Субота, 17 мая 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Беларускі хаб узору 1920-х. Стагоддзе таму ў беларусаў ужо былі свае культурныя арганізацыі ў Беластоку

MOST MOST
28 жніўня 2023, 18:32
Гісторыі
A A
Белосток

Беласток, 1930-я гг. Фота: Генрык Паддэмбскі / NAC

Пасля масавай эміграцыі ў 2020 годзе ў Беластоку стала адбывацца шмат беларускіх мерапрыемстваў. Але гісторыя беларускага культурнага жыцця ў сталіцы Падляшша налічвае амаль стагоддзе. Адбываліся канцэрты, праходзілі лекцыі і курсы, і нават дзейнічаў аналаг беларускага хаба, які месціўся ў самым цэнтры Беластока. Расказваем пра дзейнасць Таварыства беларускай школы ў міжваенным Беластоку.

У шматнацыянальным Беластоку беларусы былі меншасцю. Гэта былі выхадцы з суседніх мястэчак і вёсак, якія перабіраліся ў «паўночны Манчэстэр» дзеля працы на шматлікіх фабрыках. Сярод іх было шмат людзей, якія дома размаўлялі па-беларуску, але не заўсёды былі нацыянальна свядомымі.

Беласток на мапе БНР

Мапы распаўсюджанасці беларускай мовы, якія былі складзеныя ў ХІХ стагоддзі па выніках этнаграфічных і лінгвістычных даследванняў, а таксама перапісу 1897 года, паказваюць, што па-беларуску гаварылі сяляне ўсюды вакол Беластока. Беларускамоўны абшар цягнуўся яшчэ на захад ад Беластока, да ракі Нарвы, якая была беларуска-польскай этнаграфічнай мяжой. Яшчэ больш беларуская мова была распаўсюджаная ў ваколіцах Саколкі, Бельска, Гайнаўкі.

Карта беларусов
“Этногафическая карта белорусского племени”, 1903 год.

Беласток неаднаразова згадваецца ў дакументах БНР. У Трэцяй устаўной грамаце ад 25 сакавіка 1918 года Беласток згадваецца сярод гарадоў, на якія прэтэндавалі айцы-заснавальнікі беларускай дзяржавы. Яго ж пазначалі і на картах Беларусі, якія выдавала Рада БНР. Аднак праект БНР пацярпеў паразу. 19 лютага 1919 года Беласток занялі польскія войскі. Горад стаў цэнтрам ваяводства ў адроджанай Польскай Рэспубліцы.

У пэўны момант беларусы Беласточчыны пайшлі на крок адчаю. Пасля Рыжскага міру 18 сакавіка 1921 года, які замацаваў падзел Беларусі паміж СССР і Польшчай, некаторыя беларусы Падляшша і Гродзеншчыны пачалі ўдзельнічаць у канспірацыі, якую падтрымлівалі літоўскія спецслужбы. Канспірацыя мела на мэце ўзброенае паўстанне і аднаўленне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. На чале таемнай сеткі стала Вера Маслоўская, звольненая з працы настаўніца беларускай школы ў вёсцы Агароднічкі каля Супрасля. На «працэсе 45-ці», які адбыўся ў Беластоцкім акружным судзе ў маі 1923 года, яна атрымала шэсць гадоў турмы.

Карта БНР
Мапа БНР і Трэцяя ўстаўная грамата. БНР прэтэндавала на Беласток.

У 1925 годзе беларускія актывісты Беластока заангажаваліся ў дзейнасць левай партыі «Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада». Мітынгі, на якіх прамаўлялі беларускія дэпутаты польскага Сойма, збіралі сотні ўдзельнікаў, а летам 1926 года шэсце на вуліцы Ліповай разганяла паліцыя. У сакавіку 1927 года дзейнасць «Грамады» была забароненая, бо польскія ўлады сцвердзілі яе небяспеку для дзяржавы, а таксама сувязі з савецкімі спецслужбамі.

