Пятніца, 27 лістапада 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Знойдзены здымак камяніцы ў Беластоку, дзе стагоддзе таму дзейнічала Таварыства беларускай школы

MOST MOST
27 лістапада 2026, 12:12
Гісторыі
A A
Вуліца Касцельная ў Беластоку,

Вуліца Касцельная ў Беластоку, злева — фабрыка Слонімскага. Фрагмент паштоўкі часоў Першай сусветнай вайны. Крыніца: лот на сайце Onebid.pl

У 1926–1934 гадах у Беластоку дзейнічала Таварыства беларускай школы (ТБШ). Арганізацыя ладзіла тэатральныя пастаноўкі, асветніцкія лекцыі, мела сваю бібліятэку. Краязнаўца Ян Рамэйка разгледзеў на фотаздымку часоў І Сусветнай вайны будынак, дзе месцілася сядзіба ТБШ.

Паштоўка, прададзеная за 3450 злотых

У красавіку на адным аўкцыённым партале прадалі рэдкую паштоўка з панарамай Беластока часоў Першай сусветнай вайны. Фатограф паказаў Беласток з незвычайнай кропкі — балкона камяніцы на вуліцы Касцельнай, якая належала да комплексу будынкаў пошты.

Калекцыянеры ўпарта змагаліся за паштоўку — невядомы пераможца набыў яе за 3450 злотых. Астатнія даследчыкі могуць карыстацца выявай, што захавалася ў архіве аўкцыённага партала.

Паштоўка паказвае вуліцы Касцельную і Надрэчную, што ішла па беразе ракі Белай. Удалечыні — гмах Фарнага касцёла. На вуліцы Касцельнай злева — чатырохпавярховы будынак тэкстыльнай фабрыкі, які збудаваў у першыя гады ХХ стагоддзя яўрэйскі прадпрымальнік Тэвель Слонімскі. Побач — двухпавярховая камянічка 1902 года пабудовы, якая належала да фабрыкі.

Менавіта на тэрыторыі фабрычнага комплекса Слонімскага, па адрасе Касцельная, 4 з 1927 да 1932 года месцілася Беластоцкая акруговая ўправа Таварыства беларускай школы. Вядомае фота са з’езда ТБШ, які прайшоў 17 студзеня 1932 года: яго ўдзельнікі стаяць перад камяніцай, на якой бачныя кірылічныя літары Т. С. (Тэвель Слонімскі) і год пабудовы — 1902. Параўнанне архітэктурных элементаў дазваляе зрабіць выснову, што на абодвух здымках — адзін і той жа будынак.

Чым было Таварыства беларускай школы

ТБШ было заснаванае ў 1921 годзе ў Вільні. Спачатку таварыства займалася арганізацыяй пачатковых і сярэдніх школ. З-за палітыкі польскіх уладаў неўзабаве гэта стала немагчымым — і ў 1926 годзе ТБШ перафарматавалася ў масавую культурна-асветніцкую арганізацыю. У гарадах, мястэчках і вёсках паўставалі гурткі ТБШ, якія ладзілі аматарскія тэатральныя прадстаўленні, адкрывалі бібліятэкі, а часам арганізоўвалі пазашкольнае навучанне і засноўвалі народныя дамы, хоры, аркестры.

Гурток ТБШ у Беластоку быў заснаваны ў верасні 1927 года. А ўжо ў кастрычніку адбыўся з’езд дэлегатаў ТБШ з Беласточчыны, на якім пастанавілі заснаваць акруговую ўправу. Яна павінна была каардынаваць працу ўсіх гурткоў арганізацыі ў Беластоцкім павеце. З’езд прайшоў па адрасе вул. Святога Роха, 3 — цяпер у тым будынку месціцца Цэнтр грамадскай актыўнасці (Centrum Aktywności Społecznej).

 з’езд ТБШ
Удзельнікі з’езда ТБШ у Беластоку, 27 кастрычніка 1927 года. Крыніца: Wikimedia Commons

Чытайце таксама: Беларускі хаб узору 1920-х. Стагоддзе таму ў беларусаў ужо былі свае культурныя арганізацыі ў Беластоку

Камяніца на Касцельнай вуліцы

Сакратаром управы ТБШ выбралі 21-гадовага Кастуся Сідаровіча. Яму даручылі знайсці памяшканне для арганізацыі. Ён знайшоў будынак у цэнтры, недалёка ад Рынка Касцюшкі. Гэта была тая самая пустая камяніца, якую раней займалі канцылярыя і склад шарсцяных вырабаў фабрыкі Абрама Слонімскага, сына Тэвеля. Беларусы арандавалі частку будынка і пачалі там сваю дзейнасць.

