Марыя Краснер — 20-гадовая студэнтка, якая вучыцца на IT-менеджарку ў Польшчы. Маці Марыі — Ганна Краснер — была дызайнеркай-канструктаркай, а таксама ўладальніцай салона вясельных сукенак у Віцебску. У 2023 годзе, ужо ў эміграцыі, жанчына пайшла з жыцця. Гэтая падзея шакавала сям’ю. У памяць пра маці і жонку Марыя з бацькам вырашылі працягваць яе справу — заснавалі ў Польшчы брэнд вясельных сукенак Krasner. Пра маці, пераезд у Польшчу, заснаванне брэнда і яго развіццё Марыя расказала MOST.
«Праходзіла шлях ад дзяўчынкі з вёскі да дызайнеркі з міравым імем»
Ганна Краснер працавала канструктаркай адзення на заводзе, а пасля — шыла вясельныя сукенкі па найме.
— У 2010 годзе, пасля нараджэння майго малодшага брата, маці вырашыла, што больш не хоча працаваць на «цёцю» ці «дзядзю», і на грошы, якія ім з бацькам падарылі на вяселле, закупілася тканінай. У той час мы жылі ў інтэрнаце ад бацькавай працы — ён быў настаўнікам у віцебскім універсітэце — і менавіта туды да маці пачалі прыходзіць [першыя кліенты], — расказвае Марыя.
Прыкладна ў 2013 годзе сяброўка сям’і прапанавала Ганне пераехаць у свабодны пакой сваёй трохпакаёвай кватэры. Яна прыняла прапанову і цягам наступных пяці гадоў ладзіла там сваю маленькую студыю вясельных сукенак. А ў 2018 годзе зняла памяшканне ў гістарычным цэнтры Віцебска, зрабіла там рамонт і адкрыла студыю — «сваё асабістае месца сілы».
Са сваімі працамі дызайнерка прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах: Paris fashion week, Milan fashion week, Moscow fashion week і выйгравала некаторыя з іх. Наколькі вядома Марыі, у яе маці былі падпісаныя ўмовы з Vogue Paris.
— Пры гэтым маці была вельмі сціплая. Але было вельмі цікава назіраць за тым, як яна праходзіла шлях ад дзяўчынкі з вёскі да дызайнеркі з міравым імем.
— Да 2020 года ўсё было добра. Потым пачаўся ковід, і колькасць замоў скарацілася. А за ім — пратэсты ў Беларусі. У той час маці казала, што ў яе знікае жаданне тварыць і што ўвогуле большасць людзей зараз не жэняцца, бо гэта — свята на касцях, — успамінае Марыя.
«Было відаць, што яна зноў гарыць сваёй справай»
У 2021 годзе сям’я пераехала ў Польшчу. Там бацьку Марыі прапанавалі добры офер па працы — зараз ён менеджар у IT. Тут да Ганны адразу пачалі звяртацца па пашыў сукенак, але яна вырашыла, што пакуль не хоча гэтым займацца. У свае 42 гады яна пайшла вучыцца на тэсціроўшчыцу, а паралельна вучыла англійскую мову. У 2022 годзе жанчына выйшла на працу.
У верасні 2023 года ёй паступіла прапанова паўдзельнічаць у шлюбным кірмашы ў Варшаве (Targi ślubne) — гэта мерапрыемства, якое аб’ядноўвае пад адным дахам ад 100 да 300 экспанентаў, якія прапаноўваюць разнастайныя вясельныя паслугі.
— Яна вырашыла вярнуцца да справы свайго жыцця і за месяц стварыла калекцыю вясельных сукенак, — расказвае Марыя. — Было вельмі прыемна, што на кірмашы палякі падыходзілі і казалі: «Ваў, як крута, як класна!» Яе гэта вельмі натхняла. Было відаць, што яна зноў гарыць сваёй справай.
