Субота, 17 мая 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Навіны

«Як ідзём у кіно каталіцкае, дык не баімся грэху». Пра што беларусы Беластока пісалі ў газеты 90 гадоў таму

MOST MOST
22 красавіка 2024, 09:41
Навіны
A A
Беларусы Беластока

Беласток, 1936. Фота: Henryk Poddębski / Narodowe Archiwum Cyfrowe. Газета Беларуская крыніца. Калаж: MOST

Многія публікацыі MOST ствараюцца па лістах і паведамленнях нашых чытачоў. А 90 гадоў таму беларусы, прынамсі ўсходняй часткі Другой Рэчы Паспалітай, пісалі ў віленскія выданні. Мы прагарталі сотні нумароў беларускіх газет і часопісаў, якія ў 1930-я гады выходзілі ў Вільні, і знайшлі больш за 50 допісаў з Беластока. Журналіст MOST сабраў самыя яскравыя цытаты, якія, нібы мазаіка, ствараюць карціну беластоцкага жыцця 1930-х вачыма тагачасных беларусаў.

Арфаграфія і пунктуацыя захаваныя, хоць не адпавядаюць нормам сучаснай беларускай мовы. Усе цытаты перадаюць суб’ектыўныя погляды аўтараў.

«Беласток людзьмі такі самы, як і Горадня або Вільня»

«Беласток паложаны каля этнаграфічнай Польшчы. Ад Беластоку да этнаграфічнай Польшчы ня больш 20 кілямэтраў», — пісаў у 1935 годзе на старонках «Беларускай Крыніцы» Кастусь Сідаровіч, адзін з мясцовых беларускіх дзеячаў. Сёння гэтае геаграфічнае апісанне можа нас здзівіць, але ў пачатку ХХ стагоддзя этнографы праводзілі мяжу паміж польскім і беларускім насельніцтвам па рацэ Нарве.

«Беласток людзьмі такі самы, як і Горадня, або Вільня, алеж узноў куды не такі самы, як Варшава. … Бо там далей за Беласток, ня больш яе дзесяць вёрст на захад, ужо рака Нарва, а за ею другі народ, народ, што да Варшавы больш падобны», — пісаў іншы аўтар у 1934 годзе.

«Падместачоквыя жыхары Беластоку — дык, мусіць, усе беларусы»

У 1919 годзе, напярэдадні першых выбараў у гарадскую раду Беластока, польская адміністрацыя ўключыла ў межы горада суседнія вёскі. Гэта быў хітры крок, каб павялічыць працэнт хрысціянскага насельніцтва горада. Іначай большасць месцаў у самакіраванні маглі б заняць яўрэі. Ды вёскі пераважна засталіся вёскамі, а іх старэйшыя жыхары захавалі беларускую мову, што заўважыў у 1939 годзе, за некалькі месяцаў да пачатку вайны, аўтар допісу ў часопісе Chryścijanskaja Dumka:

«Даўнейшыя вёскі кругом Беластоку цяпер перарабіліся ў прадмесьці. А як Пячуркі і Дайліды, дык і сяньня чыстыя вёскі, хоць яны лічацца горадам. … Я хаджу па беластоцкіх прадмесцях і мне кідаецца ў вочы стары там беларускі характар, як людзей, так і спосабу іх жыцьця. Слабада, Антанюк, Скарупы і інш. прамаўляюць за беларускім характарам у Беластоку. Старэйшыя людзі гавораць тут пабеларуску».

«Падместачоквыя жыхары Беластоку дык мусіць усе беларусы. Досыць глянуць на іх беларускія міны і на іх крамы, каб у гэтым пераканацца», — піша іншы аўтар.

