Аўторак, 6 кастрычніка 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«За каментар, данат ці жарт». Максім Знак — пра пагрозы беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў

MOST MOST
6 кастрычніка 2026, 17:21
Гісторыі
A A
подача на польскую визу

Фота: MOST

Беларуская прапаганда зноў пачала актыўна абмяркоўваць пазбаўленне грамадзянства палітэмігрантаў. Пра гэта ідзе гаворка і ў дакументальным фільме «Выгнаныя з раю», які паказалі на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1». У ім сцвярджаецца, што ў свеце гэта звычайная практыка. MOST паразмаўляў з юрыстам Максімам Знакам пра тое, ці дазваляе беларускае заканадаўства пазбавіць грамадзянства нават тых, хто атрымаў яго па нараджэнні, і што рабіць беларусу, які нечакана даведаецца, што ён больш не грамадзянін сваёй краіны. А яшчэ пра тое, чаму панікаваць пакуль не варта.

«Пазбаўляючы грамадзянства, рэжым губляе пэўныя механізмы кантролю»

— Ці даюць абноўлены закон «Аб грамадзянстве» і Крымінальны кодэкс прававую аснову, каб пазбавіць грамадзянства па нараджэнні?

— Калі адкінуць юрыдычныя нюансы, забыць пра нормы Канстытуцыі і глядзець выключна на практычную магчымасць прызнання беларускімі ўладамі нейкай асобы неграмадзянінам, то з пункту гледжання спецыяльнага беларускага заканадаўства аснова ёсць. Новыя правілы прадугледжаны часткай трэцяй артыкула 19 Закона «Аб грамадзянстве». Яна дзейнічае ўжо больш за тры гады, з 11 ліпеня 2023 года, і закранае тых, хто стаў грамадзянінам па нараджэнні.

Каб закон спрацаваў, павінны адначасова сысціся чатыры ўмовы. Першая: чалавеку больш за 18 гадоў. Другая: ёсць прысуд беларускага суда, які ўступіў у сілу (найхутчэй, завочны, так званая «спецвытворчасці»). Трэцяя: прысуд вынесены па адным з артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адмысловага спісу. Чацвёртая: чалавек знаходзіцца за мяжой.

Варта зазірнуць у спіс крымінальных артыкулаў. Там ёсць генацыд, тэрарызм і дзяржаўная здрада, але побач з імі распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК), заклікі да санкцый (арт. 361 КК), садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361 КК) і нават паклёп на прэзідэнта (ч. 2 арт. 367 КК). Гэта значыць, што на паперы грамадзянства можна страціць за каментар, данат ці жарт. Прычым закон не надае значэння ні форме дзеяння, ні таму, дзе яно было ўчынена.

Літаральнае прачытанне закона дае зразумець, што норма разлічана на тых, хто знаходзіцца за мяжой і ў адносінах да каго вядзецца крымінальная справа. Але ўласцівая правапрымяняльнікам юрыдычная гнуткасць дазваляе тлумачыць норму пра знаходжанне за мяжой і шырэй. Тэарэтычна працэс страты грамадзянства могуць пачаць і ў адносінах да тых, хто быў асуджаны па адмысловым артыкуле (нават адбыўшы тэрмін), альбо на момант пачатку працэсу знаходзіўся за мяжой (нават у камандзіроўцы). З аднаго боку, наўрад ці такая рызыка высокая, бо, пазбаўляючы грамадзянства, рэжым губляе пэўныя механізмы кантролю і да таго ж спрашчае атрыманне міжнародных дакументаў. З іншага боку, ірацыянальныя ўчынкі мы назіралі шматразова, ды і фармулёўку нормы пры неабходнасці можна змяніць.

«Вярнуць грамадзянства вельмі складана»

— Як гэта можа выглядаць фармальна?

— Сама працэдура страты грамадзянства выглядае так. Міліцыя рыхтуе матэрыялы і накіроўвае іх прэзідэнту. На разгляд ёсць да шасці месяцаў. Рашэнне прымае асабіста прэзідэнт сваім указам (гэта паўнамоцтва замацавана і ў арт. 84 Канстытуцыі). Грамадзянства спыняецца ў дзень, калі ўказ уступае ў сілу. Тэарэтычна ўказ можна абскардзіць у Вярхоўным судзе, але давайце будзем шчырымі: наўрад ці атрымаецца яго адмяніць.

