Беларуска-польскі музычны гурт «Гайда Банда» выконвае падляшскі фолк. Але сумяшчае яго з сучаснымі матывамі. Нядаўна яго альбом увайшоў у топ-10 брытанскага прэстыжнага музычнага часопіса Songlines. Эксперты адзначылі, што альбом Hajda! — гэта «радасная энергія, прасякнутая шалёнай скрыпкай, акардэонам, вакалам, цымбаламі і іншым». А пачыналася ўсё з таго, што дзяўчына з Беларусі атрымала стыпендыю на вывучэнне музычнага матэрыялу — і назбірала так шмат, што стварыла гурт.
Скрыпачка і вакалістка «Гайда Банда» Ніка Юрчук расказала MOST пра тое, чаму ў людзей расце цікавасць да фолк-музыкі, ці ўдаецца зарабляць на творчасці і як спалучыць падляшскія спевы з рэпам і калумбійскімі рытмамі.
Як нарадзіўся падляшскі біг-бэнд
Ніка Юрчук — адзіная з «Гайда Банда», хто нарадзілася на Падляшшы. Астатнія ўдзельнікі гурта паходзяць з іншых часцін Польшчы: бубніст Матэуш Дабравольскі — з Варшавы, гарманіст Куба Зімоньчык — з горада Отвацк, цымбаліст Павел Іван — з Падкарпацця. А заснавальніца калектыву Дар’я Буцкая прыехала з Беларусі.
Але ўсе музыканты так ці інакш мелі дачыненне да падляшскай культуры. Напрыклад, Куба пачаў знаёмства з традыцыйнай гарманічнай музыкай менавіта на Падляшшы. А Матэуш — адзін з нямногіх, хто ўмее граць на бубне «рытмы з усходняй мяжы».
Гісторыя калектыву пачалася ў 2021 годзе, калі Дар’я Буцкая атрымала стыпендыю, якая дазволіла ёй збіраць музычны матэрыял на Падляшшы, у Заходняй Беларусі і на Палессі.
— Яна гаварыла, што сабрала так шмат гэтага матэрыялу, што было б шкада, каб гэта ўсё пайшло толькі ў архівы. Таму ўзнікла ідэя стварыць гурт і граць такую музыку ўжывую, — успамінае Ніка.
Музыканты называюць сябе «падляшскім біг-бэндам», і як бы супрацьпастаўляюць сябе традыцыйным калектывам, якія гралі ў рэгіёне раней. Ніка тлумачыць, што такога багацця інструментаў, як у іх, на Падляшшы не было. У асноўным музыканты мінулага абмяжоўваліся бубнам і адной скрыпкай, пазней дадаўся гармонік.
— Мы вырашылі, што трэба, каб гэтая музыка была больш багатай, каб было больш інструментаў, — працягвае яна. — І дзякуючы гэтаму, мы маем магчымасці, мы робім новыя аранжыроўкі. Мы можам нешта сыграць на дзвюх скрыпках, мы маем цымбалы, гармонік. Мы не капіруем стопрацэнтна музыку, якая некалі была на Падляшшы. Мы проста базуем нашую творчасць на падляшскіх песнях і натхняемся імі. Мы спрабуем гэта перакласці на наш набор інструментаў і трошкі прапусціць гэта праз сябе.
Удзельнікі «Гайда Банда» ўвесь час знаходзяцца ў пошуках матэрыялу для новых кампазіцый. Робяць яны гэта ў архівах ці «бяруць» ад яшчэ жывых традыцыйных музыкантаў. Таксама шмат дапамагае Музей малой радзімы ў Студзіводах і яго кіраўнік Дарафей Фіёнік.
«Ад іншых нас адрознівае энергічнасць»
«Гайда Банда» — малады гурт. Але пра яго добра ведаюць у коле прыхільнікаў фолк-музыкі. З’явіўшыся ў 2021 годзе, ужо ў наступным ён выпусціў два EP (міні-альбомы): «Ciacze reczańka» і «Po swojomu».
