Пятніца, 24 сакавіка 2023
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
    • Чытачу і рэкламадаўцу
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
    • Чытачу і рэкламадаўцу
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Намаляваў чатыры дэкарацыі, а заплацілі толькі за дарогу. Як Язэп Драздовіч прыязджаў на працу ў Беласток

MOST MOST
6 сакавіка 2023, 09:00
Гісторыі
A A
Язэп Драздовіч у Беластоку

Фота: ілюстрацыя MOST

Адзін з самых знакамітых беларускіх мастакоў, вядомы сваімі замалёўкамі замкаў, дыванамі ў вясковых хатах Дзісеншчыны ды фантазіямі на касмічную тэму, чатыры месяцы правёў у Беластоку. У горад над Белай Язэп Драздовіч прыехаў роўна дзевяноста год таму — 6 сакавіка 1933 года. Пра тое, што мастак рабіў у Беластоку і якія цяжкасці і радасці тут спаткаў, можна прасачыць па ягоным дзённіку.

«Уражанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло»

Драздовіча запрасіла ў Беласток кіраўніцтва акружной управы Таварыства Беларускай Школы — арганізацыі, якая ў розных месцах Заходняй Беларусі займалася культурна-асветніцкай дзейнасцю. Гурток ТБШ у Беластоку ставіў тэатральныя прадстаўленні, ладзіў публічныя лекцыі, меў бібліятэку. У пачатку 1933 года арганізацыі патрэбна было выканаць шэраг мастацкіх замоваў, а Драздовіч папярэднія тры гады быў без пастаяннай працы.

Увечары 4 сакавіка 1933 года ў Вільні атрымаў прапанову папрацаваць у Беластоку, мастак доўга не думаў — а ўжо на наступны вечар скіраваўся на віленскі вакзал, каб за некалькі гадзін падарожжа начным цягніком дабрацца да Беластока.

«Рэчы спакованы — еду… Ноч… У вагонах цесната — прыходзіцца ехаць напаўстоячы», — піша Драздовіч у дзённіку.

Раніцай 6 сакавіка Драздовіч прыехаў на беластоцкі вакзал, дзе яго, падобна, сустрэў хтосьці з беластоцкіх беларускіх актывістаў. Наняўшы звозчыка, яны паехалі да часовага месца жыхарства Драздовіча. Па дарозе мастак атрымліваў першыя ўражанні ад горада.

«А вось ён і Беласток. Пераходны мост. Бяром звозчыка-фурманку і едзем наскрозь горада. Доўгая вуліца-праспект — “саджонка” — абсаджаная дрэвамі дарога.

Уражанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перайшоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца розніца між старымі і новымі будынкамі. Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі многастольнымі камяніцамі.

Па свайму месцу распалажэння Беласток нічым не розніцца ад новаўзбудаваных Баранавіч — ні ракі, ні возера, ні прыгожых узгор’яў ці даліны.

Найпрыгажэйшая часць Беластоку — гэта каля гатыцкага касцёлу. Ад т. зв. ратушы да брамы палацу Браніцкіх».

Язэп Драздовіч у Беластоку

Дэкарацыі для беластоцкага ТБШ і фатографаў

Пасяліўся Драздовіч на кватэры ў 22-гадовага беларускага актывіста Васіля Лукашыка на вуліцы Васількоўская, 61. Тады гэта была паўноча-ўсходняя ўскраіна горада. Паводле беластоцкага гісторыка Гжэгажа Рыжэўскага, нумарацыя дамоў на гэтай вуліцы не змянілася. Міжваенны дом №61 стаяў на тым самым участку што і сучасны дом з такім жа нумарам. Лукашык быў фактычным кіраўніком беластоцкага ТБШ і трымаў у сваіх руках фінансы арганізацыі.

На трэці дзень побыту ў Беластоку Язэп Драздовіч бярэцца за работу. 8 сакавіка ён малюе шыльду на будынак Акружной управы Таварыства Беларускай Школы. Гэты будынак не захаваўся, ён меў адрас Купецкая, 44, знаходзіўся ў раёне скрыжавання алеі Юзафа Пілсудскага і вуліцы Іцхока Мальмэда, на месцы сквераў імя Тамары Саланевіч.

Працаваць у халодным памяшканні было цяжка. «Усё добра, ды холад — работа з рук валіцца…» — піша мастак.

