Выдавецтва Gutenber Publisher выпусціла калоду метафарычных карт «Цмок». У аснове карт — спалучэнне беларускай міфалогіі і культуры, а таксама псіхалагічнага інструменту «кола балансу жыцця». Карты распрацаваў беларус Сяржук Сай. MOST даведаўся ў аўтара, як ствараліся карты і ці можна іх прынесці ў кампанію палякаў, каб лепш пазнаёміць іх з беларускай культурай.
Метафарычныя карты — інструмент, які працуе як праекцыя падсвядомага. Чалавек выцягвае з калоды карту і інтэрпрэтуе абстрактныя малюнкі і надпісы ў адпаведнасці са сваім станам. Картамі карыстаюцца як для асабістых мэтаў, так і падчас псіхалагічных трэнінгаў.
Прыдумаў, як перадызайніць беларускія святы
Аўтар метафарычнай калоды «Цмок» — беларус Сяржук Сай. Апошнія гады мужчына жыве ў Амерыцы, дзе працуе UX-дызайнерам. Ідэя стварэння карт з’явілася ў Сяржука ўжо ў эміграцыі.
— У нейкі момант я падумаў: умоўны Дзень Прэзідэнта ЗША не мае для мяне сэнсу, але вялікае значэнне мае дзень, калі я выпусціўся з універсітэта або мой сябар сказаў, што я для яго важны. Тады я пачаў разважаць: а якія ж даты важныя для мяне як для персоны?
Аўтар прышоў да высновы, што даты павінны быць заснаваныя на кітах — святах беларускай культуры. Але ж святаў шмат: ёсць свецкія, паганскія, рэлігійныя, народныя. Каб абраць тыя, якія пасуюць, Сяржук скарыстаўся візуальным псіхалагічным прыёмам, які называецца «Кола балансу жыцця». Гэта інструмент, праз які чалавек ацэньвае, на якіх узроўнях знаходзіцца восем ключавых сфер яго жыцця: здароўе, адпачынак, творчасць, кар’ера, грошы, адносіны, самаразвіццё і сям’я.
Кожную з гэтых сфер аўтар суаднёс з беларускім народным святам.
— Прыдумаў, што такім чынам можна перадызайніць святкаванне гэтых святаў. Напрыклад, на Багач збіраюць зерне, таму я звязаў яго са сферай здароўя: летам беларус папрацаваў, а восенню можа нарэшце заняцца здароўем і паехаць адпачываць.
«Для мяне гэта сімвалічна, бо я нарадзіўся ў год Цмока»
Да канцэпцыі калоды Сяржук дадаў яшчэ адзін важны для беларускай міфалогіі элемент — цмока. Праз працу з картамі аўтар прапануе беларусам вырасціць унутранага цмока, які будуецца на сістэме каштоўнасцяў і добра ведае свайго ўладара.
— Для мяне гэта сімвалічна, бо па кітайскім календары я нарадзіўся ў год цмока. У апошні высакосны год, які акурат быў годам цмока [2024-ы], я і скончыў працу над калодай, якая вялася сем гадоў, — кажа Сяржук.
На адваротным баку карт размешчаныя беларускія прымаўкі — кожны з карыстальнікаў можа трактаваць іх па-свойму, каб лепш зразумець унутраны стан і адшукаць адказы на важныя пытанні. З адборам адпаведных прымавак Сяржуку дапамагаў паэт Давыд Паддубскі. Ён прааналізаваў вялікую кнігу беларускіх фразеалагізмаў і адабраў пэўную колькасць выразаў, якія на яго думку з’яўляюцца найбольш ключавымі для беларускай культуры і сутнасці.
— Гэты сэт я ўзяў як аснову і дадаў тыя прымаўкі, якія я хачу бачыць у калодзе — атрымалася такая камбінаваная версія, — кажа Сяржук.

«Хутка дадам у калоду карту на польскай мове»
Прымаўкі на картах напісаныя «латкай» — лацінскай версіяй беларускага алфавіту, якую распрацаваў сам аўтар. Сяржук прызнае, што «латка» — дастаткова эксперыментальны фармат алфавіту, але пры гэтым больш зразумелы для ўспрымання і набору на клавіятуры.
І хаця ў першую чаргу карты распрацоўваліся для беларусаў, працаваць з імі змогуць, напрыклад, украінцы, палякі і чэхі.
— Лічу, што пасля ўкраінцаў, палякі — наступная блізкая нам нацыя сярод усіх суседзяў. Думаю, што ў хуткім часе дадам у калоду карту на польскай мове, дзе будзе кароткае апісанне, як гэтым карыстацца.
Аўтар калоды дадае, што карты можна прыносіць і ў інтэрнацыянальныя сяброўскія кампаніі.
— Калі я рабіў расклады амерыканцам, яны не разумелі мовы, але пасля тлумачэння прымаўкі іх вочы мяняліся. Карта выпадкова трапляла ў іх сітуацыю. Гэта не магія — гэта тое, як працуе падсвядомасць, — тлумачыць Сяржук.
«Прымаўка, гэта канцэнтрат мудрасці»
І ўсё ж такі ў першую чаргу аўтар заклікае менавіта беларусаў карыстацца калодай. Кажа, што «Цмок» дапаможа лепш зразумець сябе.
— Прымаўка — гэта канцэнтрат мудрасці, і калі яна трапляе ў цябе выпадкова, трапляе мацней, чым калі хтосьці навучае цябе жыць, — упэўнены Сяржук.
Калода метафарычных карт «Цмок» будзе даступная для пакупкі 5 снежня. Перадзамова ўжо распачалася.



