Жыццё ў Польшчы складана ўявіць без шэрагу мабільных аплікацый, якія дапамагаюць адаптавацца да новай рэальнасці. Сярод такіх аплікацый — «Новая Беларусь». Пры дапамозе «Новай Беларусі» можна знайсці цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы, паслухаць беларускія падкасты, вывучыць беларускую мову, знайсці сваю суперсілу і аднадумцаў. MOST вывучыў функцыянал прылады і распавядае, чым яна можа быць карыснай проста зараз.
Падзеі і сустрэчы
Раздзелы «Падзеі» і «Сустрэчы» прапаноўваюць беларусам анлайн і афлайн мерапрыемствы, такія як канцэрты, выставы, фестывалі і сустрэчы.
Мерапрыемствы праходзяць у розных польскіх гарадах, але большасць з іх — у Варшаве, Уроцлаве і Гданьску.
Бачым, што сёмага снежня ў Беластоку адбудзецца канцэрт беларускага музычнага гурта J:Mors. Націскаем на афішу і бачым больш падрабязную інфармацыю пра падзею. Тут кнопка «Набыць квіток», націснуўшы на якую, даведваемся пра кошт квітка і атрымліваем магчымасць набыць яго тут і зараз.
Да 13 снежня жыхары Варшавы маюць магчымасць наведаць фотавыставу «Тата ў тэлефоне», якую стварылі беларускія фатографы Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў. Сутнасць праекта палягае ў тым, каб раскрыць драму вайны ва Украіне з пункту гледжання сям’яў, якія з-за вайны жывуць паасобку.
Выстава знаходзіцца ў Galeria Promocyjna па адрасе rynek Starego Miasta 4.
Кожную сераду з 18:00 да 20:00 Школа беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве праводзіць варштаты беларускага традыцыйнага танцу. Арганізатары заклікаюць не хвалявацца наконт свайго танцавальнага досведу і абяцаюць навучыць танцам кожнага жадаючага. Гэта мерапрыемства праводзіцца бясплатна па ul. Foksal 11.
Для зручнасці пошуку месца знаходжання той ці іншай падзеі ў аплікацыі прадугледжаная мапа.
Бізнес
У гэтым раздзеле ў беларусаў ёсць магчымасць знайсці тавары і паслугі ад суайчыннікаў у сваім рэгіёне.
Пераходзім ва ўкладку «Усе бізнесы» і бачым вялікую мапу са шматлікімі чырвонымі кропкамі — гэта праект ByMapka, інтэграваны ў аплікацыю. У левым верхнім куце можна абраць катэгорыю паслугі, якая цікавіць: б’юці-паслугі, будаўніцтва і рамонт, грузаперавозкі, масаж, псіхалогія і шмат іншых.
Картка з таварам ці паслугай змяшчае ў сабе інфармацыю пра від паслугі, адрас, час працы і спасылкі на сайт і/ці сацыяльныя сеткі.
Сэрвісы
Раздзел «Сэрвісы» ўключае два падраздзелы: «Здароўе» і «Юрыдычная дапамога». Першы падраздзел створаны ў межах праекта Ездароўе, які дае беларусам магчымасць звярнуцца за бясплатнай кансультацыяй да 150 рознапрофільных медыкаў. Другі падраздзел — LegalHab. Пры яго дапамозе можна звярнуцца па юрыдычную дапамогу. Пры жаданні зрабіць гэта можна нават ананімна. Як і медыцынскія кансультацыі, юрыдычныя надаюцца бясплатна.
Беларускія падкасты
Зараз у аплікацыі «Новая Беларусь» прапанаваныя беларускія падкасты «Контровые», «Vandrounaja ptashka», «Ещё теплее».
Аўтары падкасту «Контровые» прапануюць пад келіх віна далучыцца да разважання пра жыццё і існаванне тэатра, а таксама пра тое, што круціцца вакол яго.
«Вандроўная пташка» — гэта падкаст пра культурныя з’явы і валанцёрства. А «Ещё теплее» — пра экалогію і жыццё. У падкасце з рознымі гасцямі абмяркоўваюцца праблемы экалогіі, якія ўплываюць на жыццё.
Гэта, канешне, не ўсё. Націскаючы на кнопку «Усе [падкасты]», пераходзім на сайт Беларускага падкаст-хабу, дзе можна знайсці значна большую колькасць падкастаў амаль на любую тэму.
Карысны анлайн
На наш погляд, гэта самы вялікі раздзел аплікацыі «Новая Беларусь». Ён змяшчае розныя карысныя для беларусаў анлайн-сервісы. Сярод іх аўдыяказкі, фільмы, мультфільмы і серыялы на беларускай мове, падборкі тэлеграм-каналаў, базы дадзеных, слоўнікі, мабільныя дадаткі і шмат іншага.
Грамадства
Раздзел уключае ў сябе некалькі падраздзелаў, адзін з якіх — праект Канстытуцыі Беларусі, якая складаеццца са 173 артыкулаў. Акрамя праекту Канстытуцыі, у раздзеле прадстаўленыя праекты іншых законаў, напрыклад, Закона «Аб палітычных партыях». А таксама суполкі праектаў, якія ствараюцца камандай «Новай Беларусі», напраклад, пілот самакіравання ў Польшчы і Літве. Праект, дзе беларусы і беларускі змаглі ўпершыню вырашыць, куда пойдуць іх падаткі.
Узаемадапамога
Гэта апошні раздзел аплікацыі. Тут у беларусаў ёсць магчымасць падтрымаць тых, каму гэта патрэбна: палітзняволеных, рэпрэсіраваных і пацярпелых ад вайны ва Украіне.
Бачым, што «Новая Беларусь» — гэта сапраўдны маст-хэв для беларусаў па ўсім свеце, які дазваляе атрымаць не толькі інфармацыю пра падзеі, мерапрыемствы і сустрэчы, медыцынскую і юрыдычную дапамогу, але і працуе над сапраўднымі праектамі, якія дапамагаюць будаваць сапраўдную грамадзянскую супольнасць. Каб ваша «Новая Беларусь» заўжды была з вамі, спампаваць яе можна ў Google Play і ў App Store.