Першы ж поўнафарматны альбом Hajda! выйшаў у 2023 годзе. Цікава, што сродкі на яго запіс і выданне музыканты сабралі ад слухачоў. Кружэлка атрымала добрыя водгукі, і нават зараз на канцэртах да музыкантаў падыходзяць слухачы, каб яе набыць.
— Былі вельмі добрыя водгукі пра нашыя спевы, — адзначае Ніка. — У нас ёсць цікавы элемент у музычным сэце, калі мы пасярэдзіне выступу спяваем песню без інструментаў. І гэта дае гледачам перавесці дыханне. Людзі гаварылі, што хацелі б больш такіх спеваў. Тэмпы нашых твораў вельмі хуткія, яны падыходзяць да танцаў. І гэтая энергічнасць адрознівае нас ад іншых. Таксама слухачам падабаецца, як пераплятаюцца дзве скрыпкі і грае бубен.
Альбом Hajda! адзначылі і музычныя крытыкі. Гурт атрымаў трэцяе месца на конкурсе Польскага радыё Folkowy Fonogram Roku. Таксама кружэлка ўвайшла ў топ-10 брытанскага музычнага часопіса Songlines.
Цяпер «Гайда Банда» сур’ёзна задумваецца пра выхад на замежную сцэну. Музыканты ўжо адыгралі ў Чэхіі і Венгрыі. Кажуць, на апошнім канцэрце шмат гледачоў называлі іх выступ найлепшым за вечар.
— У Будапешце выступалі розныя калектывы з усяго свету, — расказвае Ніка. — І сярод гледачоў былі людзі з розных краін, зацікаўленыя нашай музыкай. Мне падаецца, што мы патроху выходзім за межы Польшчы і далей будзем старацца ўдзельнічаць у замежных фестывалях.
Новы альбом, які выйдзе ў наступным годзе, калектыў таксама плануе выпускаць праз замежнае выдавецтва.
«Я бачу зацікаўленасць у такой музыцы»
Ніка Юрчук адзначае, што ў апошні час у Польшчы расце цікавасць да традыцыйнай музыкі. Гэта бачна па статыстыцы, у тым ліку ў Spotify. Адной з прычын, дзяўчына называе фільм «Мужыкі» (Chłopi), які выйшаў у мінулым годзе, а таксама іншыя кінастужкі «з традыцыйнымі польскімі матывамі».
На адным з апошніх выступаў «Гайда Банда» ў Варшаве было даволі шмат маладых людзей, адзначае Ніка. Усе весяліліся і танцавалі. Дзяўчына ўпэўненая, што ў грамадстве назіраецца «нейкі зварот да каранёў».
— Магчыма, з-за вялікай колькасці штучнага інтэлекту, электроннага гучання, традыцыйная музыка становіцца цікавай для слухачоў, якія патрабуюць нечага такога натуральнага, — дзеліцца назіраннямі яна. — І калі людзі прыходзяць на канцэрт і бачаць, што музыканты граюць ужывую, без нейкіх дапаможнікаў, то гэта ўздзейнічае на слухача.
Ніка ўпэўненая, што традыцыйная музыка будзе жыць, але пытанне ў тым, ці стане яна больш папулярнай. Па яе словах, асяроддзе прыхільнікаў фолку моцнае, але пастаяннае. І незразумела, ці будуць новыя слухачы «ўваходзіць у такую музыку больш глыбока».
— Мне цяжка казаць, наколькі папулярнай будзе гэтая музыка ў будучыні, але зараз зацікаўленасць я бачу, — падсумоўвае Ніка.
«У нас ёсць некалькі ідэй, як можна яднаць падляшскую музыку з сучаснымі бітамі»
Нягледзячы на поспехі і прызнанне, а таксама цікавасць людзей да фолк-музыкі, пакуль удзел у «Гайда Банда» не прыносіць вялікіх грошаў. Але музыканты атрымоўваюць ганарары за канцэрты і прадаюць кружэлкі.
