Беларуская прапаганда любіць пужаць 1990-мі — тады ў постсавецкіх краінах квітнелі бандытызм і беднасць, была палітычная нестабільнасць. Прапагандысты звычайна падаюць гэта так, што дзякуючы Лукашэнку беларусы выбраліся з той сітуацыі. А ці былі свае «дзевяностыя» ў Польшчы? MOST пагаварыў з беларусам Янам (імя змененае), які пераехаў у Беласток у 1998 годзе, пра польскіх «браткоў» і рэкет тых часоў, стыхійныя рынкі, на якіх гандлявалі кантрабандай, і пра тое, як за чвэрць стагоддзя змянілася сталіца Падляшша.
Коркі на дарогах, вулічны гандаль, занядбаны стадыён
Ян нарадзіўся ў адным з абласных цэнтраў Беларусі. Радзіму пакінуў з-за палітычнага пераследу і першы час на новым месцы яму дапамагалі падляшскія актывісты руху «Салідарнасць».
Калі беларус прыехаў у Беласток, гэты горад выглядаў зусім не так, як зараз. Цэнтральная плошча Касцюшкі не была пешаходнай — на ёй стаялі прыпынкі грамадскага транспарту і ездзілі аўтобусы. Дарогі былі дрэнныя, а аб’язных яшчэ не пабудавалі, таму часта ўтвараліся коркі і заторы.
Паўсюль вёўся вулічны гандаль, гудзелі стыхійныя рынкі, у розных месцах стаялі людзі з таварамі, а на прыпынках і не толькі працавалі кіёскі, у якіх можна было набыць цыгарэты, газеты, нешта выпіць і з’есці.
Не было ніводнага гандлёвага цэнтра, Auchan; нават першы McDonald’s з’явіўся тут толькі ў 1998 годзе. На месцы, дзе зараз знаходзіцца буйная гандлёвая галерэя Jurowiecka, раскінуўся адзін з самых вялікіх рынкаў горада, а побач з ім паволі прыходзіў у заняпад галоўны гарадскі стадыён.

— Калі параўноўваць, то зараз Беласток стаў нашмат зручнейшы, камфортны і прыемны для жыцця, чым быў тады, — дзеліцца Ян.
Бадай, адзінае, што адназначна было лепшым у Беластоку 1990-х, — гэта даступнасць жылля. Беларус кажа, што ён, студэнт, які падпрацоўваў на рынку, мог спакойна здымаць пакой, а потым кватэру, і арэндная плата не была галоўнай тратай у яго бюджэце.
На беларускіх цыгарэтах зараблялі на кватэры
Стыхійны гандаль паўсюль — менавіта такім Яну запомніўся Беласток 1990-х. Вельмі шмат мясцовых жыхароў ездзілі ў Гродна: прадаваць польскія тавары і купляць беларускія. Амаль усё, што прывозілі ў Польшчу з Беларусі, было кантрабандай, запэўнівае мужчына. Як і зараз, самымі хадавымі таварамі з’яўляліся цыгарэты, алкаголь і паліва.
— Я памятаю, як ехаў у цягніку з Беларусі, і ўвесь гэты цягнік пасажыры проста разбіралі — раскручвалі ўсё што магчыма і забівалі цыгарэтамі, — расказвае Ян. І дадае, што бачыў, як памежнікі пасля праверкі нешта выносілі з вагонаў, але ж вялікая частка тавару, вядома, даязджала да Польшчы.
Гэтыя схемы прыносілі вялікі прыбытак. Беларус кажа, што шмат мясцовых зарабілі такім чынам сабе на кватэры і іншую нерухомасць.

Стыхійныя рынкі пачалі знікаць з прыходам гандлёвых цэнтраў. Першай, у 2004 годзе, з’явілася галерэя Kwadrat — зараз гэты велізарны будынак стаіць закінуты, паволі зарастае травой і руйнуецца.
У 2007 годзе адчынілі гандлёвы цэнтр Atrium Biała, праз год паўстаў Alfa Centrum, а ў 2015-м на месцы знесенага рынку і старога стадыёна з’явілася галерэя Jurowiecka — усе яны працуюць да сёння і папулярныя як у мясцовых жыхароў, так і ў эмігрантаў.
— Калі адчынялі гандлёвыя цэнтры, то збіраліся чэргі, месцы ў якіх займалі яшчэ ноччу, — успамінае Ян. — Тады ўсе чакалі нейкіх перамен, гэта было нечым новым для людзей, нечым больш цывілізаваным і больш якасным за рынак.
У Варшаве «браткі» патрабавалі «даніну» на рускай мове
З рынку пачынаўся і польскі працоўны шлях Яна. Пасля ён уладкаваўся ў фірму, якая займалася продажам бытавой хіміі і касметыкі, дарос да дырэктара, а ў 2011 годзе адкрыў уласны бізнес.

Яшчэ працуючы на беластоцкім рынку, мужчына бачыў тое, што называецца рэкетам, але асабіста з нечым падобным не сутыкаўся, калі не лічыць выпадак, які здарыўся ў Варшаве. У канцы 1990-х Ян паехаў з сябрамі ў сталіцу, каб купіць вялікую партыю сотавых тэлефонаў і потым прадаць іх у Беластоку.
— Мы прыехалі на варшаўскі рынак і пачалі шукаць, хто можа прадаць, — успамінае мужчына. — І трапілі на людзей, якія нам сказалі, што сюды нельга так проста прыязджаць і набываць што хочаш. І што трэба ўсё рабіць праз іх — людзей, якія «дапамагаюць».
«Даніну» патрабавалі шэсць моцных хлопцаў, значна старэйшых за Яна і яго сяброў-студэнтаў. Хутчэй за ўсё, яны былі беларусамі ці ўкраінцамі, мяркуе Ян, бо размаўлялі па-руску. Рэкеціры адабралі палову сумы, якая была ў гасцей сталіцы з сабой.
— Гэта былі даволі вялікія грошы, да таго ж яшчэ і пазычаныя, таму вельмі добра памятаю той выпадак.
Скінхэды, фанаты і крымінальная раёны
1990-я былі небяспечнымі. У Беластоку існавалі раёны, куды было лепш не заходзіць, яны знаходзіліся на захадзе ад чыгуначнага вакзала — Антанюк, Дзесянціны, Сланечны Сток, Старасельцы. Мясцовыя расказвалі пра гэтыя месцы розныя гісторыі, і ўсе яны заканчваліся тым, што іх героі выходзілі адтуль без грошай.
У Беластоку 1990-х і 2000-х былі субкультуры: панкі, рэперы, металісты, скінхэды. Як і належыць, яны варагавалі паміж сабой, былі бойкі. Ян не ўдзельнічаў у гэтым «варушняку», але кажа, што навіны пра той ці іншы канфлікт хутка разыходзіліся па горадзе.
— Калі ў Беластоку адбываліся футбольныя матчы, — працягвае беларус, — то таксама былі бойкі, і паліцыя была, і вадамёты, і чаго толькі не было. Фанацкі рух тут быў вельмі моцна развіты, і вельмі шмат людзей хадзіла на футбол.
Разам з тым Ян кажа, што Беласток яму падаваўся тады больш бяспечным, чым яго родны абласны цэнтр у Беларусі. Са свайго падлеткавага ўзросту ён памятае бойкі «раён на раён» і як мясцовыя чапляліся да «чужых», якія зайшлі ў іх раён.
Магчыма, Беласток здаваўся больш бяспечным яшчэ і таму, што ў той час у горадзе было даволі шмат паліцыі: патрулі стаялі літаральна на кожным кроку.
— Не параўнаць з тым, што зараз, калі паліцыі ў Беластоку амаль не відаць, — успамінае мужчына. — Але паліцыю не баяліся, як зараз міліцыю ў Беларусі, да іх можна было спакойна падысці і пра нешта запытацца.

Метал-канцэрты, бойкі на дыскатэках і беларуская гаворка
Кавярні і рэстараны былі ў асноўным у цэнтры горада. Людзі таксама хадзілі ў начныя клубы. Ян кажа, што шмат культавых месц з тых часоў ужо пазакрывалася, але клуб, які ён наведваў часцей за ўсё, працуе да сёння.
— Быў студэнцкі клуб GWINT, туды хадзілі ўсе студэнты, і гэта, як мне здаецца, старэйшае такое месца ў горадзе, — тлумачыць беларус. — Пра гэты клуб да сённяшняга дня ведаюць усё, хто быў студэнтам.
У GWINT ладзіліся самыя розныя імпрэзы: у тым ліку рок- і метал-канцэрты, прыязджала шмат гуртоў. Не абыходзілася і без канфліктаў, адной з іх прычын было тое, што наведвальнікі клуба былі з розных субкультур.
— Было па-рознаму, бойкі таксама былі: хтосьці проста мог камусьці не спадабацца і ўсё, — успамінае мужчына.

Свае імпрэзы і дыскатэкі ладзіла таксама беларуская этнічная меншасць Падляшша. Гэта было магчымым дзякуючы дзейнасці розных мясцовых арганізацый, напрыклад Беларускага аб’яднання студэнтаў. Самым вядомым і масавым такім мерапрыемствам быў рок-фестываль «Басовішча», на які штогод з’язджалася некалькі тысяч чалавек, у тым ліку з самой Беларусі.
— У 1990-х у Беластоку яшчэ можна было пачуць [мясцовы варыянт] беларускай мовы, — працягвае Ян. — А калі выехаць за горад, у бок Гайнаўкі, то там амаль усе пагалоўна размаўлялі на гэтай гаворцы.
За 27 гадоў Беласток папрыгажэў
За 27 гадоў Беласток моцна змяніўся, падсумоўвае мужчына. Выдзяляючы галоўныя трансфармацыі, ён ставіць на першае месца тое, як папрыгажэў цэнтр горада — з’явілася пешаходная зона на плошчы Касцюшкі, прыведзеныя ў парадак вуліцы навокал яе, на месцы стыхійнага рынку з’явілася галерэя Jurowiecka.
Замест занядбанага стадыёна, на якім большасць трыбун паспела зарасці травой, пабудавалі сучасную арэну з навесамі, якая можа прыняць больш за 20 тыс. заўзятараў.
— А яшчэ дарогі, якія ідуць вакол Беластока, — працягвае Ян. — Зараз усе, хто прыязджае сюды, кажуць, што гэта сапраўды сучасны горад, з класнымі дарогамі, дзе вельмі лёгка можна даехаць з аднаго канца ў другі.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.