Як паведамлялі беларускія газеты, управа была адчыненая з 10-й да 22-й гадзіны, а ў чацвер і нядзелю — з 10-й да 17-й. Бібліятэка з чытальняй працавала ў чацвер і суботу з 17-й да 22-й, а ў нядзелю — з 15-й да 22-й. Таксама ў нядзелю да 22-й гадзіны працаваў музычны гурток.

ТБШ
Будынак сядзібы ТБШ і паведамленні з беларускіх газет. Фота: Onebid.pl, «Права працы» №5, 21.12.1927, «За працу», №4, 14.11.1928. Калаж: MOST

Неўзабаве да актывістаў прыйшлі пажарная і санітарная інспекцыі ды сцвердзілі, што стан памяшкання непрыдатны, каб там праводзіць мерапрыемствы. Нягледзячы на гэта, у камяніцы працягваліся рэпетыцыі хору і драматычнага гуртка. Для мерапрыемстваў наймалі іншыя залы — 5 лютага 1928 года беларуская вечарына прайшла ў прэстыжным пасажы Варнгольца на вул. Ліповай, 6.

— Калі так склаліся абставіны, трэба было сабрацца прэзідыуму і рашыць, што ж рабіць далей, — пісаў ва ўспамінах Кастусь Сідаровіч. — Пастанавілі звярнуцца да гаспадара, каб адступіў нам на нашыя патрэбы цэлы будынак. Пасля рамонту, на працягу трох месяцаў трэба было таварыству плаціць 200 злотых у месяц за карыстанне з памяшкання.

200 злотых — столькі зарабляў за месяц настаўнік, машыніст на чыгунцы або дробны чыноўнік. Для гуртка ТБШ, які складаўся з 23 чалавек, пераважна рабочых — непад’ёмная сума. Тады актывісты, атрымаўшы дазвол у гарадскім і павятовым старастве, правялі вулічны збор ахвяраванняў — і з яго аплацілі арэнду.

Што мелі беларусы ў камяніцы

Пасля рамонту ў будынку па вул. Касцельнай, 4 пачалі дзейнічаць чатыры секцыі ТБШ: драматычная, харавая, дэкламатарская і мастацкай літаратуры. Там жа былі сакратарыят акруговай управы ТБШ і беларуская бібліятэка. Праз некаторы час там пачалі ставіць па суботах і нядзелях беларускія п’есы.

Рэжысёрам драматычнай секцыі, якая налічвала 13 акцёраў-аматараў, быў Аляксандр Андрэйчук, які ў мінулым прафесійна займаўся тэатрам. Яму дапамагаў Лявон Богуш. Хорам, што складаўся з 38 чалавек, кіраваў Антон Кавальчук. Беластоцкія актывісты ТБШ выступалі не толькі ў Беластоку, але і ў Супраслі, Міхалове, Хорашчы, Заблудаве ды іншых месцах Падляшша.

Прадстаўленні былі асноўнай крыніцай даходаў ТБШ. Гэта дазваляла аплачваць арэнду будынка.

з’езд ТБШ
Удзельнікі з’езда ТБШ перад камяніцай на вул. Касцельнай, 4. 17 студзеня 1932 года. Крыніца: Wikimedia Commons

Бібліятэка, што дзейнічала на Касцёльнай, была невялікая — па стане на снежань 1929 года яна мела 271 том. Ёй карысталіся 27 чытачоў, якія за год пазычылі 200 кніг.

На Касцельнай, 4 праходзілі і з’езды ТБШ. На з’ездзе актывістаў з Беластоцкага і Сакольскага паветаў 8 снежня 1929 года прысутнічалі беларускія дэпутаты польскага Сойма Флягонт Валынец і Ігнат Дварчанін. Пасля з’езда Міхась Пяткевіч прачытаў рэферат «Беларусь мінулая і сучасная — гістарычна-геаграфічны агляд», а Ганна Лабецкая — «Жанчына ў грамадскім жыцці». Адыгралі п’есу «Антон Лата», а хор праспяваў беларускія песні.

Як ТБШ страціла сядзібу

У 1932 годзе беластоцкае ТБШ займела праблемы. З аднаго боку, у арганізацыю ўплёўся камуніст Зялінскі, які спрабаваў выкарыстаць ТБШ для падрыўной дзейнасці. Некаторыя актывісты не згадзіліся і выйшлі з арганізацыі. Адначасова польскія ўлады сталі забараняць мерапрыемствы. Тагачасныя законы патрабавалі дазволу гарадскога або павятовага старасты на кожны сход або прадстаўленне.