Пры гэтым міжнародна распаўсюджаная засцерагальная норма, якая забараняе пазбаўляць грамадзянства, калі ў чалавека няма іншага, у гэтым выпадку наўмысна адключана (ч. 2 арт. 20 Закона). Гэта значыць, што закон свядома дапускае, што чалавек стане асобай без грамадзянства.

Вярнуць грамадзянства вельмі складана. Працэдура аднаўлення ў грамадзянстве на гэты выпадак не распаўсюджваецца, а новую заяву на набыццё грамадзянства ад такога чалавека нават не прымуць да разгляду (арт. 15¹ і 16 Закона).

У афіцыйных крыніцах гучалі заявы, што страты грамадзянства можна пазбегнуць, трэба толькі «вярнуцца і выканаць рашэнне суда». Але гэта чарговая пазаюрыдычная імправізацыя: ніякіх выключэнняў з працэдуры пры вяртанні не прадугледжана. Відаць, маецца на ўвазе, што ў такім выпадку адпаведны ўказ можа не прымацца. Хоць, зноў жа, улічваючы юрыдычную гнуткасць выканаўцаў, нават пры наяўнасці ўказа яго можна скасаваць, нягледзячы на адсутнасць прававой працэдуры.

«Закон супярэчыць не толькі Канстытуцыі, але і самому сабе»

— У старой рэдакцыі Канстытуцыі было прапісана, што ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства, атрыманага па нараджэнні. Змены 2022 года гэтую норму скарэктавалі. Як закон суадносіцца з дзейнай Канстытуцыяй?

— Тут трэба адразу ўдакладніць. У старой Канстытуцыі не было слоў «па нараджэнні». Там проста было напісана, што нікога наогул нельга пазбавіць грамадзянства (арт. 10 Канстытуцыі). І вось што цікава: гэтая забарона засталася ў Канстытуцыі і пасля 2022 года. Нічога не змянілася, усё слова ў слова так.

Змянілася толькі адно слова ў апошняй частцы артыкула 10. Раней там гаварылася, што законам рэгулююцца набыццё і «страта» грамадзянства, цяпер — набыццё і «спыненне». На першы погляд, драбяза, але менавіта на гэтым слове трымаецца ўся канструкцыя. Улады кажуць: мы не пазбаўляем (гэта забаронена), чалавек страчвае грамадзянства. Гэта асаблівая працэдура спынення грамадзянства, урэгуляваная законам (спыненне магчыма ў выніку выхаду з грамадзянства ці страты грамадзянства). Пры гэтым пазбаўлення грамадзянства законам не прадугледжана. Больш за тое, сам закон сярод сваіх прынцыпаў паўтарае, што нікога нельга пазбавіць грамадзянства, і абяцае, што Беларусь імкнецца пазбягаць выпадкаў безграмадзянства (арт. 3 Закона). Атрымліваецца, што закон супярэчыць не толькі Канстытуцыі, але і самому сабе.

Аднак гэтае супярэчнасць не бянтэжыць Канстытуцыйны суд. Згодна з рашэннем ад 1 снежня 2020 года, Канстытуцыйны суд з законам пагадзіўся, заявіўшы, што той адпавядае Канстытуцыі. Зроблена гэта было ў парадку працэдуры папярэдняга канстытуцыйнага кантролю, якая сама па сабе з’яўляецца юрыдычным нонсэнсам: Канстытуцыйны суд разглядае ўсе законы да іх прыняцця, ствараючы канфлікт інтарэсаў, калі справа будзе разглядацца пазней, і робячы практычна немагчымай змену свайго раней вынесенага рашэння.

Мы назіраем чарговы юрыдычны трук, гульню ў словы. Калі дзяржава сваім указам, без згоды чалавека, за яго ўчынак адбірае ў яго грамадзянства, гэта і ёсць пазбаўленне, як яго ні называй.

