мяжы) у Варшаву. Паміж Вільняй і Варшавай ён спыняўся толькі ў Парэччы (дзе была перасадка да курортных Друскенікаў), Гродне і Беластоку. Гэты цягнік адыходзіў з Гродна а 17:36, дарога да Беластока займала 1 гадзіну 15 хвілін, да станцыі Варшава Галоўная — 4 гадзіны 2 хвіліны.
Праезд з Гродна да Беластока ў звычайным пасажырскім цягніку ў 1939 годзе каштаваў 4.40 злотых у трэцім класе, 6.60 — у другім, 8.80 — у першым. За хуткі цягнік трэба было даплаціць 1.10 за трэці клас, 2.10 за другі і 2.80 за першы. У параўнанні з даходамі большай часткі насельніцтва гэтыя кошты былі высокімі, людзі карысталіся чыгункай толькі пры важнай патрэбе.
Вось як апісвае сваё падарожжа хуткім цягніком чытач часопіса «Chryścijanskaja Dumka», які ў чэрвені 1938 года ехаў з Беластока ў Вільню на беларускую пілігрымку ў Кальварыю: «На звычайны цягнік у Беластоку мы спазніліся. За чатырох даплаціўшы 12 зал., у Вільню мы ехалі кур’ерскім. У цягніку беларускіх сялян не было. Яны кур’ерскім не ездзяць. Мы тут спаткалі самых урадаўцаў і невялічкіх купцоў. У вагоне цішыня панавала. Мы чыталі газеты. У руках пасажыраў я бачыў розныя газеты польскія. Адзін нехта чытаў расійскую газету, а другі нехта французскую. Я выняў з кішэні сваю беларускую газету і пільна чытаў апошнія навіны з беларускага жыцця».
У апошнім перадваенным раскладзе, які пачаў дзейнічаць 15 мая 1939 года, з Гродна да Беластока было дзесяць пар цягнікоў. Пяць цягнікоў ішлі ў Варшаву з Вільні і памежнай з Латвіяй станцыі Земгале, два — з Сувалак (тады існавала чыгунка Гродна — Сувалкі, разабраная пасля Другой сусветнай вайны). У працоўныя дні курсіравалі два цягнікі Гродна-Беласток, якія спыняліся на кожнай станцыі.
Самым незвычайным цягніком на гэтым участку быў экспрэсны дызель Варшава-Сувалкі, які летам 1939 года курсіраваў па вызначаных днях і прыпыняўся на пяць хвілін на станцыі Ласосна, дзе мусіў мяняць накірунак руху. На гродзенскі вакзал ён не заходзіў. Гэты цягнік меў дастаўляць заможных турыстаў на азёры ў ваколіцах Аўгустова.
150 вопросов, два с половиной часа и минимум 100 правильных ответов — так проходит вступительный экзамен в польскую адвокатуру. Беларус Иван, который 13 лет работал адвокатом на родине,...
Виталий (имя изменено) три месяца доказывал Управлению социального страхования (ZUS), что он вправе получать пособие на ребенка. Такой путь проходят многие иммигранты, но случай Виталия выделяется: и он,...
Андрей несколько месяцев ездил по Европе, хотя по закону не мог выезжать из Польши. Дальнобойщик признает, что понимал риски, но не хотел терять работу. Своей историей мужчина поделился...