За год гурткі ТБШ у Беластоцкім павеце атрымалі 23 дазволы на прадстаўленні, а 14 мерапрыемстваў былі забароненыя. Гарадскія ўлады дазволілі правесці толькі шэсць мерапрыемстваў за год.

Страціўшы даходы ад прадстаўленняў, ТБШ не магло выплаціць Абраму Слонімскаму даўгі за арэнду. Арганізацыя была вымушана пакінуць камяніцу на Касцельнай. ТБШ зняло кватэру на вул. Купецкай, 44 (Цяпер гэта ваколіцы скрыжавання праспекта Пілсудскага з вуліцай Мальмеда).

ТБШ у Беластоку працавала да пачатку 1934 года. Актывісты ладзілі мерапрыемствы ў арандаваных залах, распачалі агульнаадукацыйныя курсы для дарослых, а ў 1933 годзе запрасілі ў Беласток вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, які намаляваў дэкарацыі для прадстаўленняў. Камуністы далей ладзілі правакацыі супраць ТБШ — у выніку гарадскія ўлады прыпынілі дзейнасць арганізацыі, а ў 1935 годзе ліквідавалі яе.

ТБШ
Шматкватэрны дом на месцы былой сядзібы ТБШ у Беластоку. Фота: MOST

Чытайце таксама: Намаляваў чатыры дэкарацыі, а заплацілі толькі за дарогу. Як Язэп Драздовіч прыязджаў на працу ў Беласток

Частку будынка на Касцёльнай, 4 працягваў здымаць як жыллё былы сакратар ТБШ Кастусь Сідаровіч — ён жыў там яшчэ ў 1938 годзе.

За няпоўныя сем гадоў беластоцкае ТБШ зладзіла 167 спектакляў, якія наведалі 41.120 гледачоў.

Гэтае месца варта ўшанаваць

Падчас Другой сусветнай вайны цэнтр Беластока быў моцна разбураны. Пасля на месцы фабрыкі Слонімскіх узвялі новыя будынкі. Дзякуючы знойдзенай паштоўцы, можна адназначна сцвердзіць, што на месцы былой сядзібы ТБШ стаіць трохпавярховы дом, які мае адрас вул. Касцельная, 8.

Гэты адрас знаходзіцца ў самым цэнтры горада — таму яго лёгка ўключыць у экскурсійныя маршруты па беларускіх месцах Беластока. Магчыма, добрай ідэяй было б усталяваць на сцяне шматкватэрнага дома мемарыяльную дошку, якая нагадвала б пра сядзібу ТБШ.

Калі б гэта было зроблена, паўстала б першае месца ў гарадской прасторы Беластока, якое нагадвала б пра пачаткі культурна-асветніцкай дзейнасці беларусаў у горадзе. Справа гэтая залежыць ад таго, ці праявяць ініцыятыву сучасныя беларускія актывісты і ці дазволяць гэта ўлады горада.

Ян Рамэйка

Аўтар выказвае падзяку гісторыку Веславу Врубэлю і краязнаўцу Аляксею Трубкіну за кансультацыі падчас напісання артыкула
Тэгі: АртыкулыБеластокГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

ВНЖ в Польше

От получения ВНЖ до регистрации автомобиля. Беларус создал бесплатного «е-помогатора» для жизни в Польше

Хрысціна Гараніна
26 лістапада 2026, 17:52

Свой сервис Pan Bogdan Павел называет e-помогатором. Там собрана информация о легализации, банках, социальных выплатах и других вопросах жизни в Польше. В беседе с MOST беларус рассказал, как...

уехала в Польшу в четырьмя детьми

«Я же рожаю для себя — не для вас». Беларуска уехала в Польшу с четырьмя детьми, родила еще троих и приняла в семью девушку из Украины

MOST
26 лістапада 2026, 15:00

У Анны семеро родных детей. А еще вместе с ними живет Ника — девушка из Украины, которую беларуска тоже считает своей дочерью. Старшей из родных дочерей беларуски 19...

книжный клуб

122 миллиона книг на 28 языках. Беларус из Польши запустил трекер чтения

MOST
26 лістапада 2026, 11:14

Разработчик Василий родом из Беларуси, но уже больше пяти лет живет в Польше. Ранее на протяжении двенадцати лет он делал свадебные порталы, а затем перешел на мобильные приложения....

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты