Раніцай 25 жніўня каля вёскі Сурканты ў Гродзенскай вобласці невядомыя зраўнялі з зямлёй могілкі Арміі Краёвай — адны з найбуйнейшых у рэгіёне. Пра гэта паведамляе чытачка партала Glosznadniemna.pl.
Паводле інфармацыі выдання, разбурэнне могілак нагадвае маштабную спецаперацыю.
Дарогі да месца, дзе адбываецца акт варварства, блакіруюцца невядомымі. А абураных мясцовых жыхароў, якія спрабуюць зафіксаваць злачынства, палохаюць турэмным зняволеннем.
Могілкі ў Суркантах
Сурканты — гэта невялікая, практычна вымерлая вёска, якая знаходзіцца ў 20 кіламетрах на паўночны ўсход ад Ліды. На могілках у Суркантах спачываюць байцы Арміі Краёвай, якія змагаліся з часткамі НКВД у жніўні 1944 года. У самім баі загінулі 18 жаўнераў, у тым ліку шэсць афіцэраў (іншыя звесткі падаюць савецкія крыніцы, якія ацанілі страты ў 54 забітых і 6 палонных). Да параненых жаўнераў польскага падполля саветы не аказалі літасці, расстраляўшы іх адразу пасля заканчэння баёў.
Пахаванне загінулых польскіх жаўнераў, праз страх мясцовых жыхароў перад саветамі, адбылося не на мясцовых могілках, а на полі, каля могілак паўстанцаў 1863 года, з удзелам мясцовага святара літоўскай нацыянальнасці. У савецкія часы мясцовыя жыхары не дапусцілі заараць магілу для калгаса. 8 верасня 1991 года польскія жаўнеры былі эксгумаваныя і пахаваныя на месцы, дзе спачываюць і цяпер. Беларускія ўлады далі згоду на крыж на магіле з надпісам на польскай мове, аднак адмовіліся падкрэсліць, што палякі ваявалі з НКВД.
Першы выпадак у жніўні
Акт вандалізму ў Суркантах — першы пасля ліпеньскіх «акцый» на Гродзеншчыне. Раней было вядома пяць выпадкаў разбурэння магіл Арміі Краёвай у рэгіёне. 1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэнне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Гроднам. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, як кіраўнік рэгіёна, сітуацыю не каментуе — ён наогул запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гродзеншчыну.
Таксама стала вядома, што некалькімі днямі раней каля вёскі Пяскоўцы быў разбураны памятны знак палякам, якія загінулі з баях з войскамі НКВД.
МЗС Беларусі адмаўляе наяўнасць пахаванняў
У Польшчы асудзілі кампанію беларускіх уладаў у імкненні замесці сляды польскасці ў Беларусі. Афіцыйная заява польскага Міністэрства замежных спраў з’явілася на сайце ведамства 6 ліпеня.
7 ліпеня МЗС Беларусі выклікала ў міністэрства часовага паверанага ў справах Польшчы ў сувязі з сітуацыяй са знішчэннем пахавання салдат Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. У беларускім МЗС адмаўляюць, што было нейкае пахаванне.
Як гаворыцца ў паведамленні МЗС, часоваму паверанаму Марціну Вайцяхоўскаму патлумачылі, што ў гэтым населеным пункце, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, «воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».
У МЗС дадалі, што ў Беларусі да такіх пытанняў вельмі ўважлівыя, і законнасць «работ па ўладкаванні тэрыторыі» ў дадзеным месцы была пацверджана Генпракуратурай пасля атрымання дадзеных, што чалавечыя парэшткі там адсутнічаюць.
Рэжым Лукашэнкі перайшоў яшчэ адну непераходную рысу
11 ліпеня беларусы, што жывуць у Польшчы, асудзілі разбурэнне могілак польскіх жаўнераў у Беларусі: з пратэстам выступілі сябры Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.
«У нашай цывілізацыі за норму прынята павага не толькі да сваіх, але і да замежных жаўнераў і нават да ворагаў. Гэта таксама азначае клопат аб іх годным пахаванні. Разбурэнне магіл польскіх воінаў сёння з’яўляецца крайнім варварствам. Самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі перайшоў яшчэ адну непраходную рысу. Мэта гэтых ганебных спраў відавочная — пасварыць польскі народ з беларускім. Мы на гэта не згодныя», — напісана ў лісце за подпісам прэзідэнта Беларускага гістарычнага таварыства, прафесара Алега Латышонка.
Знішчэнне магіл польскіх жаўнераў у Заходняй Беларусі стала шокам для Польшчы. Але ці ўсе пра гэта ведаюць? Чаму гэта адбылося акурат зараз? Як мае рэагаваць урад Польшчы? MOST пытаўся ў мінакоў у Беластоку.
Штодня прыходзяць чарговыя звесткі пра руйнаванне магілаў жаўнераў Арміі Краёвай (ды іншых польскіх падраздзяленняў) у Беларусі. На вуліцах Беластока мы...
Чытаць далейЯк справы з савецкімі пахаваннямі ў Беластоку?
Пакуль у Беларусі руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў, MOST прапануе ўбачыць, як у Беластоку выглядаюць могілкі савецкіх салдатаў. Гэта ў асноўным пахаванні тых, хто загінуў пры вызваленні Беластока ў ліпені 1944 года і ў пасляваенны час. Ёсць пахаванні нават тых, хто змагаўся з Арміяй Краёвай. Ні намёку на разбурэнні.
Пакуль у Беларусі руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў, MOST прапануе ўбачыць, як у Беластоку выглядаюць могілкі савецкіх салдатаў. Гэта ў асноўным...
Чытаць далей