Калі палітыка не пайшла, узяліся за культуру

Урэшце пасля правалу спробаў палітычнай дзейнасці беларускія дзеячы Беластока вырашылі заснаваць культурную арганізацыю. У верасні 1927 года на прыватнай кватэры адбыўся сход, на якім быў заснаваны гурток «Таварыства Беларускай Школы» (ТБШ). Увогуле, гэтае таварыства дзейнічала ў Вільні з 1921 года і займалася арганізацыяй беларускіх школ. Польскія ўлады блакавалі спробы беларусаў дабіцца дзейнасці школ на беларускай мове. Урэшце, у 1926 годзе ТБШ пашырыла рамкі сваёй дзейнасці і занялося шырокай культурна-асветніцкай працай: арганізацыяй спектакляў, лекцый, курсаў, заснаваннем бібліятэк і народных дамоў. Па ўсёй паўночна-ўсходняй частцы Польскай Рэспублікі, дзе жылі беларусы, сталі засноўвацца гурткі ТБШ.

Першы афіцыйны з’езд сяброў ТБШ Беластоцкага павета адбыўся 23 кастрычніка 1927 года ў будынку па адрасе вуліца Святога Роха, 3. Гэты будынак захаваўся і не змяніў адрас – цяпер там Centrum Aktywności Spółecznej, і беларусы водзяць туды дзяцей на гурткі.

З’езд актывістаў Таварыства Беларускай Школы ў Беластоку, 27 кастрычніка 1927 года.
Будынак на вуліцы Святога Роха, 3, у якім адбываўся з’езд актывістаў ТБШ.

На з’ездзе пастанавілі заснаваць акруговую ўправу, якая мела каардынаваць дзейнасць арганізацыі па ўсёй Беласточчыне. Старшынёй управы быў выбраны Сымон Кузьмін, сакратаром – Кастусь Сідаровіч, скарбнікам – Юзаф Грыгарук. У самім Беластоку арганізаваліся драматычная секцыя, хор і духавы аркестр. Рэжысёрамі драматычнай секцыі былі прафесійны актор Аляксандр Андрэйчук, а таксама Лявон Богуш. Хорам кіраваў Антон Кавальчук. Беларускія актывісты маглі прапанаваць жыхарам Беластока якасную культурную праграму.

Гром апладысментаў на Ліповай

Але пакуль беластоцкія беларусы рыхтаваліся да першых выступаў, 14 і 15 студзеня 1928 года ў Беластоку выступіла тэатральная трупа Галоўнай Управы ТБШ пад кіраўніцтвам выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі Аляксандра Міхалевіча. Яе выступы, як паведамлялі беларускія газеты, мелі вялікі поспех – і гэта мусіла падахвоціць беластачан да таго, каб рыхтаваць свае ўласныя мерапрыемствы.

Ужо 5 лютага беларускія культурныя актывісты паказалі свае здольнасці на сцэне клуба Hellas па адрасе Ліповая, 6. Гэты клуб размяшчаўся ў гандлёвым пасажы Варнгольца. Цяпер гэта правы бок Ліповай, калі глядзець ад Рынка Касцюшкі, паміж ратушай і царквой Святога Мікалая. Сябры драматычнага гуртка ТБШ адыгралі камедыі Міхася Чарота «Боты» і «Мікітаў лапаць». Пасля прадстаўлення адбыліся танцы пры гуках уласнага духавога аркестра, якія працягваліся да чацвёртай гадзіны раніцы.

Беларуская вечарынка 5 лютага 1928 года ў клубе “Hellas”: афіша вечарынкі і месца будынка, у якім яна адбывалася.

«Наплыў публікі быў аграмадны, так што перавысіў наплыў на ўсе спектаклі іншых нацыянальнасцяў у гэты вечар і даў значны даход, які пойдзе на мэты Таварыства», – пісалі пра вечарыну ў клубе “Hellas” у віленскай беларускай прэсе.

