Абгарэлыя бюлетэні з выбараў 2020 года, сцяжок з Валадаркі, кавалкі турэмнай сцяны, журналісцкія пасведчанні і дакументы выбарчых кампаній. Усё гэта — экспанаты выставы «Дэпатрыяцыя», якая 9 чэрвеня адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.
Назва выставы апісвае рэчаіснасць, у якой апынуліся беларусы пасля 2020 года: цяпер нацыянальныя сімвалы і нават многія асабістыя рэчы нельга бяспечна захоўваць дома — за іх можна трапіць пад пераслед. Апошнія месяцы каманда музея разам з людзьмі ў Беларусі працавала над тым, каб вывезці і захаваць рэчы, якія могуць стаць падставай для крымінальнай ці адміністрацыйнай справы.
Усяго беларусы перадалі для праекта 173 экспанаты. На выставе прадстаўленыя 53 з іх. Таксама музей атрымаў некалькі тысяч фотаздымкаў і відэазапісаў. З меркаванняў бяспекі многія гісторыі застаюцца ананімнымі. Матэрыялы, якія не ўвайшлі ў фізічную экспазіцыю, прапаноўваюць паглядзець праз 3D-акуляры: наведнікі могуць убачыць алічбаваныя фотаздымкі, плёнкі і іншыя перададзеныя музею сведчанні.

Абгарэлыя бюлетэні з Брэста
Адным з самых моцных экспанатаў арганізатары называюць бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Гэта камплект з 20 бюлетэняў, якія ўдалося выратаваць ад поўнага спалення ў печы кацельні ў Брэсце пасля выбараў.
Іх музею перадала былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Яна расказала, што праз некалькі дзён пасля выбараў да яе прыйшлі людзі і перадалі гэтыя абгарэлыя бюлетэні.
— Я не ведала гэтых людзей, але яны разумелі, што гэта трэба захаваць. Гэта ўжо была не проста папера, а доказ таго, што адбывалася ў Беларусі пасля 9 жніўня, — расказала Паліна Шарэнда-Панасюк.
На выставе гэтыя бюлетэні выглядаюць як фрагменты спаленай гісторыі: частка тэксту яшчэ чытаецца, краі абгарэлыя. Побач — подпіс, што яны былі выратаваныя з печы кацельні горада Брэста пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Сцяжок з Валадаркі, кавалкі турэмнай сцяны і папяровы спектакль
Адзін экспанат арганізатары вылучылі асобна — бел-чырвона-белы сцяжок з Валадаркі. Яго перадаў былы палітзняволены, тэатральны рэжысёр Андрусь Прага.
З гэтым сцяжком палітзняволеныя правялі сімвалічны марш на Дзень Волі ў 2021 годзе ў Мінскім абласным следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага.

Разам са сцяжком Андрусь Прага перадаў музею некалькі кавалкаў сцяны з Валадаркі. Пра тое, як іх удалося вынесці з турмы, расказала тэатральная рэжысёрка, жонка Андруся Нэлі Піліпейка. Паводле яе, Андрусь схаваў каменьчыкі сярод брудных рэчаў, якія забіраў з сабой пасля вызвалення.
— Гэта былі рэчы, якія трэба было проста вынесці. Ён паклаў гэтыя каменьчыкі разам з бруднай вопраткай, і так яны выйшлі з турмы. Цяпер гэта ўжо не проста кавалкі сцяны, а частка памяці пра месца, праз якое прайшлі палітзняволеныя, — расказала Нэлі Піліпейка.
Падчас адкрыцця на экране паказвалі міні-спектакль з папяровых фігурак. Іх Андрусь выкарыстоўваў для спектакля ў турме, а пасля таксама змог вывезці з сабой.
— Так у экспазіцыі з’явіўся не толькі матэрыяльны след зняволення, але і сведчанне таго, як нават у турэмных умовах людзі працягвалі ствараць, размаўляць і трымацца за культуру, — адзначае адзiн з арганiзатараў выставы.

Пашкоджанае журналісцкае пасведчанне і выпуск «Камсамольскай праўды»
Журналістка Кацярына Карпіцкая перадала музею сваё пашкоджанае журналісцкае пасведчанне «Нашай Нівы». Яго спрабавалі парваць міліцыянеры.
Разам з пасведчаннем яна перадала выпуск «Камсамольскай праўды» ад 15 жніўня 2020 года. Гэты нумар выйшаў у першыя дні пасля выбараў і пратэстаў, калі людзі шукалі ў медыя хоць нейкае тлумачэнне таго, што адбываецца ў краіне. На першай старонцы газеты былі фота збітых людзей, а ўнутры — матэрыялы пра забастоўкі на МАЗе і МТЗ, патрабаванні новых выбараў і спынення гвалту.
— Гэта быў асаблівы выпуск — паводле маіх звестак, самы чытаны за ўсю гісторыю газеты. Для мяне важна, каб гэтыя рэчы не зніклі і засталіся сведчаннем таго часу, — сказала Кацярына Карпіцкая.

Дакументы выбараў і праваабарончая памяць
Сярод экспанатаў ёсць і рэчы, звязаныя з выбарчымі кампаніямі розных гадоў. Журналіст і праваабаронца Уладзімір Лапцэвіч перадаў сваю выбарчую ўлётку 1992 года, калі ён быў кандыдатам у дэпутаты Цэнтральнага раённага савета Магілёва, а таксама асобнае меркаванне члена Магілёўскай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта 2010 года.
На выставе таксама прадстаўленыя пасведчанні, звязаныя з выбарчай кампаніяй 2020 года: каардынатара ініцыятыўнай групы па вылучэнні Валерыя Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты і Святланы Ціханоўскай як кандыдаткі ў прэзідэнты.

«Спадзяюся, прыйдзе час, калі гэтую выставу можна будзе паказаць у Мінску»
Падчас адкрыцця дырэктар Дэпартамента культурнай дыпламатыі і прамоцыі МЗС Польшчы Роланд Хайнацкі адзначыў, што хацеў бы калісьці ўбачыць гэтую выставу ў Мінску.
— Я спадзяюся, што прыйдзе час, калі гэтую выставу можна будзе паказаць не толькі ў Варшаве, але і ў Мінску, — сказаў ён.
Па выніках праекта музей выдаў аднайменную кнігу «Дэпатрыяцыя». У яе ўвайшлі 50 экспанатаў — як тыя, што прадстаўленыя на выставе, так і тыя, якія не трапілі ў экспазіцыю.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



