Сёння амаль нічога ў Беластоку не нагадвае, што горад яшчэ 100 год таму быў пераважна яўрэйскім па этнічным складзе, ідыш гучаў на кожным кроку, сіяністы спрачаліся з «Бундам», а хасіды — з фанатамі эсперанта. Падчас Другой сусветнай гэты свет знік — назаўсёды…
На пачатку ХХ стагоддзя, калі Беласток яшчэ быў часткай царскай Расіі, у горадзе было блізка 100 сінагог, 93% камерсантаў былі яўрэямі, а само яўрэйскае насельніцтва горада складала больш за палову. Не валодаючы ідышам, вам было б цяжка адрамантаваць гадзіннік або замовіць паліто: майстры і прадаўцы былі яўрэямі, якія не заўсёды ведалі польскую ці расійскую.
У часы Другой сусветнай яўрэйская грамада была вынішчаная. У 1943-м у гета выбухнула паўстанне, якое немцы патапілі ў агні і крыві. Галоўная сінагога, з людзьмі ў сярэдзіне, таксама была спаленая.
Па вайне не засталося ані яўрэйскіх крамак, ані ідышу як вулічнай мовы, ані саміх яўрэяў, за выключэннем пару сотняў ацалелых. Яны збольшага таксама выехалі ўжо ў часы сацыялістычнай Польшчы.
Узгадаем цікавыя факты з гісторыі «яўрэйскага Беластока» ды памятныя месцы ў горадзе, якія можна наведаць і сёння.
1. Самыя багатыя і самыя бедныя
Першыя звесткі пра яўрэяў у Беластоку з’яўляюцца ў канцы XVII стагоддзя. Дзіўна, што не раней, бо яўрэі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага жылі яшчэ з часоў Вітаўта, то бок за 300 год да гэтага. Адказ просты: Беласток атрымаў Магдэбургскае права і стаў горадам каля 1692 года, у часы Браніцкіх. То бок раней горад не ўяўляў цікавасці для яўрэяў у плане бізнесу.
У 1771-м у Беластоку з’явілася першая мураваная сінагога, а колькасць яўрэяў расла ў неймавернай прагрэсіі. Ужо ў 1856-м на 13 тысяч жыхароў прыходзілася больш за дзевяць з паловай тысяч яўрэяў! Сінагогі, яўрэйскія школы і крамы, гурткі сіяністаў сталі звычайнай часткай гарадскога ландшафту.
Па меры таго, як горад ператвараўся ў прамысловы цэнтр (праз тэкстыльныя фабрыкі і чыгунку), яўрэі станавіліся рабочымі ды ўласнікамі тэкстыльных прадпрыемстваў. У XIX стагоддзі яўрэйскі бізнес канкурыраваў з нямецкім — і ў выніку перамог. Па выніку яўрэі былі як самымі беднымі, так і самымі багатымі жыхарамі гораду.
2. Гаўрыіл Беластоцкі і пагром 1906 года
У праваслаўным саборы Святога Мікалая ў Беластоку захоўваюцца мошчы Гаўрыіла Беластоцкага — праваслаўнага святога і пакутніка. Паводле царкоўнага падання, шасцігадовага хлопчыка ў 1690-м выкраў з сям’і ў Заблудаве яўрэй-арандатар, завёз у Беласток і… катаваў 9 дзён, імітуючы «пакуты Хрыста».
Праз 30 гадоў побач з пахаваным хлопчыкам нібыта капалі магілу, зачапілі яго труну, а цела апынулася «нятленным». Адсюль пачаўся культ святога пакутніка Гаўрыіла Беластоцкага (Заблудаўскага), які набыў выразныя антысеміцкія рысы, бо забойцам хлопчыка нібыта быў яўрэй, а само злачынства было «рытуальным».
У чэрвені 1906 года ў Беластоку прайшоў яўрэйскі пагром, санкцыянаваны расійскімі ўладамі: кейс пакутніка Гаўрыіла таксама сыграў сваю прапагандысцкую ролю… Падчас пагрому было забіта і пакалечана больш за 100 яўрэяў, не кажучы пра знішчаную маёмасць. Адным з вынікаў пагрому было «прасяданне» эканомікі гораду цягам некалькіх гадоў.
3. Ідыш – афіцыйная мова Беластока?..
