Ужо каля чатырох гадоў беларуская этнапедагагіня Марына Струнеўская жыве ў Вільні, а яе муж Вячаслаў — у польскім Рыбніку. Амаль увесь гэты час ён чакаў рашэння па карце побыту і не мог сам паехаць да жонкі. Марына расказала MOST, як гады жыцця паміж дзвюма краінамі паўплывалі на іх шлюб.
У 2022 годзе пасля пачатку палітычнага пераследу Марына разам з дачкой з’ехала з Беларусі ў Літву: ёй удалося хутка атрымаць літоўскую візу. Вячаслаў спачатку ўвогуле не планаваў з’язджаць з Беларусі. Але праз тры месяцы пасля ад’езду жонкі ён таксама вырашыў пакінуць краіну. Найбольш хуткім варыянтам для яго аказалася польская гуманітарная віза. Так Марына з дачкой апынуліся ў Вільні, а яе муж — у Польшчы.
Праца знайшлася ў Рыбніку — і мужчына паехаў туды. Планавалася, што гэта ненадоўга — толькі пакуль не вырашыцца пытанне з дакументамі.
Ён падаў дакументы на карту побыту яшчэ ў кастрычніку 2022 года — у Сілезскае ваяводскае ўпраўленне ў Катавіцах. Станоўчага рашэння па справе яму давялося чакаць амаль чатыры гады: дэцызію (рашэнне. — Заўв. MOST) ён атрымаў толькі ў жніўні 2026 года. Але самой карты ў яго дагэтуль няма — атрымаць яе ён зможа толькі ў лістападзе. Увесь гэты час мужчына фактычна быў прывязаны да Польшчы і не мог проста сесці ў цягнік ці аўтобус і паехаць да жонкі ў Вільню.
Таму ўсе гэтыя гады ездзіць даводзіцца Марыне. Прыкладна раз на два месяцы яна выпраўляецца з Вільні ў Рыбнік, каб правесці з мужам два дні. Дарога ў адзін бок займае амаль цэлы дзень: восем-дзевяць гадзін у аўтобусе і яшчэ тры-чатыры — у цягніку. Паездка туды і назад абыходзіцца прыкладна ў 130–150 еўра.
— Калі б у яго былі дакументы, маглі б хаця б ездзіць адно да аднаго па чарзе, пакуль не вырашым, што рабіць далей, — кажа Марына.
Ён пераносіць гэта цяжэй
Марына кажа, што адлегласць цяжка даецца абодвум, але мужу — асабліва.
— Я, магчыма, эмацыйна трошкі мацнейшая. Ён мацнейшы фізічна, а эмацыйна яму цяжэй. Я прымаю гэтую рэчаіснасць і стараюся не траціць сілы на негатыўныя перажыванні. Таму што ёсць тое, што мы не можам змяніць. А тое, што можам зрабіць, — робім, — кажа Марына.
Для яе спосаб «не разваліцца» — пастаянна нешта рабіць. У Вільні Марына займаецца беларускай культурай і адукацыяй, кіруе цэнтрам «Свiтанак», які стварыла, працуе з дзецьмі, арганізоўвае паездкі і выступленні.
Муж застаўся ў Польшчы, працуе на заводзе. Часам разам з дарогай яго працоўны дзень займае каля 12 гадзін. Да цяжкасцей з дакументамі ў апошнія гады дадаліся сямейныя. У кастрычніку 2025 года памерла сястра Вячаслава, якая даглядала іх хворых бацькоў.
— Ён быў вельмі прывязаны да сям’і, да сваёй вёскі. Яго ўвесь час цягнула туды, да зямлі, да месца, дзе ён вырас з бабулямі. І гэтыя псіхалагічныя абставіны вельмі на ім адбіваюцца, — кажа Марына.
Таму, калі Марына прыязджае, частка іх кароткага сумеснага жыцця выглядае вельмі проста.
— Я стараюся элементарна дапамагчы яму: прыгатаваць ежу, замарозіць. Ён вельмі любіць галубцы — я стараюся накруціць гэтых галубцоў, замарозіць, каб ён потым мог проста размарозіць і паесці. Катлеты таксама. Ён працуе на заводзе, дзве гадзіны едзе, восем гадзін працуе, дзве — назад. Прыязджае стомлены, а яшчэ трэба нешта прыгатаваць, — кажа жанчына.
У гэтых галубцах і катлетах, якія чакаюць мужчыну ў маразілцы пасля яе ад’езду, цяпер і змяшчаецца значная частка іх сямейнага побыту.