У хуткім часе беластоцкія актывісты правялі ў горадзе яшчэ дзве падобныя вечарыны. «Гром аплёдысментаў, шчырыя словы падзякі, вызыванне артыстаў былі доказам, што артысты дапялі сваёй мэты», – пісалі віленскія газеты.

Народны дом на Касцёльнай вуліцы

Управа ТБШ хутка вырашыла займець у Беластоку сваё памяшканне. Актывісты прыгледзелі будынкі непрацуючай фабрыкі Абрама Слонімскага на Касцёльнай, 4 – гэта некалькі хвілін пешшу ад Рынка Касцюшкі. Сталі рыхтаваць да адкрыцця беларускі Народны Дом. Польскія ўлады заявілі, што ў памяшканні нельга ладзіць мерапрыемствы, бо яно не адпавядае нормам бяспекі. Гэта падобна на праўду, бо гаворка ўсё ж ішла пра закінутую фабрыку. Удалося дамовіцца з гаспадаром, што той адрамантуе памяшканне, але пры гэтым падвысіць арэндную плату.

Усю вясну і лета 1928 года беларускія актывісты ездзілі па Беластоцкім павеце, дзе праводзілі вечарыны са спектаклямі, а часам ладзілі вулічныя зборы грошай – каб толькі сабраць сродкі, каб разлічыцца з Абрамам Слонімскім.

Белосток
Вуліца Касцельная ў Беластоку. На левы бок у міжваенны час была фабрыка Абрама Слонімскага, дзе актывісты ТБШ уладкавалі беларускі Народны дом.

15 красавіка 1928 года беластачане выступалі ў Супраслі, дзе сыгралі «Мікітаў лапаць» і «Мядзведзь». Хор праспяваў беларускія народныя песні: «Баба Ксютка», «Ці ня быстрая рэчка», «Сонны сэрцам, душой». Таксама ў рэпертуары беластоцкага беларускага хора была ўкраінская песня «Дивка в сенях стояла». У маі артысты з Беластока выступілі ў Хорашчы, Баршчэве і Агародніках.

«Працоўных братоў, рупіўшыхся аб пашырэньні асьветы на вёсцы акалічнае сялянства закідала кветкамі. Выступленьне хору павялічыла энтузыязм прысутных да беларускага слова», – пісаў карэспандэнт адной з віленскіх газет.

Драматычная секцыя ТБШ у Беластоку.

21 ліпеня беластоцкія артысты зладзілі спектакль-вечарыну ў залі пажарнай варты ў Заблудаве, якая скончылася танцамі пад гукі духавога аркестра. 29 кастрычніка яны чарговы раз выступілі ў Супраслі, дзе на гэты раз адыгралі драму «Страхі жыцця» Францішка Аляхновіча і «Збянтэжанага Саўку» Леапольда Радзевіча. 7 кастрычніка яны выступілі ў Міхалове, дзе паставілі камедыю Янкі Быліны «Выбары старшыні».

Памяшканне на вуліцы Касцёльнай усё ж давялі да ладу. Народны Дом ТБШ стаў рэальнасцю. Гэта быў такі сабе «беларускі хаб» узору канца 1920-х. Там пачала дзейнічаць канцылярыя акруговай управы ТБШ, праводзіліся рэпетыцыі драматычнай секцыі, аркестра і хору, а таксама пачала дзейнічаць бібліятэка. Праўда, кнігазбор апошняй быў сціплы – усяго 271 том па стане на канец 1929 года. Карысталіся бібліятэкай 27 чытачоў, якія за год пазычылі 200 кніг.