У XIX стагоддзі вялікая колькасць яўрэяў у горадзе былі рабочымі — пралетарыямі. А значыць, падтрымлівалі сацыялістычныя ідэі ды рэвалюцыю. Яно і лагічна, асабліва ў святле пагромаў у часы Расійскай імперыі. Гэта была агульная тэндэнцыя не толькі для Беластока, але і для Вільні, Варшавы, Гродна ды іншых гарадоў рэгіёна.
Цікавы факт: у 1920-м годзе, калі Беласток на кароткі час апынуўся пад уладай бальшавікоў, ідыш стаў… афіцыйнай мовай горада! Бальшавіцкія ячэйкі ўзначальвалі яўрэі-пралетарыі, таму і мовай справаводства абралі сваю родную. Толькі пасля прыбыцця Дзяржынскага ў горад ідыш прыбралі як «палітычную памылку».
Бальшавікі адступілі, але палякі не забылі пра гэты кейс «дапамогі акупантам»: ужо ў канцы жніўня 1920-га па гораду зноў пракаціліся яўрэйскія пагромы. Лішне казаць, што камуністаў падтрымлівалі далёка не ўсе яўрэі (асабліва калі казаць пра бізнесменаў ці рабінаў), але штамп пра «яўрэяў-бальшавікоў» застаўся і доўга ўплываў на польска-яўрэйскія стасункі.
4. Хлопчык, які натхняўся Вавілонскай вежай
У 1859-м у Беластоку ў яўрэйскай сям’і нарадзіўся хлопчык Людвік Заменгоф. Вежа беластоцкай ратушы вельмі нагадвала хлопцу Вавілонскую: асабліва калі вакол праходзілі кірмашы і людзі размаўлялі на ідыш, па-польску, па-руску, па-нямецку, па-беларуску…
Ужо ў 10-гадовым узросце ён напісаў п’есу, прысвечаную Вавілонскай вежы і гісторыі з падзелам моў. Заменгофа турбавала пытанне: чаму людзі размаўляюць на розных мовах і не разумеюць адно аднаго? Як гэта выправіць?.. Заменгоф стаў лекарам, але паралельна ўсё жыццё працаваў над штучнай мовай — эсперанта, якая мела б аб’яднаць усіх людзей.
Эсперанта стала папулярнай ідэяй, якая і сёння захапляе людзей па ўсім свеце: ад Японіі да Бразіліі. Асоба Заменгофа, які памёр у 1917-м, ужо ў 1920-х пераўтварылася ў адзін з сімвалаў Беластока. Сёння пра Заменгофа ў горадзе нагадвае некалькі помнікаў, вуліца і вялікі прыгожы мурал з аўтарам эсперанта, які стаіць на гаўбцы свайго дома.
Как атмосфера Белостока вдохновила Людвика Лазаря Заменгофа на создание универсального языка? За что автора ненавидели в синагогах? Почему Троцкий любил...
Чытаць далей5. Могілкі, якія сталі «пляцам забаў»
У Цэнтральным парку на ўзгорку за масіўным помнікам «Героям Беласточчыны» знаходзіцца пляц забаў. Не кожныя бацькі, якія водзяць сюды дзетак пабавіцца ў пясочніцы ці пагойдацца на арэлях, ведаюць, што тут былі найбольшыя яўрэйскія могілкі горада — «кіркут».
Могілкі былі чыннымі з сярэдзіны XVIII стагоддзя ажно да 1941 года. Тут хавалі як выбітных рабінаў ды лідараў яўрэйскай грамады, так і звыклых яўрэяў з ліку рабочых ці гарадской беднаты. Некропаль займаў цэлы квартал! Некаторыя «мацэйвы» (надмагіллі) былі сапраўднымі творамі мастацтва, некаторыя — звычайнымі дзікімі камянямі з выразанымі тэкстамі малітваў.
«Кіркут» пачалі разбіраць нацысты ў часе вайны: камяні былі патрэбныя як будаўнічы матэрыял, напрыклад, для ходнікаў на вуліцах, а для прац выкарыстоўвалі вязняў гета — яўрэяў. Пасля вайны справу працягнулі сацыялістычныя ўлады: камяні выкарыстоўвалі для аднаўлення горада. Ужо ў 1950-х тут заклалі парк, а пад некаторымі ўзгоркамі, кажуць, дагэтуль ляжаць косці ды «незапатрабаваныя» разбітыя надмагіллі.