15 ліпеня ў Польшчы адзначаюць гадавіну Грунвальдскай бітвы, якая адбылася ў 1410 годзе паміж польска-літоўскім войскам і Тэўтонскім ордэнам. Беларусы збіраюць подпісы, каб усталяваць на полі бітвы бел-чырвона-белы сцяг, зварот падтрымала лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.
Бітва паміж аб’яднаным войскам Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага — з аднаго боку і арміяй Тэўтонскага ордэна (крыжакамі) — з другога адбылася 15 ліпеня 1410 года на полі каля вёскі Грунвальд — зараз гэта Варміньска-Мазурскае ваяводства Польшчы, 40 кіламетраў на паўднёвы захад ад Ольштына. Грунвальдская бітва была кульмінацыяй вайскова-палітычнага супрацьстаяння паміж Польшчай, ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам.
Гэта была адна з найбольшых бітваў сярэднявечнай Еўропы. Паводле розных ацэнак, у сутыкненні прымалі ўдзел ад 17 да 39 тыс. ваяроў з боку Польскага каралеўства і ВКЛ і ад 11 да 27 тыс. — з боку крыжакоў. Траціна аддзелаў польска-літоўскага войска паходзіла з беларускіх зямель.
Бітва скончылася перамогай польска-літоўскага войска. Загінуў магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. Хоць пасля бітвы палітычныя межы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе не змяніліся, яна прывяла да аслаблення крыжакоў, якія не змаглі аднавіць сваю вайсковую і эканамічную магутнасць. Праз некалькі дзесяцігоддзяў у выніку вайны паміж Польскім каралеўствам з Тэўтонскім ордэнам у 1454-1466 гадах ордэн страціў на карысць Польшчы значную частку тэрыторыі з Торунем, Гданьскам, Эльблёнгам, Ольштынам і сталіцай Ордэна — Мальбаркам. Гэта дало Польшчы і ВКЛ бесперашкодны доступ да Балтыйскага мора і магчымасці гандлю з Заходняй Еўропай.

Бітва пад Грунвальдам займае важнае месца ў гістарычнай памяці народаў былой Рэчы Паспалітай: палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Яна прысутная як у школьных праграмах, так і ў масавай культуры. У Польшчы стаў культавым раман «Крыжакі», які ў 1890-х гадах напісаў Генрык Сенкевіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. У 1960 годзе па гэтым творы быў зняты мастацкі фільм.
У Беларусі ў комплексе «Дудуткі» каля Мінска штогод з 2008 года адбываўся фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд». У 2026 годзе ўлады ўпершыню не далі дазволу на яго правядзенне.
Ці будзе бел-чырвона-белы сцяг на грунвальдскім полі
На полі, дзе адбылася гістарычная бітва, знаходзіцца 30-метровы помнік, пастаўлены ў 1960 годзе, калі святкавалі 550-годдзе бітвы. У 2022 годзе на ўскраіне поля быў адчынены музей з сучаснай экспазіцыяй. Штогод на Грунвальдскім полі адбываюцца ўрачыстасці, на якія збіраюцца дзясяткі тысяч чалавек. Селёта яны будуць праходзіць з 15 да 19 ліпеня, а кульмінацыяй стане інсцэнізацыя бітвы, якая пачнецца ў суботу, 18 ліпеня, а 15:00.

Беларусы ў Польшчы хочуць, каб беларуская прысутнасць на Грунвальдскім полі стала больш відавочнай. У чэрвені грамадскі актывіст Юры Меляшкевіч стварыў петыцыю да кіраўніцтва Музея бітвы пад Грунвальдам з просьбай усталяваць на полі бітвы бел-чырвона-белы сцяг. Пад петыцыяй падпісаліся больш за 960 чалавек.
Ініцыятыву падтрымала лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Напярэдадні гадавіны яна накіравала ліст да кіраўніцтва музея, а таксама да маршалка Варміньска-Мазурскага ваяводства Марціна Кухціньскага.
Ціханоўская адзначыла, што Грунвальдская бітва — гэта супольная спадчына палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў і іншых народаў, якія разам абаранялі свабоду. Для беларусаў гэта адна з ключавых дат нацыянальнай гісторыі, а бел-чырвона-белы сцяг сімвалізуе гістарычную пераемнасць беларускай дзяржаўнасці і сучасную барацьбу за свабоду.
— Кожны год сотні беларусаў прыязджаюць на Грунвальдскае поле, каб ушанаваць гэтую перамогу. На жаль, у самой Беларусі ўлады мэтанакіравана выціскаюць памяць пра Грунвальдскую бітву і замяняюць яе расійскімі гістарычнымі наратывамі. Таму так важна захаваць гэтае месца як сімвал нашай агульнай еўрапейскай гісторыі, — напісала дэмакратычная лідарка.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