14 сакавіка Драздовіч заканчвае маляваць вітражы для кааператыва выдавецка-асветніцкага таварыства «Сяўба», які месціўся ў прэстыжным гандлёвым пасажы Варнгольца на вуліцы Пілсудскага (цяпер Ліповая), 6. Гэта на месцы, дзе цяпер рог вуліц Ліповай і Спулдзельчай.

«У левым акне па-польску, у правым — па-беларуску, а пасярод, у дзвярах, намаляваў сяўца сівабародага ў белай вопратцы».

Паводле статуту, мэтай таварыства было пашырэнне асветы і культуры шляхам арганізацыі спектакляў, курсаў, распаўсюду кніг, газет. З тых крыніц, якія трапілі нам у рукі, вядома, што таварыства «Сяўба» ў 1934 годзе безвынікова старалася пачаць выданне штотыднёвай газету па-беларуску, а таксама давала памяшканне для рэпетыцый драматычнага гуртка пры Таварыстве Беларускай Школы.

 

У наступныя дні Язэп Драздовіч пачынае афармляць дэкарацыі для драматычнага гуртка.

«Памагаў выбіраць закупку дэкаратыўных фарб для тэатральнай секцыі Т-ва бел. школы ў Беластоку, дый моцна празяб, а ўсё праз свае дзіравыя пратаптаныя боты, якія працякаюць… Звечарэла… Сяджу на даму, на кватэры, дзе таксама не без холаду — як хукнеш у паветра — пара відацца…», – запісаў мастак 15 сакавіка.

На наступны дзень Драздовіч прыступае да працы. За тры дні ён малюе на вялікім палатне дэкарацыю «Вясковая вуліца». Вечарам таго ж дня мастак прысутнічае на ладжаным ТБШ беларускім спектаклі — камедыі «Суд» Уладзіслава Галубка.

20 сакавіка Драздовіч пачынае маляваць другую дэкарацыю. «Дэкарацыя-краявід марэнна-лясістага характару (на воддалі лес, узгор’е, рэчка, узгоркі, а па ўзгорках бярозавыя гайкі. Наўзбліжжу ўзмёт з альшынкамі і дубам і г. д.». Дэкарацыю мастак сканчвае за тры дні.

21 сакавіка Драздовіч наведвае яшчэ адно беларускае мерапрыемства — сход сяброў таварыства «Сяўба». Напрыканцы сходу студэнт Варшаўскага універсітэта Мікалай Орса прачытаў лекцыю аб развіцці беларускай літаратуры.

29 сакавіка Драздовіч заняўся афармленнем студыі фатографа, прозвішча якога ў дзённіку падае скарочаным — «Б-віч». Ён малюе для фатографа матывы старажытнага Егіпта, касмічную тэматыку ды выяву парка на беларускай сядзібе.

«Распачаў і закончыў аднакалёрную дэкарацыю клеяалейным спосабам на тоўстай паперы — для аматарскай фатаграфічнай майстроўні Б-віча, з пірамідамі, сфінксамі і сонцам», — піша мастак.

«Выканаў — закончыў для гр. Б-віча і яшчэ адну (ужо 3-ю) дэкарацыю на паперы, вугалём: знізу куля Зямлі і цёмнага Месяца або іншых планет… Зверху ваўністае воблачча, а з па-за воблачча з розных пунктаў зверху ўніз, крыжуючы адзін аднаго — косы таямнічых лучоў… Закончыў аднак алейную (светлаценную) дэкарацыю для фатографавання: лёгкахмарнае неба, куртына, парк, стаў, дарога, дрэвы — тапалявая алея», — апісвае Драздовіч свае дэкарацыі для фотастудыі.

Мы яшчэ не высветлілі сапраўднае прозвішча таго фатографа і не знайшлі выяваў Драздовічава афармлення студыі. Але мы спадзяёмся, што гэтую інфармацыю ўдасца знайсці. Затое мы ведаем з дзённіка, што фатограф Драздовічу нічога не заплаціў. Мастак маляваў яму за пачастунак і таму, што фатограф быў беларус і сябра гуртка Таварыства Беларускай Школы.

Язэп Драздовіч у Беластоку
Супрасль.

«Беластаччане ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў»

5 красавіка Драздовіч заканчвае маляваць чарговую, ужо трэцюю, дэкарацыю для ТБШ, якую пачаў яшчэ 28 сакавіка, але зрабіў перапынак для афармлення дэкарацый у фатографа. «Дэкарацыю — тыльнік — “Пушча” — не зважаючы на недахоп фарб усё ж ткі закончыў. Няхай і яшчэ прыбавіцца адной рэччу для ўпрыгожання аматарскай сцэны Беластоцкага Т. Б. Ш.»

Гледзячы на гэты твор, немагчыма пазбыцца ўражання, што мастак адлюстраваў краявід Галубіцкай пушчы на Глыбоччыне, дзе ён нарадзіўся. Якраз такі пагорак вы можаце ўбачыць недалёка ад пушчанскай дарогі паміж вёскай Ліпава і былым засценкам Горнава — калі, канечне, вам не пагражае арышт у Беларусі.

6 красавіка, маючы вольны час, Драздовіч бярэцца за гародніцтва. Дапамагае разрабіць гарод побач з домам Васіля Лукашыка.

«Памагаю дзеля вольгага часу, — піша Драздовіч, — гаспадару кватэры Ваську Л. у гародніцтве. Гарод шмат лет не паханы, разрабляем. Васька адзінок — брата Андрушу забралі ў войска, а матка выехала да братоў пад Варшаву, сястра ж яшчэ вучыцца як матурыстыка ў Наваградскай гімназіі, трэба памагчы і павучыць яго гароднічаць, як лехі пад цыбулю ды буракі разрабляць. Пасадзілі дрэўкі — рабінкі».

А ўжо на наступны дзень Драздовіч мог назіраць, як пры ягоных дэкарацыях ставяць беларускі спектакль. І адбылося гэта не ў горадзе над Белай, а ў старажытным Супраслі.

«Сягодня ў Супраслі ставіцца, пры маіх дэкарацыях, камедыя “Пашыліся ў дурні”. Сыгралі досыць удала. Публікі было шмат. А галоўнае — зацікаўленасць. Супрасляне аказаліся нашмат тэатральнейшымі за беластаччан, якія ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў…»

Пераначаваўшы ў Супраслі, Драздовіч аглядаў муры XVI-вечнай царквы, выбітнага прыклада абарончай готыкі, якую ўлады Польскай Рэспублікі былі забраўшы ў праваслаўных і перадаўшы каталіцкаму манаскаму ордэну салезіянаў. Зрэшты, гэта мала ўплывала на прыгажосць старажытнага храма.

«Учора і сягодня меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старадаўнейшы памятнік нашай краёвай беларускай архітэктуры — чатырохкутавы харом манастырскага сабору», — запісаў Драздовіч 8 красавіка.

16 красавіка Драздовіч прысутнічае на чарговым беларускім спектаклі, які мясцовыя актывісты паставілі на вуліцы Ружанскай, 3, у арандаванай залі габрэйскага дабрачыннага таварыства Лінас Гадэцэк. Цяпер вуліца Ружанская не існуе, яна знаходзілася паміж сучаснымі вуліцамі Іцхока Мальмэда і Новы Свят.

«Адбыўся пры маіх дэкарацыях спектакль-вечарына. На сцэне ставілася п’еса Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні”. Сайгралі як найлепей. Сама сцэна з маімі дэкарацыямі мела выгляд надта прыстойны, ды на вялікі жаль цаніцеляў на ўсё гэта не хапала. Публікі было шмат. Моладзь уборная, франтаватая, але эстэтычна слаба развітая. Танцы…», — піша мастак.

У запісе ад 23 красавіка Драздовіч наракае на цяжкія ўмовы жыцця. «Прастуда і недаедкі… Халоднае і да крайнасці сырое (з мокрымі сутарэннымі мураванымі сценамі) памяшканне, а побач з гэтым посніца і недаедкі зусім падарвалі маё здароўе… Ой, хоць бы хутчэй цяпло ды заробленыя грошы на дарогу, каб выехаць адгэтуль…»

Заробленых грошай Драздовічу прыйшлося чакаць яшчэ доўга.

Зрэшты, кіраўніцтва ТБШ не давала грошай не хапала нават і на мастацкую працу. «Прыйшоў на Купецкую, 44 у Т. Б. Ш. — каб закончыць абраз-дэкарацыю “Пушча”, ды на вялікі жаль прыходзіцца сядзець і нічога не рабіць – пакосту, клею і некаторых фарб не хапіла, а ў Т-ва, аказалася, няма грошай на дакупку», — запісаў мастак 28 красавіка.

Язэп Драздовіч у Беластоку
Праца Язэпа Драздовіча для беластоцкага ТБШ.
Язэп Драздовіч у Беластоку
Праца Язэпа Драздовіча для беластоцкага ТБШ.
Язэп Драздовіч у Беластоку
Праца Язэпа Драздовіча для беластоцкага ТБШ.
Язэп Драздовіч у Беластоку
Праца Язэпа Драздовіча для беластоцкага ТБШ.

Збіраў грошы на дарогу дадому, а за працу, верагодна, так і не заплацілі

Увесь май Драздовіч чакае грошай за працу, а дні праводзіць у працы на агародзе ў Васіля Лукашыка. «Здароўе маё ад працы на гародзе, адным словам, ад здаровых фізічных рухаў ды і здаровай свежай і смачнай млечнай стравы, якую я сам вару для сябе і для Ваські на Васькінай кухні — папраўляецца. Усё добра і весела. Няма нічога прыямнейшага, як даваць жыццё раслінам — пахаць ды сеяць», — піша Драздовіч 16 мая.

Калі 28 мая Драздовіч нагадаў пра ганарар за зробленую працу, кіраўнікі ТБШ збылі яго абяцанкамі, што заплоцяць 1 чэрвеня, а тым часам папрасілі намаляваць яшчэ адну дэкарацыю — «Замчышча», паабяцаўшы за яе 25 злотых.

«Дарысаваў і падмаляваў замкавыя вежы з брамы, з такім рахункам, каб глядзельнік адчуваў сябе на дзядзінцу, унутры замчышча… На жаль, фарбы вышлі — далей няма чаго рабіць», — піша ён 30 мая.

Урэшце, фарбы былі купленыя і 1 чэрвеня мастак сканчвае працу. Але грошай яму не заплацілі.

6 чэрвеня Драздовіч пераязджае з кватэры Васіля Лукашыка, дзе пастаянна сварыўся з ягонай маці, якая вярнулася ў Беласток — на сядзібу ТБШ на Купецкай, 44. 10 чэрвеня ён наведвае драму Францішка Аляхновіча «Страхі жыцця», якую ТБШ паставіла ў залі на Ружанскай, 3. «Андрэйчык (ён жа і рэжысёр), Яблыкаў і паня Сідаровіч разыйгралі драму вельмі добра. Толькі на вялікі жаль глядзельнікаў было вельмі мала. Добрая пагода і лона прыроды шмат людзей адабрала…»

Не атрымліваючы грошай ад ТБШ, Драздовіч пакутуе ад голаду, і не можа нават набыць квіток, каб паехаць да сваякоў на Дзісеншчыну. «Праз увесь тыдзень дасадаваў, што няма чаго курыць, ды і кончыліся прадукты харчоў, але на вечар напаткаў знаёмага чалавека, які ўгасціў мяне, з запасам, тытунём. Адзін з сябраў Т-ва прынёс мне ўнеспадзеўкі паўбулкі хлеба з чвэрцяй кілі каўбасы, а назаўтрае запрасі мяне к сабе на абед. Дай Бог яму здароўя», — піша Драздовіч 12 чэрвеня.

16 чэрвеня мастак выбіраецца на шпацыр за горад. «Сягодня апаўдня я меў прыемнасць зрабіць экскурсію за горад — пад Васількоў і аддыхнуць, прылёгшы на ўзмётчыку непадалёку вадацяжнае вежы… Аднак і каля Беластоку шмат прыгожых ваколіц. Якія дзіўныя сінеючыя далі. Ой, што за краса ў гэтых воддалях з сізаватымі сценамі лясоў, а асабліва калі дзівіцца на іх, лежучы — вока над вокам», — піша ён у дзённіку.

18 чэрвеня Драздовіч ідзе працаваць да каменачоса, які робіць надмагільныя помнікі. Мастак робіць фігуркі анёлкаў і дапамагае адліваць іх формы. Каменачос нічога яму не плаціць — Драздовіч працуе толькі за ежу. Відаць, на беластоцкіх могілках недзе дасёння ёсць фігуркі анёлаў Драздовічавай работы, толькі ніхто іх пакуль што не ідэнтыфікаваў.

Драздовіч ужо не спадзяецца атрымаць ад ТБШ ганарар за працу, таму спрабуе сабраць сярод сябраў арганізацыі грошы на свой ад’езд. Але збору пры дапамозе падпіснога ліста замінае Васіль Лукашык — «бо неафіцыяльны, але фактычны кіраўнік мяйсцовага Т.Б.Ш. — Васька — страшэнны вораг дакументальных справаздач».

Урэшце, 30 чэрвеня беластоцкая ўправа ТБШ выплочвае Драздовічу 25 злотых на дарогу. Столькі яму абяцалі заплаціць толькі за адну дэкарацыю для тэатра, а мастак намаляваў іх чатыры. Ці разлічыліся з Драздовічам за астатнія — гісторыя не паведамляе. У той жа дзень мастак сабраў рэчы і паехаў у Вільню.

Палотны з дэкарацыямі Драздовіча захаваліся. Яны былі ва ўласнасці Беларускага Гісторыка-Культурнага Таварыства. У 2015 годзе былі перададзеныя ў фонды Падляскага музея ў Беластоку.

 

Аўтар Ян Рамэйка.

Тэгі: ГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

остановиться в Белостоке на пару дней

Командировка, выходные, закупы. Где остановиться в Белостоке на пару дней

Партнёрскі матэрыял
24 сакавіка 2023, 12:41

Беларусы, которые собираются или периодически приезжают в Белосток на короткий срок, без труда найдут для себя подходящее предложение под любой бюджет: отели, квартиры, апартаменты, гостевые дома и хостелы....

беларускі футбаліст забіў аўтагол

«Гэта нейкі абсурд і космас». Палякі абмяркоўваюць беларускага футбаліста і яго паводзіны

MOST
24 сакавіка 2023, 10:46

На мінулых выходных пачалася вясновая частка ў польскім шостым дывізіёне па футболе. У суботнім матчы 16-га тура адной з 58 рэгіянальных груп сустракаліся дзве варшаўскія каманды — «Палонія»...

беларуска на конкурсе талантов в Польше

«Здесь открыты все двери и можно пробиться». Лидчанка рассказала о своём участии в польском шоу талантов

MOST
24 сакавіка 2023, 09:19

Как проходят кастинги талант-шоу в Польше? Каково это — выступать перед известными артистами? Поговорили с уроженкой Лиды Боженой Вороно про её участие в польском вокальном конкурсе и о...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: most@mostmedia.io

© 2022 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Афіша
  • Бізнес
  • ПАДТРЫМАЙ!
  • Пра нас
    • Чытачу і рэкламадаўцу
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў

© 2022 Mostmedia.io. Час будаваць масты

Кіраваць згодай Cookies
Мы і нашы партнёры атрымліваем доступ і захоўваем інфармацыю на прыладзе і апрацоўваем асабістыя дадзеныя, такія як унікальныя ідэнтыфікатары і стандартную інфармацыю, якая адпраўляецца прыладай, альбо дадзеныя прагляду, каб выбраць і прафіляваць персаналізаваны змест і рэкламу, вымераць змест і рэкламную эфектыўнасць, а таксама распрацоўка і ўдасканаленне прадукцыі. Са згоды карыстальніка мы і нашы партнёры можам выкарыстоўваць дакладныя дадзеныя геалакацыі і ідэнтыфікацыю шляхам сканавання прылад. Націскаючы «Прыняць», вы пагаджаецеся на апрацоўванне звестак намі і нашымі партнёрамі, як апісана вышэй. Перш як пагадзіцца ці адмовіцца, вы можаце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і змяніць наладкі. Для некаторых відаў апрацоўвання звестак не патрэбная вашая згода, але вы маеце права не пагадзіцца. Параметры не будуць распаўсюджвацца на іншыя сайты, што маюць глабальны альбо сэрвісны дазвол.
Функцыянал Always active
Тэхнічнае сховішча або доступ строга неабходныя з законнай мэтай забеспячэння магчымасці выкарыстання пэўнай паслугі, відавочна запытанай падпісчыкам або карыстальнікам, або з адзінай мэтай ажыццяўлення перадачы паведамленняў па сетцы электронных камунікацый.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Статыстыка
Тэхнічнае сховішча або доступ, якія выкарыстоўваюцца выключна ў статыстычных мэтах. The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Маркетынг
Тэхнічнае сховішча або доступ, неабходныя для стварэння профіляў карыстальнікаў для адпраўкі рэкламы або для адсочвання карыстальніка на вэб-сайце або на некалькіх вэб-сайтах у аналагічных маркетынгавых мэтах.
Manage options Manage services Manage vendors Read more about these purposes
Налады
{title} {title} {title}
Are you sure want to unlock this post?
Unlock left : 0
Are you sure want to cancel subscription?