Жыхары польскага горада Улацлаўка засталіся без ацяплення і гарачай вады з-за аварыі на цепласетцы. Па паведамленнях гарадскіх уладаў, без цяпла аказалася прыкладна палова насельніцтва, ці 50 тыс. чалавек, па плошчы аварыя закранула 60% Улацлаўка. У школах адмянілі заняткі, дзіцячыя садкі просяць бацькоў не прыводзіць дзяцей. Сям’я беларуса Сяргея жыве ў горадзе ўжо год. Ён распавёў MOST, што адбываецца ва Улацлаўку.
Пра праблемы стала вядома ў панядзелак, 16 лютага. Мэрыя горада паведаміла, што прычынай аварыі стаў разрыў трубы дыяметрам 600 мм — пашкоджанне выявілі ў няўдалым месцы, прыкладна за 300-400 метраў ад гарадской цепластанцыі. Энергасістэма пачала працаваць у аварыйным рэжыме, жыхароў папярэдзілі пра зніжэнне тэмпературы ў дамах, папрасілі без патрэбы не адчыняць вокны, закрыць ралеты і жалюзі, каб зменшыць цепластраты.
18 лютага гарадскія ўлады паведамілі, што ацяпленне вярнулі ў шэраг раёнаў.
«Рапарты мясцовых камунальнікаў былі бадзёрыя»
Сям’я Сяргея жыве ў Польшчы, апошні год — ва Улацлаўку. З падобнай аварыяй ён сутыкаецца ўпершыню.
— У панядзелак (16 лютага. — Заўв. MOST) у сярэдзіне дня мы заўважылі, што знікла ацяпленне. Увечары нам напісалі са школы, што заняткаў заўтра не будзе. Садок таксама папрасіў дзяцей не прыводзіць. Аўторак быў вясёлым днём: мы працавалі разам з дзецьмі, — расказвае ён. — Рапарты мясцовых камунальнікаў былі бадзёрыя — што апоўначы яны знайшлі месца аварыі, цэлую ноч нешта там падрыхтоўвалі і з пяці гадзін ранку яны працуюць над ліквідацыяй наступстваў. Абяцалі гэта скончыць учора надвячоркам. Але і ўвечары мы атрымалі аналагічнае паведамленне, што ў школе зноў не будзе заняткаў і садок просіць не прыводзіць дзяцей. Дзеці радыя, натуральна, а бацькі — не надта.
Сяргей кажа, што дом, дзе ён жыце, цёплы, таму зараз тэмпература ў кватэры складае плюс 19 градусаў. Але паступова становіцца менш камфортна.
— Жонка ўжо надзела другую кофту, — кажа ён. — Камунікаты (афіцыйныя паведамленні. — Заўв. MOST) бадзёрыя. [Маўляў], усё добра, усё пад кантролем. Хутка ўсё будзе зроблена, а гэта [аварыя] нібы невялічкая прыкрасць.
Бацькоў турбуе таксама, што дзеці застаюцца дома — з малымі складана працаваць. Старэйшая дзяўчынка — школьніца, а шасцігадовы сын звычайна наведвае садок.
— Дачка можа спакойна пасядзець, а сын — не, ён жа футбаліст, яму трэба варушыцца.
Сяргея здзівіла, што мясцовыя жыхары даволі спакойна паставіліся да сітуацыі.
— Абураюцца толькі беларусы, палякі моўчкі трываюць. Калі з садка пішуць, што просяць дзяцей не прыводзіць, я выказваю абурэнне. А палякі пішуць: «Добра, Зося застанецца дома».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