8 снежня 1929 года ў будынку Народнага дома на Касцёльнай адбыўся з’езд сяброў ТБШ Беластоцкага і Сакольскага паветаў. На ім прысутнічалі дэпутаты польскага Сойма Флягонт Валынец і Ігнат Дварчанін, прадстаўнікі левага дэпутацкага беларускага пасольскага клуба «Змаганне». Пасля з’езду Міхась Пяткевіч прачытаў рэферат «Беларусь мінулая і сучасная – гістарычна-геаграфічны агляд», а Ганна Лабецкая – «Жанчына ў грамадскім жыцці». Адыгралі п’есу «Антон Лата», а хор праспяваў беларускія песні.

Удзельнікі другога з’езда актывістаў ТБШ, які адбыўся 8 снежня 1929 года ў Народным доме на вуліцы Касцельнай.

Будынак на Касцёльнай, 4 не захаваўся. Ён быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны, калі было зруйнавана 70% будынкаў Беластока. У пасляваенны час на гэтым месцы быў пабудаваны шматкватэрны дом, які мае адрас Касцёльная, 8.

Як у ТБШ пачаліся праблемы

Актыўная культурніцкая дзейнасць ТБШ працягвалася і ў наступныя гады. Праўда, звесткі пра яе цяжэй знайсці на старонках старых газет, бо ў Вільні стала выходзіць меней беларускіх выданняў.
Выдадзеная ў Вільні аднаднёўка ТБШ «Наш бюлетэнь» паведамляла пра колькасны стан Таварыства у канцы 1932 года. У Беластоцкім павеце было 16 гурткоў, да якіх належала 460 сяброў, з якіх 300 – сяляне, а 160 – рабочыя. Беластоцкі гурток меў 23 сяброў.

У 1932 годзе Таварыства стала адчуваць праблемы з мясцовымі польскімі ўладамі. За год гурткі ТБШ у Беластоцкім павеце атрымалі дазвол на 23 спектаклі, а 14 мерапрыемстваў былі забароненыя ўладамі.

Праз меншы даход ад мерапрыемстваў арганізацыя стала атрымліваць менш сродкаў. Прыйшлося адмовіцца ад арэнды будынка на Касцёльнай, 4. Замест гэтага было нанятае меншае памяшканне на вуліцы Купецкай, 44. Вуліца Купецкая цяпер называецца Іцхока Мальмэда, а дом нумар 44 знаходзіўся недзе каля месца, дзе цяпер скрыжаванне Алеі Пілсудскага з вуліцай Мальмэда.

Памяшканне на Купецкай магло змясціць канцылярыю ўправы, але было занадта цесным для правядзення мерапрыемстваў. Рэпетыцыі ладзілі ў памяшканні выдавецкага кааператыва «Сяўба», якое было ў пасажы Варнгольца на вуліцы Ліповай, а для імпрэзаў наймалі залу ў габрэйскага дабрачыннага таварыства «Лінас Гацэдэк» на вуліцы Ружанская, 6, якое займалася медыцынскай дапамогай жыхарам Беластока без розніцы веры і нацыянальнасці, ды і сваю залу здавала ўсім ахвотным.

Удзельнікі трэцяга з’езда ТБШ у Беластоку 17 студзеня 1932 года.
Скрыжаванне Алеі Пілсудскага і вуліцы Мальмэда ў Беластоку. Тут стаяў дом, у якім некалькі год была акруговая ўправа ТБШ.

Другое дыханне ТБШ

20 лістапада 1932 года ў Беластоку адбыўся чарговы з’езд акруговай управы ТБШ, якая мела вырашыць крызіс, да якога падыходзіла арганізацыя. Галоўная ўправа ТБШ у Вільні дэлегавала на з’езд доктара Міколу Марцінчыка, які ў той час жыў і працаваў у мястэчку Ялаўка, што цяпер пры самай польска-беларускай мяжы. Марцінчык выступіў з прамовай, у якой заклікаў не палітызаваць дзейнасць арганізацыі, а захаваць яе ў межах культурна-асветніцкай дзейнасці. Таксама па просьбе ўладаў ён асудзіў напад на аўтобус на шашы Беласток – Гарадок, у якім падазравалі сяброў ТБШ, якія былі звязаныя з нелегальнай Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Гэтыя тэзісы былі ўнесеныя ў рэзалюцыю, якая была надрукавана ў часопісе “Sprawy narodowościowe”.