Пагуляць за руку
У дома, другі паверх якога арандуе мужчына, прыгожы двор. Калі надвор’е добрае, Марына і Вячаслаў могуць зладзіць там грыль. Часам прыязджаюць дзеці, сябры-беларусы з Варшавы ці Літвы.
— Ёсць у Рыбніку цудоўная кавярня, там вельмі смачныя дэсерты, асабліва марозіва. Мы любім туды схадзіць, прагуляцца, проста ўзяўшыся за рукі. Там вельмі прыгожа, шмат паркаў. Можна пасядзець на лавачцы. Мы вельмі любім там гуляць, — кажа жанчына.
Часам Марына спрабуе сумясціць свае культурныя паездкі з магчымасцю пабыць разам. Муж ездзіў з ёй у Закапанэ, прыязджаў на фестываль «Тутака». Але ёсць важнае абмежаванне: пакуль у Вячаслава няма карты побыту, сустрэцца яны могуць толькі ў Польшчы. Для Марыны менавіта гэта — адна з самых цяжкіх частак іх гісторыі. Яна параўноўвае гэта з савецкiмi часамi.
— Як калісьці ў калгасах забіралі пашпарты: працуй і сядзі на адным месцы, — злуецца жанчына.
Не размаўляюць кожны дзень
За чатыры гады яны ўжо выбудавалі жыццё на адлегласці.
— Мы размаўляем некалькі разоў на тыдзень. Калі ён працуе ў першую змену, прыязджае гадзін у чатыры-пяць, і мы можам паразмаўляць. А потым у мяне пачынаюцца вечаровыя заняткі, — кажа Марына.
На пытанне, ці сварыліся яны праз адлегласць, яна смяецца:
— Канешне, сварыліся. А хто не сварыцца? Мне проста цікава: ёсць такія сем’і, дзе ўсё так гладка і людзі не сварацца? Я б у іх павучылася.
Але за гэтым жартам — значна больш сур’ёзная праблема. Марына кажа, што яны з мужам па-рознаму глядзяць на будучыню. Яна больш схільная планаваць, думаць пра фінансавую падушку, пра тое, якім будзе іх жыццё праз некалькі гадоў. Муж, паводле яе, больш жыве сённяшнім днём.
«Думалі: магчыма, скончым нашы адносіны»
Марына не хавае, што былі моманты, калі ёй здавалася, што шлюб можа не вытрымаць. Яны і цяпер здараюцца.
— Вельмі шмат сем’яў, мне здаецца, не вытрымалі выпрабавання гэтым выгнаннем, — кажа жанчына.
У нейкі момант размовы пра расстанне сталі ўжо не абстрактнымі.
— Абставіны часам даводзілі да таго, што мы ўжо думалі: магчыма, скончым нашы адносіны. Але вырашылі, што гэтая адлегласць, гэтыя выпрабаванні, магчыма, наадварот, паспрыяюць таму, што мы захаваем сям’ю. Я спадзяюся, што так будзе, — дадае яна.
Але сёння яна глядзіць на гэтыя адносіны ўжо інакш, чым некалькі гадоў таму.
— З вышыні сваіх гадоў я вырашыла, што я ў сябе на першым месцы. І калі мы не глядзім у адзін бок, а глядзім у розныя бакі, то лепш не перашкаджаць адно аднаму. Але я думаю, што ў нас усё атрымаецца, калі будзем старацца абое, — кажа Марына.
А потым яна зноў едзе ў Вільнюс
Здавалася б, самы цяжкі момант кожнай такой сустрэчы — дарога назад, калі Марына зноў садзіцца ў цягнік да Вільнюса. Але яна кажа, што стараецца нават там не пакідаць сабе часу на сум.
— У цягніку, калі вяртаюся ў Вільню, я не думаю пра нейкія філасофскія рэчы. У мяне ёсць расклад: трэба падрыхтаваць заняткі, музыку, наступны выступ, — кажа жанчына.
У дарозе яна можа вышываць беларускі строй. За апошнія гады зрабіла аўтэнтычны строй для дачкі, цяпер шые сабе сарочку.
— Я пастаянна занятая. У мяне няма вольнага часу, каб марнаваць сваё жыццё на нейкія перажыванні. У мяне столькі планаў, мар і мэт — не ведаю, ці хопіць мне гэтага жыцця, каб усё ўвасобіць, — дадае Марына.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



