Ці магчымая руская мова ў беларускай культуры? Што агульнага ў сёстраў Груздзевых і Джона Кейджа? Навошта нам беларуская мова 2.0? Чаму вуліцы Мінска шырокія, але пустыя? Пра ўсё гэта — з журналістам і аўтарам рамана «Свиньи» Аляксандрам Чарнухам.
Палітыка — натуральны працяг культуры
— Ці можа быць культура па-за палітыкай?
— А жыццё па-за палітыкай? Думаю, не. Культура — гэта пра рэакцыю на падзеі. Частка культурнага ландшафту — акурат рэакцыі. Часам хутка, не заўсёды якасна, але рэакцыя мае быць. Як можна жыць і не рэагаваць? Ці маглі пісьменнікі ў часе Другой сусветнай не рэагаваць, не выказвацца публічна? Таму культура не можа існаваць па-за палітыкай. Палітыка — натуральны працяг культуры.
— Творцаў часта папракаюць: не выказаліся, не так выказаліся, не дастаткова радыкальна ці хутка. Ці варта чакаць ад творцаў нейкіх каментарыяў па мэйнстрыму?
— Не, не варта. Калі ты фанат, то нечага чакаеш ад куміра, канешне. Але творца — незалежны. Незалежнасць для культуры — аснова асноў. Ціск непрымальны. То бок ваша права — як спажыўцоў культуры — не хадзіць на канцэрты, не купляць музыку, калі пазіцыя не падабаецца. Але дайце чалавеку права не выказацца таксама. Творца выкажацца тады, калі захоча.
— Права на маўчанне?
— Так. Гэта таксама свабода.
«Не пазорся! Гавары па-рускі»
— Ці мае права на існаванне і перспектыву расійскамоўны кантэнт у беларускай культуры?
— Перспектыву — не ўпэўнены. Улічваючы падзеі, з якімі мы сутыкнуліся. Права — мае. Бо чалавек расце ў пэўным асяроддзі. Ён выказваецца на той мове, на якой рос. Разумею, што шмат каму цяжка выказвацца па-беларуску, як бы яны ні любілі мову. Але зараз гэта ідэалагічны кейс: адмежавацца ад краіны і культуры, якая проста праглынала беларушчыну шмат стагоддзяў. І гэта тое, да чаго варта імкнуцца. Але — прымушаць нельга. Любы прымус нараджае рэакцыю — і яна можа быць зусім непрыемнай.
— Для цябе беларуская мова — пазіцыя, звычка, сродак камунікацыі?
— Я зразумеў, што зараз не магу публічна карыстацца расійскай увогуле. Не атрымліваецца ў мяне: пасля лютага 2022-га проста не магу гэта рабіць. Мне цяжка. Нават, не ведаю… На ўзроўні пачуццяў. Агулам нармальна камунікую з людзьмі па-беларуску і па-руску. Беларуская — мая родная. Я нарадзіўся ў Беларусі, чуў яе на вёсцы, чытаў на ёй, з сябрамі размаўляў. Руская — мова майго асяроддзя. Маіх бацькоў. Школы і ўніверсітэта. Гэта частка майго жыцця, як бы я ні хацеў ад гэтага адмовіцца.
— Такім чынам, падвойная ідэнтычнасць — гэта норма?
— Канешне. Не трэба саромецца. Наўпрост трэба імкнуцца да лепшага: павышаць адсотак зносін па-беларуску. Назіраю, што беларускай зараз пачалі карыстацца нават тыя, хто добра яе не ведае. Да беларускай мовы доўгі час было снобскае стаўленне. Калі размаўляеш з памылкамі, то на цябе глядзяць: «Не пазорся! Гавары па-рускі». Але кожны мае права на памылку. Дайце магчымасць размаўляць, няхай з памылкамі. Мова — жывы інструмент, рухомы. Магчыма, мы займеем беларускую мову 2.0 замест той, якая была 100 ці 300 год таму.
— То бок гэта адрозная мова ад мовы Купалы і Коласа?
— Слухай, а быццам зараз беларуская мова такая, якой карысталіся Купала і Колас? Таксама іншая. Шмат замежных слоў, якія прыйшлі з англійскай, выразы, пабудова сказаў. Гэта мадэрная беларуская мова, якой карыстаемся ў жыцці. Не заўсёды літаратурная. Як і сучасная руская — не мова Пушкіна. Паглядзіце, як змяняецца ўвесь час англійская. Наколькі яна рухомая і функцыянальная! Калі хочам, каб беларуская была штодзень з намі, мусім даць ёй шанец змяніцца.