Пасля афіцыйнай часткі з’езда была пастаўлена п’еса «Птушка шчасця», аўтарам якой быў Францішак Аляхновіч, які з 1927 года адбываў пакаранне на Салаўках у СССР і толькі ў верасні 1933 года вярнуўся ў Польшчу ў выніку абмену палітычных вязняў. Праспяваў хор, адбыліся танцы.

Беластоцкім актывістам магло здавацца, што птушка шчасця сапраўды прыляцела ў іх арганізацыю. Польскія ўлады перасталі чыніць перашкоды, а самі актывісты ўключылі крэатыў і ўзяліся за справу з падвоенымі сіламі.

Падчас калядных канікул яны запрасілі ў Беласток студэнтаў Варшаўскага і Віленскага ўніверсітэтаў, каб тыя правялі для мясцовых беларусаў папулярныя лекцыі. 26 снежня 1932 года студэнт Пётр Першукевіч прачытаў у Беластоку лекцыю «Што мы павінны ведаць аб сусвеце», а 2 студзеня 1933 – «Цуды тэхнікі».

Студэнт Пятро Першукевіч, які зімой 1932-33 гг. чытаў папулярныя лекцыі ў Беластоку і навакольных паселішчах.

На працягу канікул у Беластоку былі наладжаныя асветніцкія курсы для дарослых, на якіх выкладалі гісторыю беларускай літаратуры, гісторыю і беларускую граматыку, біялогію, анатомію і прыроду, матэматыку і фізіку. Заняткі доўжыліся амаль месяц.

23 студзеня ў Беласток прыехаў з Вільні кампазітар Рыгор Шырма і прачытаў лекцыі «Што такое літаратура і дзеля чаго яна патрэбна» і «Беларускія народныя песні». 21 сакавіка студэнт з Варшавы Мікалай Орса прачытаў лекцыю пра развіццё беларускай літаратуры.

Яшчэ большую папулярнасць мелі лекцыі ў вёсках і мястэчках Беласточчыны. Іх за час калядных канікул адбылося каля сарака. Беларусы з вёсак успрынялі лекцыі на роднай мове з вялікім энтузіязмам.

Беларускія актывісты перад вітрынай кааператыва “Сяўба” на вуліцы Ліповай, 6.

У сакавіку ў Беласток запрасілі мастака Язэпа Драздовіча, каб той намаляваў дэкарацыі для тэатральных прадстаўленняў. Таксама мастак аздобіў шыльду Акружной Управы ТБШ і вітрыну кааператыва «Сяўба».

Беластоцкія артысты зноў выязджалі з выступамі і за горад. «Сягодня ў Супраслі ставіцца, пры маіх дэкарацыях, камедыя “Пашыліся ў дурні”. Сыгралі досыць удала. Публікі было шмат. А галоўнае — зацікаўленасць. Супрасляне аказаліся нашмат тэатральнейшымі за беластаччан, якія ідуць на спектаклі толькі дзеля танцаў…», – запісаў Язэп Драздовіч 6 красавіка 1933 года ў сваім дзённіку.

Тэатральныя дэкарацыі Беластоцкага ТБШ, якія намаляваў Язэп Драздовіч у 1933 годзе.
Тэатральныя дэкарацыі Беластоцкага ТБШ, якія намаляваў Язэп Драздовіч у 1933 годзе.
Тэатральныя дэкарацыі Беластоцкага ТБШ, якія намаляваў Язэп Драздовіч у 1933 годзе.
Тэатральныя дэкарацыі Беластоцкага ТБШ, якія намаляваў Язэп Драздовіч у 1933 годзе.

