Наладзіць адносіны з Вітаўтам Вялікім і ягонай дачкой Соф’яй, уступіць у канфлікт з князем Андрэем Гальшанскім, каб не даць ягонай дачцы выйсці замуж за Ягайлу, а паралельна сутыкнуцца з ваўкалакамі, спаткаць дамавіка ці дапамагчы русалкам. Усё гэта можна зрабіць у настольных ролевых гульнях Dungeons & Dragons («Падзямеллі і драконы»), якія праводзіць у Беластоку Вікця Жытнік. Пра тое, што такое D&D, навошта дарослым людзям настольныя ролевыя гульні і як у іх упісваюцца беларуская гісторыя і міфалогія, яна распавяла MOST.
Упершыню з Dungeons & Dragons (D&D) Вікця сутыкнулася выпадкова, калі працавала ў адной з мінскіх кавярняў. Кожны чацвер туды прыходзіла кампанія людзей, якія некалькі гадзін нешта эмацыянальна абмяркоўвалі, кідалі кубікі і шмат смяяліся.
— Наведвальнікаў у кавярні тады было няшмат, таму назіранне за гэтай кампаніяй для мяне было вельмі цікавым, — кажа Вікця. — З часам я стала крыху разумець сэнс гульні, пачала нават прасочваць адносіны паміж персанажамі.
Пасля яна бліжэй пазнаёмілася з адной дзяўчынай з той кампаніі, якая растлумачыла Вікці, што гэта за гульня, а пазней і далучыла да яе, прывёўшы на першую гульнявую сесію.
Сёння Вікця жыве ў Беластоку і з`яўляецца dungeon-майстрам, які праводзіць D&D-сесіі для беларусаў у Польшчы. Яе гульні базіруюцца не проста на класічным фэнтэзі з чараўнікамі і цмокамі, але і на беларускай гісторыі і ўсходнеславянскай міфалогіі. А па-за межамі гульні паміж удзельнікамі адбываюцца сяброўскія сустрэчы і дыскусіі.
Што такое Dungeons & Dragons
D&D — гэта настольная ролевая гульня, у якой гульцы прыдумваюць сабе персанажаў і разам пражываюць гісторыю ў фэнтэзійным свеце. Адзін з удзельнікаў — гэта dungeon-майстар, або майстар гульні: ён апісвае свет, распрацоўвае сюжэт і рэагуе на дзеянні гульцоў. Ён не кіруе гульнёй, а стварае ўмовы, у якіх будуць існаваць персанажы. Калі існуе магчымасць зрабіць нейкі выбар (а яна ў Dungeons & Dragons існуе заўсёды), то яго робяць толькі гульцы.
— Гэта гульня, дзе людзі могуць быць кім заўгодна! — тлумачыць Вікця. — Калі ў жыцці ты пухнаценькі зайчык, то часам хочацца пабыць злодзеем альбо магутным чараўніком і зрабіць тое, чаго ніколі не зрабіў бы ў рэальнасці — і Dungeons & Dragons дае такую магчымасць.
Паспяховасць дзеянняў персанажаў у гульні часцей за ўсё вырашаюць кубікі. Але галоўнае, кажа Вікця, гэта не механікі ці кідкі кубікаў, а сама гісторыя і ўяўленне гульцоў.

«Я нашмат больш праводзіла гульняў, чым гуляла сама»
У Польшчы Вікця жыве ўжо два з паловай гады. Кажа, што на сёння правядзенне настольных ролевых гульняў фактычна з’яўляецца яе асноўнай дзейнасцю.
— Насамрэч я значна менш удзельнічала ў Dungeons & Dragons у якасці гульца, чым праводзіла гульні, — смяецца яна. — Калі я захапілася сусветам D&D, мне было складана знайсці майстра гульні для сябе, таму я стала ім сама. Перад тым як правесці сваю першую D&D-сесію, я паўдзельнічала ў гульні ў якасці гульца ўсяго адзін раз.
Спачатку суразмоўца праводзіла сесіі для свайго хлопца і сяброў дома — і, як жартаўліва адзначае Вікця, удзел для іх быў дабраахвотна-прымусовым. Цяпер жа яна далучылася да валанцёрскай ініцыятывы «Актыўным быць файна», дзе вядзе ўласны гурток па настольных ролевых гульнях.
Звычайна ў групах Вікці ад чатырох да пяці гульцоў, і такіх груп у яе некалькі. Гульні яна праводзіць па-беларуску і большасць удзельнікаў — беларусы.
«У адной групы цяпер разборкі з Андрэем Гальшанскім»
Асноўная асаблівасць D&D-сесій, якія цяпер праводзіць Вікця, — іх сэтынг — выдуманы сусвет, які спалучае класічнае для гэтай гульні фэнтэзі з рэальнай беларускай гісторыяй і міфалогіяй: побач з эльфамі, гномамі і феямі існуюць дамавікі, русалкі і ваўкалакі.
Акрамя гэтага, гульцы маюць магчымасць сустрэць рэальных гістарычных персанажаў і ўзяць удзел у вядомых яшчэ са школы гістарычных падзеях ці нават паспрабаваць змяніць іхні ход. Вікця кажа, што ставіць перад сабой у тым ліку адукацыйныя мэты.
— Цяпер у адной з маіх груп цяжкія адносіны з самім Вітаўтам і ягонай дачкой Соф’яй, а ў іншай ідуць разборкі з князем Андрэем Гальшанскім, дачку якога яны ратуюць ад шлюбу з Ягайлам.

Паводле Вікці, такі фармат дапамагае людзям па-іншаму паглядзець на гісторыю. Часам пасля сесій гульцы яшчэ доўга могуць абмяркоўваць не толькі падзеі гульні, але і гістарычныя, і сацыяльныя тэмы.
— Нядаўна пасля адной сесіі ў нас з гульцамі была дыскусія пра карупцыю на дзве з паловай гадзіны, — успамінае яна. — Мне здаецца, гэта і ёсць тая адукацыйная частка, якую я хацела дадаць у свае гульні.
«Паўгода яны насілі ў пацерцы рапуху, а цяпер носяць цмока»
Самыя цікавыя моманты, кажа яна, здараюцца тады, калі гульцы робяць нешта цалкам нечаканае. Адна з апошніх гісторый — пра балотнага цмока, які павінен быў стаць галоўнай пагрозай для ўсёй кампаніі.
— Я пабудавала вялікую сюжэтную лінію вакол гэтага цмока, — расказвае Вікця. — Але потым высветлілася, што ўдзельнікі яшчэ некалькі сесій таму здабылі магутны магічны прадмет — пацерку, — пра які я проста забылася.
У выніку гульцы літаральна «запакавалі» цмока ў гэтую маленькую рэч.
— Паўгода яны насілі ў гэтай пацерцы рапуху, а цяпер носяць цмока, — смяецца яна.
Іншая група абсалютна нечакана для Вікці перамясцілася ў паралельнае вымярэнне, заселенае феямі, — і ёй прыйшлося на хаду прыдумваць імёны ўсім істотам, якіх там сустрэлі гульцы, праводзіць святы, ладзіць падарожжы.
— Класна, калі да гульцоў прыходзяць такія не класічныя ідэі.
«D&D даўно перастаў быць хобі для нёрдаў»
На думку Вікці, D&D для многіх мігрантаў у Польшчы становіцца не проста хобі.
— Людзі прыходзяць па розныя рэчы: адпачынак, сацыялізацыю, барацьбу са стрэсам, магчымасць пабыць кімсьці іншым, — кажа яна. — Але ў выніку галоўнае, каб усе атрымлівалі задавальненне.
Сёння Вікця ўжо не адзіная майстрыха ў сваёй супольнасці. Некаторыя яе былыя гульцы пачалі самі праводзіць сесіі.
— D&D даўно перастала быць хобі для нёрдаў (батанікаў, зубрыл. — Заўв. MOST), — кажа яна. — І мне вельмі хочацца, каб беларуская супольнасць вакол гэтай гульні расла далей.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



