У выходныя Павел Трыпуць бярэ гітару, каб адыграць на канцэртах Лявона Вольскага і «Крамбамбулі», а потым вяртаецца ў Варшаву, каб на працоўным тыдні выкладаць музыку дзецям і дарослым. У польскай сталіцы ўжо некалькі гадоў дзейнічае школа гітары і вакалу OpTeamist. Музыка распавёў MOST, чым польскі падыход да заняткаў адрозніваецца ад беларускага і чаму падчас урокаў часам прыходзіцца быць не толькі гітарыстам, але і таварышам.
«Пісаў у сацсетках, што я ў Варшаве і даю ўрокі гітары»
Павел Трыпуць — прафесійны гітарыст. Некаторы час ён выкладаў у прыватнай музычнай студыі ў Варшаве, а падчас эпідэміі кавіду вырашыў адкрыць уласную.
Вывучыў варшаўскі рынак, атрымаў датацыю ад дзяржавы для падтрымкі малога бізнесу. Калі школа запрацавала, туды спачатку ішлі беларусы і ўкраінцы, пасля дадаліся і польскія вучні. Попыт быў высокім — нават не даводзілася замаўляць платную рэкламу.
— Усё атрымалася на рэпутацыі: проста пісаў у сацсетках, што я ў Варшаве і даю ўрокі гітары. Хто мяне ведаў, пачалі пісаць. Аказалася, тут шмат беларусаў, якія пераехалі і да пратэстаў.
Заўважаючы, што людзі цікавяцца музыкай, праз паўтары года Павел вырашыў адкрыць дадатковы напрамак вакалу. Для выкладання запрасіў былую палітвязынку і вакалістку Юлію Марчанку (Юніцкую). Памяшканне для заняткаў знайшлося ў тым жа будынку.
— Зноў спрацавала сарафаннае радыё — і студыя пайшла, — згадвае Павел.

«Вучань размаўляў па-ўкраінску, я адказваў па-беларуску»
З моманту адкрыцця студыі варшаўскі музычны рынак моцна змяніўся, адзначае Павел. Канкурэнцыя значна вырасла, штогод падымаюцца цэны на музычныя паслугі, а сталічная аўдыторыя, па назіраннях гітарыста, часткова дзеліцца на польскае і эмігранцкае кам’юніці.
— Лічу, гэта не кепска. У кожнай сталіцы павінна быць канкурэнцыя, якая спрыяе развіццю. Зараз у Варшаве з’явілася значна больш клубаў, а таксама калабарацый украінскіх і беларускіх музыкаў з палякамі.
У студыі Паўла заняткі ідуць на трох мовах: беларускай, польскай і рускай.
— Быў вучань з Украіны, які размаўляў са мной па-ўкраінску, а я адказваў па-беларуску. Вельмі класна прайшлі заняткі, не было ніякіх праблем.

«За ўвесь год магу так і не паказаць ніводнай гамы»
Большасць вучняў, якія звяртаюцца да Паўла, не мараць стаць вядомымі або прафесійнымі музыкамі. Дарослыя прыходзяць на заняткі, каб пераключыць увагу з працы і крыху расслабіцца. Бацькі ж прыводзяць дзяцей і падлеткаў у студыю, каб прывіць тым цікавасць да музыкі.
Першы занятак Павел прысвячае інтарэсам вучняў — даведваецца, якую музыку тыя любяць слухаць. На наступных сустрэчах пераходзяць да практыкі, якая па фармаце нагадвае рэпетыцыю — вучань грае разам з Паўлам.
— Мая методыка будуецца на тым, каб даць шмат актыўнасцяў і музыкі: не як у савецкіх школах білі лінейкай па пальцах, калі гаму не вывучыў. Калі бачу, што чалавек не любіць гэтыя нудныя гамы, то за ўвесь год магу яму ніводнай так і не паказаць. Затое ён сыграе пад 50 відаў рыфаў, вывучыць 20 песень — і будзе шчаслівы.
У Беларусі — Nirvana, у Польшчы — Dua Lipa
Павел паспеў папрацаваць выкладчыкам гітары і ў беларускіх музычных школах. Параўноўваючы ўласны досвед, музыка адзначае, што падыходы ў краінах адрозніваюцца.
— На мой погляд, у Польшчы падыход больш скрупулёзны: настаўнікі разам з калегамі праходзяць курсы, ідуць па запатэнтаваных падручніках з мінусоўкамі пад кожны трэк, большасць з іх — практыкуючыя музыкі, якія граюць у гуртах. Памятаю, што, калі ў Беларусі яшчэ сам быў вучнем музычнай школы і каледжа, шмат з маіх педагогаў зусім не гралі.