— Напэўна, кожны артыст хоча зарабляць на музыцы, і ў нейкай ступені мы імкнёмся да гэтага, — тлумачыць Ніка. — Але гэта не проста. І зараз кожны з нас робіць нешта іншае, каб неяк сябе ўтрымліваць. Няма такога камфорту, калі ёсць толькі «Гайда Банда» і гэтага дастаткова на жыццё. На жаль, такія рэаліі, што, калі б мы нават і хацелі прысвяціць сябе толькі музыцы, то гэта не так лёгка зрабіць.
Ва ўсіх ўдзельнікаў «Гайда Банда» ёсць таксама іншыя музычныя праекты. Дар’я Буцкая развівае гурт Duality, які спалучае традыцыйная матывы з аўтарскімі кампазіцыямі, электронікай і перкусіяй. Куба Зімоньчык грае больш гарадскія перадваенныя кампазіцыі ў Orkiestra Tanieczna Bonanza.
Павел Іван удзельнічае адразу ў некалькіх калектывах, напрыклад у Kapela Ozimkowicza і Krajka. А Матэуш Дабравольскі вучыць ігры на бубне і нават робіць туры з майстар-класамі па Польшчы.
— У мяне ж ёсць праект, які я раблю разам з Sw@da, які напалову калумбіец, — расказвае пра сябе Ніка. — Таму гэта музыка базуецца на атмасферы калумбійскай, бразільскай. Паўднёвыя матывы пераплятаюцца з падляшскім белым спевам і рэпам.
Гурт плануе новы альбом і будзе канцэртаваць у гэтым годзе па розных фестывалях. Таксама ў планах — «супрацоўнічаць з іншымі калектывамі, прыцягнуць больш людзей з Падляшша і рабіць невідавочныя рэчы».
— У нас ёсць некалькі ідэй, як можна далей яднаць падляшскую музыку, падляшскую мову і падляшскую манеру з сучаснымі бітамі.
Яшчэ адзін свой праект пад назвай Toń Ніка Юрчук робіць з Антанінай Цар. Гэта спалучэнне электроннай музыкі і эмбіенту з падляшскімі матывамі і мовай. Прэм’ера праекта адбудзецца 2 чэрвеня ў Беластоку на фестывалі электроннай музыкі UP TO DATE.
— Гэта будзе нешта новае, я такога спалучэння яшчэ не чула, — запэўнівае музыкантка.
«Будзем больш эксперыментаваць»
Што датычыцца «Гайда Байда», то гурт плануе канцэрты і ўдзелы ў фестывалях. Ужо 1 чэрвеня пачуць падляшскую музыку можна будзе ў невялікіх Кастамлотах, а 16 чэрвеня — у Варшаве. Таксама пацверджаны выступ калектыву на фестывалі Etnobaltica, які пройдзе 5-7 ліпеня ў паморскай вёсцы Сволава.
Вядзецца работа і над новым альбомам, які плануюць выдаць у наступным годзе. Музыканты спадзяюцца, што грошы на яго, як і на першую кружэлку, дапамогуць сабраць слухачы. Збор ужо арганізаваны.
— У новым альбоме мы трошкі адыдзем ад тыпова танцавальных рытмаў і больш засяродзімся на песні, — расказвае Ніка. — Будуць даволі нестандартныя рытмы, будзе больш спеву, а не толькі інструментальнай музыкі, будуць таксама цікавыя дадаткі, такія як духавыя інструменты, напрыклад варган (музычны інструмент у выглядзе свабодна вагальнага ў праёме рамкі язычка, які прывоздіцца ў рух пальцам ці тузаннем за нітку. — Заўв. MOST). Мы будзем больш эксперыментаваць з рознымі інструментамі, а таксама з формай твораў.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.