«Некалі яны спарахнеюць. Іх чэрві зжаруць»
— Твая кніга «Свиньи» напісаная па-руску. Чаму?
— Мова — гэта мастацкі прыём у гэтай кнізе. Тыя персанажы, якіх я пішу, не ведаюць і не размаўляюць па-беларуску. Іх мова — чынавецкая. Чынавецкая мова не ўласцівая для беларусаў. Як гэта перакласці: «Ввиду непредоставления вами раздаточного материала мы вынуждены отказать вам в получении разрешения на проведение массового мероприятия». Ніколі ў жыцці!
Мне было важна паказаць свет чыноўніка, яго стасункі, мову. І гэта не пра беларускую мову ды культуру. Перакладчык Алесь Плотка, які зараз працуе над «Свіннямі» па-беларуску, мае зараз вялікія праблемы.
Чытайце таксама
Беларускі журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха прэзентаваў у Беластоку кнігу «Свиньи» — свой дэбютны раман, у якім «змяшаны фікшн і...
Чытаць далей— «Свиньи» — гэта пра свет каланіялізму і посткаланіялізму?
— Так. Гэтыя людзі выйшлі з саўка і мусілі там застацца. Але чамусьці не засталіся. Гэтыя практыкі і вобразы трэба было закапаць у зямлю. Назаўсёды. Але чамусьці іх выкопваюць, фарбуюць і ставяць на сцэну. І яны там нешта расказваюць. Пасля зноў закопваюць — да наступнага ўрачыстага мерапрыемства. Але некалі яны спарахнеюць. Іх чэрві зжаруць.
— Кнігу ты пісаў з восені 2020-га да пачатку 2021-га. Вакол рэпрэсіі, жах, гвалт. Дзе тут глеба для іроніі?
— Смех — гэта зброя. Яна дапамагае змагацца з пачварамі. Пачвары сілкуюцца тваім страхам. Калі над табой навіс дзядзечка з пінжаком з адлівам і табе страшна — ён гэта адчувае. Ён — гаспадар. А калі табе смешна, то яму няўтульна. Ён знікае. Смех для іх неўласцівы. Яны не ўмеюць смяяцца шчыра, ад сэрца. Таму любоў і смех — тое, што нас выратуе.
— Ці правільна разумею, што ў Беларусі быццам ёсць два народы: светлыя і ўсмешлівыя людзі ды пахмурыя чыноўнікі з сусвету «Свиней»?
— Я не хачу дзяліць беларусаў на «правільных» і «няправільных». Але чыноўнік — гэта пасада, а не чалавек. Ніколі не бачыў чыноўніка, інтэграванага ў жыццё. Ён сядзіць у кабінеце як у вежы. Пасля — едзе на лецішча з цэглы, якую яму нехта адгрузіў. Калі ты апошні раз бачыў чыноўніка ў краме, у кавярні? Ёсць еўрапейскі чыноўнік, які едзе на самакаце ці ровары па горадзе. І ёсць беларускі: на Geely з дому на працу. І больш яго ніхто не бачыць.
— У чыноўнікаў ёсць свая культура?
— Яна вельмі функцыянальная. Мусіць быць выключна фонам для «спраў дзяржаўнай важнасці». Калі музыка, то каб стварала атмасферу для ўжывання алкагольнай прадукцыі. Калі мастацтва, то пра прыроду роднага краю, ухваленне подзвігаў працы. Калі кніга… Баюся ўявіць пра што. Але чуў, што ў спадара Чаргінца ў прозе шмат эратычных сцэн. Магчыма, нешта чалавечае ім таксама не чужое.
«І тут яны дасталі чырвона-зялёны сцяг…»
— Тваё легендарнае інтэрв’ю з сёстрамі Груздзевымі. Што гэта было?
— Мне цікава час-почас рабіць антрапалагічныя даследаванні. Лічы, што гэта навуковая праца. У Джона Кейджа ёсць музычны твор «4.33». Ён сядзіць за фартэпіяна, папраўляе крышку, перагортвае ноты, але не грае. Гэта 4 хвіліны і 33 секунды цішыні. Так і ў тым інтэрв’ю — нейкі выпадковы шум. Няма ніякай думкі, складу мыслення. Толькі шум — noise. Гэта цікава, бо апроч пусткі нічога не адчуваеш.
— Як ты не заржаў?
— Адаптол (смяецца — MOST).
— Груздзевы зразумелі іронію?
— Не, на поўным сур’ёзе паставіліся. Яны прыйшлі. У нас у студыі белы стол і чырвоныя крэслы. Кажуць: «Наш абутак нельга здымаць». Не ведаю, што за прынцып такі… Окей. Кажу: давайце падсунем стол, абутак не будзе бачны. Паставілі той белы стол. Кажуць: «Глядзі, яны нас за Б-Ч-Б хочуць пасадзіць!». І тут яны дасталі чырвона-зялёны сцяг. Заўсёды яго носяць, як я зразумеў. Павесілі на стол. Так, маўляў, будзем размаўляць. Пасля інтэрв’ю два дні мне дзякавалі, маўляў, думалі, што гэта правакацыя, але ўсё крута і прафесійна.
— Не было цікава паўтарыць з імі інтэрв’ю праз які час?
— Не. Адчуваю сябе вельмі няўтульна, калі да мяне столькі ўвагі з боку спікера. Калі ціснуць руку «дзякуй-дзякуй»… — хочацца зрабіць выгляд, што мёртвы. Я зрабіў выгляд і ніколі больш пра іх не чуў.
«У нас будзе як у Беларусі. Не хачу, каб было як недзе»
— Беларуская культуры можа існаваць толькі ў Беларусі ці ў замежжы таксама?
— Гэта не справа тэрыторыі і межаў. Здаецца, зараз беларуская культура адбываецца за межамі Беларусі акурат. На тэрыторыі адчаю, дзе ўсё заціснута, не можа адбывацца культуры. Культура на эміграцыі — чаму не? Раней: ты з’ехаў — асіміляваўся — цябе (як беларуса) няма. Зараз мы будуем каналы камунікацыі, агульныя праекты, публічную беларускую прастору па-за межамі Беларусі.
Зараз ёсць шанец адбудаваць нешта сваё. Незалежны ад Расіі кантэкст. Зашмат часу мы былі пад яе неверагодным уплывам. Са здзіўленнем часам чытаю, што нехта там расчараваўся ў Шнуры. Вы сур’ёзна? Пасля «8 сакавіка» і «лабутэнаў»?.. Як можа расчараваць, напрыклад, рускі рэп, калі гэта не наша, няякасна і неэстэтычна? Шкада, што толькі зараз. Добра, што хоць зараз пачынаюць разумець.
— У ідэальнай сітуацыі Беларусі 2.0 у нас будзе «як у Польшы», «як у Чэхіі» ці як?
— У нас будзе як у Беларусі. Не хачу, каб было як недзе. Мне б хацелася, каб і беларусы, і замежнікі разумелі нашу адметнасць. Каб беларусы проста выходзілі на вуліцы. Бо як было? У самыя ўмоўна светлыя часы на вуліцах таго ж Мінска было вобмаль людзей…
— Можа, вуліцы шырокія?
— У Вене таксама шырокія. Але там шмат людзей. У Беларусі прызвычаіліся сядзець на сваёй тэрыторыі: у кватэры, доме, на лецішчы. Гэта вежа, у якой ты жывеш. А як выйдзеш гуляць, то баішся, што нехта ззаду скажа: «Уважаемый, тут не положено!..». Такая тэрыторыя страху. Так не мусіць быць. Чалавек — гаспадар на гэтай зямлі, а не пачвара ў балаклаве.
— Класна, але куды падзенуцца чыноўнікі, груздзевы, чаргінцы, пачвары?
— Спарахнеюць. Выкопваць труп з зямлі можна да часу, бо цела парахнее. Яго чэрві ядуць. І аднойчы спарахнее цалкам — нічога не застанецца. Толькі кветкі прарастуць на могілках.
Чытайце таксама
Грузінскае выказванне пра прыроду дыктатуры, манументальная праца пра знішчэнне нацыі, рэспект у беларускай музыцы і фільм, які можна глядзець у...
Чытаць далей