Вітаю, паважаныя чытачы. Я — баец Беларускай Грэнадзёрскай Харугвы з пазыўным «Сонейка». І гэта мой дзённік «Мой шлях дадому».
Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў ByPol ужо некалькі месяцаў рыхтуе беларусаў на тэрыторыі Польшчы, якія пасля едуць бараніць Украіну ад расійскай...
Чытаць далейВітаю, паважаныя чытачы. Я — баец Беларускай Грэнадзёрскай Харугвы (далей — БГХ) з пазыўным «Сонейка». І гэта мой дзённік «Мой...
Чытаць далейАд моманту, калі я патрапіла ў шэрагі Харугвы, прайшло ўжо больш за два месяцы. Што змянілася за гэты час?
Мой самы першы занятак у Харугве быў практычным: адпрацоўвалі пратакол MARCH, які ўжываецца парамедыкамі або вайскоўцамі ў баі. Гэты пратакол прадугледжвае пэўную прыярытэтную паслядоўнасць дзеянняў па аглядзе і аказанні першай медыцынскай дапамогі параненаму салдату.
У вобласці медыцыны ў мяне ёсць толькі базавыя веды, у жыцці ніколі не аказвала нікому першую медычную дапамогу, нават не трымала ў руках сапраўдны турнікет.
Занятак адбываўся ў лесе, каб стварыць найбольш рэалістычныя ўмовы і падтрыхтавацца да розных варыянтаў развіцця падзей. На першую практыку я прыйшла ў сваім адзенні, на другой у мяне ўжо была ўласная форма і нават зброя.
З байцамі Харугвы адразу атрымалася ўсталяваць кантакт: вельмі спагадлівыя, адкрытыя, жывыя і вясёлыя людзі. Акрамя мяне, таксама ёсць некалькі дзяўчын розных узростаў, якія працуюць нароўні з мужчынамі. Склалася выдатная і цікавая каманда, у якой асабіста мне вельмі камфортна знаходзіцца. Бо гэтыя людзі — мае аднадумцы, якія трымаюцца адзін за аднаго і разам ідуць да сваіх агульных мэт.
Нечакана было пабачыць вядомых мне людзей, але я не здзівілася. Адразу пайшлі ў лес, дзе нам падрабязна расказалі, што ўвогуле значыць гэты пратакол MARCH і як прымяняць яго на практыцы. Прыйшлося крыху паваляцца на зямлі: спачатку аказвала дапамогу «параненаму» байцу, а потым «ратавалі» мяне. Не абышлося і без жартаў (куды ж без іх!). Увогуле лічу, што гумар — гэта выратавальны круг чалавека, які дапамагае выйсці з розных сітуацый ці проста іх разбавіць. Сур’ёзнасць і адказнасць ніяк гэтаму не перашкаджаюць.
Калі ўсіх «выратавалі», то з навічкамі пачалі адпрацоўваць асноўныя баявыя стойкі са зброяй. Упершыню ў сваім жыцці я трымала вінтоўку яшчэ ў сярэдняй школе на спаборніцтвах па стральбе. Але з таго часу прайшло некалькі гадоў і я толькі прыкладна памятала, як усё павінна працаваць. Тут мне далі АК-47, але страйкбольны і на пульках. Першыя некалькі хвілін прызвычайвалася да яго вагі, адчування ў руках і ў прынцыпу да таго, што я зараз трымаю. Расказалі пра чатыры правілы бяспечнага абыходжання са зброяй, як тырмаць яе і што рабіць, каб увогуле страляла. Адпрацоўвалі, відавочна, без магазінаў.
Калі мяне везлі додому пасля трэніроўкі, адчувала нейкі ўнутраны спакой і бяспеку. Ніякіх лішніх дакучлівых думах. Нават не памятаю, калі апошні раз такое было.
Другі занятак быў тэарытычным, на ім мы разбіралі тэму «Узвод у наступе». Там я ўпершыню пабачыла свайго камандзіра. У мяне было падазрэнне, дзе ён стаіць, але я вырашыла ўдакладніць. Памятаю, як падышла да аднаго з байцоў і запыталася, ці ёсць сярод наш камандзір. А мне адказалі: «Так вось жа, стаіць у тарцы стала». Так, гэта быў менавіта ён.
Я вельмі люблю назіраць за чужымі людзьмі, за іх паводзінамі, тым, як яны кантактуюць з іншымі, складваць нейкія партрэты і потым правяраць, ці супадае вобраз у маёй галаве з тым, што ёсць на самой справе. Ведаючы свой характар, калі я паглядзела на свайго камандзіра, адразу праскочыла думка: «Вось з ім я дакладна не знайду агульную мову». Ці знайшла? Раскажу крыху пазней.
Мне выдалі форму і рыштунак. Плаціць ні за што не трэба, самому можна купіць такія дробныя рэчы, як акуляры ці накаленнікі.
Што было далей?
Далей было шмат трэніровак, часам па шэсць гадзін у дзень, але гэта зусім не адчувалася. Аб’яднанне з першым навучальным узводам, паездка на навучанне ў Полк імя Кастуся Каліноўскага, у якую дзяўчат, нажаль, не ўзялі. Гэтая навіна была для мяне вельмі балючай і нават крыўднай.
Шчыра кажучы, я вельмі турбавалася за тых байцоў, якія паехалі на навучанне ва Украіну. Для мяне гэта былі самыя напружаныя тыдні. Не было ніводнага дня, каб я не думала пра нашых байцоў. Хацелася пастаянна запытвацца, як яны там, як іх справы, ці ўсё ў парадку, але я разумела, што не павінна гэтага рабіць. Калі б я знаходзілася там, разам з імі, то такога хвалявання ў мяне б не было.
Але мы не гублялі час дарма, пакуль частка нашых байцоў праходзіла курс падрыхтоўкі ў ПКК. Мы вырашылі сабраць нашыя заплечнікі і адправіцца ў лес з начоўкай. І гэта была адна з самых запамінальных трэніровак.
Агулам прайшлі каля 30 кіламетраў. У тыя дні як раз быў доджд, але і гэта не перашкаджала нам заставацца ў бадзёрым баявым настроі. Ішлі па балотах (аказваецца, па іх можна хадзіць!), спалі ў імправізаваным «доме», які пабудавалі сваімі рукамі, разам елі, шукалі дарогі выключна па компасе і картах.
Перад гэтым паходам, падчас яго і пасля шмат разоў уяўляла сабе той час, калі мы будзем пракладваць шлях да нашага сапраўднага Дома, да Беларусі. Гэты паход даў мне глебу для разважанняў і яшчэ большую ўпэўненасць у сваіх пабрацімах. Вельмі натхняе той факт, што побач з табой знаходзяцца людзі, за якімі ты спакойна можаш ісці, след у след. Гэтыя людзі вядуць цябе, з імі не страшна заблукаць, бо ты ведаеш, што разам вы абавязкова знойдзеце выхад.
Таксама я зразумела, што ўсё маё жыццё можа змясціцца ў адзін заплечнік.
Акрамя таго, за гэты час я назбірала не толькі ўспаміны з трэніровак, але яшчэ і некалькі цікавых рэакцый маіх суседзяў на камуфляж і чорны чахол ад аўтамата.
Так атрымалася, што, калі ўступіла ў шэрагі БГХ, як раз засялілася ў новую кватэру, дзе жыве яшчэ адна полька. Аднойчы яна ўбачыла маю вопратку ў ваннай, падышла да мяне і асцярожна запыталася, кім я працую. Калі я назвала працу, на якую, відавочна, не носяць камуфляж і цяжкі заплечнік, мая суседка ўсміхнулася і з таго часу мы амаль што больш не размаўялем.
Быў выпадак, калі я хацела зайсці ў свой пад’езд ва ўсёй экіпіроўцы — камуфляжы, з аўтаматам у чахле і заплечнікам, але сусед мяне не пускаў. Сказаў нешта па тыпу: «Не, Пані, у такім выглядзе я не пушчу. А што гэта такое?». Я патлумачыла, што займаюсь страйкболам, а ён запытаўся: «Гэта фарбамі страляць, так? А я думаў, Пані з Украіны». Потым я ўвайшла ў пад’езд і сусед дадаў: «А добра Пані выглядае».
Аднойчы я стаяла на вуліцы, да мяне падышоў мужчыны і запытаўся, ці не на рыбалку я еду. Я сказала, што, канешне, на рыбалку. Ён пажадаў мне добрага ўлову.
Невядома, колькі разоў яны ўжо тэлефанавалі і запытваліся, што гэта тут такое ходзіць.
Шчыра кажучы, у самым пачатку, калі я толькі патрапіла ў Харугву, у мяне яшчэ не было разумення, што аднойчы мне сапраўды спатрэбяцца ўсе гэтыя навыкі, каб, напрыклад, выжыць у лесе, выратаваць свайго пабраціма, выцягнуць яго з-пад куль, выратавацца самой і гэтак далей. Тады ўсё было цікавым, я толькі прызвычайвалася да свайго новага жыцця, але цяпер ў маёй галаве такія рэчы выглядаюць зусім па-іншаму. Ёсць адчуванне, што зусім хутка прыйдзе той самы час, якога мы так доўга чакаем. І тады, я павінна буду скарыстацца ўсімі тымі навыкамі, якія атрымліваю зараз. Я ведаю, што павінна вучыцца больш, таму што за мяне гэтага ніхто не зробіць.
Увогуле магу сказаць, што заняткі ў Харугве змянілі мяне як чалавека. Бо, з іх я выношу не толькі карысныя веды і навыкі, але яшчэ і маленькія правілы, па якім я нанова будую сваё жыццё. Яшчэ больш упэўненая ў тым, што адносіны чалавек-чалавек — гэта сапраўды важна ў любой справе.
Памятаю, як на адной з трэніровак проста хадзілі адзін за адным па лесе і камунікавалі толькі жэстамі, моўчкі, без слоў. І разумелі. І гэта, здавалася б, такія простыя рэчы, але асабіста для мяне значаць вельмі шмат. Ці, напрыклад, быў момант, калі мы адпрацоўвалі работу ў двойках і нехта сказаў, што мы павінны адчуваць свайго пабраціма. Хаця, гэта павінна быць не толькі ў двойках, а заўсёды.
Нядаўна мне задалі пытанне, што для мяне БГХ і Паспалітае рушэнне. Я адказала, што гэта людзі, разам з якімі я пайду пракладваць шлях дадому, калі прыйдзе час. Магу толькі дадаць, што БГХ — гэта тое месца, у якім я бачу сябе і сэнс свайго жыцця, свайго існавання. Гэта нязгасная зорка і надзея, якая вядзе мяне наперад па жыцці і нагадвае, што мы абавязкова вернемся дадому.