«Усё адбылося па пстрычцы пальцаў»
Праз два з паловай тыдні пасля ўдзелу ў кірмашы, 5 лістапада, Ганна памерла.
— Бывае, людзі хварэюць, і [сваякі] могуць псіхалагічна падрыхтавацца да таго, што чалавек можа памерці. У маёй жа маці развівалася анеўрызма ў мозгу, і ўсё адбылося па пстрычцы пальцаў. І гэта вельмі фруструе. Нават зараз.
«Нават калі справа прагарыць, гэта будзе лепш, чым усё проста скончыцца»
— Ідэя працягваць працу маці — не мая. У першыя некалькі тыдняў пасля смерці маці бацька спаў у маім пакоі, бо частка гэтага пакоя была ператвораная ў маміну майстэрню. Там стаяла яе швейная машынка і ўсе дробязі, віселі вясельныя сукенкі. Падчас чарговай размовы бацька сказаў, што было б добра працягнуць маміну справу. І нават калі гэтая справа прагарыць, гэта будзе лепш, чым усё проста скончыцца з мамінай смерцю.
Сям’я падзялілася думкай са знаёмай, якая займаецца брэндамі адзення ў Варшаве. Праўда, вясельнымі сукенкамі яна ніколі раней не займалася, але пагадзілася паспрабаваць. Акрамя гэтага, сям’я звярнулася ў кампанію, якая дапамагла зарэгістраваць ІП на імя Марыі.
Зараз у камандзе шэсць чалавек. Акрамя Марыі і яе бацькі працуюць маркетолаг, спецыялістка па камунікацыях у інстаграме, спецыялістка па тэхнічнай частцы — яна дапамагла звязацца са швейным цэхам, зрабіць 3D-мадэлі сукенак, якія Ганна шыла ў Польшчы, і рэканструяваць іх пад памеры любой кліенткі. Яшчэ адзін член каманды займаецца стылізацыяй сукенак, а ў будучыні будзе весці камунікацыю з кліентамі і праводзіць прымеркі.
— Дарэчы, яна замаўляла шлюбную сукенку ў маёй маці ў 2023 годзе, і апынулася так, што яны пасябравалі. А муж гэтай дзяўчынкі — калега майго бацькі. Калі яна даведалася, што пасля смерці маці мы збіраемся працягваць справу, — захацела нам дапамагчы.
На аўтсорсе ў Марыі таксама ёсць бухгалтарка і юрыстка.
Што прапаноўвае брэнд і колькі гэта каштуе
Зараз можна купіць вясельныя сукенкі, аксесуары да іх, накідкі і пеньюары. Сярэдні кошт сукенкі з улікам індывідуальнага пашыву, прымеркі і гарантыі складае 6-7 тыс. злотых.
— Асаблівасць нашых сукенак у тым, што ўсе яны зробленыя з любоўю. Уся наша каманда пранікнутая ідэяй «Сукенкі як мастацтва» і адданая сваёй справе. І калі маці была з намі, і пасля яе смерці мы атрымлівалі шмат паведамленняў, што дзяўчаты мараць мець шлюбную сукенку ад маёй маці. І зараз у нас ёсць магчымасць гэтую мару здзейсніць.
Праз шэсць месяцаў працы над брэндам каманда мае дзевяць мадэлей сукенак. Яны таксама бралі ўдзел у здымках для Canon. Увесь гэты час сям’я інвеставала ў брэнд і не атрымлівала прыбытку. А першыя заказы з’явіліся зусім нядаўна.
— 31 жніўня наш малады брэнд будзе ўдзельнічаць у Першым беларускім фестывалі моды і прыгажосці ў Варшаве. Там мы спачатку прэзентуем яго на канферэнцыі, а потым у межах паказу прадэманструем некалькіх нашых сукенак, — дзеліцца планамі Марыя. — Зараз у нас ёсць вялікія амбіцыі і адданасць справе, дзякуючы якім, думаю, у нас усё атрымаецца.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.