Дар’я Бусел па прафесіі сістэмны інжынер, але ў яе ёсць і іншая праца: яна дапамагае кліентам падбіраць гардэроб. Часта да яе звяртаюцца людзі з IT-сферы: у іх ёсць грошы, але не заўсёды хапае часу самастойна падбіраць адзенне. Пра хобі, якое пачало прыносіць даход, любімыя брэнды і людзей «як у матрыцы» беларуска расказала MOST.
Пасля 2020 года Дар’я разам з партнёрам пераехала ва Украіну, а ўжо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны — у Варшаву.
Стайлінгам Дар’я цікавілася даўно. Яна часта раіла сяброўкам, як лепш апранацца, і нават пайшла на курсы па стылі. У нейкі момант адна з сябровак спытала, ці не думала яна ператварыць гэта ў працу і дапамагаць іншым.
— Спачатку я гэта адкінула, але потым пайшла на адны курсы, пасля — на другія, трэція. Так усё і закруцілася. Я зразумела, што мне сапраўды падабаецца дзяліцца тым, што знаходжу для сябе і што можа быць карысна іншым, — кажа яна.
Цяпер Дар’я працягвае працаваць сістэмным інжынерам, але паралельна кансультуе кліентаў і рыхтуе сваю першую лекцыю-практыкум пра стыль.
«Людзям складана з шопінгам»
Да Дар’і часта прыходзяць людзі, якія пасля пераезду ці іншых жыццёвых змен не разумеюць, як нанова сабраць свой гардэроб.
— Часцей за ўсё людзям складана з шопінгам, — кажа яна. — Прыходзяць з запытам: «Я пераехаў, у мяне ўсё змянілася, я хачу выглядаць па-новаму, але не ведаю, за што зачапіцца».
Сярод кліентаў стылісткі пераважна беларусы і ўкраінцы. Дар’я звязвае гэта з тым, што раней вяла блог на беларускай і англійскай мовах, а таксама доўгі час жыла ва Украіне.
Паводле яе назіранняў, часта да стыліста звяртаюцца людзі з IT-сферы: у іх ёсць грошы, але не заўсёды ёсць час самастойна разбірацца з гардэробам.
— Мае кліенты шмат працуюць, часта вандруюць, таму хочуць, каб адзенне было функцыянальным і лёгка спалучалася паміж сабой, — тлумачыць яна.
Каля 400 еўра — за поўную працу з гардэробам
Дар’я кажа, што ў асноўным працуе анлайн. На яе думку, такі фармат больш зручны і для кліента, і для самога стыліста.
— Нікому не трэба нікуды ездзіць, мы можам усё абмеркаваць у любы момант, — тлумачыць яна.
Яшчэ адна прычына — асартымент польскіх крам. У Варшаве не заўсёды лёгка знайсці рэчы, якія дакладна адпавядаюць запыту чалавека, таму Дар’я часта прапануе анлайн-шопінг і загадзя падбірае варыянты.
Па жаданні кліента можа працаваць і ў гібрыдным фармаце, напрыклад сустрэцца асабіста, разам схадзіць у крамы і разабраць, як рэчы сядзяць на чалавеку.
Паводле стылісткі, поўная работа з гардэробам — з падборам адзення і стварэннем вобразаў — у каштуе каля 400 еўра. Гэта сярэдні кошт па рынку для такога фармату.
«Мне падабаецца падтрымліваць украінскую эканоміку»
Для сябе Дар’я часта выбірае ўкраінскія маркі. Сярод іх, напрыклад, COOSH, Gunia Project і Kachorovska.
— Мне падабаецца падтрымліваць украінскую эканоміку. І па якасці ўкраінскія брэнды часта мацнейшыя, — кажа яна.
Сярод польскіх брэндаў стылістка выдзяляе Chylak, Acephala і Le Petit Trou. Кажа, ёй падабаецца іх стрыманая эстэтыка, якасць і ўвага да дэталяў.
З беларускіх брэндаў яна выдзяляе LSD Clothing, Plum Plum і Masha Maroz Studio. LSD Clothing Дар’я называе сваім «топ-1 беларускім брэндам». За апошнія гады марка вырасла ад скураных вырабаў да паўнавартасных калекцый з верхнім адзеннем, касцюмамі і дэнімам.
«Модныя полькі — гэта тыя, хто ўмее апранацца ў сэканд-хэндзе»
Стылістка заўважае адрозненні ў стылі беларусак, украінак і полек, хоць шмат што залежыць і ад асобы, і ад асяроддзя. Паводле яе назіранняў, украінкі часта выглядаюць больш стылёва, бо ва Украіне вельмі развіты фэшн-рынак і вялікі выбар лакальных брэндаў.
А вось у Польшчы стылістку больш за ўсё ўражвае стаўленне людзей да вінтажу і сэканд-хэнду.
— Модныя полькі — гэта тыя, хто ўмее класна апранацца ў сэканд-хэндзе, — кажа яна. — Тут шмат хто сапраўды ўмее знаходзіць цікавыя рэчы і стылізаваць іх пад сябе.
«Бывае, што мы проста не супадаем. І гэта нармальна»
Праца стыліста часта аказваецца больш звязанай з псіхалогіяй, чым можа здавацца спачатку. Дар’я кажа, што часам ужо падчас працы становіцца зразумела: праблема чалавека не толькі ў гардэробе. Таму перад пачаткам супрацоўніцтва яна праводзіць бясплатную кансультацыю, каб зразумець, ці падыходзяць яны адно аднаму.
— Бывае, што мы проста не супадаем. І гэта нармальна, — тлумачыць яна.
Калі супрацоўніцтва пачалося, а паразумецца не атрымліваецца, стылістка можа вярнуць частку грошай і спыніць яго. Такія сітуацыі здараюцца рэдка, але для яе важна, каб кліент адчуваў сябе камфортна.
Адным з самых незвычайных кейсаў Дар’я называе працу з кліенткай, для якой гардэроб амаль цалкам збіралі з вінтажу і сэканд-хэнду.
— Такія рэчы патрабуюць значна больш часу на пошук, але ў выніку атрымліваецца сапраўды ўнікальны гардэроб, — кажа яна.
«Калі ўсе купляюць адну і тую ж рэч, узнікае адчуванне, што ты ў матрыцы»
Да TikTok- і Pinterest-трэндаў стылістка ставіцца спакойна, але лічыць, што іх важна адаптаваць пад сябе і свой лад жыцця.
— Мне не падабаецца, калі людзі проста капіруюць тое, што бачаць у сацсетках. Калі ўсе купляюць адну і тую ж рэч, узнікае адчуванне, што ты ў матрыцы, — смяецца яна.
На думку Дар’і, трэнды могуць быць карыснымі для натхнення і развіцця «нагледжанасці», калі чалавек не проста капіруе чужыя вобразы, а разумее, што сапраўды падыходзіць менавіта яму.
У будучыні Дар’я хоча зрабіць свае паслугі больш даступнымі і персаналізаванымі. Напрыклад, ператварыць сваю лекцыю-практыкум у своеасаблівы алгарытм, які дапаможа людзям самастойна будаваць уласны стыль.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.