У Канстытуцыі дагэтуль сцвярджаецца, што яна мае вышэйшую юрыдычную сілу, што акты, якія ёй супярэчаць, сілы не маюць, што Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і што грамадзянін мае права бесперашкодна вяртацца ў краіну (арт. 7, 8, 30 Канстытуцыі), але ёсць нюансы. Да таго ж, пазбаўленне грамадзянства — гэта, па сутнасці, спосаб абысці гэтае права: дзяржава не можа забараніць свайму грамадзяніну вярнуцца, таму спачатку робіць яго «не сваім». Хоць з практычнага пункту гледжання крымінальны пераслед ці банальная адмова ва ўездзе працуюць не горш.

«Адвольнасць відавочная»

— Якія міжнародныя нормы парушае новы закон?

— У Беларусі цяпер увогуле складаная сітуацыя з прызнаннем і выкананнем міжнародных норм. Афіцыйныя крыніцы запэўніваюць, што ўсе меры адпавядаюць міжнароднай практыцы. Але гэта не так, асабліва калі ўлічваць сутнасную частку ўведзеных гарантый.

Па-першае, згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека кожны мае права на грамадзянства, і ніхто не можа быць адвольна яго пазбаўлены (арт. 15). Па-другое, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах замацаваў, што ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены права на ўезд у сваю ўласную краіну (ч. 4 арт. 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 г.). Калі двайнога грамадзянства няма, пазбаўленне адзінага наяўнага пазбаўляе чалавека права мець грамадзянства (і да таго ж выкарыстоўваецца як спосаб абысці права на ўезд у сваю краіну). Іранічна, што Канвенцыя СНД аб правах і асноўных свабодах чалавека, падпісаная ў Мінску, даслоўна паўтарае Дэкларацыю (арт. 24 Канвенцыі СНД ад 26 мая 1995 г.). Але, безумоўна, афіцыйныя асобы патлумачаць, што «тут іншае».

Ёсць і Канвенцыя ААН аб скарачэнні безграмадзянства. Яна прама забараняе пазбаўляць грамадзянства, калі чалавек застаецца без яго, забараняе пазбаўленне па палітычных матывах і нават у выключных выпадках патрабуе справядлівага разгляду ў незалежным судзе (арт. 8 і 9 Канвенцыі аб скарачэнні безграмадзянства ад 30 жніўня 1961 г.). Беларусь у гэтай канвенцыі не ўдзельнічае (хоць збіралася далучыцца), але фактычна канвенцыя фіксуе стандарт, па якім сёння ацэньваюць адвольнасць. А адвольнасць відавочная, калі мы гаворым пра палітычныя «злачынствы», завочны суд без рэальнай абароны, рашэнне адной асобы і свядомае стварэнне статусу людзей без грамадзянства.

— Ці існуюць у краінах ЕС або ЗША прэцэдэнты, калі чалавека пазбаўлялі грамадзянства, атрыманага па нараджэнні?

— У ЗША грамадзянства па нараджэнні гарантуе Канстытуцыя (14-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, 1868 г.). Вярхоўны суд  па справе Afroyim v. Rusk вырашыў, што Кангрэс не можа адабраць грамадзянства без згоды чалавека. Адабраць можна толькі тое, што было атрымана падманам пры натуралізацыі.

Бейс Афройм, які нарадзіўся ў Польшчы і стаў грамадзянінам ЗША, пераехаў у Ізраіль і прагаласаваў там на выбарах. Дзярждэпартамент ЗША адмовіўся прадоўжыць яму пашпарт, спаслаўшыся на закон, паводле якога за гэта можна згубіць грамадзянства.

У Германіі асноўны закон прама забараняе пазбаўляць грамадзянства і дазваляе яго страту толькі тады, калі чалавек не застаецца без грамадзянства (арт. 16 Асноўнага закона ФРГ ад 23 мая 1949 г.).

У Вялікабрытаніі пазбаўленне грамадзянства магчымае, але грамадзянін па нараджэнні пры гэтым не можа стаць апатрыдам. Ва Францыі пазбаўленне тычыцца тых, хто набыў грамадзянства, і зноў жа без стварэння апатрыдаў (арт. 25 Грамадзянскага кодэкса Францыі).

І ў Германіі, і ў шэрагу краін Еўрасаюза (напрыклад, у Даніі, Бельгіі, Нідэрландах) у заканадаўства ўнесеныя нормы, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства (у тым ліку атрыманага па нараджэнні) асоб з двайным грамадзянствам, калі яны асуджаныя за тэрарызм (у некаторых краінах і за іншыя злачынствы), але ствараць апатрыдаў нельга.

«У адказ можа быць запушчана працэдура агульнага прызнання альтэрнатыўных дакументаў»

— Калі Беларусь у аднабаковым парадку пазбаўляе чалавека грамадзянства і анулюе пашпарт, ці прызнаюць гэта іншыя дзяржавы? Ці становіцца чалавек асобай без грамадзянства ў вачах Польшчы ці Літвы?

— Па агульным правіле кожная дзяржава сама вырашае, хто яе грамадзянін, а іншыя дзяржавы гэта прызнаюць, калі гэта адпавядае міжнародным нормам. Тэарэтычна адвольнае пазбаўленне можна і не прызнаваць, тым больш што можа быць не прызнаны агулам аўтарытэт беларускіх уладаў. Але на практыцы дзяржавы хутчэй за ўсё будуць фіксаваць факт: Беларусь гэтага чалавека сваім не лічыць. А міжнароднае вызначэнне апатрыда якраз фактычнае: гэта чалавек, якога ніводная дзяржава не лічыць сваім паводле свайго закона (п. 1 арт. 1 Канвенцыі аб статусе апатрыдаў ад 28 верасня 1954 г.). Так што так: у вачах Польшчы, Літвы ці Германіі такі чалавек, хутчэй за ўсё, стане асобай без грамадзянства.

Але ў кожнай краіны свая сітуацыя і сваё рэгуляванне прызнання апатрыдам, выдачы праязных дакументаў і гэтак далей. Разглядаць гэта цяпер падрабязна не мае сэнсу, бо пагроза пазбаўлення грамадзянства наўрад ці будзе рэалізавана масава. Наадварот, калі гэтая норма пачне выкарыстоўвацца, у адказ можа быць запушчана працэдура агульнага прызнання альтэрнатыўных дакументаў (як ужо здаралася ў гісторыі).

«Можна аддзяліць “заблудшых”  ад “беглых”»

— Закон дзейнічае з 2023 года, а прапаганда толькі цяпер пачала масава раскручваць тэму. З чым гэта, на вашую думку, звязана?

— Мне здаецца, што гэты закон з самага пачатку быў інструментам запалохвання. Настаў час нагадаць пра гэтую пагрозу.

Другое: на ідэалагічным фронце можа быць пэўная збянтэжанасць на фоне вызвалення палітвязняў і пашырэння кантактаў з Захадам. І на гэтым фоне трэба паказаць сваім жа прыхільнікам, што адлігі няма і што можна аддзяліць «заблудшых», якіх можна вярнуць, ад «беглых», якіх трэба адрэзаць. Назва фільма, з якога пачалася новая раскрутка тэмы пазбаўлення грамадзянства, «Выгнаныя з раю», — гэта пасланне не столькі эмігрантам, колькі тым, хто застаўся: у вас рай, а там выгнанне.

«Стрэльба даўно ўжо вісіць на сцяне, але калі яна раптам і стрэліць, то гэта наўрад ці будзе кулямётная чарга»

— Што павінна адбыцца, каб гэты інструмент псіхалагічнага ціску ператварыўся ў рэальную масавую практыку?

— Наколькі мне вядома з адкрытых крыніц, на пачатак кастрычніка 2026 года няма ніводнага публічна пацверджанага выпадку, калі беларуса па нараджэнні пазбавілі грамадзянства менавіта па новай падставе.

Пакуль прэцэдэнту няма, гэта перш за ўсё псіхалагічная зброя. Стрэльба даўно ўжо вісіць на сцяне, але калі яна раптам і стрэліць, то гэта наўрад ці будзе кулямётная чарга.

Рэжым не выкарыстоўвае гэты механізм не з-за спачування сваім апанентам, а з-за разумення наступстваў такой авантуры. Па-першае, масавае пазбаўленне грамадзянства і стварэнне апатрыдаў выкліча рэакцыю міжнароднай супольнасці, і будуць прынятыя захады альбо па максімальным спрашчэнні працэдур легалізацыі, альбо па прызнанні беларускіх дакументаў (то-бок становішча пазбаўленых можа палепшыцца). Нават без прыняцця адмысловых мер факт пазбаўлення грамадзянства стане дастатковым доказам у справах па міжнароднай абароне, а магчыма, і пры разглядзе пытанняў пра выдачу грамадзянства.

Па-другое, негатыўная рэакцыя замежных краін на новую гібрыдную атаку (на гэты раз сваімі ўласнымі экс-грамадзянамі) можа выклікаць новыя санкцыі і іншыя наступствы.

Па-трэцяе, пазбаўляючы грамадзянства, рэжым губляе частку рэпрэсіўных магчымасцяў і частку кантролю, а гэта рэжыму заўсёды не падабаецца. Не будуць дзейнічаць некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса (напрыклад, здрада дзяржаве), не будзе нейкіх абавязкаў (напрыклад, службы ў войску), нельга будзе карыстацца манаполіяй «роднай дзяржавы» і гэтак далей.

«Пазбаўленне грамадзянства само па сабе не робіць знаходжанне за мяжой незаконным»

— Што рабіць беларусу, якога пазбавілі грамадзянства, калі ў яго няма дазволу на жыхарства ці іншага грамадзянства? Як да такіх людзей ставяцца міграцыйныя службы і што можа здарыцца, калі чалавек даведаецца пра гэта нечакана, напрыклад на пашпартным кантролі?

— Першае: не панікаваць, пакуль не з’явяцца прэцэдэнты. Другое: пазбаўленне грамадзянства само па сабе не робіць знаходжанне за мяжой незаконным, калі ўжо ёсць дакументы для побыту. Калі ж дазволу на жыхарства няма, можна адразу звяртацца па міжнародную абарону. Сам факт пазбаўлення грамадзянства за палітычную пазіцыю — гэта моцны доказ пераследу. Статус уцекача дае і легальнасць, і праязны дакумент.

Што датычыцца нечаканасцяў на пашпартным кантролі, то мы ведаем, што беларускія пашпарты часам анулююць і без пазбаўлення грамадзянства. Інфармацыя пра гэта можа трапіць у міжнародныя базы нядзейных дакументаў, у тым ліку ў базу Інтэрпола. Памежнік будзе бачыць, што дакумент нядзейны, і будзе дзейнічаць адпаведна. Звычайна, калі гэта адбылося не ў той краіне, якая цесна супрацоўнічае з Мінскам, з сітуацыяй разбяруцца, але на гэта спатрэбіцца пэўны час.

— Ці быў у свеце такі масавы досвед?

— Так, і ён добра вядомы. Самы блізкі для нас — савецкі. Дэкрэтам 1921 года бальшавікі пазбавілі грамадзянства эмігрантаў, якія не вярнуліся. Мільёны людзей апынуліся без дакументаў, і ў адказ Ліга Нацый увяла нансенаўскі пашпарт, першы міжнародны дакумент для апатрыдаў. Параўнанне вельмі красамоўнае: калі дзяржава адмаўляецца ад сваіх людзей, свет і самі людзі ствараюць ім новы дакумент.

Другі прыклад — нацысцкая Германія, якая спачатку пазбаўляла грамадзянства палітычных праціўнікаў па імянных спісах, а ў 1941 годзе — адным актам усіх яўрэяў за мяжой.

Яшчэ адзін прыклад, вельмі цікавы для Беларусі і найбольш свежы, — Нікарагуа. У лютым 2023 года рэжым Артэгі выслаў у ЗША 222 палітвязняў і пазбавіў іх грамадзянства, праз некалькі дзён — яшчэ 94 чалавекі. Адначасова апеляцыйны суд Манагуа абвясціў іх «здраднікамі радзімы», пажыццёва пазбавіў права займаць дзяржаўныя пасады і прыняў рашэнне аб пазбаўленні іх нікарагуанскага грамадзянства.

Каб надаць гэтаму выгляд законнасці, Нацыянальная асамблея Нікарагуа ў экстранным парадку (літаральна за лічаныя гадзіны) прыняла змены ў заканадаўства. Аднак пры гэтым узнікла грубая канстытуцыйная супярэчнасць. Артыкул 20 Канстытуцыі Нікарагуа на той момант прама сцвярджаў: «Ніводзін грамадзянін [па нараджэнні] не можа быць пазбаўлены свайго грамадзянства». Замест таго каб адмяніць гэты артыкул (што патрабавала больш складанай працэдуры і адкрыта парушала б міжнародныя канвенцыі), дэпутаты пакінулі яго, але экстранна ўнеслі папраўку ў суседні артыкул 21, дадаўшы палажэнне: «Здраднікі радзімы губляюць статус грамадзяніна Нікарагуа». Знаёмая юрыдычная тэхніка.

Масава пазбаўлялі грамадзянства таксама ў Бахрэйне, М’янме (этнічную групу рахінджа) і Дамініканскай Рэспубліцы.

«Дзяржава можа забраць пашпарт. Але быць беларусам — гэта не надпіс у пашпарце»

— Калі ўлады ўсё ж пачнуць пазбаўляць грамадзянства беларусаў за мяжой, у што гэта выльецца для краіны ў доўгатэрміновай перспектыве?

— Для краіны, як і іншыя дзеянні па пазбаўленні ад сваіх грамадзян, гэта страта самай актыўнай часткі нацыі, яе грошай, ведаў, сувязяў і замацаванне падзелу на «сваіх» і «чужых» беларусаў. Але гісторыя дае і іншы ўрок: такія ўказы амаль заўсёды ў выніку анулююцца. Напрыклад, у 1968 годзе Федэральны канстытуцыйны суд Германіі прызнаў нацысцкі ўказ аб масавым пазбаўленні грамадзянства нікчэмным з самага пачатку. У 1990 годзе СССР вярнуў грамадзянства Аляксандру Салжаніцыну і іншым выгнаным пісьменнікам і дысідэнтам. Указ аб пазбаўленні грамадзянства — гэта, па сутнасці, дакумент, у якім дзяржава сама сабе прызнаецца, каго яна баіцца. Праз гады такія спісы чытаюцца як спісы гонару.

Практычных пытанняў, вядома, можа ўзнікнуць шмат. Напрыклад, пытанне для сем’яў. Дзеці ў гэтым выпадку грамадзянства не губляюць (арт. 23 Закона). Гэта значыць, што могуць з’явіцца сем’і, дзе бацькі «чужыя» для той дзяржавы, грамадзянамі якой застаюцца іх дзеці.

Але ў цэлым у доўгатэрміновай перспектыве фармальнае пазбаўленне грамадзянства не нашмат горшае за фактычнае выпіхванне за мяжу без магчымасці вярнуцца на радзіму. Кепскія наступствы ўжо ёсць.

Што тычыцца беларускай гісторыі, тут варта ўзгадаць паэтку Ларысу Геніюш. Пасля савецкіх лагераў адмовілася прымаць савецкае грамадзянства і да смерці ў 1983 годзе жыла ў Зэльве асобай без грамадзянства. Дзяржава можа забраць пашпарт. Але быць беларусам — гэта не надпіс у пашпарце.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АналізАртыкулыГалоўнаеГрамадзянства

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

стоянка дальнобойщиков

«Товара почти на полмиллиона долларов». Дальнобойщики, которые работают в Польше и Литве, поделились заработками и условиями

MOST
6 кастрычніка 2026, 14:51

Александр возит грузы на фуре в польской компании, а Дмитрий работает на автовозе в литовской. Оба беларусы. Они рассказали MOST, как устроен их рабочий день, сколько они зарабатывают...

telePIN в Польше

«Рука тянется к карману, а телефона там нет». Как политзаключенные выпадают из цифрового мира, а потом заново привыкают к нему

MOST
6 кастрычніка 2026, 12:53

После года без смартфона рука еще помнит, куда нажимать. После пяти с половиной лет забывается ощущение от телефона в руках. Возвращение в цифровой мир — один из множества...

Вадзім Пашкоўскі

«Як толькі я камусьці скажу пра гэта — маё жыццё скончыцца». Былы палітвязень прызнаўся, што яго завербаваў КДБ і адправіў у Польшчу

MOST
6 кастрычніка 2026, 11:19

23-гадоваму жыхару Жлобіна Вадзіму Пашкоўскаму за пратэсты далі спачатку «хімію», а потым перавялі ў калонію. А калі ён вызваліўся сталі вербаваць і адправілі ў Польшчу выконваць заданні. Аказаўшыся...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты