Ад лета 2020 года Беларусь пакінулі тысячы людзей праз палітычны пераслед, колькі дакладна — невядома. І калі дарослыя часта хоць і выязджалі не па сваім жаданні, але прымалі гэтае рашэнне самастойна, то ў дзяцей такой магчымасці не было. За іх вырашалі мамы і таты. MOST паразмаўляў з пяццю дзецьмі рознага ўзросту, чые сем’і апынуліся ў Польшчы пасля лета 2020-га. Яны падзяліліся, якім памятаюць жыццё ў Беларусі, як жывуць у Польшчы і ці хацелі б вярнуцца дадому. А іх бацькоў распыталіся пра тое, як яны ацэньваюць гэты досвед сваіх сыноў і дачок.
Альбіна Ганецкая, 14 год
— Мы з’ехалі з Беларусі, таму што мама хадзіла на пратэсты, і я таксама хадзіла. Маму маглі пасадзіць, а мяне адправіць у дзетдом, — расказвае Альбіна. — Памятаю момант, калі было найбольш страшна за маму. Яна была ў белай футболцы і чырвонай спадніцы, вярталася, была ўжо недалёка ад дома, і за ёй пабегла шмат міліцыянераў. У той момант было так страшна, таму што яна магла не паспець дабегчы дадому, яе маглі схапіць.
Альбіна кажа, што не сумуе па Беларусі:
— У мяне там амаль не было сяброў і каго-небудзь, па кім можна было б сумаваць. Сумую толькі па кватэры, якая ў нас засталася. У Польшчы спачатку былі складанасці з мовай і з тым, як камунікаваць з людзьмі. Баялася размаўляць, бо раптам зраблю памылку, скажу штосьці не тое. Але пасля стала лепш, ужо размаўляю. Калі я і паеду ў Беларусь, гэта будзе, калі вырасце мая сястра, гадоў праз 15. Пакажу ёй Беларусь, дом, дзе мы жылі, наш горад Маладзечна.
Як сям’я апынулася ў Польшчы
Альбіна пераехала ў Польшчу з маці восенню 2020 года. Паліна Ганецкая, маці Альбіны, прыгадвае, што адбылося перад пераездам.
— 2020 быў самым складаным годам у маім жыцці. Тады я скончыла рамонт у сваёй студыі па манікюры, яна павінна была прыносіць добрыя грошы. Падрыхтавала месцы ў каворкінгу для спецыялістаў па манікюры, была гатова праводзіць курсы і семінары. І тут здарыўся кавід, — расказвае Паліна. — У той жа час трэба было пераехаць, зрабіць рамонт у кватэры, дапамогі чакаць няма ад каго. У мяне ў адзін момант была праца і гэты кавід, рамонт і дзіця. Пасля пачалася палітычная дзейнасць. Затрымлівалі мяне, затрымлівалі Альбіну. Гэта ўсё было эмацыйна цяжка, я была зусім адна. 2020 год — гэта пекла.
У сям’і былі планы, што пасля 14 год Альбіна пойдзе ў школу алімпійскага рэзерву.
— Але апошнія месяцы ў Беларусі хадзіла на плаванне так сабе. Калі пераехалі ў Польшчу, то шкадавала з-за гэтага. Планавалі, што пасля 14 гадоў пойдзе ў школу алімпійскага рэзерву. Тут вельмі часта хочацца здацца, але мы з трэнерам падтрымліваем Альбіну. Спадзяюся, яна паступіць у спартыўную школу.
Вольны час у Беларусі мы бавілі вандроўкамі. Маглі сесці і паехаць куды-небудзь. Чакаем, калі зраблю тут дакументы, каб і тут змаглі вандраваць. Я выхоўваю ў яе разуменне, што такое якасны ўзровень жыцця. Хачу, каб яна бачыла, што адпачываць трэба і адпачываць можна не за шмат грошаў.
Сяброў у яе няшмат, што ў Беларусі, што ў Польшчы. Хачу, каб яна камунікавала з людзьмі, у якіх у галовах не каша, а нармальныя мэты. У Альбіны ёсць сяброўкі: адна полька, адна ўкраінка і яшчэ беларуска. Дзяўчынкі ўсе нармальныя і адэкватныя.
Калі нарадзіла Альбіну, спачатку былі надзеі, што бацькі будуць дапамагаць выхоўваюць унучку. Але пасля зразумела, што я і яна нікому не патрэбныя, акрамя нас саміх. Таму сказала сабе: жыві так, быццам бы нікога больш няма. Альбіна стала самастойнай, таму што я яе так выхоўвала.
Я ніколі нічога не хавала ад Альбіны. Цяпер спакойна размаўляю з ёй на тэму сексу. У нас няма рамак для размоў, я не хачу гэтай савецкай лухты. Трэба слухаць дзяцей, улічваць, што яны таксама навучаць шмат чаму.
Цяпер у нас усё добра. Мы працуем над асобнымі праблемамі. Альбіну выводжу за рамкі, у якія яе ўвагнала.
Любы пераезд — гэта заўсёды цяжка. Маральнае прыняцце таго, што больш не вернешся, што трэба купляць кожную падушачку і відэлец. Я зрабіла ў сваёй кватэры ўсё, як хацела. Цяпер адчуваю сябе больш свабоднай, разумею, што перада мной адкрыты ўвесь свет. У нас ёсць з Альбінай свае планы і мэты.
Лёгка будзе толькі тым, хто сядзіць на дупе роўна. Вайна пачалася — яны як сядзелі, так і далей сядзяць. Вось у такіх усё будзе заўсёды стабільна, стабільна дрэнна.
— Некалькі год — і яна свабодная ва ўсіх сэнсах гэтага слова, стваральніца свайго лёсу. Ці гэта не крута, калі сам кіруеш жыццём, спрабуеш і выбіраеш, а не нехта дыктуе? — кажа Паліна.
Вера Прыгодзіч, 8 год
— У Беларусі я хадзіла ў школу з лепшым сябрам Маркам, які быў са мной у садку. Мы вельмі даўно знаёмыя. Ён мяне заўсёды любіў абдымаць, называе Верачкай. Марк дагэтуль жыве ў Беларусі.
Я выходзіла раніцай з дому, брала з сабой маю лепшую сяброўку Юльяну, і мы разам гулялі. Звычайна даставалі яе брата. Я дагэтуль камунікую з Юльянай і Маркам. А яшчэ сябрую з Соняй і Варай. Яны жывуць ад мяне далёка, але мы часта на сувязі. Марк тусаваўся толькі са мной, а так мы дзяўчатамі ўчацвярых гулялі. Цяпер размаўляем учацвярых анлайн.
Прахадзіла ў беларускую школу толькі палову года. Школа была вельмі добрая, я вучылася там са старэйшым братам. Мне падабалася настаўніца. Хадзіла на гімнастыку з трох год, а потым яшчэ на флейту. Флейту не кінула, граю дагэтуль. Цяпер тут танцую хіп-хоп.
У Польшчы мне падабаецца школа, толькі крыху настаўніца строгая. Калі толькі прыйшла ў школу, то амаль нічога не ведала, на ўроках проста сядзела і спрабавала зразумець. У другім класе ўжо ведала мову, было нашмат лягчэй.
Тут больш сяброў, якія прыехалі з Беларусі альбо з Украіны. Ёсць адзін сябар Ігар, ён каля мяне жыве, але мы нячаста камунікуем. Яшчэ ў мяне ёсць сяброўка з Украіны. Адзін раз яна мне здрадзіла, але праз тры дні выбачалася.
Я б хацела прыехаць у Беларусь і застацца там. Там сябры, дом, там мае жывёлы. У мяне сабака Ласка і чарапаха Добі Зорачка. Яшчэ была котка, але яна памерла, калі нас ужо не было ў Беларусі. Я была шчаслівая ў Беларусі, і шчаслівая цяпер тут.
У Беларусі не жыву, таму што там ужо вельмі даўно пачаліся праблемы з палітыкай. Большая частка людзей за іншага прэзідэнта, яны варагуюць з другой часткай.
Памятаю адзін страшны вечар. Мы пайшлі на вялікі мітынг у Маладзечне, там ёсць такая вялікая плошча насупраць парка. Тады стаяла шмат міліцыі і гэтыя ў чорных касках, забыла як іх называюць. Бабуля сядзела з мамай і братам Пашам, а побач з імі збівалі людзей. Мне стала страшна, і мы пабеглі дадому.
Спадзяюся, змагу вярнуцца праз два гады. Тады буду ўжо ў чацвёртым класе, стану дарослай. Змагу сама гуляць у Беларусі, і мама не будзе хвалявацца. Думаю, праз адзін год гэта яшчэ не закончыцца.
Як сям’я апынулася ў Польшчы
Сям’я Веры пераехала ў Польшчу зімой 2020 года. Маці дзяўчынкі Яўгенія расказала, як, па яе адчуваннях, дачка ўспрыняла пераезд:
— Хіба што не так страшна, як мы думалі. Лепш за нас усіх. Былі такія слёзы па сябрах па танцах, з якімі ездзілі на шматлікія выступы. Ёй гэтага не хапала больш за ўсё. Тыя сяброўкі разам з трох да сямі год, разам і елі, і спалі. Гэта была самая вялікая страта. А астатняе: мама — ёсць, тата — ёсць.
Вера чакае, што мы вернемся, думае, мы тут часова. Цяпер тут — ну і добра, але мы ж вернемся. Няма ў яе такога, што мы тут назаўсёды. Мы выехалі з-за бяспекі, гэта перш за ўсё. Дзеці гэта разумеюць вельмі добра. Каб былі ўсе разам, каб нічога ні з кім не здарылася, мы павінны быць тут. Не тое, каб мы ўсе селі і гэта абмяркоўвалі, проста гэта ім і так зразумела.
У нашым пераездзе бачу толькі пазітыўныя моманты для Веры. Мова, новы досвед. Яна будзе бачыць, што ўсё можа змяняцца. Вера разумее, што мы збіраемся назад, толькі трэба пачакаць. І яна чакае так аптымістычна. Хіба старэйшым дзеткам складаней.
У Польшчы для дзяцей усё ёсць. Мы сёння пайшлі пагуляць і не маглі вярнуцца дадому: гуляеш — і табе так класна! Што тычыцца школы, то нам, беларускім мамам, падаецца, што ў польскай школе занадта лёгка. Хочацца, каб ад дзяцей больш патрабавалі, больш крытыкі нейкай было. Тут занадта ўсё мякка. Але дзе гэтая залатая сярэдзіна? Калі выбіраць, які бок лепшы, то тут, канешне.
У польскай школе дзеці шмат чытаюць і больш увагі надаецца замежным мовам, асабліва англійскай. Вучаць яе з маленства, і ў старэйшых класах добра размаўляюць і чытаюць англамоўныя кнігі. На жаль, у Беларусі такога няма. Ну і так як усе ездзяць за мяжу на адпачынак, да сваякоў, у летнікі, то не ўзнікае пытанняў, навошта вучыць замежныя мовы. Вера ўзялася нават летам сама нешта паўтараць, бо ў Грэцыі камунікавала з дзецьмі з іншых краін і шкадавала, што ведаў англійскай не хапае.
Усе гурткі, што былі ў Беларусі, знайшлі і тут. Дадаліся гітара, беларускі тэатр. На танцах у Беларусі ад нас больш хацелі, а тут — каб толькі дзеці не напружваліся. У Беларусі дзеці прывыклі больш працаваць.
Мяне пытаюцца, дзе б знайсці беларускіх выкладчыкаў. Яны выцягваюць з дзяцей усё, што тыя толькі здольныя. А тут мазню нейкую намаляваў — і ты мастак. Тры прытопы, два прыхлопы — ужо танец.
Цяпер настаўнікі просяць Веру, каб яна дапамагала тым, хто прыехаў у Польшчу пазней. Яна вадзіла хлопцаў з Украіны па школе, усё ім паказвала. Гэта дае такую даросласць, бо Вера ўсім патрэбная, дапамагае тым, каму цяжэй.
Надзя Дзягель, 10 год
— Як і ўсе дзеці, я хадзіла ў дзіцячы садок. Там у мяне было двое сяброў. Мы гулялі ў даганялкі, хованкі. У садку пайшла на гімнастыку, займалася пяць гадоў.
Тры гады вучылася ў беларускамоўнай гімназіі №28 у Мінску, школа падабалася. У музычнай школе хадзіла тры гады на цымбалы. Але настаўніца была вельмі злой, пачала на мяне ціснуць. У мяне была напарніца, мы разам павінны былі паехаць на канцэрт. Ёй далі лёгкія песні, а мне складаныя. Я папрасіла маму, каб туды больш не хадзіць, не хацела ўвогуле займацца.
Былі сябры ў школе: Арцемій, Арцём, Паліна. Я з усім класам сябравала, па ўсіх сумую. У асноўным камунікую з Арцеміем. За год змянілася шмат, але я не хачу казаць пра палітыку. Настаўніца стала шмат хлусіць, надзявала такія чырвона-зялёныя стужкі, стала злой.
У Польшчу пераехалі 8 чэрвеня ў мінулым годзе, было вельмі спякотна. Я крыху ведала нешта з польскай мовы, але не так, каб размаўляць. Цяпер усё па-іншаму. Калі ўпершыню зайшла ў клас, то проста села за парту. Нам далі расклад і нейкія паперкі для бацькоў. У класе 12 дзяўчынак і шэсць хлопчыкаў. Дзяўчынкі між сабой усе сябруюць. Пасябравала з Ромам, які таксама ў маім класе. Вясной у клас прыйшлі ўкраінцы, але яны хутка вернуцца дадому. Я дапамагала ім усім з польскай мовай.
Замест цымбалаў хаджу на фартэпіяна, яшчэ ў спартыўную школу, там бегаю і плаваю.
У польскай школе мне лепш. Няма столькі дамашкі, у Беларусі на дом задавалі вагон і маленькі вазок, а дакладней вялікі. Па прадмеце «Чалавек і свет» задавалі пяць старонак пераказу. Увесь дзень быў заняты: прыходжу са школы, потым у музычную школу, на гімнастыку, яшчэ дамашнія заданні. У Польшчы толькі хор ці фартэпіяна, альбо французская мова.
Сумую па сябрам у Беларусі і па гімнастыцы. Проста гімнастыка была прыкольная. Мы з бацькамі думаем, што нам зручна заставацца жыць у Польшчы. Калі ў Беларусі прэзідэнт сыдзе, то мы можам прыязджаць у госці.
Мы спачатку не планавалі з’язджаць, але аднойчы маму затрымалі. Потым адпусцілі, трапіўся нармальны міліцыянер. А тата праз два месяцы з’ехаў у Польшчу, гэта было ў кастрычніку пасля выбараў. Я так разумела, што тата паехаў працаваць у іншую краіну. Пасля маці задалася пытаннем: як нам было б, калі б мы пераехалі да таты ў Польшчу.
Як сям’я апынулася ў Польшчы
Маці Надзі Наталля прыгадвае жыццё ў Мінску і тлумачыць, чаму сям’я перабралася ў Польшчу:
— Мы няблага жылі. Муж працаваў інжынерам-энергетыкам, я была ў адпачынку па даглядзе за дзіцем з інваліднасцю, гэта старэйшы сын Арцём, яму цяпер 17. Я была ў дзецях, сям’і. Здавалі адну кватэру, у іншай жылі. Ездзілі да бацькоў у госці, гулялі, хадзілі ў цырк, кіно і парк.
Калі пачаліся падзеі да выбараў, то я стала шукаць шляхі, як дапамагчы. Пачала насіць перадачы на Валадарскага. Гэта згуляла добрую ролю, там бачылі, што адзін і той жа чалавек ходзіць, таму ў мяне бралі, калі афіцыйна забаранілі на нейкі час перадачы.
На выбары хадзілі з дзецьмі, усё было добра, але толькі да вечара. Я з Надзяй і Лізай, якая на год меншая, выходзіла на жаночыя ланцугі салідарнасці. Муж хадзіў на маршы, а пасля звольніўся па ўльтыматуме Ціханоўскай.
Палітыка ў мяне была і да 2020 года, большасць маіх знаёмых — старая апазіцыя. Калі муж паехаў працаваць у Польшчу, я засталася з дзецьмі ў Беларусі. Хадзіла на маршы, пікеты, у суды. На мяне пачалі ціск праз дзяцей. Тады прыехаў муж, мы завярнуліся ўсе рэзка — і так трапілі ў Польшчу.
Тут муж пайшоў працаваць на будоўлю, я пайшла ў клінінг. Я вельмі прывязаная да сына: трэба прывезці ў школу, забраць. Дзяўчынкі ходзяць у беларускую музычную школу. Надзя хоча граць на цымбалах, вось буду прасіць, каб іх перадалі з Беларусі.
Арцём пайшоў у спецшколу, адносіны выдатныя, мне ёсць з чым параўнаць. Настаўнікі тут паважаюць, ставяцца з любоўю, таму дзеці хутка адаптуюцца. Дзеці больш адкрытыя сталі.
У Беларусі мне было непрыемна, калі бачыла настаўнікаў. Настаўніца Надзі была намесніцай старшыні выбарчай камісіі. Пасля вельмі доўгі час казала, што мы нешта не разумеем. Я дзецям забараніла ўступаць у піянеры, а яна тэлефанавала і ўгаворвала. Казала, што трэба быць як усе, спрабавала ўздзейнічаць праз дачку, а затым аказалася, што такіх, як мы, было шмат. Я адправіла дзяцей у беларускамоўную гімназію, каб менш з такім вось кантактаваць, але ўсё роўна наткнулася на гэта.
Ліза прыйшла ў школу на другі дзень і забыла зменку. Сядзіць, рыдае, вакол сабраліся дзеці і настаўнікі — ніхто не разумее, што адбываецца. Калі даведаліся, што яна проста забыла тапкі, сказалі, што не праблема, і не маглі зразумець, чаму яна так расстроілася. Ліза чакала, што будуць крычаць. Толькі год пахадзіла ў беларускую школу, але ўжо да такой ступені была ў страху.
Падчас пратэстаў з’явілася фраза «беларус беларусу беларус», але гэта не маштабнае дзеянне, а толькі лакальнае. Нам вельмі не хапае павагі да іншых і да саміх сябе.
Назар Жаркевіч, 14 год
— У Беларусі жыў у Шабанах, хадзіў у двухсотую музычную школу ў сёмы клас, а яшчэ на цымбалы. У Беларусі засталося шмат сяброў. Падтрымліваць сувязь з некаторымі з іх не магу, ім забаранілі са мной камунікаваць бацькі. Даведаўся пра гэта праз іншых сяброў.