Тым не менш, агульныя рысы ў выкладанні Павел таксама заўважыў. І ў Беларусі, і ў Польшчы вучням па класе гітары распавядаюць пра асноўныя рыфы і класіку року.
— Deep Purple, Озі Осбарн, Scorpions, Nirvana, — пералічвае Павел выканаўцаў, чыю музыку вывучаюць у абедзвюх краінах. — Але ж менавіта ў Польшчы шмат тых, хто любіць больш джазавую і фанкавую музыку з 70-х і 90-х. Вельмі шмат папулярнай амерыканскай музыкі накшталт Бруна Марса і Дуа Ліпа — людзі хочуць гэта спяваць і вучыцца граць гэтыя рыфы на гітары.
«Мама з турмы тэлефануе»
Заняткі ў студыі Паўла праходзяць у розных фарматах. Дарослыя вучні аддаюць перавагу індывідуальным або анлайн-урокам, дзеці і падлеткі часцей займаюцца ў групах.
— У Беларусі здаралася такое, што да цябе прыводзяць маленькага дзіцёнка, і трэба, каб праз месяц ён граў «Во саду ли в огроде» ці «Кузнечика». У Польшчы я зусім з такім не сутыкаўся. Калі дзіцёнак зусім малы, бацькі больш звяртаюць увагу на тое, каб ён быў шчаслівы і задаволены.
Пры працы з падлеткамі Паўлу часам даводзіцца займаць ролю старэйшага таварыша. Беларус згадвае, як адзін з яго вучняў размаўляў амаль толькі матам — тады Павел запытаўся, як у падлетка справы ў школе. Высветлілася, што ёсць нявырашаны канфлікт з настаўнікам.
— Пасля яго маці мне сказала, што дзіця вярнулася зусім іншым. Па дзіцёнку або падлетку адразу відаць, калі штосьці адбываецца, нават калі ён сам гэтага не разумее. Я стараюся далікатна даведацца, у чым прычына.

Падчас заняткаў здараюцца і эмацыянальна складаныя моманты. На ўрокі да Паўла хадзіла дзяўчынка, чые бацькі адбывалі тэрмін у беларускай турме па палітычных справах. Павел называе яе вельмі таленавітай: хутка ўспрымала інфармацыю і старанна вучылася.
— Сядзім на другім ці трэцім уроку, граем. Тут яе бабуля ўскаквае са слёзамі на вачах і кажа дзяўчынцы: «Мама з турмы тэлефануе». Божа, гэта канешне такі момант быў.
«Не люблю слова “педагог”, я — музыка»
Выкладанне ў музычнай школе Павел сумяшчае з канцэртнай дзейнасцю. Пятніцу і выходныя прысвячае гуртам, у якіх грае. Акрамя яго, у студыі выкладаюць яшчэ некалькі прафесійных гітарыстаў — усе беларусы.
— Не люблю слова “педагог”, такое яно савецкае. Я ў першую чаргу гітарыст і музыка. Займаюся гэтым, таму што мне цікава. А музыка, на мой погляд, павінна прыносіць задавальненне, — кажа Павел.
«Ждал несколько месяцев». Беларусский музыкант получил в Польше господдержку и открыл свою школу
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



