80 гадоў таму 12 сакавіка 1943 года было знішчана Гродзенскае гета, нямногіх ацалелых вязняў вывезлі ў Беластоцкае гета. Праз суткі па нямецкіх данясеннях Гродна стаў «юдэнфрай» — «вольны ад яўрэяў». У выніку за некалькі этапаў у Гродне была цалкам знішчана яўрэйская абшчына. Пасля Другой сусветнай вайны з амаль 30-тысячнай абшчыны ў жывых засталося некалькі сотняў чалавек. Праз гады на тэрыторыі былога гета знайшлі шмат цікавых знаходак: ад залатога скарбу да дзённіка з фотаздымкамі гродзенскіх яўрэяў. MOST расказвае пра самыя цікавыя знаходкі.
Гісторыя гета ў Гродне
У Гродне акупацыйныя нямецкія ўлады абвясцілі аб стварэнні двух гета для яўрэяў 1 лістапада 1941 года. Яны знаходзіліся ў двух кіламетрах адзін ад аднаго. Гета № 1 (на 15 000 чалавек) знаходзілася ў квадраце вуліц Замкавая — Вялікая Траецкая (мяжа па яры) — Віленская, Савецкая. Гета № 2 (на 10 000 чалавек) размяшчалася ў квадраце праспект Касманаўтаў — вуліца Антонава — Лідская — Белуша — Паліграфістаў.
Абодва гета напярэдадні перасялення туды яўрэяў абгарадзілі калючым дротам. Уваход быў арганізаваны толькі праз адну браму, якую ахоўвалі жандары і гестапаўцы. За самавольны выхад з гета пагражаў расстрэл на месцы або павешанне. Яўрэі з Гродна і ваколіц былі знішчаныя ў некалькі этапаў на працягу 1941−43 гадоў. Большасць вязняў вывезлі ў лагеры смерці Аўшвіц і Трэблінка.
У сярэдзіне сакавіка 1943 года яўрэяў з Гродна перавезлі ў Беластоцкае гета. Пасля гэтага Гродна на мове гестапа было «юдэнфрай» — «вольным ад яўрэяў». Аднак паліцыя бяспекі ўтрымоўвала 12−15 кваліфікаваных рамеснікаў для ўласных патрэб і размясціла іх на заднім двары свайго будынка. Пра іх лёс дакладных звестак няма. Вядома, што некаторыя з гродзенскіх яўрэяў удзельнічалі ў паўстанні ў гета Беластока, якое было жорстка падаўлена.
Дзённік
Запісы дзённіка апавядаюць пра некалькі месяцаў у «маліне» — хованцы, дзе хаваліся гродзенскія яўрэі падчас ліквідацыі гета ў 1943 годзе.
Дзённік выпадкова знайшоў на руінах Гродзенскага гета ксёндз Цітус Стшалевіч. Яго памер — 10,3×6,5 сантыметраў. Дзённік быў у палатнянай вокладцы. Да яго прымацаваны кароткі чорны аловак. На кніжцы зроблены надпіс па-руску: «Записная». Нататкі вяліся па-польску з 12 лютага па 8 красавіка 1943 года.
З дзённіка можна зразумець, што аўтару было каля 40 гадоў. Яго дачку Тосеньку забілі. Што стала з жонкай Фэляў і сынам Генэкам, невядома. Невядома і імя аўтара дзённіка і што з ім адбылося.
Знойдзены дзённік у 2011 годзе на чатырох мовах апублікаваў гарадзенскі ксёндз Юзаф Макарчык, які сёння жыве ў Вільні. Арыгінал дзённіка быў адпраўлены ў Ватыкан.
Сямейны архіў Капіцы
Сёння рэчы Ісака Капіцы знаходзяцца ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. У ліпені 2018 года іх можна было ўбачыць на выставе скарбаў.
Знаходку выявілі ў 1993 годзе падчас рамонту дома на вуліцы Вялікай Траецкай. Тады будаўнікі знайшлі багаты фотаархіў і культавыя прадметы сям’і Ісака Капіцы, які жыў у гэтым доме ў міжваенны час і меў тут сваю пральню. Тады гэты дом меў адрас Пераца 23.
Рэчы, хутчэй за ўсё, былі схаваны пад канец 1942 года, калі пачалася ліквідацыя гродзенскага гетта і сям’я Ісака Капіцы назаўсёды пакінула родны дом.
Адшуканы фотаархіў дае магчымасць уявіць сабе жыццё гродзенскай яўрэйскай сям’і цягам першых чатырох дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Найбольш раннія здымкі адносяцца да часу службы Ісака Капіцы ў расійскай арміі. Капіца пачынаў служыць у Пензе ў 10-й роце 178-га пяхотнага палка. 28 чэрвеня 1918 года Капіца ажаніўся і праз нейкі час сям’я канчаткова асела ў Гродне, дзе на вуліцы Пераца адкрыла пральню. У ёй працаваў сам Ісак разам з усімі членамі сваёй сям’і. Імя Ісака Капіцы ёсць у спісе падаткаплацельшчыкаў за 1937−38-я гады. Ці выжыў у гета Ісаак Капіца, невядома.
