Беластоцкі фонд «Камунікат» выдаў кнігу Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша». Аўтарка, вядомая са сваёй кнігі пра бежанства 1915 года, расказала пра ўзаемаадносіны беларускай і польскай супольнасці на Беласточчыне, якія выліліся ў трагічныя падзеі першых гадоў пасля Другой Сусветнай вайны. Гэта тэма, якая доўга замоўчвалася.
Кніга Анэты Прымакі-Онішк ўпершыню выйшла ў 2024 годзе на польскай мове ў выдавецтве Czarne, атрымала ўзнагароду чытачоў у найбуйнейшым польскім журналісцкім конкурсе Grand Press.
Кніга прысвечаная трагічным падзеям Другой Сусветнай вайны і перыяду непасрэдна пасля яе. У 1940-я гады польскае антыкамуністычнае падполле распраўлялася з людзьмі, якіх падазравалі ў спрыянні камуністам, а таксама запалохвала беларусаў, каб змусіць тых да выезду ў БССР. У беларускіх вёсках можна было знайсці ўлёткі з патрабаваннем выехаць з Польшчы да 1 сакавіка 1946 года і пагрозамі: «За невыкананне распараджэння — наступствы, як ведаеце».
Самай вядомай трагедыяй таго часу быў рэйд атрада Нацыянальнага Вайсковага Аб’яднання (NZW) пад камандаваннем Рамуальда Райса – «Бурага» па вёсках каля Бельска-Падляскага, які адбыўся ў канцы студзеня – пачатку лютага 1946 года. У яго выніку загінулі 79 чалавек. Аднак Анэта Прымака-Онішк піша, што беларусы гінулі не толькі каля Бельска, але і ў ваколіцах Саколкі, Харошчы.
Гісторыю беларусаў Беласточчыны аўтарка раскрыла праз гісторыю ўласнай сям’і. Яе дзед, Аляксандр Курыла, быў заможным селянінам і вёў гаспадарку ў ваколіцах Кузніцы, па дарозе з Беластока ў Гродна. Падчас савецкай акупацыі ў 1939 годзе суседзі ўгаварылі яго стаць сакратаром сельсавета — хацелі, каб ва ўладзе быў чалавек, якому давяралі. У маі 1945 года Аляксандра забілі польскія антыкамуністычныя падпольшчыкі — назвалі гэта ліквідацыяй камуністычнага дзеяча.
Доўгі час беларусы Беласточчыны размаўлялі пра тыя падзеі толькі прыватна, у коле сям’і і людзей, вартых даверу. Распытаўшы прадстаўнікоў як беларускай, так і польскай супольнасці, Анэта Прымака-Онішк апісала, як тыя падзеі захаваліся ў памяці. Аўтарка паказала, што адны тэмы замоўчваліся, а іншыя – міфалагізаваліся. Карыстаючыся працамі гісторыкаў, архіўнымі дакументамі і сямейнымі ўспамінамі, аўтарка абвяргае многія міфы аб польска-беларускіх адносінах на Падляшшы.
— Варта нешта раскрыць, нешта сказаць, даць голас тым, хто быў пазбаўлены голасу. Я хацела гэта зрабіць так, каб гэта адкрылася, каб гэта было важна для тых, хто з гэтых меншасцяў. З надзеяй, што гэта зблізіць нас. І гэта дапамагло будаваць лепшае грамадства, лепшую будучыню, — казала Анэта Прымака-Онішк падчас атрымання ўзнагароды Grand Press у 2024 годзе.
— Настолькі памяць беларусаў Беласточчыны, менавіта — наша памяць, была забытая, што нават самі беларусы не заўважалі сваёй крыўды і сваёй трагедыі. Зрэшты, чаму тут здзіўляцца? Нават у нас на Беласточчыне пра «Бурага» і яго ахвяр гаварылі толькі «на кухні» і прыглушаным голасам», — расказвае выдавец беларускага пераклада кнігі Яраслаў Іванюк, які нарадзіўся ў Бельску-Падляскім.
З польскай мовы на беларускую кнігу пераклала Наталля Русецкая.
Замовіць кнігу «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» можна ўжо зараз на сайце фонда «Камунікат». Выдаўцы пачнуць высылаць кнігу пасля 20 ліпеня.