беларусы Беластока
Вуліца Замэнгофа ў Беластоку, міжваенны перыяд. Аўтар невядомы / Narodowe Archiwum Cyfrowe

«Дзе цяпер стаяць камяніцы, было балота — ані прайсці»

Беларусаў з навакольных вёсак і з суседніх паветаў прыцягвала ў Беласток магчымасць працы на фабрыках, якія сталі хутка развівацца пасля пабудовы ў 1862 годзе Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, адной з першых чыгуначных магістраляў у Расійскай Імперыі. Горад стаў хутка расці. Неўзабаве да яго прыляпілася акрэсленне «Паўночны Манчэстэр», бо Беласток быў цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці. Ехалі ў Беласток людзі не толькі з суседніх вёсак, але і з далейшых ваколіц:

«А жыхары самога Беластока, якія сваю царкву любяць, гэта людзі, што ў Беласток на жыцьцё папрыязджалі з пад Горадні, з пад Ваўкавыска і з пад Берасьця. Яны ўсе найчысьцейшыя беларусы», — пісаў Кастусь Сідаровіч у 1935 годзе.

«Ня надта даўна ён [Беласток] быў дужа малым. Старыя людзі помняць, як там, гдзе цяпер стаяць камяніцы, было балота ані прайсці. Сто гадоў з нечым, як Беласток пачаў узрастаць і фабрыкі тут загудзелі», — піша карэспандэнт Chryścijanskaj Dumki.

«Уражанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перайшоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца розніца між старымі і новымі будынкамі. Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі многастольнымі камяніцамі», — запісаў у сакавіку 1933 года ў дзённіку вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч, які прыехаў у Беласток па запрашэнні акруговай управы Таварыства Беларускай Школы.

беларусы Беластока
Беласток, 1936. Фота: Henryk Poddębski / Narodowe Archiwum Cyfrowe.

«Рабочыя добра там аплачаны і добры там парадак»

Прыгажосці ў Беластоку, мабыць, беларусы бачылі нямнога — затое на мясцовых фабрыках за тыдзень можна было зарабіць болей, чым у вёсках ці малых мястэчках за месяц.

«Перад Калядамі добра ішлі фабрыкі і хто на іх рабіў, дык зарабіў крыху. Ткач зарабляе па 70 зл. у тыдзень, а снавальніца па 50 і 60 зл. Найбаявейшая ў Беластоку фабрыка ёсьць Шапіры. 500 рабочых на ёй працуе. Рабочыя добра там аплачаны і добры там парадак», — пісаў у пачатку 1937 года ў Chryścijanskaj Dumcy аўтар пад крыптонімам B-n.

Але і з беспрацоўем даводзілася сутыкацца беластоцкім рабочым:

«На Новы Год у ваяводстве быў банкет на мэты нейкія дабрадзейныя. У сьвята невялічкая грамадка безработных у ваяводстве падходзілі пад вокны са сваімі дамаганьнямі хлеба, але гэтае іх «паўстаньне» было вельмі спакойнае. Двух паліцыянтаў лёгка ім далі рады».

фабрыкі Беластока
Работніца фабрыкі Ізраэля Шпіры, якую адабралі камуністычныя ўлады ў час савецкай акупацыі. Восень 1939 года. Фота: Павел Трошкін / Калекцыя Дзяржаўнага гістарычнага музея, Масква / Goskatalog.ru

«Праваслаўных палякаў няма»

Цікавіліся беларускія карэспандэнты і дзейнасцю беластоцкага самакіравання. А ў шматнацыянальным горадзе не магло абысціся без канфліктаў на нацыянальнай глебе:

«У мястовай Беластоцкай радзе заядлая ідзе барацьба жыдоў з палякамі. Жыды хацелі вынясьці пратэст, што іх браты прасьледваюцца на польскіх універсітэтах. Палякі гэтага пратэсту не прапусьцілі. З свайго боку палякі паднялі справу рытуальнай разьні ў жыдоў быдла. Але і гэта прайшло так неразьвязаным”.

Шмат допісаў беластоцкіх беларусаў было прысвечана рэлігійным справам. Асабліва часта гэтая тэма ўзнікала ў 1935 годзе, калі польскія ўлады ініцыявалі стварэнне «Таварыства праваслаўных палякаў» і «Дома праваслаўных палякаў» ды ўвядзення ў царкве святога Мікалая казанняў па-польску. Беларускія карэспандэнты не хавалі свайго абурэння гэтым новаўвядзеннем.