Настаўнікі казалі ў школе, каб са мной не размаўлялі, бо я нешта там прапагандую. Калі я ўбачыў, што да нас у школу прыходзіць АМАП і паказвае, як усё добра, напісаў прыватна ў школьны Instagram: нічога не добра, яны білі маю маму. Яны пачалі нейкую справу, прывялі ў школу ўчастковага, разбіралася. Ну і пасля гэтага настаўніца матэматыкі Таісія Сяргееўна на ўроку сказала, каб дзеці не размаўлялі са мной. Ведаў яе з пятага класа. Спярша яна быццам нават была не супраць БЧБ. На свята прыносілі ёй кветкі бела-чырвона-белых колераў, перажывала, як данеслі іх з дому, ці не затрымлівалі.
Да 2020 года ўсё было нармальна. У 2020 стаў радзей бачыцца і размаўляць з мамай, радзей выходзіў на вуліцу. Вельмі непрыемны год.
Было страшна больш за ўсё 28 красавіка. Званю маме, яна не здымае. Тэлефануе хросная, забірае мяне і вязе да бабулі. З мамай ніякай сувязі тры дні. Пасля яна прыехала. Баяўся, што будзе сядзець даўжэй, чым звычайна. Упэўнены, што калі забіралі маму, там была прымененая сіла. А забралі яе таму, што хадзіла ў чорным адзенні.
Калі мы з’язджалі з краіны, сабраліся за дзесяць хвілін. З’язджалі, каб мама не села. Да гэтага былі думкі, што давядзецца выехаць, але спадзяваўся, што не спатрэбіцца. Канешне, гэта ўсё несправядліва, нас пазбавілі ўсяго.
Напэўна, калі вайна закончыцца, будзе відаць, калі зможам прыехаць у Беларусь. Хацеў бы пабачыцца з сябрамі і сваякамі. Калі будуць суды над людзьмі, якія здзекаваліся з мамы, я б прыйшоў, паглядзеў бы на іх. Вельмі хочацца вярнуцца ў Кіеў, такі прыгожы горад.
У Польшчы ў асноўным сяджу дома. Тут іншая мова, асабліва няма як з кім-небудзь размаўляць. Вучыцца буду ў беларускай анлайн-школе. Сумую па сябрах з Беларусі, па некаторых сваяках. З часткай сваякоў не размаўляю, бо яны падтрымліваюць Лукашэнку. Пра тое, што адбылося з мамай кажуць, што не было чаго хадзіць.
Як сям’я апынулася ў Польшчы
Назар выехаў з Беларусі разам з маці вясной 2021 года. Алена Жаркевіч, яго маці, разважае, ці адчувае віну перад сынам:
— Я ведаю, што па-іншаму не магла. Усё гэта абмяркоўвала з сынам. Калі б Назар мяне не падтрымаў у Беларусі, то, напэўна… хаця ён не мог мяне не падтрымаць, маё меркаванне для яго аўтарытэтнае, я з першых дзён тлумачыла, чаму ў гэтым усім. Ніколі не хавала ад яго, што адбываецца ў краіне. Ён быў са мной на плошчы, бачыў вялізную колькасць шчаслівых і свабодных людзей 16 жніўня. Ён бачыў людзей, якіх збівалі — і не таму, што я паказвала, а таму што гэта ёсць у інтэрнэце.
Аднойчы сказаў, што ім у школе даводзілі, нібыта бацькі вас не любяць, раз выходзяць на плошчу. Пытаюся: а ты як думаеш, сын? Адказвае: я сказаў Таісіі Сяргееўне, што мама мяне любіць, таму і выходзіла на пратэсты. І запытаўся: ад таго, што вы выходзіце, людзі будуць свабоднымі? Кажу, што так. Працягвае: ёсць жа такія дзеці, якія сёння не бачаць бацькоў, таму што тыя сядзяць у турмах. Мама, трэба выходзіць, трэба вызваляць іх. Нельга, каб дзеці былі без бацькоў.
Калі б я не выходзіла, то не змагла б глядзець у вочы даросламу сыну, калі ён спытаецца, дзе я была ў 2020 годзе.
Так, мне шкада, што сын цяпер не дома, не бачыць бабулю, сяброў, а гісторыя са школай — проста цырк. Прасілі дакументы, нам адмовілі, пагражалі падаць у міжнародны вышук, дырэктар сказала, што я скрала дзіця з Беларусі. Бацькам аднакласнікаў казалі, што я сяджу ў турме КГБ, а Назар адзін ва Украіне. Ён жа ўсё гэта аналізуе. І хаця мне шкада, што яму давялося столькі перажыць, але я не выхоўваю сына ў хлусні. Мне не трэба, седзячы ў Беларусі, казаць: «Сын, цярпі». Я не хачу, каб мой сын быў цярпілам.
Калі я вярнулася пасля допыту, ён запрасіў выйсці на вуліцу, бо дома нельга размаўляць, у нас жа было КГБ. Пытаецца, чаму мяне адпусцілі. Адказваю, што не ведаю. Назар: «Мам, я спадзяюся, ты нікога не здала?». Калі чуеш такое ад 12-гадовага дзіцяці, то якія тут могуць быць сумненні? Мой сын мной ганарыцца.
Калі ў лютым забіралі на Акрэсціна, напісала для яго вялікі ліст. Вяртаюся, бачу ліст, а на зваротным баку намаляваныя чорныя людзі і надпіс: я ненавіджу Беларусь. І тут я разумею: ці гэтая ўлада сыходзіць, ці мой сын будзе жыць у гэтым усім. Нам у Польшчы, канешне, нялёгка. Часам мяне папракаюць, што ў дзіцяці павінна быць нармальнае дзяцінства. Яно ў яго ёсць. Іншае дзяцінства цяпер немагчымае.
Не хачу, каб сын забыў, што такое Беларусь. Калі нашым дзецям тлумачыць тое, што адбываецца, то, спадзяюся, яны не паўтораць памылак, які дапусцілі некаторыя беларусы. Нашы дзеці будуць разумець, што за свае правы трэба змагацца. У мяне вялікае спадзяванне на нашых дзяцей. Толькі яны змогуць пабудаваць нармальнае грамадства, якое не будзе ў баку ад чужых праблем.
Раней дзеці гулялі ў ваенных і паліцыю, а цяпер не, бо сілавікі ў Беларусі несумленныя. Гэта ненармальна, калі мы мусім казаць дзецям, што беларускія міліцыянеры — гэта кепскія людзі. Мы гадуем дзяцей, якія ненавідзяць беларускую міліцыю, а ненавідзець міліцыю — значыць не трымацца закона, і што ж гэта за дзяржава такая атрымаецца? Нашы дзеці ўмеюць аналізаваць і будуць ведаць, як павінна быць. Яны вырастуць людзьмі, з чыім меркаваннем будзе нельга не лічыцца.
На той момант, калі ў Беларусь прыеду я, лукашысты сябе самі зжаруць знутры. Нават чалавеку, які з мяне здзекаваўся, не жадаю, каб штосьці з ім здарылася страшнае. Хачу, каб усё было па законе і каб усё было апублічана. Не мне жыць з тым, што яны зрабілі. Гэта яны пасля будуць тлумачыць сваім дзецям, чаму рабілі тое, што рабілі. Прыйдзе дзень, калі іх дзеці расчаруюцца ў сваіх бацьках, і гэта будзе самым балючым.
Янка Палынскі, 4 гады
— Дома я гуляў у джып, ксілафон, глядзеў у бінокль. Беларусь — гэта куды мы прыедзем з Беластока, а ў Беласток прыехалі з Беларусі. У Беласток мы паехалі, каб прыехаць да таты. У Беларусі тата працаваў у такім спецыяльным месцы, работа. Ехалі туды, туды і туды — і прыехалі ў Беласток, у дом з нумарам восем, каб распакаваць цацкі. І ў нас стала вельмі шмат цацак і машынак. Дом у Беларусі — гэта дзе ўсё было ў нас. Я вельмі хачу туды, я туды завязу ўсё Hot Wheels-машынкі. У Беларусь прыеду праз тысячу хвілін і буду гуляцца там з Hot Wheels-машынкамі, якія прывязу з Беластока. У Беластоку ў мяне ёсць сябар і я хаджу ў садок, там размаўляюць па-англійску.
Падчас размовы тата Ігар пытаецца ў Янкі: «Дзе наш дом?». «Наш дом тут», — адказвае дзіця. «А ў Беларусі?» — перапытваецца бацька. «Вось такі, з трохвугольным дахам», — паказвае Янка.
Як сям’я апынулася ў Польшчы
Маці Янкі Дар’я прыгадвае, як разам з сынам і дачкой Міраславай з’язджала з Беларусі восенню 2021 года да мужа, які быў некалькі месяцаў у Польшчы:
— Калі мы збіраліся, яны не разумелі, што адбываецца. Падчас ператрусу я нічога не тлумачыла, проста казала, што да нас прыйшлі людзі. Зборы для іх былі вясёлай гульнёй: я складаю рэчы, яны назад дастаюць іх з сумак. Дзеці не ведалі, што з’язджаюць. Я казала, што паедзем да таты, яны: «О, супер, паехалі». Не было разумення, што хутка яны не вернуцца.
Першыя паўгода, калі бачылі выяву дома, напрыклад, я па відэасувязі размаўляла, і было відаць нашу сценку, казалі, што гэта наш дом і мы туды хочам. Цяпер у іх тут больш цацак, чым было там, але і дагэтуль памятаюць, што засталося ў Беларусі. Мы амаль нічога не бралі з сабой, толькі пледзік Мірошы, некалькі кніжак і пакет з машынкамі Янкі. Яны дакладна раздзяляюць, што тут — Беласток, а там — Беларусь. Мы ж ехалі да таты, і праз некалькі тыдняў дзеці казалі: няхай тата будзе ў Беластоку, а мы паедзем дадому.
Цяпер яны раздзяляюць мовы на дзве групы: «па-нашаму» — гэта па-беларуску ці па-руску для іх, а ёсць «па-іншаму» — гэта па-польску ці па-англійску. Спрабую вучыць іх польскім фразам для дзіцячай пляцоўкі, Ян падхоплівае: «сześć», а Міра кажа: «не так», пачынае псіхаваць, пакуль не скажаш па-нашаму. Не думаю, што яны будуць лічыць сябе палякамі, нават калі давядзецца жыць у Польшчы доўга, хаця б таму, што мы ж ім скажам: «Чувакі, якія вы палякі, вы ж беларусы».
Ужо ў Беластоку яны неяк будавалі з лега Беларусь, гулялі ў гэта. Чытаюць беларускія кніжкі. Калі дыяспаральна аберагаць беларускасць нашых дзяцей, то яна захаваецца. Напрыклад, у маіх планах у межах сустрэч клуба Beer&History запусціць актыўнасць і для дзяцей у асобным пакойчыку, дзе запрошаны аніматар праводзіў бы дзіцячыя імпрэзы на гістарычныя тэмы.
Тата Янкі Ігар Палынскі расказаў, як тлумачыць дзецям, чаму сям’я цяпер жыве ў Польшчы:
— Я ім пра некаторыя рэчы датычна палітыкі казаў ужо тут і вельмі асцярожна. Яны ведаюць, што ёсць Лукашэнка і яго прыслужнікі, і гэта ворагі. А беларусы — супергероі, якія змагаюцца за свабоду і справядлівасць. Ведаюць, што наш сцяг — бел-чырвона-белы, а герб — Пагоня. Я кажу дзецям, што мы вернемся, што наша радзіма — Беларусь. У Польшчы нам добра, але дом нас чакае.