Фатаграфіі Канчука
Будынка на вуліцы Антонава, дзе знайшлі фатаархіў, даўно няма. На яго месцы ўзвышаецца гасцініца «Сямашка». На гарышчы старога аднапавярховага дома, які ў 1941 годзе знаходзіўся каля ўваходу ў Гета №2, гродзенец Віктар Малей у 1980-я гады знайшоў старыя альбомы з фотаздымкамі. Паміж альбомнымі старонкамі ляжалі лісты з Амерыкі ў Польшчу і Гродна. Усяго каля 50 фотаздымкаў на якіх было жыццё польскіх яўрэяў у міжваенны перыяд.
На здымку, зробленым у 1924 годзе, значыцца: «на памяць для сябра З. Канчука». Адпраўнік — Абрагам Вазвуцкі. Яшчэ адно фота, зробленае ў 1929-м: «Канчук Меіл Вольф, мой сябар, на вечную табе памяць… памятай пра наша сяброўства ў самы цяжкі час». Можна меркаваць, што альбом належаў сям’і па прозвішчы Канчук. Па спісах людзей, якія жылі на Іерусалімскай у 1930-х, нікога з такім прозвішчам там не знайшлі. Па дадзеных ізраільскага гісторыка Рут Маркус, Канчук і Вазвуцкі родам з польскага Аўгустова, магчыма падчас нямецкай акупацыі яны былі пераведзены ў гета горада Гродна. Паводле дадзеных «Яд Вашэм», ізраільскага мемарыяла Халакоста і гераізму, абодва загінулі падчас Халакосту.
Сёння фатаграфіі Канчука, знойдзеныя на тэрыторыі былога гета, знаходзяцца ў рэдакцыі MOST Media.
Скарб Эфраіма і Рывекі
У лютым 2016 года будаўнікі знайшлі ў доме на вуліцы Антонава 4/1 яўрэйскі скарб часоў Другой сусветнай (4 пярсцёнкі і 13 манет). На пярсцёнках напісаны імёны Эфраім і Рывека, а таксама дата іх шлюбу, прыблізна 1920-я гады. Верагодна, у архіве можна знайсці больш падрабязную інфармацыю аб гэтых людзях і дзе яны жылі да вайны, але гэтым пытаннем ніхто не займаўся. Можна толькі меркаваць, што людзі схавалі свае каштоўнасці падчас вайны, калі знаходзіліся ў гета. Скарб мог схаваць чалавек, які жыў у доме, або пазней перасяліўся сюды ў гета. Столькі манет можна было схаваць у далоні, шкарпэтцы і г. д. Хутчэй за ўсё, золата схавалі ад безвыходнасці. Яўрэі ведалі, што ўсіх вывязуць, але надзея на вяртанне заставалася.
Будаўнікі вырашылі дзейнічаць згодна з заканадаўствам — выклікалі міліцыю і археолагаў. У выніку знаходку апісалі і забралі на часовае захоўванне ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Знаходцы надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. А рабочым і ўласнікам будынка (усяго 7 чалавек) гродзенскі гарвыканкам павінен быў перавесці на рахунак узнагароджанне. Праз сем месяцаў грошы былі пералічаны ўсім рабочых і ўласнікам будынка — братам Быкоўскім.
У якую суму скарб ацанілі, мы не ведаем, але можам сказаць, што кожнаму на рахунак было пералічана 669 рублёў [рэд. MOST — на ўсіх 4683 рублі], — казалі браты Быкоўскія. Мы з братам, як уласнікі будынка, адразу ж грошы перадалі на дабрачыннасць, як і казалі раней. Дарэчы, будынак дзе знайшлі скарб, атрымаў назву «Клад».
Скарб у скрынцы ад тытуню
У 2018 годзе падчас будаўнічых работ у доме №3 на вуліцы 2-й Працоўнай на гарышчы будаўнікі знайшлі схаваную скрыначку ад тытуню. У ёй былі ўпрыгожванні, манеты 19-20 ст., зубныя каронкі і некалькі кавалкаў паперы. Верагодна, каштоўнасці схавалі яўрэі перад ліквідацыяй гета, бо дом якраз знаходзіўся на тэрыторыі былога гета №1. Скарб знайшоў будаўнік Уладзімір Страковіч. Будынак, дзе знайшлі скарб, быў пабудаваны ў 1894 годзе, уладальнікам яго быў яўрэй Хаім. Падчас Другой сусветнай вайны гэты дом знаходзіўся на тэрыторыі гета. Хто і калі схаваў скарб, невядома.
У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі знаходку ацанілі і прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Яе кошт склаў $19 500. Паводле закону ўласніку будынка і таму, хто знайшоў скарб, належыла па 50% ад усяго кошту скарбу. У выніку гісторыя з знаходкай на Працоўнай скончылася толькі праз год: рабочыя і ўласнік будынка на 2-й Працоўнай атрымалі законнае ўзнагароджанне за скарб, які знайшлі ў 2018 годзе. Кожны атрымаў па 5070 рублёў.