16 красавіка беластачане паставілі «Птушку шчасця» ў вёсцы Тапілец. Працягваў дзейнаць хор, а яшчэ планавалася запрасіць з Вільні на Беласточчыну хор Беларускага Студэнцкага Саюза, якім кіраваў вядомы беларускі дзеяч Рыгор Шырма.

Хоць знешне ўсё здавалася выдатным, але ў газетах актывісты жаліліся, што матэрыяльнае становішча арганізацыі цяжкае, а ўся дзейнасць трымаецца на працы двух чалавек. Актывісты не змаглі заплаціць за працу Язэпу Драздовічу, які прыехаў у Беласток, спадзеючыся трохі зарабіць – а ледзьве змог дабіцца, каб яму далі грошай на дарогу, каб вярнуцца.

Удар пад дых ад КПЗБ

Аднак неўзабаве ўдар па Таварыстве нанеслі дзеячы нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Ім не падабалася тое, што ТБШ дыстанцыянавалася ад палітыкі і засяродзілася на культурніцкай працы. «Стоячы з лемантаром у руках, перамогі не здабудзеш», – з’едліва пісалі яны ў сваёй «Беларускай Газэце». У 1933 годзе нелегальная КПЗБ усяляк старалася падтрымліваць пратэстныя настроі на Беласточчыне, якія і тут і там выліваліся ў страйкі на фабрыках, тартаках і лясных работах. Яны хацелі выкарыстаць разгалінаваную сетку гурткоў ТБШ для сваёй агітацыі.

Агенты КПЗБ проста ціснулі на ТБШ. Некаторыя сябры Таварыства не вытрымалі ціску і выйшлі з арганізацыі. Супраць іншых ладзілі правакацыі – гэтак, у маі 1933 года «Летапіс ТБШ» паведамляў, што сябру ўправы ТБШ Язэпу Грэсю нехта падкінуў камуністычную літаратуру. Актывіст своечасова заўважыў гэта і паведаміў паліцыі.

З’ездлівая карыкатура на дзеячаў ТБШ, якая была надрукавана ў 1933 годзе ў часопісе “Асва”.

Калі камуністы ўбачылі, што не здолеюць падпарадкаваць сабе ТБШ, то пачалі цкаваць у сваёй газеце кіраўніцтва галоўнай управы ТБШ у Вільні і акруговай – у Беластоку. Камуністычныя аўтары пісалі, што ТБШ «сыходзіць са шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы», з’яўляецца «агентамі польскай паліцыі» ды падпарадкавалася «беларускім нацыянал-фашыстам». А гумарыстычны часопіс «Асва» друкаваў пра дзеячаў ТБШ карыкатуры ў стылі цяперашніх «Жоўтых зліваў».

Восенню 1933 года «Беларуская Газэта» напісала, што на з’ездзе ТБШ у лістападзе 1932 года быў недакладна складзены пратакол. Гэтая інфармацыя з камуністычнай газеты зацікавіла польскія ўлады, якія ўбачылі фармальную падставу для закрыцця арганізацыі. У пачатку 1934 года загадам беластоцкага старасты была прыпынена дзейнасць ТБШ – а праз год арганізацыя ў Беластоку была ліквідаваная.

Карыкатура ў камуністычным часопісе “Асва” з нагоды закрыцця ўладамі ўправы ТБШ у Беластоку.

За няпоўных сем гадоў дзейнасці беластоцкія актывісты ТБШ зладзілі 167 спектакляў, якія сабралі 41.120 гледачоў. Драматычны гурток налічваў 13 чалавек, хор – 38.

