Яўген Гуцалаў ночыў у джунглях, ішоў пешшу з Вены да Стамбула і крочыў па польскім Падляшшы ўздоўж беларускай мяжы. Ён аматар дзікага кемпінгу — і на гатэлі амаль не выдаткоўвае. Падарожнік распавёў MOST, як разумеўся з жыхарамі невялікіх вёсак, якія не ведаюць англійскай, і чаму беларускім эмігрантам варта наведаць польска-беларускую мяжу.
Любоў падарожнічаць у Яўгена з дзяцінства, калі на канікулах у вёсцы разам з сябрамі хлопец хадзіў на рэчку.
— Канешне, гэтыя падарожжы былі не такімі працяглымі і без начлегу ў дзікай прыродзе, але я вывучаў свет і наваколле — у прынцыпе ўсё тое самае, што я раблю зараз.
«Я павінен быў выпіць тры чарачкі ракіі»
Любоў і цікавасць да дзікага кемпінгу — адзіночных падарожжаў пешшу з палаткай — Яўген адкрыў для сябе ўжо ў дарослым узросце. Тры месяцы, напрыклад, ён вандраваў аўтаспынам па Тайландзе — беларус згадвае, як лазіў па джунглях і нават заставаўся там на некалькі начэй.

Іншае вялікае падарожжа Яўгена — 2,5 тысячы кіламетраў пешшу з Вены да Стамбула.
— Бывае, што я катаюся па гарадах. Але мне канешне больш падабаецца фармат дзікага кемпінгу: гэта краявіды, яднанне з прыродай. У адзіноце разумееш, хто ты на самой справе — часціна гэтага сусвету, — разважае Яўген.
Шлях у Турцыю пралягаў праз Сербію. Беларус з усмешкай згадвае, як амаль у кожнай сербскай вёсцы яго спрабавалі пачаставаць ракіяй — моцным балканскім алкагольным напоем.
— Адразу звалі на падворак або да сябе на лаўку. Я згодна з традыцыяй павінен быў выпіць тры маленечкіх чарачкі — па 15-25 грамаў кожная — і ісці далей. У выніку я спыняўся прыкладна на гадзіну, каб пагутарыць і зарадзіць тэхніку.

«З Партугаліі да мыса Гібралтар ішоў месяц»
Яўген прытрымліваецца філасофіі ультралайт — гэта значыць, у дарогу ён бярэ заплечнік, спальнік і намёт. Летні камплект гэтых рэчаў не перавышае ў беларуса двух кілаграмаў.
У падарожжах Яўген гатуе некаторыя стравы на партатыўнай газавай плітцы, а прадукты накшталт булачак, мяса ці рыбы набывае ў крамах. Ночыць беларус у намёце, а раз у некалькі дзён, калі трэба адпачыць, здымае гасцініцу на адну ноч.
Пры такіх умовах, распавядае ён, падарожжы атрымліваюцца адносна бюджэтнымі. Часамі паходы Яўгена пакрываюць спонсары — кампаніі, чыю прадукцыю ён рэкламуе ў сваіх сацсетках.
— З Партугаліі да мыса Гібралтар я ішоў месяц — і патраціў 200 еўра. Нават на фінішы засталося яшчэ каля 20-30 еўра. На якую халеру мне патрэбны пяцізоркавы гатэль, калі я магу паставіць намёт на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна з шыкоўнымі краявідамі, а вакол не будзе нікога, — разважае беларус.

«Заходзь, калі ласка, і жыві»
Яўгену складана прыгадаць, каб падчас падарожжаў ён трапляў у небяспечныя сітуацыі або нарываўся на канфлікты. Ён упэўнены, што пазбегнуць гэтага дапамагае паважнае стаўленне да культуры краіны.
— Проста заставацца чалавекам. Калі ідзеш да сусвету з адкрытым сэрцам, то і сусвет, і людзі будуць адказваць тым жа. Так, калісьці даўно былі выпадкі з невялічкімі канфліктамі, але людзі наўпрост былі пад уздзеяннем алкаголю.

Яўген дадае, што ў мусульманскіх краінах да людзей, якія падарожнічаюць пешшу, увогуле ставяцца з вялікай павагай.
— У ісламе ёсць слова, якое можна перакласці як «паломнік». Цябе лічаць за госця, пасланага Алахам, — таму пакладзена ўсё самае лепшае: заходзь, калі ласка, і жыві.
Беларус падарожнічае па мясцінах, жыхары якіх пераважна не валодаюць англійскай мовай. Пераадолець моўны бар’ер дапамагае штучны інтэлект, які перакладае словы адразу падчас размовы.
— Націснуў кнопку і размаўляй — ніякіх праблем не бачу, — кажа беларус.
Ішоў татарскім шляхам і ўздоўж беларускай мяжы
Пасля вымушанай эміграцыі ў Польшчу Яўген пачаў часцей падарожнічаць і па гэтай краіне. Напрыклад, беларус ужо прайшоў з Костшына-над-Одрай да Старгарда-Шчэцінскага, а вясной з Варшавы пешшу дабраўся да Кракава.

Адно з апошніх падарожжаў Яўген зладзіў па Падляшшы — рэгіёне, які мяжуе з Беларуссю. Штуршком стала знаёмства з профілем у сацсетках беларускі з Палесся, якая разам з мужам набыла дом на Падляшшы.
— І ўсё: [мясцовая] гаворка — як мёд для вушэй. Мяне чэпанула, і я зразумеў, што павінен быць там. Стартаваў у Варшаве, а скончыў маршрут каля возера Вігры. З Сакулкі ішоў татарскім шляхам да Крушынян (вёска на Падляшшы, дзе жывуць этнічныя татары. — MOST), а пасля — уздоўж [беларускай] мяжы, — успамінае Яўген.
«Гаспадар дастаў бутэльку самагонкі, якая па-мясцоваму называецца бімбер»
Падарожжа беларуса доўжылася 27 дзён. За гэты час Яўген толькі аднойчы пераночыў у гатэлі, што месціцца ў Ломжы. Неяк беларус спытаўся ў мясцовага фермера, ці можа разбіць намёт побач з яго ўчасткам.
— Потым мяне запрасілі на вячэру, а пасля гаспадар дастаў бутэльку самагонкі, якая па-мясцоваму называецца бімбер, — кажа Яўген.

Цяпер падарожнік раіць усім, хто сумуе па Беларусі, ехаць на Падляшша, бо менавіта ў гэтым рэгіёне можна адчуць сябе як дома.
— Самабытнасць, культурны мікс, абсалютна дзікая, медытатыўная прырода і адчуванне запавольвання часу, — пералічае галоўныя перавагі рэгіёна беларус.
Куды Яўген адправіцца ў наступны раз, ён пакуль не вырашыў. Падарожнік кажа, што ў гэтым працэсе яму таксама падабаецца спантаннасць.
— А яшчэ я даўно зразумеў, што ўсе выпадковасці, невыпадковыя, — усміхаецца ён.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



