На Вавельскім замку можна знайсці таблічкі, звязаныя з Мінскам, Гомелем і Гроднам, у цэнтры Кракава — будынак, дзе ўпершыню надрукавалі «Дудку беларускую» Францішка Багушэвіча, а на вежу Марыяцкага касцёла ўзбіраўся Уладзімір Караткевіч. Блогер Глеб Ляпейка праводзіць экскурсіі па беларускіх мясцінах Кракава. Журналістка MOST наведала адну з іх.
Мінск, Гомель і Гродна на сценах Вавеля
У пачатку XX стагоддзя Вавель — комплекс з каралеўскім замкам і кафедральным саборам — быў у дрэнным стане і патрабаваў рэстаўрацыі. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы стала зразумела, што на гэта патрэбныя вялікія грошы.
— На той час гэта была абсалютна геніяльная ідэя. Адольф Шышка-Богуш, які кіраваў рэстаўрацыйнымі працамі на Вавелі, прыдумаў зрабіць краўдфандынг, — расказвае Глеб.
Ахвяраваць грошы маглі не толькі заможныя людзі. Імёны тых, чый унёсак пакрываў хаця б адзін дзень рэстаўрацыйных прац, змяшчалі на невялікіх таблічках на Вавелі. Першае ахвяраванне, паводле Глеба, прыйшло ўжо на наступны дзень пасля абвяшчэння збору — з Нью-Ёрка.

Да нашых дзён захаваліся 788 такіх таблічак, у тым ліку тых, што маюць беларускі след.
— Тут ёсць Мінск, тут ёсць Гомель і тут ёсць Гродна, — паказвае Глеб.
Тут надрукавалі першы наклад «Дудкі беларускай»
У цэнтры Кракава працавала друкарня Анчыца, дзе ў 1891 годзе выйшаў першы наклад «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. Будынак, дзе змяшчалася друкарня, захаваўся.
З Кракавам быў звязаны і сябар Багушэвіча Аляксандр Ельскі, даследчык Беларусі. Глеб дапускае, што менавіта праз яго кантакты маглі дамовіцца пра друк кнігі. Але падкрэслівае: дакладна невядома, як Багушэвіч выйшаў на гэтую друкарню, бо падрабязнага апісання гэтай гісторыі не захавалася.
Цяпер з’явілася ідэя ўсталяваць на будынку памятную шыльду, якая нагадвала б пра выданне зборніка.

У адным будынку — тры беларускія гісторыі
На вуліцы Слаўкоўскай знаходзіцца Кракаўская акадэмія ведаў. З гэтым месцам звязаныя адразу тры выхадцы з беларускіх зямель: Адам Кіркор, Аляксандр Ельскі і Зыгмунт Урублеўскі.
— Я іх дзялю паводле таго, што яны рабілі падчас паўстання Каліноўскага. Гэта тры розныя сцэнарыя, — тлумачыць Глеб.
Адам Кіркор — археолаг і публіцыст. Ён даследаваў курганы на тэрыторыі Беларусі і Літвы, выступіў супраць паўстання і ў сваіх выданнях публікаваў афіцыйную інфармацыю царскіх уладаў. Пазней Кіркор апынуўся ў Кракаве, дзе працягнуў навуковую працу.

Аляксандр Ельскі, «патрыярх беларусазнаўства», за некалькі дзесяцігоддзяў працы напісаў тысячы артыкулаў пра Беларусь: яе гісторыю, культуру, этнаграфію і геаграфію. Ельскі таксама сабраў вялікую калекцыю гістарычных рэчаў. Частку — каля 20 тыс. артэфактаў — ён перадаў у Кракаў. Гэта ўратавала іх: музей Ельскага на радзіме пазней быў знішчаны падчас Першай сусветнай вайны.
Зыгмунт Урублеўскі, ураджэнец Гродзеншчыны, удзельнічаў у паўстанні 1863 года, пасля чаго быў арыштаваны і сасланы. Пазней ён стаў навукоўцам і працаваў у Кракаве. Разам з Каралем Альшэўскім Урублеўскі ўпершыню атрымаў вадкі кісларод. Ягоным імем сёння названы кратар на Месяцы.
Караткевіч, хэйнал і чатыры бутэлькі гарэлкі
Экскурсія заканчваецца каля Марыяцкага касцёла. З гэтым месцам звязаная гісторыя Уладзіміра Караткевіча. У 1971 годзе пісьменнік прыехаў у Кракаў і пачуў знакаміты хэйнал — мелодыю, якую кожную гадзіну граюць з вежы касцёла.
Караткевіч захацеў падняцца да хэйналістаў. Цяпер гэта могуць зрабіць і турысты, але тады доступ на вежу быў закрыты. Паводле Глеба, удалося выйсці на капітана пажарнай службы і дамовіцца, каб Караткевіча пусцілі наверх.
— Трубачы, канешне, моцна здзівіліся, што да іх залезлі два іншаземцы з чатырма бутэлькамі гарэлкі. Але гарэлка сваю справу зрабіла, і яны дазволілі ім застацца, — расказвае Глеб.
Паводле яго, Караткевічу нават далі паспрабаваць паграць на трубе. Ёсць і гісторыя, што пісьменнік застаўся на вежы на ноч. Але гэтая частка гісторыі ўжо пераказваецца ўскосна, таму дакладна невядома, што адбывалася той ноччу.

Пасля смерці Караткевіча ў яго дзённіку знайшлі неапублікаваны верш «Вакол хэйнала», у якім згадваецца адзін з хэйналістаў.
— Там ён названы проста па імені і прозвішчы. Караткевіч наўрад ці мог ведаць яго імя і прозвішча, калі б не пазнаёміўся з ім, — звяртае ўвагу Глеб.
Гэта толькі частка беларускіх месцаў Кракава. На маршруце ёсць і іншыя кропкі, звязаныя з гісторыяй ВКЛ, беларускімі дзеячамі, літаратурай і навукай, а таксама з сучаснай беларускай супольнасцю ў горадзе.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