Пасля смерці Юзафа Пілсудскага ў маі 1935 года палітыка польскай дзяржавы стала яшчэ больш аўтарытарнай, а адносіны да нацыянальных меншасцяў пагоршыліся. Пад канец 1935 года актывісты паспрабавалі заснаваць у Беластоку гурток Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры, але ўлады адмовіліся яго зарэгістраваць. У 1937 годзе беларускія актывісты паспрабавалі заснаваць у Беластоку тэатральны кааператыў, але ўлады не дазволілі распачаць яго дзейнасць. Да канца існавання міжваеннай Польскай Рэспублікі беларусы не мелі сваёй арганізацыі ў Беластоку.

Ян Рамэйка

Тэгі: АртыкулыГалоўнае

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

Ювеналіі

Гульня ў флянкі, забегі па лесвіцах і ключы ад горада. Як польскія студэнты адзначаюць сваё галоўнае свята — Ювеналіі

Максім Шульц
16 мая 2025, 21:24

У маі польскія студэнты робяць перапынак у вучобе, каб добра павесяліцца падчас Ювеналій (Juwenalia). На працягу гэтага свята адбываюцца розныя імпрэзы: спартыўныя турніры, канцэрты і нават спаборніцтвы па...

кольцо

Беларусы отмечали в Польше годовщину и потеряли кольцо. Переживали всем Инстаграмом, а помог один поляк, который знает, как звенит золото

MOST
16 мая 2025, 15:40

Беларусы Анна и Артем четвертый год живут в польском Белостоке. Здесь они задумали отметить десятую годовщину знакомства, но она оказалась омрачена: девушка случайно обронила золотое кольцо, а отыскать...

Беларуса не пустили на самолёт с польским проездным документом

«Это просто бумажка». Беларуса с польским проездным документом не пустили на самолет в Грузию

MOST
16 мая 2025, 10:14

Беларус Ян Таяновский должен был вылететь 3 мая рейсом авиакомпании WizzAir из польского города Познань в Кутаиси (Грузия). Однако в тот день он так и не смог попасть...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

Кіраваць згодай Cookies
Мы і нашы партнёры атрымліваем доступ і захоўваем інфармацыю на прыладзе і апрацоўваем асабістыя дадзеныя, такія як унікальныя ідэнтыфікатары і стандартную інфармацыю, якая адпраўляецца прыладай, альбо дадзеныя прагляду, каб выбраць і прафіляваць персаналізаваны змест і рэкламу, вымераць змест і рэкламную эфектыўнасць, а таксама распрацоўка і ўдасканаленне прадукцыі. Са згоды карыстальніка мы і нашы партнёры можам выкарыстоўваць дакладныя дадзеныя геалакацыі і ідэнтыфікацыю шляхам сканавання прылад. Націскаючы «Прыняць», вы пагаджаецеся на апрацоўванне звестак намі і нашымі партнёрамі, як апісана вышэй. Перш як пагадзіцца ці адмовіцца, вы можаце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і змяніць наладкі. Для некаторых відаў апрацоўвання звестак не патрэбная вашая згода, але вы маеце права не пагадзіцца. Параметры не будуць распаўсюджвацца на іншыя сайты, што маюць глабальны альбо сэрвісны дазвол.
Функцыянал Always active
Тэхнічнае сховішча або доступ строга неабходныя з законнай мэтай забеспячэння магчымасці выкарыстання пэўнай паслугі, відавочна запытанай падпісчыкам або карыстальнікам, або з адзінай мэтай ажыццяўлення перадачы паведамленняў па сетцы электронных камунікацый.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Статыстыка
Тэхнічнае сховішча або доступ, якія выкарыстоўваюцца выключна ў статыстычных мэтах. The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Маркетынг
Тэхнічнае сховішча або доступ, неабходныя для стварэння профіляў карыстальнікаў для адпраўкі рэкламы або для адсочвання карыстальніка на вэб-сайце або на некалькіх вэб-сайтах у аналагічных маркетынгавых мэтах.
Manage options Manage services Manage vendors Read more about these purposes
Налады
{title} {title} {title}
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты