Наталья Баўтрамюк — падляская беларуска з Гайнаўкі. У родным горадзе яна працуе дантыстам, а ў вольны час вывучае беларускую мову ды наведвае імпрэзы дыяспары ў Беластоку. Нядаўна жанчына чытала лекцыю для клуба Beer&History, дзе расказвала пра гісторыю стаматалогіі. Спыталіся ў Наталлі пра яе шлях да беларускай мовы, выбар прафесіі, размовы па-свойму з пацыентамі, а таксама пра тое, як прыезджыя беларусы робяць культурнае жыццё на Падляшшы больш сучасным.
«Калі я была малой, то мая прабабуля размаўляла са мной па-свойму»
Дзяцінства Наталля правяла ў Гайнаўцы. Беларускую мову яна пачала вывучаць з першага класа школы. Такая магчымасць была даступная, бо бацькі належалі на нацыянальнай меншасці. Але знаёмства з беларушчынай пачалося дзякуючы прабабулі.
— Калі я была малой, то мая прабабуля размаўляла са мной па-свойму, бо зусім не гаварыла па-польску. Зразумела, што гэта не тая літаратурная мова, але ж яна таксама беларуская. Прабабуля была з вёскі з-пад Гайнаўкі. Бацькі, бабулі, дзядулі, калі былі дзецьмі, то размаўлялі толькі на гаворцы, а польскай мове навучыліся, як пайшлі ў школу. Але зараз такога ўжо не бывае — дзеці ад самага пачатку размаўляюць па-польску, бо з імі на гэтай мове гавораць і дзяды і бацькі.
Наталля адзначае, што зараз цяжка падлічыць колькі аўтахтонных беларусаў жыве на Падляшшы. Нават перапіс насельніцтва тут не паказчык, бо шмат хто можа адчуваць сябе палякамі з-за таго, што размаўляе па-польску, вучыцца ў польскіх школах.
Наогул, пытанне самаідэнтыфікацыі на Падляшшы вельмі складанае. Нярэдка яно залежыць ад роднай мовы і ад адносін да яе. Наталля гаворыць, што кожны мае ўласныя пачуцці на гэты конт.
— Напрыклад там, адкуль мой бацька, мова нагадвае ўкраінскую, але людзі лічаць яе беларускай. Некаторыя на Падляшшы лічаць, што іх мова ўкраінская, іншы, што руськая. Але руськая, не ў сэнсе маскоўская, а старадаўняя руськая. Аднак так гавораць тыя, хто цэніць сваю мову, а тыя хто не цэніць, могуць сказаць, што гэта хахлацкая гаворка, якая нічога не вартая, ды і не мова гэта, а нейкі збор памылак.
«Я пачала свядома разумець, што беларуска, што гэта класна»
Наталля працягнула вывучаць беларускую мову ў старэйшых класах. Менавіта тады яна пачала цікавіцца культурай свайго народа. Дзяўчына ўдельнічала ў «Бардаўскай восені», «Басовішчы», пазнаёмілася з рознымі апантанымі людзьмі.
— У маіх сяброў былі старэйшыя сёстры і браты, якія ўдзельнічалі ў Звязе беларускай моладзі і ў Беларускім аб’яднанні студэнтаў, і мой бацька ў свой час удзельнічаў. Прыкладна тады я пачала свядома разумець, што беларуска, што гэта класна. Я свядома пачала вучыць беларускую мову — не таму што былі заняткі ў ліцэі, а таму што так хацела. Я лічыла, што гэта файна.
У той час Наталля таксама пазнаёмілася з людзьмі з Беларусі, з некаторымі з іх яна падтрымлівае кантакты па сённяшні дзень.
Пад час навучання ва ўніверсітэце дзяўчына працягвала цікавіцца беларускай мовай і культурай. Але надавала гэтаму менш часу, бо была занятая лекцыямі. Тады Наталля спрабавала сябе на тэлебачанні, дзе вяла беларускамоўныя перадачы. Але вырашыла канчаткова выбраць прафесію стаматолага
— Я працавала крыху на тэлебачанні, калі была ва ўніверсітэце. Мне гэта было цікава, але калі я там папрацавала, то зразумела, што гэта не маё. Для мяне гэта было крыху страшна, крыху складана, крыху стрэс. А праца стаматолга ўсё ж спакойная, ёсць упэўненасць, што заўсёды знайду працу. Таму для мяне гэта нашмат лепшы выбар.
«Мае пацыенты радыя, калі могуць паразмаўляць са мной на гаворцы»
Наталля цудоўна размаўляе па-беларуску з прыгожым падляскім акцэнтам. Але нават зараз яна працягвае вывучаць гэтую мову на анлайн-курсах Васіля Дранько-Майсюка, удасканальвае яе. Дзякуючы ім жанчына зацікавілася беларускай літаратурай.
— Калі я запісвалася на ўрокі, то спадзявалася толькі паправіць сваю граматыку. А атрымалася так, што спадар Васіль шмат расказвае пра культуру, пісьменнікаў, тэатральных дзеячаў — і гэта таксама вельмі цікава.
Самая цяжкае ў вывучэнне тое, што не заўсёды ёсць магчымасць папрактыкавацца. Вельмі рэдка атрымоўваецца сустрэць чалавека, з якім можна паразмаўляць і праверыць сябе. Часцей выходзіць гаварыць на гаворцы, у тым ліку з бацькам ці бабуляй, а таксама пацыентамі, якія прыходзяць лячыць зубы.
— Мае пацыенты радыя, калі могуць паразмаўляць са мной на гаворцы. Я бачу як яны адкрываюцца, цешацца з таго, што гэта магчыма, што дантыст размаўляе па-свойму. А на літаратурнай беларускай рэдка бывае.
Дзеці Наталлі вучаць родную мову ў школе, таксама жанчына займаецца з імі дома. А вось муж цалкам польскамоўны, хоць родам з гэтых жа мясцін. Аднак ён з здавальненнем ходзіць з жонкай на беларускія імпрэзы, але не заўсёды ўсё разумее: «Нядаўна пасля аднаго гістарычнага даклада ў Гайнаўцы, муж мне казаў, што яму хацелася спаць, бо не разумеў аб чым ішла гаворка».
Наталля ведае англійскую і нямецкую мовы, разумее рускую, а нядаўна прайшла курсы ўкраінскай — іх арганізавала аб’яднанне польскіх медыкаў, пасля таго як пачалі прыязджаць уцекачы. Яе атрымоўвалася практыкаваць, бо ў кабінет амаль кожны дзень прыходзілі ўкраінцы.
«Я лічу, што прыезджыя беларусы далі такі свежы подых паветра»
Наталля ўдзельнічае ў мерапрыемствах беларускай дыяспары. Але звычайна як глядач ці слухач. Аднак нядаўна яна прачытала лекцыю для клуба Beer&History па гісторыі стаматалогіі. Жанчына гаворыць, што такі фармат ёй вельмі падабаецца, і яна шкадуе што ўжо месяц не можа прыехаць у Беласток, бо мае шмат працы.
Таксама Наталля любіць наведваць беларускія канцэрты, літаратурныя сустрэчы, спектаклі, імпрэзы, прысвечаныя важным датам, у тым ліку 25 сакавіка, а яшчэ грамадскія акцыі каля консульства.
— Мне здаецца, што дыяспара арганізуе зусім іншае беларускае жыццё, якога нам, аўтахтонным беларусам, не хапала. Я б хацела каб і мерапрыемствы нацыянальнай меншасці былі такія ж — сучасныя, гарадскія, для маладых людзей. А тое што мы маем тут зараз, дык яно такое крыху этнаграфічнае, сялянскае — адзін раз можна схадзіць, але мяне гэта зусім не прыцягвае.
Па словах жанчыны эмігранты крыху мяняюць гэтую сітуацыю. Напрыклад фонд Tutaka праводзіць ужо нешта такое, што можа быць цікава маладым сучасным беларусам з меншасці: «Я лічу, што прыезджыя беларусы далі нейкі такі свежы подых паветра».