Жнівень 2020 года ўнёс сур’ёзныя карэктывы ў жыццё беларусаў і многія на асабістым досведзе зразумелі значэнне слова «эміграцыя». MOST пагутарыў з трыма беларусамі з розных куткоў свету і даведаўся, як даўно яны жывуць у эміграцыі, пры якіх абставінах пераязджалі і з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца ў сваім замежным жыцці.
«За два гады паспеў пажыць у трох краінах. У трэці раз абраў Польшчу»
Беларускаму прадпрымальніку, кантэкстолагу Ягору Тубелевічу 26 гадоў. У маі 2021 года ён вымушана пакінуў межы Беларусі з-за палітычнага пераследу, пераехаўшы жыць ва Украіну. Мужчына абраў Украіну па прычыне таго, што на той момант яна была самым простым варыянтам: адсутнічаў візавы рэжым і моўны бар’ер, акрамя гэтага, былі камфортныя кошты на жытло і прадукты.
Агулам за два гады сваёй эміграцыі Ягор з сям’ёй паспеў уладкаваць быт у трох краінах: Украіне, Грузіі і Польшчы. Ва Украіне сям’я пражыла роўна паўгода, пасля чаго малады мужчына з жонкай і сынам рэлацыраваліся ў Грузію. Прычынай пераезда паслужыла адсутнасць магчымасці легалізаваць сваё знаходжанне: не змаглі атрымаць ВНЖ.
— Абралі Грузію, бо на момант пераезда там былі вельмі нізкія кошты на жытло. Акрамя гэтага вельмі прыцягваў цёплы клімат і жаданне пажыць каля мора. З часам мы зразумелі, што жыццё ў Грузіі не такое прываблівае, як мы сабе ўяўлялі. Плюс да гэтага, з пачаткам вайны ва Украіне кошты на жытло выраслі ў два-тры разы. Гэтыя дзве прычыны падштурхнулі нас да чарговага пераезду. У трэці раз абралі Польшчу.
Ягор з сям’ёй спыніў свой выбар на Польшчы, бо з гэтай краінай ён звязаны даўно: у 18 гадоў паступіў ва Уроцлаўскую палітэхніку, дзе правучыўся тры гады. Ягор добра валодае польскай мовай і мае магчымасць прайсці спрошчаную працэдуры легалізацыі свайго знаходжання і знаходжання сваёй сям’і. Зараз жыве ў Беластоку. Гэты горад ён таксама абраў нездарма. Яго сям’я выхоўвае маленькага сына Гедыміна, якому два з паловай гады, і для іх было важна, каб сын наведваў дзіцячы садок, а ў будучыні — школу з беларускай мовай навучання.
Самым цяжкім для Ягора напачатку эміграцыі было разуменне, што ён не можа вярнуцца дадому і што яго жыццё можа быць толькі па-за Беларуссю. Зараз галоўная цяжкасць для мужчыны — хваляванне за блізкіх, якія знаходзяцца ў штодзённай небяспецы ў Беларусі, адсутнасць магчымасці бабусям бачыць унука, а яму — сваіх сваякоў і сяброў.
— З дыскрымінацыяй не сутыкаўся і наўрад ці сутыкнуся, бо ўжо восем гадоў размаўляю на беларускай мове, і, па маіх назіраннях, большасць палякаў і грузінаў часцей ідэнтыфікуюць нашу мову, як украінскую, бо не разумеюць беларускую. Для мяне не складае праблемы растлумачыць сітуацыю, у якой апынулася Беларусь. У мяне шмат знаёмых з Украіны, і я ад іх аніводнага разу не чуў нічога дрэннага ў свой бок. Мая пазіцыя нязменная з 2014 года, я яе дэманстраваў публічна, за што, у тым ліку, і быў пераследаваны ў Беларусі.
Усім беларусам, якія збіраюцца з’язджаць за мяжу, Ягор раіць падрыхтаваць усе дакументы, якія магчыма. Тым, хто з’язджае экстранна, раіць не браць шмат рэчаў, а ўзяць пару кніг на беларускай мове, як напамін пра беларускасць. Пагаварыць са сваякамі, сябрамі, падрыхтаваць іх. Наведаць родныя мясціны. Развітацца з Беларуссю.
— Наша мэта — захаваць беларускасць усімі магчымымі шляхамі. Старайцеся цалкам не асімілявацца з пераважаючай нацыяй. Клапаціцеся пра дзяцей, каб яны заставаліся беларусамі, яны наша будучыня. Вучыце мову краіны, у якой жывяце, бо гэта пра павагу, але і пра сваю родную не забывайцеся. У тым ліку пра культуру, кухню, традыцыі, гісторыю. Прывівайце сабе, блізкім, сябрам і дзецям любоў да беларускага. Падтрымлівайце беларускі бізнес за мяжой. Гуртуйцеся.
«Самае цяжкае — рэдка бачыць сваіх бацькоў і заўважаць, як яны старэюць»
Міхасю — 31 год. Ён працуе ў IT-кампаніі. Разам з жонкай і паўгадовай дачкой з’ехаў з Беларусі напрыканцы ліпеня 2021 года. Для сям’і IT-шніка гэта быў не тэрміновы пераезд. Яны скончылі ўсе справы ў Мінску і падрыхтаваліся да рэлакацыі без шокавай тэрапіі: прадалі машыну, здалі кватэру. Для пераезда мужчына абраў Грузію, бо на той момант краіна яшчэ не была такой папулярнай сярод беларусаў, як зараз. Некаторыя знаёмыя і калегі Міхася ў той час ужо жылі ў Грузіі, і ім, са слоў мужчыны, усё падабалася.
— Да таго ж, у 2021-м жыццё ў Грузіі каштавала значна танней за Літву ці Польшчу, — параўноўвае Міхась, — А цяпер гэта ўжо, на жаль, не так: кошты на жытло, амаль, такія ж, а прадукты ў некалькі разоў даражэй.
Грузію мужчына апісвае як цікавую краіну з асаблівым настроем, якая спалучае ў сабе азіятчыну, Еўропу і савецкую спадчыну. Часамі Міхасю гэтага падабаецца, часамі — раз’юшвае.
— Праз тое, што сюды непатрэбная віза, шмат хто абірае Грузію ў якасці транзітнага пункту, каб агледзецца і рухацца далей. Але шмат хто і застаецца.
Міхась не праходзіў класічных стадый адаптацыі ў эміграцыі. Першыя два месяцы з жонкай займаўся вырашэннем бытавых пытанняў: пошукі кватэры, лепшыя крамы з прадуктамі і іншае. З дапамогай знаёмых і шматлікіх экспацкіх беларускіх чатаў і суполак, усе гэтыя пытанні сям’я вырашыла хутка. З пераездам атрымалася захаваць працу, таму праз пару месяцаў, са слоў IT-шніка, пачалося звычайнае жыццё.
Але разам з гэтым і частковае абнуленне. Пачуццё абнулення Міхась параўнанае з пачуццём пры пераходзе ў іншую школу: «Нібыта і працягваеш навучанне з таго ж месца, дзе прыпыніўся, але трэба будаваць новыя сацыяльныя сувязі».
— Самае цяжкае ў эміграцыі асабіста для мяне — рэдка бачыць сваіх бацькоў і заўважаць, як яны старэюць. А для іх асабліва цяжка не мець магчымасці бавіць час з унучкай.
Парады для дых, хто збіраецца з’язджаць, у Міхася наступныя: па-першае, пагутырыць з людзьмі, якія жывуць у той краіне, у якую плануецца пераезд. Ён кажа, што нягледзячы на тое, што на YouTube і ў экспацкіх чацтах шмат карыснай інфармацыі, толькі падчас жывой размовы можна даведацца дробязі, якія могуць паўплываць на прыняцце рашэння. Па-другое, трэба падрыхтаваць усе неабходныя дакументы, аднавіць пашпарт, зрабіць даверанасць, схадзіць да доктара.
Трэцяя парада ад Міхася філасофская:
— Сфармулюйце для сябе мэты і чаканні ў/ад вашай эміграцыі. «Перасядзець і пачакаць пакуль усё наладзіцца ў Беларусі» — гэта, на жаль, дрэнная пазіцыя, з якой потым псіхалагічна вельмі цяжка выбірацца. Вымушаная эміграцыя — гэты складна, але пры гэтым яна з’яўляецца бясцэнным досведам і цікавай прыгодай, калі правільна да гэтага паставіцца. Калі едзеце з сям’ёй ці з блізкім чалавекам — абавязкова сінхранізуйце сваю візію, каб потым не было недарэчнасцяў.
Акрамя гэтага Міхась раіць не замыкацца ў сваім вузкім коле ці выключна ў беларускай дыяспары, а старацца вандраваць і стасавацца з мясцовымі жыхарамі, бо без гэтага немагчыма зразумець нічога пра краіну, дзе будзеце жыць.
«Боязна, што сувязі з Беларуссю не будзе, ці будзе фармальнай, без пачуццяў»
Яне Карслян 30 гадоў. Па прафесіі яна хімік-даследчык. Скончыла хімічны факультэт БДУ і сем гадоў таму з’ехала ў ЗША, каб паступіць у аспірантуру. У 2020 годзе атрымала стэпень PhD in Chemistry.
Самам цяжкім для Яны ў сямігадовай эміграцыі — адсутнасць магчымасці часта сустракацца з блізкімі людзьмі і жыць побач з імі нармальнае жыццё.
Аніякіх цяжкасцяў з працай у ЗША не ўзнікае: жанчына ў фінансавым і ментальным задавальненні. Кажа, што па мерках краіны ў іх з мужам даволі паспяховы шлях. Але пры ўсім пры гэтым, Яну грызе нерэалізаванае жаданне працаваць на карысць сваёй краіны.
— З аднаго боку выхоўваць дзяцей складана з-за таго, што ўсё на нашых з мужам плячах і плячах агульных сацыяльных інстытутах. У нас няма магчымасці адводзіць дзяцей да бабуль і дзядуль. Усю цеплыню і мудрасць даем самі, паспяваючы яшчэ працаваць. З іншага боку — добра, што дзеці ніякіх нечаканасцей выхавання ад сваякоў не пераймаюць і беларуская мова ў іх чысценькая, кніжная.
— Разам з гэтым, мульцікультурнае і разнастайнае асяроддзе натуральна вучыць шанаваць сваё і разумець іншых. Агулам, я б не сказала, што дужа цяжка, калі адносіны ў сям’і гарманічныя, а фінансавы стан стабільны. Маральна, хутчэй, няёмка і троху боязна, што дзеці не толькі вырастуць, але і застануцца ў гэтай краіне, і сувязі з Беларуссю не будзе, ці будзе фармальнай, без пачуццяў.
Усім плануючым пераезд, у першыя месяцы Яна раіць паглыбіцца ў новую краіну, разабрацца з афіцыйным уладкаваннем працы грамадства і дзяржавы, каб не сутыкнуцца з праблемамі і каб знайсці сваё месца там. Знаёміцца з мясцовымі жыхарамі, распытваць іх, пераймаць іх мову, назіраць за паводзінамі і вучыцца. Пасля ўладкавання — шукаць і ствараць свае кам’юніці ды аднадумцаў-суайчыннікаў.