«Ані ў Беластоку, ані ў беластоцкіх ваколіцах «православных полякув» няма. Праваслаўныя ў беластоцкіх ваколіцах — беларусы, а ў Беластоку — наезныя маскалі, ёсць украінцы і нашыя, тутэйшыя беларусы. Група «православных полякув» — гэта беластоцкі новатвор», — пісаў Кастусь Сідаровіч.

Іншы карэспандэнт адрэагаваў эмацыйна: «Беластоцкае праваслаўе на новыя дарогі ўступае: польскае праваслаўе ў нас заводзіцца! Ужо мы маем спецыяльнага папа на гэта! Усё тут робіцца, каб на гэты павадок злавіць, як найбольш, праваслаўных».

Але і беларускай мовы ў царкве святога Мікалая не было чуваць.

«Мяне ў Беластоку раз неяк пытаўся адзін духоўнік: “А скуль ты пабеларуску ўмееш”. Я духоўніку гэнаму паставіла вочы ды кажу: “А гэта-ж што? Ці-ж беларуская мова не мая родная мова?!” Ах, як-бы я любіла, каб у нашай царкве, ды замест польскіх казаньняў завяліся беларускія! Кажуць людзі сяньня, што на сьвеце свабода, дык чаму-ж для беларусаў у Беластоку не завясьці беларускіх у царкве навукаў!», — дзялілася думкамі з чытачамі «Беларускай Крыніцы» аўтарка, падпісаная Верай.

цэрквы Беластока
Царква св. Мікалая ў Беластоку. Фота са збораў Аляксандра Сосны / Soborbialystok.pl

«Вышаў новы і надта прыгожы касцёл»

Пісалі ў беларускія газеты і каталікі з Беластока. Яны хадзілі на набажэнствы ў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, апісвалі ў прэсе візіты віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, кінапаказы ў «Каталіцкім Доме» ды шкадавалі, што ў касцёле не пачуеш роднай мовы.

«Гадкоў з трыццатак, як у Беластоку збудаваўся наш стройны і багаты касьцёл. Слаўны наш дзекан Шварц умеў каля маскалёў хадзіць добра. Маскаль яму пазволіў стары касьцёлак паправіць, а наш дзекан Шварц, як узяўся за гэту работу, дык у яго вышаў новы і надта прыгожы касцёл».

23 студзеня 1935 года ў старым будынку каля касцёла быў урачыста адчынены «Каталіцкі Дом». Там праходзілі тэатральныя пастаноўкі і паказвалі кіно. Будынак гэты захаваўся да сённяшняга дня — цяпер у ім кіно TON і кнігарня імя святога Казіміра.

«Цяпер адна для нас выгода ў Беластоку, што як ідзём у кіно каталіцкае, дык не баімся грэху, бо мы пэўныя, што там будуць добрыя фільмы», — пісаў чатыч Chryścijanskaj Dumki.

А абурала беларускіх аўтараў тое, што ні ў касцёле, ні ў каталіцкіх культурных установах нельга было пачуць ані слова па-беларуску: «Беластоцкія беларусы свае ахвяры нясуць у касьцёл на ўсе патрэбы і на каталіцкі дом, а ў касьцёле, як і ўсюды, ім беларускага нічога не даецца. Цяпер у гэтым каталіцкім доме беларусы не пачуюць ані аднаго беларускага слова. У нашай парахвіяльнай бібліятэцы ня знайдзеш беларускай кніжкі», — пісаў адзін з іх.

«У польскіх кнігарнях няможна купіць беларускага календара»

Зрэшты, беларускай мовы нельга было знайсці не толькі ў касцёле, але і, напрыклад, у кнігарнях:

«У беластоцкіх польскіх кнігарнях няможна купіць беларускага календара. Мы з гэтым зьвятаемся да крамаў жыдоўскіх. На кірмашох у нас грыміць шырока беларуская мова. У Беластоку надта-б зарабіў беларускі тэатр, каб ён аднекуль прыехаў да нас і папяяў-бы нам і павесяліў-бы нас. А то мы без беларускага прадстаўленьня ў Беластоку маркоцімся і сумуем».

