У Польшчы палітыкі, творчыя дзеячы і іншыя вядомыя асобы публічна прачыталі ўрыўкі з паэмы «Дзяды» Адама Міцкевіча. На акцыю «Нацыянальнае чытанне» ў Варшаве былі запрошаныя Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, а ў Беластоку ўрыўкі з «Дзядоў» прагучалі па-беларуску.
Ціханоўская, Латушка і беларускія акторы ў Варшаве
Галоўнае мерапрыемства «Нацыянальнага чытання» пачалося апоўдні 5 верасня каля помніка Міцкевічу ў Кракаўскім прадмесці ў Варшаве. На ўрачыстасці прысутнічалі Караль і Марта Наўроцкія — традыцыйна прэзідэнцкая пара мае патранат над акцыяй.
Мерапрыемства наведалі таксама дэмакратычныя лідары Беларусі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка — яны атрымалі запрашэнне ад прэзідэнта. Падчас урачыстасці Караль Наўроцкі прывітаў Святлану Ціханоўскую.
На працягу трох з паловай гадзін пад помнікам прафесійныя акторы чыталі ўрыўкі з «Дзядоў». У гэтай частцы ўрачыстасці прынялі ўдзел беларускія акторы Аляксей Сапрыкін і Бажэна Шамовіч.
— Каб нацыянальная супольнасць існавала ў наступныя стагоддзі, павінна быць польская мова, на якой вялікія прарокі, вялікія паэты ствараюць свае творы, а іншыя іх чытаюць. Літаратура мае моц пераносіць польскасць праз пакаленні, — сказаў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.
Ён таксама падзякаваў усім артыстам і выказаў радасць, што на сцэне былі і палякі, і беларусы, і літоўцы. У гэты момант на экранах паказвалі фота помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску.
— Міцкевіч — постаць, якая аднолькава блізкая беларусам, палякам і літоўцам. Ён нарадзіўся на Навагрудчыне, а яго творчасць стала часткай нашай агульнай культурнай спадчыны, — напісала Святлана Ціханоўская.

У Беластоку «Дзяды» прачыталі беларусы і палякі з Беларусі
У Беластоку да «Нацыянальнага чытання» далучыўся Цэнтр беларускай культуры. Галоўная ўрачыстасць адбывалася ў Ружанцы ў парку Планты. Падчас яе фрагменты твору на беларускай мове прачытаў актор з Гродна Аляксандр Енджэеўскі. Пазней чытанне «Дзядоў» па-беларуску было паўторана на «Беларускім падворку» на Свяце вуліцы Варшаўскай, што праходзіла 5 верасня ў Беластоку.
Яшчэ адно чытанне «Дзядоў» у Беластоку правялі сябры Саюза палякаў у Беларусі, якія сабраліся на пасяджэнне Кіраўнічай рады арганізацыі. Фрагменты з твора Адама Міцкевіча прачыталі намеснік дзяржаўнага сакратара ў Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Агнешка Ендрчак, старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, журналіст і грамадскі дзеяч Анджэй Пачобут, былы генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Рачкоўскі, а таксама настаўнікі польскай мовы з Беларусі.
Адкуль узяліся «Дзяды»
«Дзяды» — гэта цыкл рамантычных драмаў Адама Міцкевіча, які складаецца з чатырох частак. Другая і чацвёртая часткі «Дзядоў» упершыню выйшлі ў 1823 годзе ў Вільні. Назва твора паходзіць ад беларускага народнага абраду ўшанавання памяці памерлых — ён апісаны ў другой частцы паэмы.
У 1832 годзе ў эміграцыі ў Дрэздэне Міцкевіч выдаў трэцюю частку «Дзядоў», у якой прысутнічаюць гістарычныя і аўтабіяграфічныя матывы. Гэтая частка паэмы апісвае зняволенне віленскай моладзі, якую ў 1823 годзе арыштавалі расійскія ўлады за ўдзел у таварыствах філаматаў і філарэтаў. Па гэтай справе быў арыштаваны і сам Міцкевіч — паэт знаходзіўся ў зняволенні ў кляштары базыльянаў у Вільні з кастрычніка 1823 да красавіка 1824 года. Пішучы паэму, Міцкевіч адлюстраваў сваю асобу ў вобразе Конрада.
«Дзяды» сталі адным з самых вядомых твораў польскай літаратуры, былі перакладзеныя на шматлікія мовы. Пастаноўкі па творы з’яўляліся на сцэнах многіх тэатраў, у тым ліку беларускіх.
У 1999 годзе «Дзяды» пераклаў на беларускую мову Серж Мінскевіч, а ў 2001 годзе — Кастусь Цвірка. У 2022 годзе калектыў Купалаўскага тэатра ў эміграцыі паставіў «Дзяды» на польскіх сцэнах, а ў 2025 годзе — агучыў твор Міцкевіча ў выглядзе аўдыёкнігі.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



