Як гродзенцы-эмігранты выдавалі газеты ў Мексіцы і Аргентыне

У пачатку мінулага стагоддзя эміграцыя з Заходняй Беларусі была распаўсюджанай з’явай. З’язджалі па розным прычынам. Часцей за ўсё людзі ехалі на заробкі і пасля вярталіся да дому. Былі і тыя, хто выязджаў назаўсёды, у пошуках лепшай долі. Сярод мігрантаў было шмат яўрэяў, якія пакутавалі ад дыскрымінацыі і нават пагромаў. Бадай што самым папулярным кірункам эміграцыі былі Злучаныя Штаты або краіны Паўднёвай Амерыкі. MOST расказвае гісторыі гродзенцаў, якія стварылі за акіянам свае газеты. 

Рубінштэйн і Мексіка

Гісторыя гарадзенца Мойзэса Рубінштэйна ў параўнанні з лёсамі іншых эмігрантаў даволі нетыповая. Гэты чалавек не меў матэрыяльных праблем і быў даволі вядомым чалавекам у міжваенным Гродне. Ён таксама вырашыў пакінуць свой горад, але як на тыя часы выбраў для эміграцыі экзатычную краіну — Мексіку. Там гродзенцу ўдалося зрабіць даволі паспяховую кар’еру.

Мойзэс Рубінштэйн нарадзіўся ў Гродна ў 1906 годзе. Ён закончыў яўрэйскае рэлігійнае вучылішча — іешыву, а пазней вучыўся ў тэхнічнай школе ў Вільні.

Пасля вяртання ў Гродна ён заняўся журналісцкай дзейнасцю і актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё горада. У міжваенны перыяд яўрэі складалі да 40% насельніцтва Гродна. У горадзе выдаваліся некалькі газет на мове ідыш, якія мелі сваю спецыфічную аўдыторыю чытачоў. Напрыклад, у залежнасці ад палітычных поглядаў гродзенскія яўрэі падзяляліся на сацыялістаў, прыхільнікаў сіянізму. Таксама былі артадаксальныя і неартадксальныя яўрэі. Першыя складалі большасць жылі адпаведна з рэлігійнымі законамі, насілі традыцыйнае адзенне.

Польскія яўрэі ў эміграцыі ў Мексіцы ў 1920-я гады.

У 1925 годзе Рубінштэйн пачаў супрацоўніцтва з газетай на ідыш Grodno moment («Гродзенскі момант»). Гэта была штодзённая газета, без палітычнага зместу. Там публікаваліся ў асноўным камерцыйныя аб’явы. У наступным годзе ён стаў рэдактарам іншай гродзенскай газеты — Unzer Lebn («Наша жыццё»). Гэта быў штотыднёвік, папулярны ў сіяністскім асяроддзі, то бок сярод прыхільнікаў адраджэння яўрэйскага народу на гістарычнай радзіме — у Ізраілі.

У 1936 годзе Рубінштэйн вырашыў пакінуць Стары Свет. Невядома, што паслужыла прычынай такога рашэння. Магчыма, гэта быў яўрэйскі пагром, што здарыўся ў Гродне годам раней, а магчыма ўзмацненне фашызму ў Еўропе. У адрозненні ад сваіх суайчыннікаў ён выбраў на першы погляд нетыповы варыянт для пераезду і накіраваўся ў Мехіка, сталіцу Мексікі. З іншага боку, у гэтай краіне ў канцы 1930-х гадоў сфарміравалася даволі арганізаваная яўрэйская дыяспара. Мясцовыя яўрэі мелі ў Мексіцы свае грамадскія арганізацыі, перыядычныя выданні, школы і сінагогі.

Пасля пераезду Рубінштэйн працаваў спачатку журналістам у газеце Der weg («Шлях»), але ўжо ў 1936 годзе заснаваў сваю ўласную газету Die tsayt («Час»), якую выдаваў і рэдагаваў напрацягу двух гадоў. Ад красавіка 1939-га Рубінштэйн выдаваў і рэдагаваў газету Di Shtime («Голас»). Таксама ён напісаў некалькі кніг пра жыццё яўрэйскіх эмігрантаў у Мексіцы і асобны том пра побыт у Мехіка Льва Троцкага. Памёр Мойзэс Рубінштэйн у Мехіка ў 1980 годзе. Яго дачка Бэккі, якая нарадзілася ўжо ў Мексіцы, стала там вядомай паэткай і пісьменніцай.

Сінай і Аргентына

Адным з першых гродзенцаў у Аргентыне быў яўрэй Мардэхай Сінай. Мардэхай трапіў у Паўднёвую Амерыку са сваёй сям’ёй у 1894 годзе. Яго адправілі ў Аргентыну як духоўнага настаўніка гродзенскай абшчыны.

Сын Мардэхая Мійл Сінай пасля пераезду ў сталіцу Аргентыны заснаваў першую яўрэйскую газету Der Viderkol у 1898 годзе. Разам з калегамі ён рабіў яе ўручную на літаграфскім станку. Да гэтага моманту ў Аргентыне не было прэсы на іўрыце ці ідышы. Яна з’явілася дзякуючы выхадцу з Гродна. Пісаў Мійл спачатку на ідыш, потым на іспанскай мове.

У 1948 годзе ён стаў адным з аўтараў часопіса «Рэха Гродна», які доўгі час быў папулярны ў Аргентыне і выпускаўся да 1985 года.

У 1951 годзе Мійл Сінай у адным з нумароў «Рэха Гродна» падзяліўся сваімі ўспамінамі. Вось адзін з урыўкаў:

«Паколькі я нарадзіўся ў Гродне і там атрымаў адукацыю, я хачу распавесці, якім быў горад 60 гадоў таму. Як вядома, Гродна з незапамятных часоў і з тых часоў, як там пасяліліся яўрэі, быў крэпасцю юдаізму. Паколькі гэта было месца, дзе Тору шмат вывучалі, нездарма Гродна атрымаў вядомасць. Я з’ехаў з горада ў 1894 годзе, калі мне было 17 гадоў, і ў той час Гродна ўжо быў на высокім культурным узроўні з пункту гледжання юдаізму. Дарослыя і маладыя людзі, багатыя і бедныя, усе хадзілі ў храм. Траціна яўрэяў, калі не палова, вывучала Тору. Калі ў гэты час сустракаліся на вуліцы два яўрэі, іх размова пачыналася з таго, што адбылося ў жыцці вывучэння свяшчэннай кнігі: адзін распавядаў іншаму пра падзеі свайго храма і пра тое, што яны вывучалі, і пра дыскусіі мудрацоў. Яўрэі асабліва займаліся вывучэннем Торы, але не пакідалі ў боку сваіх рамёстваў. У той час яны жылі гандлем, вырабамі ці прафесіямі. Існуе нават прыказка, якая абвяшчае “Тора — лепшы гандаль”».

Унук Мійла Хаўер Сінай стаў вядомым журналістам у Аргентыне. Ён выдаў сваю кнігу пра сям’ю Сінай і першых гродзенскіх перасяленцаў у Аргентыну.

Праз 123 гады пасля пераезду Мардэхая Сіная за акіян, Хаўер прыехаў у Гродна, каб пазнаёміцца з радзімай продка, а таксама расказаць гісторыю гродзенскіх яўрэяў, якія пасяліліся ў Аргентыне. Два арыгінальныя выпускі часопіса «Рэха Гродна» Хаўер перадаў у гродзенскую сінагогу ў якасці экспаната для Музея яўрэяў Гродзеншчыны. Ён спадзяецца, што так гродзенцы хоць трохі даведаюцца пра гродзенскі род Сінай з Аргентыны i іншых тамтэйшых яўрэяў.

 

Аўтар: Шымон Гарадзенскі

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

кухни в Варшаве

Беларусы открыли в Варшаве салон кухонь, но клиенты так и не дождались заказов. Раньше недовольные клиенты были у них и в Москве

В Варшаве двое беларусов открыли салон кухонь. Это мог бы быть вдохновляющий кейс об успешном бизнесе, но не все клиенты салона оказались довольны качеством оказанных услуг. А около...

как выучить эсперанто

«Границы стираются». Беларуска нашла необычный способ адаптироваться в эмиграции — стала изучать эсперанто

Беларуска Мария (имя изменено) нашла необычный способ адаптироваться в эмиграции — начала изучать эсперанто. Это искусственный язык, созданный Людвиком Лазарем Заменгофом, известным окулистом и лингвистом из Белостока. Именно...

инвалид в Польше

Беларус потерял работу в Варшаве и оказался на улице. Теперь он ведёт блог о жизни бездомного и собирает донаты

Виктору Аникеенко 46 лет. Ещё недавно он работал курьером в Варшаве и имел крышу над головой. Но полтора года назад получил травму и теперь не может оплатить жильё....