Праўда, можна было ўбачыць тэатральныя прадстаўленні на ўкраінскай мове. «Украінскі тут тэатр цэлы год дае прадстаўленьні і з гэтага неяк пражывае. Тэатр гэты аб’язджае і бліжэйшыя каля Беластока мястэчкі», — піша аўтар Biełaruskaj Krynicy.

Трэба ўзгадаць, што беларускія аматарскія прадстаўленні ў горадзе над Белай рэгулярна адбываліся ў 1928-1933 гадах. На іх збіраліся сотні гледачоў. Прадстаўленні ладзіла культурна-асветніцкая арганізацыя «Таварыства беларускай школы» (ТБШ). Таксама ТБШ арганізоўвала асветніцкія лекцыі па-беларуску.

У 1935 годзе беластоцкае ТБШ было ліквідаванае.

беларускі каляндар
Вокладка “Беларускага сялянскага календара” на 1939 год, выданне Беларускай кнігарні “Пагоня” ў Вільні. З калекцыі Кастуся Шыталя.

«Дамагаліся, каб спявак пяяў беларускія песні»

У 1937 годзе група беларускіх дзеячаў заснаванага ў Беластоку Беларускі тэатральны кааператыў “Полымя”. Адзінае, што ўдалося зрабіць гэтаму кааператыву — гэта правесці 6 чэрвеня 1937 года ў тэатры Palace на вуліцы Кілінскага канцэрт самага вядомага беларускага спевака міжваеннага перыяду, Міхала Забэйды-Суміцкага. Праўда, мясцовыя польскія ўлады хацелі забараніць яму спяваць па-беларуску. Спявак, які перад тым выступаў у Міланскай оперы ў Італіі, сам пайшоў да беластоцкіх чыноўнікаў і выпрасіў дазвол заспяваць «Лявоніху» і «Чаму ж мне не пець». Слухачы былі ў захапленні, як пісаў у справаздачы з канцэрта, апублікаванай на старонках «Шляху Моладзі», беларускі актывіст Сяргей Крывец:

«Публіка, анямеўшая пад уражаньнем першых песень, раптам уздрыганула, як адзін нэрв з каскадай тонаў кіпучай «Лявоніхі». Пэрыяд сымбалічнай тугі скончаны, за ім бруіць задор маладога жыцьця, размах паднятага духа. Жыцьцё так харошае і жыць хочацца».

У кастрычніку 1937 года беларускія тэатралы паспрабавалі зладзіць прадстаўленне ў мястэчку Гарадок, але ўлады не далі дазволу. А калі 28 кастрычніка таго ж года ў Беласток завітаў яшчэ адзін вядомы спявак-беларус Павал Пракапеня, у зале адбыўся прыкры інцыдэнт:

«Пракапеня прапяяў некалькі песьняў і італіянскіх і польскіх, а калі хацеў засьпяваць песьню “Эй, ухнем” (песьня расейскіх бурлакоў), прадстаўнік улады прабаваў перарваць яму сьпеў, а пасьля канцэрт спыніў. У гэты мамэнт прысутныя на залі паднялі шум і дамагаліся, каб сьпявак пяяў беларускія песьні “Лявоніху”, “Дубка”, “Чаму ж мне ня пець” і інш», — пісаў у «Шляху Моладзі» карэспандэнт Я. К.

Міхал Забэйда-Суміцкі
Міхал Забэйда-Суміцкі, беларускі спявак. Фота 1937 года. Narodowe Archiwum Cyfrowe

«Трэба забывацца гаварыць па-беларуску»

З карэспандэнцый можна зразумець, што становішча беларускай мовы ў Беластоку дзевяноста гадоў таму было незайздроснае. Гэтае становішча ілюструе побытавае здарэнне, якое апісаў у 1939 годзе адзін з аўтараў Chryścijanskaj Dumki:

«Я гэта раз неяк стаю на вуліцы і гавару пабеларуску з добрым і паважным чалавекам. А тады да нас падыходзе наш знаёмы і робе нам дакор: “Трэба ўжо забывацца гаварыць пабеларуску!” Мой чалавек гэны спужаўся гэтага, вушы стуліў, націснуў шапку, ды ад мяне ў ногі. Ён у Беластоку нейкім маленькім чыноўнічкам, дык трэба яму асьцерагацца».

Неўзабаве пасля таго пачалася Другая Сусветная вайна, а ў Беластоку некалькі разоў мянялася ўлада. Пасля 2020 года Беласток стаў домам для сотняў беларусаў, якія шукалі прытулку з-за палітычнага становішча на Радзіме. Можна радавацца, што ў адрозненне ад 1930-х гадоў, цяпер у Беластоку можна вольна размаўляць па-беларуску, а ўлады горада і ваяводства падтрымліваюць беларускую культуру. Беларусы і палякі нарэшце змаглі паразумецца.

Падрыхтаваў Ян Рамэйка

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

Ночь музеев в Польше 2025

Дегустация водки и прогулка на ретротрамвае. Рассказываем, куда в разных городах Польши сходить в Ночь музеев

MOST
16 мая 2025, 19:18

Ночь музеев — одна из самых ожидаемых международных культурных акций. В 2025 году она пройдет 17 мая. В Польше десятки музеев, галерей и культурных пространств откроют двери для...

беларусы в Гданьске

На детской площадке в Гданьске мальчик отказался поиграть с беларусской девочкой. Ее отец стал его душить

MOST
16 мая 2025, 12:17

В Гданьске 37-летний гражданин Беларуси напал на 8-летнего мальчика. Так он отреагировал на то, что ребенок отказался поиграть с его дочкой. Теперь мужчине грозит тюремное заключение. О вопиющем...

туристическая мекка Польши

Деревня под Краковом стала туристической меккой. Там можно сделать невероятные фото, а вот пройтись — всего по одной улице

MOST
15 мая 2025, 14:32

Все 6 тыс. жителей деревни Сулошова под Краковом живут вдоль единственной улицы — одной из самых длинных в Польше. Ее протяженность составляет почти 9 километров. На уникальную деревню...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

Кіраваць згодай Cookies
Мы і нашы партнёры атрымліваем доступ і захоўваем інфармацыю на прыладзе і апрацоўваем асабістыя дадзеныя, такія як унікальныя ідэнтыфікатары і стандартную інфармацыю, якая адпраўляецца прыладай, альбо дадзеныя прагляду, каб выбраць і прафіляваць персаналізаваны змест і рэкламу, вымераць змест і рэкламную эфектыўнасць, а таксама распрацоўка і ўдасканаленне прадукцыі. Са згоды карыстальніка мы і нашы партнёры можам выкарыстоўваць дакладныя дадзеныя геалакацыі і ідэнтыфікацыю шляхам сканавання прылад. Націскаючы «Прыняць», вы пагаджаецеся на апрацоўванне звестак намі і нашымі партнёрамі, як апісана вышэй. Перш як пагадзіцца ці адмовіцца, вы можаце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і змяніць наладкі. Для некаторых відаў апрацоўвання звестак не патрэбная вашая згода, але вы маеце права не пагадзіцца. Параметры не будуць распаўсюджвацца на іншыя сайты, што маюць глабальны альбо сэрвісны дазвол.
Функцыянал Always active
Тэхнічнае сховішча або доступ строга неабходныя з законнай мэтай забеспячэння магчымасці выкарыстання пэўнай паслугі, відавочна запытанай падпісчыкам або карыстальнікам, або з адзінай мэтай ажыццяўлення перадачы паведамленняў па сетцы электронных камунікацый.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Статыстыка
Тэхнічнае сховішча або доступ, якія выкарыстоўваюцца выключна ў статыстычных мэтах. The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Маркетынг
Тэхнічнае сховішча або доступ, неабходныя для стварэння профіляў карыстальнікаў для адпраўкі рэкламы або для адсочвання карыстальніка на вэб-сайце або на некалькіх вэб-сайтах у аналагічных маркетынгавых мэтах.
Manage options Manage services Manage vendors Read more about these purposes
Налады
{title} {title} {title}
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты